Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:
Матыў лірычны, адмысловы, У важнай думе ці журбе — Ён неабходны, каб па слове, Паэце, верылі табе. Яно, канечне, слова — лекі. Дык што ж — узяў і прапісаў? А што, як скажуць чалавекі: Мой лекар, вылечуся сам?

Тут — іронія — выяўленне той эстэтычнай рэфлексіі, што ідзе ад вераспавядальнай выпакутаванасці, першасутнаснай быційнай няўхільнасці. Залог душэўнай раўнавагі лірычнага героя — у нармальным успрыманні жыцця, у натуральнай згодзе са светам, у накіраванасці розуму і пачуцця на прасветленасць і паўнацэннасць быцця. Нават калі часам лірычнаму герою М. Стральцова падасца, што «гэты дзень, / Святло якога дагарае,—/Не пакідаючы надзей,/Са мною разам памірае», дык прасвятленне, ачышчэнне,

катарсіс для яго абавязковыя як для чалавека, выхаванага на класічных традыцыях, замацаваных у лепшых сваіх выявах сённяшнім нашым днём:

Цень-цень, сініца! Добры дзень! Жывеш? Сваім званочкам чыстым Зімовым ранкам прамяністым І абудзі і абнадзей.

Выяўленне сэнсу кожнай сустрэчы асобы з прыродай; і шырэй — з быццём ва ўсіх яго праявах, і ў такіх вось — адвечна існуючых, нязменных — як раніца, дзень, вечар, паветра, снег, птушкі. І ніякіх штучных слоўных пабудоў, знарочыстай гульні слоў — сусвет і душа чалавечая для яго такія неаспрэчныя, што важна імкнуцца спасцігнуць таямніцы сутнаснага, але аспрэчваць іх — занятак няплённы. Ён не будзе пазначаць паняцці пункцірамі слоў, не стапе спакушацца рызыкоўным славесным россыпам. Мадэліраванне па схемах і бескантрольнае натхненне не яго мастацкі спосаб. Яму, праўда, уласціва ваганне — ці так? У пошуку сваім ён не запрашае нас прыняць удзел, але і не хаваецца ад чытача, свабодна і раскавана раздумвае, імкнучыся ўлавіць хаду з'яў у часе.

Дзіўна, але так яно ёсць, пры сённяшняй усеагульнай цікавасці да гістарычнай тэматыкі, асацыяцый з рознымі з'явамі культуры, адметнымі гістарычнымі постацямі, у паэта з такім сталым і выхаваным інтэлектам, з натуральным адчуваннем культурных традыцый, як М. Стральцоў, няма, здаецца, твораў гэтага накірунку.

Але культурны вопыт беларускай, рускай, сусветнай літаратуры адчуваецца ў культуры яго мыслення, культуры слова.

Затое рупліва распрацоўвае гістарычную тэматыку яго літаратурны равеснік Васіль Зуёнак — перш за ўсё згадаем яго паэму «Лукам'е», якой уласцівы пільнае адчуванне часу, сапраўдны гістарызм бачання, непаспешлівы, уважлівы погляд на падзеі мінулага з пазіцый сённяшняга дня. Паэт гэты ўвогуле сумяшчае мэтанакіраванасць, сялянскую працавітасць і грунтоўнасць з шырынёй бачання, імкненнем да суладнасці мастацкага выяўлення сацыяльнага сэнсу.

Аднак — вяртаючыся да той гістарычнай тэмы. Не так даўно адгула ў цэнтральнай прэсе (1980) дыскусія пра кніжнасць і абыходкавы гістарызм, калі так, між іншым, «всуе» ўжываюцца некаторыя паняцці, робячыся «культуралагічным інвентаром» (А. Пікач), какетліва выкарыстоўваюцца «культурна-гістарычныя дэталі» (А. Кушнер), «з гаспадарчай неахайнасцю... перакідваюцца з эпохі ў эпоху» (Е. Ярмілава) героі. Дыскусія аб паэзіі ў нашым «ЛіМе» (1983) не кранала гэтых пытанняў. І, мабыць, не выпадкова.

«Заігрыванне» з такой тэматыкай і сапраўды нічога, акрамя лёгкага аздаблення храналагічнай экзотыкай, не дае. Але сама па сабе «кніжнасць» для беларускай літаратуры з'ява не такая ўжо характэрная. Я маю па ўвазе той выпадак, калі мастацкае ўяўленне пачынае гнясці культурны груз стагоддзяў. Тое, што было вельмі заўважылі Ў рускай паэзіі і культуры на пачатку нашага стагоддзя і ў 20-я гады. А наш класік тым часам гаварыў: «Я не паэта...» І рабіў усё, каб надаць вагі нацыянальнай культуры. Праўда, намаганнямі многіх дзеячаў культуры і літаратуры ўзнаўляецца многае з таго гістарычнага культурнага багацця, што нам па праву належыць, аднак груз не мае яшчэ той ушчыльненасці, што пачынае ўжо адчувацца як напластаванне звыш меры засваяльнасці. І поцяг паэтаў розных пакаленняў да мастацкага ўсведамлення гісторыі сваёй і чужой, культуры сваёй і чужой — натуральны па сённяшнім часе для нас і зусім яшчэ не лішні. Іншая справа — як гэта мастацкі выяўлена. А ўзоры спраўджання гэтай тэмы можна знайсці і ў старэйшых майстроў, і ў пакаленнях па ўзросту маладзейшых: В. Коўтун, У. Някляева, С. Законнікава, С. ПІанізніка.

