Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

Славiк ствараў сабе настрой. Яму хацелася, каб была роспач, душэўная дэпрэсiя, каб зрабiўся ненавiсным увесь свет. Але такi настрой не прыходзiў. Была, праўда, злосць, заставаўся боль. Але недзе ў мазгавых глыбiнях цяплiлася думка, што ўсё скончылася для яго не так ужо дрэнна. Жыла недзе побач са злосцю ранейшая павага да Тараса. Разам з тым яму хацелася пераканаць сябе, што ён завёў брыгадзiра ў больш няёмкае становiшча, чым апынуўся сам. "Няхай паспрабуе растлумачыць мой нявыхад на работу".

Але тут жа зноў закiпала злосць i на Тараса i на Машу. Зноў пачыналася напружаная работа разгарачанага мозгу: як адпомсцiць iм? Потым з'явiлася думка, што ўчынак яго наiўны (больш за ўсё ён баяўся

наiўнасцi i сентыментальнасцi), i сэрца пачалi апякаць дробныя i непрыемныя iскры сораму. Гэта, бадай, было самае пакутлiвае пачуццё. Ён тушыў гэтыя iскры маленькiмi глыткамi каньяку.

Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку... I раптам адчуў, што хтосьцi забраў бутэльку з-пад яго рукi. Ён падхапiўся з прымхлiвым страхам.

Каля канапы стаяла мацi.

– Мама?!
– i зноў упаў на падушку.

Валянцiна Андрэеўна паставiла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкi адгарнула ручнiк, разглядзела сiняк.

– Не глядзi так, мама, - папрасiў Славiк.

– Божа мой! Якi ты малы яшчэ i дурны. Калi ты ў мяне паразумнееш?

Малы задзiра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокi мацi: "А чаго яны самi лезуць?" Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа:

– А чаму яны не даюць мне жыцця?

– Хто табе не дае жыцця?

– Усе!

– Хто "ўсе"? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам.

– I б'юць па мордзе?

– А ты хацеў, каб стралялi? Дурань! Скажы дзякуй.
– Яна паднялася ў злосцi i пайшла на кухню, захапiўшы каньяк.

Славiк зразумеў, што мацi ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразiла: выходзiць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяялiся ўсе разам: Яраш, бацька, мацi, малая Наташка... Дуэль здалася цяпер да дзiкасцi наiўнай. Сорам пекануў жаркiм полымем. Славiк закрыў увесь твар мокрым ручнiком.

23

Шыковiч не любiў восенi. Увосень яму дрэнна працавалася. Нават улетку лепш. Дзiўна! Большасць пiсьменнiкаў мiнулага пiсалi ў сваiх успамiнах, што найлепшы творчы перыяд - асеннiя месяцы.

Раней Кiрыла тлумачыў гэта тым, што дзецi, пачаўшы вучобу, жонка - работу ў школе, заўсёды месяц-два пасля канiкул былi неарганiзаваныя, шумныя, завальвалi ўсе сталы падручнiкамi i сшыткамi, займалi лепшыя рабочыя гадзiны падрыхтоўкай урокаў i выцяснялi яго, выбiвалi з "творчай каляiны". Усё жыццё ён пакутаваў ад кватэрнай цеснаты i марыў пра цiшыню.

I вось наладзiў яе, цiшыню: застаўся на дачы адзiн. Навокал - нi душы. А дзень асеннi, неба зацягнула нiзкiмi i цяжкiмi хмарамi з самай ранiцы. Пайшоў дождж, дробны, спорны, але цёплы яшчэ, - грыбны, кажуць у народзе. Дождж шамацеў у не кранутых яшчэ агнём восенi лiсцях дубоў, сыпаўся, як пясок, па шыферным даху. Гэта быў адзiны шум, якi парушаў цiшыню.

Кiрыла смажыў сабе на керагазе яешню, варыў густую чорную каву i радаваўся дажджу i цiшынi. Думаў, з якой асалодай i натхненнем ён папрацуе. Iрваўся да стала. Ён пiсаў пра арганiзацыю падполля, першы гарком, непахiснага i мужнага Дубецкага, пра групы Ганчарова, Мурыгiна, пра Яраша - пра ўсiх тых, хто першы пачаў змагацца i пра дзейнасць каго была поўная яснасць i для яго i для тых, хто будзе бласлаўляць кнiгу ў свет. Ён пакуль што абыходзiў "белыя плямы". Iх нямала, найбольшая - група iнфекцыйнай бальнiцы, якую пакуль што нiхто не прызнае. Артыкул яго не друкуюць. А новыя дакументальныя доказы не знаходзяцца. Гэта яго злавала i перашкаджала паслядоўнаму разгортванню падзей у аповесцi. Але ў апошнiя днi ён знайшоў такi кампазiцыйны ход, якi дазваляў гiсторыю Савiча i ўсёй бальнiчнай групы напiсаць i ўставiць пасля. Работа зрушылася з месца.

Ён iрваўся да стала. А

сеў - i раптам адчуў, што не можа пiсаць. Магчыма, залiшне многа цiшынi i адзiноцтва. Нязвыкла. А галоўнае - многа думак. Яны, як марскiя хвалi, набягаюць адна на адну, разбiваюцца аб бераг яго iмкнення засяродзiцца на адным, i ў вынiку застаецца адна пена ды выпадковыя непатрэбныя для працы рэчы - шматкi ад самых розных успамiнаў.

Прыгадаўся ўчарашнi партыйны сход у рэдакцыi. Новая вылазка Рагойшы. Ён раптам пад канец, калi быў вычарпаны парадак дня, узняў пытанне аб iдэйных пазiцыях Шыковiча. Чаму не пайшлi яго абодва артыкулы - пра Савiча i пра калгас у Загаллi?

"Пра што пiша Шыковiч? Народ абмяркоўвае Праграму пабудовы камунiзму, а Шыковiч у гэты час - глядзiце!
– як паказвае калгас, як выказваецца аб працаднi, аб культуры сяла. Праз якiя акуляры ён глядзеў на свет - во што мы павiнны спытаць у камунiста Шыковiча".

Рагойшу не падтрымалi: артыкулы не апублiкаваны, няма пра што гаварыць! Кiрыла паставiўся там, на сходзе, да гэтага чарговага наскоку Рагойшы з iронiяй, ведаючы, як шалее той ад яго спакою. А сёння яго апанавала злосць.

"Не, чорт вазьмi, я даб'юся, што артыкулы будуць апублiкаваны! I адзiн, i другi. Бо гэта якраз пра тое, пра што запiсана ў Праграме. У абком пайду. У ЦК пашлю. Не можа лiчыцца лепшым такi калгас, як у Загаллi. I такi старшыня, як Грак! Ды i такi журналiст, як ты, доўбня!"

Узрушаны, ён пачаў хадзiць па пакоi мансарды. Адна маснiца скрыпела, i гэта яшчэ больш раздражняла i злавала. Ён бязлiтасна разносiў сваiх працiўнiкаў. Рагойшу знiшчыў адразу, лёгка. Ударыў па Тукалу - дурняў трэба бiць. Дурняў! А хто Гукан? Ён быў замахнуўся i на яго, але рука павiсла. Не, гэта не дурань. Але хто? Успомнiў, як дзён колькi пазванiў яму. З выдавецтва прыслалi прапанову перавыдаць кнiжку Гукана, але прасiлi зрабiць некаторыя папраўкi. Шыковiч узлаваўся: у выдавецтве лiчаць, што папраўкi павiнен рабiць ён, "лiтаратурны пiсар". Не, даволi! Не трэба яму лёгкi ганарар! Ды, нарэшце, нiякiя папраўкi не палепшаць кнiжкi, прасякнутай духам культу асобы.

Ён сказаў Гукану па тэлефоне:

"Я пiшу ў выдавецтва: кнiга патрабуе карэннай перапрацоўкi, а таму аб перавыданнi яе ў наступным годзе не можа быць i размовы. Згодны, Сямён Парфёныч?"

Гукан доўга не адказваў, але ў трубцы было чуваць яго цяжкае дыханне. Нарэшце ён сказаў далёкiм асiплым голасам:

"Я вас прашу зайсцi да мяне. Нам трэба пагутарыць".

Шыковiч не пайшоў: "Трэба табе - прыйдзi сам".

Цяпер ён думаў, што яму варта ўсё-такi пайсцi i выклiкаць Гукана на шчырую размову. Але ён адчуваў, што пасля пiсьма, якое паказаў яму Тарасаў, i асаблiва пасля гiсторыi з кватэрай для Зосi яму цяжка будзе гаварыць з гэтым чалавекам. Ён адчуваў да Гукана не толькi непрыязь, нешта большае. Аднак даследчык у любых умовах павiнен заставацца аб'ектыўным, як добры следчы. Возьмуць пачуццi ўладу над розумам - да iсцiны не дакапаешся.

"Трэба схадзiць, - вырашыў ён, стоячы каля зашклёных дзвярэй, што вялi на маленькi балкончык мансарды. Па жоўтай нахiленай падлозе балкончыка кацiлiся слёзы дажджу. Прастор лугу, старыца, лазнякi танулi ў дажджавой iмгле.
– Не, спачатку трэба ўсё распытаць у Зосi. Чортаў Яраш! Як ён асцерагае яе!"

Потым ён думаў пра жончыну скаргу: Iра закахана ў Тараса, а ён сустракаецца з гэтай рудой сястрой. Валя гаварыла пра Машу не надта прыязна, а ён, Кiрыла, падумаў i тады i думае цяпер, што Тарас зрабiў правiльны выбар. Каб выбiраў ён, Кiрыла Шыковiч, то таксама выбраў бы Машу. Ён не сказаў гэтага жонцы. А цяпер адчуў некаторую вiну перад уласнай дачкой за такiя думкi. Ён паспрабаваў адагнаць усе гэтыя думкi, прымусiць сябе працаваць.

Поделиться с друзьями: