Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

– А ты маўчаў?

– Не маўчаў. Але калi пачалася бойка памiж старшынёй i намеснiкам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставiць слова...

– Не было мяне!

– Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты - флегматык, а ты - афрыканец.

Маша, якая стаяла крыху збоку ад iх, павярнула сваю залатую галаву, усмiхнулася Шыковiчу, як бы ўхваляючы, што ён вось такi, неспакойны.

– Не, ты растлумач, Антон... Здаецца, усё разумею, а паводзiн яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савiч вораг... Хоць зноў-такi, чаму такое нежаданне сур'ёзна, па-новаму разабрацца з фактамi? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны?

Ужо каму-каму, а яму-то ўбiвалася ў галаву формула, што сын цi дачка не адказваюць за бацьку.

– Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логiцы трэба iсцi далей: i бацька не адказвае за сына. Нiхто нi за каго не адказвае. А вось я, наiўны чалавек, хачу адказваць за ўсiх. I хачу, каб усе адказвалi за мяне. I радуюся, што гэта цяпер запiсана ў такiм дакуменце!

Яраш выказаўся злосна - што стасавалася да мiнулага, i любоўна-горача - аб сваiм жаданнi i пра той партыйны дакумент, пра якi ў тыя днi гаварылi ўсе.

Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый i пасля iх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалi яшчэ ў машыне i прадаўжалi тут, у толькi што атрыманай Зосiнай кватэры, яна адразу зразумела. Гiсторыю Зосi i яе бацькi яна ведала, але не здагадвалася, што гiсторыя гэтая не скончана, i не магла ўцямiць, чаму яны так абураны Гуканам. Асаблiва Шыковiч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпамiналася iмя Гукана: адны яго хвалiлi, другiя лаялi. Маша ўмела быць аб'ектыўнай. Думала, што каб яна прасiла кватэру i ёй не далi, то яна не рабiла б з гэтага такой трагедыi, як робяць другiя. Таму i абурэнне Кiрылы Васiльевiча яна спачатку не зусiм разумела. А пасля апошнiх слоў, якiя мужчыны сказалi, асаблiва пасля слоў Антона Кузьмiча, ёй усё праяснiлася. Галоўнае - не кватэра, галоўнае - адносiны да чалавека ўвогуле i ўзаемаадносiны людзей, усiх людзей. Маладой душой сваёй, усiм складам характару i жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.

Яна зноў падумала пра мацi, брата, сясцёр, i ёй стала радасна, што на другi дзень пасля канцэрта яна паслала iм грошы, якiя збiрала на новае плацце, i напiсала доўгае i добрае пiсьмо.

Ехаць глядзець i абсталёўваць Зосiну кватэру Маша папрасiлася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволi прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плiтка, беленькая ракавiна, блiскучы кран, павярнулi - палiлася вада.

Шыковiч, зайшоўшы, сказаў:

– Каб трохi вышэй. Усё-такi нiзка. Час ужо адмаўляцца ад такiх габарытаў.

Яраш дастаў рукой столь i засмяяўся. Ого, дзiва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным i прыгожым. Яна ўзрадавалася, калi мужчыны пахвалiлi вiд з акна.

Яна каторы раз прайшлася па пакоi. Абцасiкi прылiпалi да свежай фарбы i, адлiпаючы, патрэсквалi. Заставалiся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзiла не па сярэдзiне, а каля сцен, дзе стане мэбля.

– Падлогу трэба памыць халоднай вадой, - сказала дзяўчына i пашкадавала, што няма вядра i анучы.

Яраша не здзiўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзiўляўся Шыковiч. I любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалi на дачы Валянцiна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой i падумаў аб адказнасцi за выхаванне дзяцей. Да Iры ён, праўда, хоць быў трохi абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынiкi хоць i розныя, але аднолькава не надта радасныя.

Пасля яны паўдня ездзiлi па горадзе - шукалi мэблю. Iх усiх аднолькава захапiлi клопаты па абсталяванню кватэркi. У ашчаднай касе, калi бралi грошы, Кiрыла прашаптаў сябру:

– Ты ведаеш - я скупы. Але для яе мне чамусьцi нiчога не шкада.

Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю.

Яраш жартаўлiва папярэдзiў:

– Кiрыла, я не застрахаваў свайго жыцця.

– Я недзе чытаў, што хiрургi - найбольшыя баязлiўцы. Страшэнна баяцца трапiць пад нож свайго калегi.

– Няпраўда!
– сур'ёзна запярэчыла Маша.

Крамаў было некалькi. Яны аб'ехалi ўсе. I адусюль выходзiлi расчараваныя.

Маша, пра густ якой Шыковiч спачатку, калi яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкi, тут нечакана выявiла здзiўляючую патрабавальнасць. Яна нiколi яшчэ ў жыццi не купляла мэблi. Але тое, што яны ўбачылi ў крамах, яна ганiла адразу, з першага позiрку. Сталы, шафы, крэслы былi вялiкiя, нязграбныя, непрыгожыя.

Яраш хмура маўчаў. Шыковiч сварыўся з дырэктарамi.

– Не мы выпускаем, таварыш.

– Дык не бярыце, што не iдзе. Патрабуйце!

– А план?

– Ды не жывiце адным днём. Адзiн месяц не выканаеце, на другi перавыканаеце, калi атрымаеце, што трэба.

Яны паблажлiва i скептычна ўсмiхалiся: нiчога, маўляў, ты не разумееш, дарагi пакупнiк, у гандлёвых справах.

Нарэшце адзiн малады прадавец употай, у цесным праходзе памiж шафамi-бегемотамi параiў Машы:

– З'ездзiце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба.

– А хто гэта - Грабар?

– "Гармэблягандаль".

Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковiч адразу ж згадзiўся:

– Iдэя! Стану лепшы даставала з усiх нашых даставал!

– Ненавiджу пакупку па блату, цераз чорны ход.

– Антон - iдэалiст!
– засмяяўся Шыковiч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага "Масквiча".
– Будзе мэбля. Будзе i факт для фельетона.

У калiдоры гандлёвай установы Кiрыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабiтых жоўтым дэрмацiнам дзвярэй з шыльдай "Дырэктар".

– Заходзь смела, паважна. Каб зрабiць уражанне.

Але нiякая смеласць i паважнасць уражання на "ўсемагутнага Грабара", маленькага лысаватага чалавечка, не зрабiла. Ён не адказаў нават на iх прывiтанне i прадаўжаў размову з двума сваiмi работнiкамi: вырашалi важнейшае пытанне - у якую краму перамясцiць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапiўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, i незадаволена звярнуўся да наведвальнiкаў:

– Вам што, таварышы?

– Я - Шыковiч, - сказаў Кiрыла i ўбачыў, што прозвiшча яго нiякага ўражання не зрабiла. Нязлосна падумаў: "Газеты чортаў гандляр не чытае". Аднак рушыў далей: - А гэта - Яраш, наш праслаўлены хiрург.

Антон Кузьмiч сцiснуў кулакi.

Але - о дзiва!
– перад Ярашам маленькi Грабар пачцiва падняўся, працягнуў руку:

– Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмi прыемна.

"Клюнула", - падумаў Кiрыла, падставiўшы крэсла сябру. Сеў побач сам i тут жа пайшоў у наступленне:

– Справа такая, таварыш Грабар... У Антона Кузьмiча жанiўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасцi.) Хлопец узначальвае брыгаду камунiстычнай працы на станкабудаўнiчым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь... Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.

– Разумею. Усё зробiм, - чамусьцi ўзрадаваўся дырэктар.

Яраша неаднойчы здзiўлялi нечаканыя выдумкi Шыковiча. Але гэтая яго проста ашаламiла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужлiва стрымлiваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзiваком. У цесным калiдоры ён даў сябру кухталя.

– А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!

Яны паклiкалi Машу. I сам Грабар, вырашыўшы, вiдаць, за тры хвiлiны, якiя яны чакалi яго, куды перавесцi Гаюнкову, павёў iх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзiвiў Машу. Раптам спытаў:

Поделиться с друзьями: