Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
"Я вазьму цябе, Кiрыла, за каўнер i пасаджу за стол. Ты проста гультай. Ты дзiкi гультай, якiх павiнны выганяць з таго грамадства, якое мы пабудуем, бязлiтасна дакараў ён сябе i тут жа чапляўся да сваiх слоў: - А куды ты яго выганiш? Выганi прэч самога сябе. На дождж яго, сабачага сына!" I ён выйшаў пад дождж, стаяў, пакуль не намоклi валасы i струменьчыкi не пацяклi па твары, па шыi за каўнер курткi.
Не, у такой дажджавой цiшынi працаваць нельга! Глянуў на гадзiннiк. Хаваў яго пад газеты, калi садзiўся працаваць, каб не заглядваць, не адцягваць увагу развагай аб часе. Прайшло гадзiны дзве ў гэтай бясконцай плынi думак. Мозг стамiўся, прасiў адпачынку. Пасля яешнi i кавы захацелася з'есцi
Скончылася тым, што ён плюнуў на ўсё, завёў машыну i паехаў у горад. Па дарозе надумаў, на злосць Ярашу, заехаць адразу да Зосi i размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень.
Кiрыла ведаў, што Яраш учора паляцеў у далёкi раён рабiць нейкую тэрмiновую аперацыю. А таму здзiвiўся, калi на бязлюднай Пушкiнскай убачыў адзiнокую мажную постаць у элегантным чорным плашчы, якi Яраш купiў у Бруселi, куды ездзiў на кангрэс хiрургаў. Чаму ён тут? Куды iдзе? Гуляе пад дажджом? У глыбокай задуме. Шыковiч добрую хвiлiну ехаў з iм побач - i Яраш не звяртаў увагi на машыну. Кiрыла абагнаў яго, спынiўся, вылез з машыны, выйшаў на тратуар.
Яраш iшоў на яго як сляпы. Вось-вось саб'е з ног, раздавiць, як цяжкi танк. Спынiўся за два крокi. Паглядзеў, нiбы раптоўна разбуджаны. Спытаў:
– А-а?
Кiрыла засмяяўся:
– Ты што, з пахмелля? Накачалi ў раёне?
Яраш правёў мокрай далоняй па твары i злосна сказаў:
– Дурань!
У Кiрылы дрогнула сэрца: няўжо няшчасце з Зосяй?
– Хадзем у машыну. Дождж.
Яраш паслухмяна сеў на пярэдняе сядзенне. Машына пад цяжарам яго цела асела.
Яраш павярнуў да сябра мокры твар.
– Я даўно, Кiрыла, нiчога падобнага не перажываў, - сказаў ён даверлiва i з глыбокiм смуткам.
– Што здарылася?
– Яны памерлi ў мяне на стале.
– Хто?
– Дзецi. Абодва. Два хлопчыкi. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзiны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлiвыя iдыёты i там, у раёне, i тут, у аблздраве! Дзве гадзiны арганiзоўвалi вылет. Я з iх душы вытрасу за гэтых дзяцей!
– Ён скрыгатнуў зубамi.
– Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю...
– А што з дзецьмi?
– Мiна. Выцягнулi з рэчкi. I, як водзiцца, разбiралi. Ведаеш, старэйшы, Мiша, быў у прытомнасцi. Усё пытаў: "Дзецi цэлы? Як Алёнка?" Там былi малодшыя, i яны адганялi iх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошнi мiг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзiму асколкам прабiла шыю. Засынаючы пад наркозам, Мiша сказаў: "Ох, будзе мне ад мамы!" - Яраш закрыў далонямi вочы, пакiваў галавой, паўтарыў: - Ох, будзе мне ад мамы! Жахлiва, Кiрыла! Нiколi я не быў яшчэ такi бяссiльны перад смерцю.
Шыковiч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразiла i сама трагедыя i тое, як яе перажывае чалавек, якi бачыў тысячу смерцяў, якi ўмеў перамагчы яе, бязлiтасную кастлявую. Яны доўга сядзелi моўчкi.
