Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Напярэдадні саракагоддзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай Пімен Панчанка з асобым, строгім адчуваннем грамадзянскай годнасці напомніць:
Не вымаўляй без патрэбы Грознае слова — народ. І не звані ў справе шэранькай Словам магутным — народ. МыПерагукаецца з ім словам ветэрана Максім Танк: «Сорак салютаў прагрукала ў сэрцы...» І згадае ў вершы, прысвечаным Пімену Панчанку, пра іх сяброўскае разуменне, выпрабаванне «безліччу кіламетраў франтавога грому».
А нам гэтая «безліч дарог» нагадае не сёлетні, але такі памятны верш Аляксея Русецкага: «Клубя, пад пылам густым гудуць / дарог франтавых палосы,— / ужо з Беларусі да нас бягуць, / насустрач бягуць бярозы».
І адчуецца натуральная пераемнасць з тымі дарогамі і бярозамі ў «зямлі вякоў» Рыгора Барадуліна:
На смерць ішлі За гэтую зямлю, За гэтую красу, За сцяг світання Сыны зямлі...Дарэчы тут сказаць, што і тая нізка вершаў з кнігі «Розгалас», адкуль узяты гэтыя радкі, і многія іншыя публікацыі, і двухтомнік выбранага Р. Барадуліна — паэтычная справаздача многіх гадоў нястомнай працы — пасведчылі яшчэ раз пра тое, якога яркага, па-грамадзянску страснага, удумлівага і ўмелага мастака маем мы ў асобе гэтага паэта, кожны творчы год якога напоўнены працай і пошукам.
Саракагоддзю Перамогі і на год ранейшаму саракагоддзю вызвалення Беларусі прысвечана многа вершаў — шчырых, не з «поваду», часам з такім вось, як у Васіля Зуёнка, скажам, пашыраным гарызонтам літаратурнай рэальнасці:
Ляцелі пахавальныя — Вайне лісты пахвальныя, Што так яна стараецца, Што столькі забіваецца... Ляцелі, роспач будзячы, З вайны — штодзённа — падалі, Як лісце з кроны будучых Стагоддзяў неразгаданых.Многа шчырых, гарачых радкоў пра Вялікую Айчынную з'явілася ў многіх паэтаў Беларусі, у тым ліку і тых, хто піша на рускай мове — А. Дракахруста, Н. Кісліка, В. Тараса. І яшчэ раз пацвердзіла, якія высокія ўзоры сапраўднай паэзіі дала так званая тэма Айчыннай вайны, тэма, што ва ўсіх выбалела ў сэрцы, нізка вершаў у «Маладосці», 1984, № 7. Рэдакцыя прапанавала і новыя вершы: У. Някляева, Г. Пашкова, М. Мятліцкага. І яшчэ раз нагадала нам тыя вершы, што не забываюцца: Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, С. Гаўрусёва, А. Вярцінскага, У. Паўлава, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка.
Знамянальна, мабыць, і атрыманне літаратурнай прэміі ветэранам Айчыннай вайны Пятром Прыходзькам. Дзяржаўныя прэміі БССР 1984 года сярод паэтаў — Данута Бічэль-Загнетава і Пятрусь Макаль. Пра гэта многа гаварылася на старонках друку, як таго і вымагае прадмет гаворкі.
А вось прыгадаць моўленае ў часопісах і газетах 1984 года Максімам Лужаніным і Васілём Віткам проста неабходна.
Не тое каб спакойнае, але разважлівае, нетаропкае слова, нягучнае, але якое добра чуецца, запамінаецца.
Максім Лужанін, неяк зпарочыста нават сухаваты, не ярка праграмны, ён і пра галоўны свой боль скажа негаманкім, сцішаным голасам чалавека, які ведае цану сапраўднаму:
Усмешка праслізне Ад ісціны бясспрэчнай: Багі вайны гразней, Паэты даўгавечней.Абвергне не абмежаваны ніякімі ваганнямі давер да сябе, самаўпэўненасць Васіль Віткп. Нястомны, суцэльна недыдактычны асветнік і выхавацель, ён рупіцца пра культурную спадчыну, пра пераемнасць духоўных каштоўнасцей, вельмі ўдала выкарыстоўваючы самаіронію: «Што калісьці было, палыном парасло,/ Прыдарожным дзядоўнікам і/ малачаем — / Не вывучаем!/ Мы нанова, нанова сусвет адкрываем! / І мне ўласнае невуцтва/ Уцехай было».
Намаганнямі такіх людзей, як гэты паэт, як незабыўнай памяці Уладзімір Караткевіч, многіх іншых нашых пісьменнікаў і вучоных, надзвычай узмацнілася цікавасць да сваёй даўніны, да мінулага іншых народаў — каб адчуць гістарычны час, дыялектыку вопыту продкаў і сённяшняга жыцця, пераемнасць і традыцыі культуры, узаемазалежнасць духоўных набыткаў нашага «сёння» і «ўчора».
Той жа В. Зуёнак з яго паэмай «Лукам'е», дзе трывожныя старонкі гісторыі Беларусі спрабуе прачытаць, маючы ў полі зроку сучаснасць і будучыню, Я. Сіпакоў, аўтар шырокавядомага «Веча славянскіх балад», у кнізе 1984 года «Усміхніся мне» выступіў з цэлай нізкай новых гістарычных балад, як ён іх пазначае: рускай, кашубскай, чарнагорскай, балгарскай. Гэта С. Панізнік, у новай кнізе якога «Мацярык» мы знойдзем цэлы вершаваны альбом гістарычных замалёвак, з досыць шырокім гістарычным арэалам: Полацк, Наваградак, Вільня, Юрмала, Прага...
Па-рознаму асэнсоўваюць гістарычнае мінулае розных часоў Д. Бічэль-Загнетава, М. Арочка, В. Коўтун, П. Бітэль, Н. Мацяш, Т. Бондар, паказваючы розныя імгненні гісторыі, постаці, што набылі статус гістарычных, і тых, каго мы не ведаем па іх асабістых імёнах, але што былі славай і рухаючай сілай гісторыі, якім агульнае імя — народ. З маладых ці не больш за ўсіх з паэтаў распрацоўвае гістарычную тэматыку А. Пісьмянкоў. 1984-ты год прадставіў цэлую кагорту таленавітых маладых. Вынес на суд чытачоў вершы многіх год у першай сваёй — але якой! — кніжцы «Таемнасць агню» Л. Галубовіч. Цікава заявілі пра сябе той жа А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, В. Шніп. А годам раней — Л. Паўлікава, У. Марук. У 1984 годзе выдалі першыя свае кніжкі І. Рубін, А. Жыгуноў. А гэтым годам, напрадвесні, выйшла свежая вобразным сваім падам і думкай кніга А. Канапелькі — «Цвет алешыны».
Дарэчы, яе кніга і кніга аднаго з нашых старэйшых і ўдумлівых паэтаў — Сяргея Грахоўскага — з'явіліся амаль адначасова. І неяк у маім чытацкім усведамленні ўспрыняліся як добры перагук пакаленняў, мастацкай думкі. Як быццам па тое «думнае веча» сваіх маладых гадоў пакліча спрактыкаваны майстра неафітку паэзіі:
Туды, дзе маё пакаленне Вышыняў сваіх не здало, Туды, дзе адважных сумленне На смерць і ў бяссмерце вяло.І зноў не абміне тую тэму, якой, пагадаю яшчэ, аддалі ўвагу большасць нашых паэтаў. Звернецца да новых пакаленняў:
Нашчадкі суровае долі, Зайздроснага лёсу сыны, Каб вы не спазналі ніколі Вайны і віны без віны...Роздум пад складанымі пытаннямі быцця, імкненне да сумленнага, шчырага слова, такога, як «маці, поле, сонца», да таго, каб жыць, «як жыве няскоранае слова і самы мірны ў свеце чалавек», як светлае адчуванне нязбытнага абнаўлення жыцця — «І месяц, як у маладосці, і зорны снег, і цішыня», і яшчэ многае, многае ёсць у кніжцы, якую ў анатацыі справядліва называюць «своеасаблівым лірычным дзённікам».