Дождж барабанiў па кузаве. Зрэдку прабягалi з парасонамi i ў накiдках прахожыя. Зазiралi ў машыну не без здзiўлення. Яраш пакруцiў галавой, як бы страсаючы нешта:
– У мяне ў галаве звiняць яго словы. Не магу. Напiцца, цi што? Крыўдна! У клiнiцы я мог бы ўратаваць iх абаiх. У Мiшы парвала кiшэчнiк. Трэба было ўдалiць парваныя ўчасткi i хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальнiцы, прыйшлося ўсё рабiць дзедаўскiм спосабам. Асiстэнтка, раённы хiрург, маладая, нявопытная, яе лiхаманiла. Ды i ў самога мяне - сорамна прызнацца - дрыжалi рукi. Жахлiва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкi, гэтая праклятая мiна. Уяўляеш? I
вось - новыя ахвяры вайны. Дзецi! Дзецi! Ух-х! Паедзем куды-небудзь.– Куды?
– Куды хочаш.
– Можа, заедзем да Зосi?
– спытаў Шыковiч.
– Так, так... Да Зосi, - адразу згадзiўся Яраш.
Яны зноў маўчалi, пакуль ехалi. Каля самага дома Яраш сказаў:
– Толькi не будзем расказваць ёй пра гэта.
Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосi, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковiч, ведала Яраша, i яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклiкаў яе ў кабiнет. Калi яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом i чытаў Блока. Яна спынiлася каля дзвярэй, здзiўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, цi то галоўны лекар, цi то санiтарка, сустракаў заўсёды аднолькава - добрым позiркам, прыветлiвым словам.
Маша чакала, iмкнучыся здагадацца, навошта паклiкана.
Ён сказаў, не адрываючыся ад кнiгi:
– Яны пабiлiся за вас.
– Хто?
– Хоць яна адразу ж здагадалася хто, i ёй вельмi захацелася засмяяцца.
"Няўжо праўда пабiлiся?
– падумала з вясёлай гарэзлiвасцю.
– Хто каго бiў?"
– Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем'i нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбiлася сутыкнуць iх iлбамi?
– Каб зрабiць правiльны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьмiч, адказала яна яго словамi i не вытрымала - засмяялася.
Тады ён адарваўся ад кнiгi i паглядзеў на яе. Дзiўна вельмi паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусiм другi чалавек - не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любiў, цанiў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калi з'явiлася Зося.
– Дзiўны эксперымент, - хмыкнуў ён, хiснуўшы галавой.
– Можна вас папрасiць, каб вы з нашымi сынамi такiх эксперыментаў не рабiлi?
Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлiвай, афiцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе - засмяялася, сказала несусветную лухту! Правалiцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбiўся ў кнiгу i не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсцi, i ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Вiдаць, ён зразумеў, што з ёю робiцца, бо сказаў:
– Папрасiце, калi ласка, Дабравольскую зайсцi да мяне.
Маша ветрам вылецела з кабiнета.
...Таму яна i спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калi яны збiраюцца пагутарыць з ёй?
Супакоiў Шыковiч.
Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветлiва, па-сяброўску:
– Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную?
– Умею.
– Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка.
Ён даў ёй грошы на каву i каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню.
Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадынi. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесiйна, падрабязна, па-бальнiчнаму. I яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамi. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацiк, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, i высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабiла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну.
Яраш скончыў распытваць пра здароўе i змоўк. У той дзень яму цяжка было весцi размову для размовы, гаварыць пра ўсё.
Шыковiч палiў на кухнi, пускаючы дым у фортку, слухаў iх, зразумеў зацяглую паўзу.
Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху iншымi словамi сказаў тое ж.
– У вас стомлены выгляд, Антон Кузьмiч.
– Я сёння прыляцеў з раёна.
– Камандзiроўка?
– Але.
Шыковiч кiнуўся на дапамогу сябру.
– Соф'я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме?
– спытаў ён з жартаўлiвай весялосцю, сядаючы ў зручнае нiзкае крэсла.