Р. Барадулін культурную спадчыну сваёй краіны і свету адчувае як традыцыю, як безумоўную перадумову свайго самавызначэння як паэта. Ён звычайна не ўзнаўляе надзейна нейкі час, не будуе сюжэт вакол канкрэтнай гістарычнай асобы (сюжэтнае пісьмо ўвогуле для яго не характэрнае), але дабіраючыся да канкрэтнага зместу з'явы, паэт выявіць і сваё гістарычнае жыццеадчуванне, трымаючыся характэрнай для яго стылёвай і моўнай структуры. Лёгкі прысмак парадоксу любіць даць адчуць Барадулін — і ў надзяленні вякоў: каменны, бронзавы, жалезны — вядомыя нам усім. І яшчэ адзін, пазначаны паэтам — «незразумелы папяровы век», калі ўсё ў няспынным коле «імклівай мітусні». Гэта вельмі характэрная рыса для сённяшняга Барадуліна — адчуванне імклівай інерцыі часу і супраціўленне ёй. У звычайных праявах: «Юбілеі — цяпельцы вячэрнія,/дзе мераць рост вінаваўцы аршынам, /пахвалу адсыпаюць асьмінамі». (Гаворка і пра ўласны юбілей.) І ў праявах напружання Духу:

У стылым Сусвеце з камення Шукаюць сябе галасы, Прамень утрапёны нямое, Прарэзаўшы
змрок наўскасы.

«Прамень утрапёны» — характэрная для Барадуліна лексіка. Але да таго актыўнага аптымізму, па якім доўгі час пазнаваўся паэт, аптымізму, выяўленаму агністым, буйнаметафарычным слоўным запасам, дадалося імкненне да інтэлектуальна-філасофскай насычанасці, зрокавае рэчавае бачанне свету саступіла месца рэальнасці больш умоўна-абстрагаванай, сухавата-рацыянальнай. Але і тут Барадулін ніколі не гаворыць напаўслых. Не пачуць яго немагчыма. Як заўсёды з часу іх папулярнасці было чутно Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча А. Вярцінскага, В. Зуёнка, А. Грачанікава. З іх грамадзянска-публіцыстычным пафасам, з трывалай прафесійнай аснашчанасцю. Можна называць яшчэ імёны.

Але... Многія паэты гэтага і больш сталага і маладзейшага пакаленняў часам застаюцца на перыферыі грамадскай увагі. Магчыма, не чытацкай. Бо чытач — ён бывае маўклівым. І ёсць паэты не толькі шчырыя. Не проста з веданнем рамяства. А і з добра развітым эстэтычным густам. Са сваім адчуваннем значнасці той справы, да якой ён не выпадкова дачыніўся. У межах гэтай гаворкі хацелася б згадаць Міколу Федзюковіча і Васіля Жуковіча. Зрабіўшы вось хаця б такія «пробы». У Жуковіча:

Быў пераконаны: пішуць вершы. А яны, як жыццё,— складаюцца.

Або:

Сялянскі сын, так жыць жадаю, каб думкі яснымі былі: не што пад дахам пакідаю, а што пасеяў на зямлі...

Дарэчы, у наступным чатырохрадкоўі ідзе такая вызначальная для творчага лёсу паэта заўвага:

пад сонцам каб у шматкалоссі мой ціха каласок шумеў.

В. Жуковіч запраграмаваны пазначае межы свайго паэтычнага надзелу, нават не падзелу, месца на жытняй ніве паэзіі. З той упэўненай сціпласцю, што дае рэальнае адчуванне свайго месца на зямлі. М. Федзюковіч з падобнай сціпласцю, але без празрыстай сімволікі Жуковіча скажа: «нікому ў бяседзе шчырай/не сказаў пра сябе: «Паэт». Аднак з якой павагай і прафесійным тактам ён паведае:

Трымаецца свет на майстрах «Загадка...» была ці «Смаленне...». Схіляў тваю голаў не страх, а гонар сумлення. Сляды ўсёабдымнай бяды намацаў праз лёд калядовы, і свет раскалоўся тады на вешчыя словы. Святое, бы хлеб, рамяство, шчаслівым нашчадкам засведчыць: усё па зямлі ад майстроў, усё — ад любові, мой свеце!..

Творы названы не выпадкова (аўтар іх М. Стральцоў), з адчуваннем той скандэнсаванасці і аб'ёмнасці мастацкага зроку, што ўласцівы гэтым творам пісьменніка. І. Федзюковіч ушчыльніць, спрасуе сваю думку: «і свет раскалоўся тады на вешчыя словы». Падтрымліваючы агульны духоўны настрой свайго верша, не парушаючы эстэтычнай засяроджанасці, што ўласціва гэтаму роздуму не толькі пра твор сябра, можа, не столькі пра яго, а — пра высокае агульнае рамяство.

Твор пра твор, асацыяцыі з жыццём мастацтва — тэматыка не так часта эксплуатуемая ў беларускай літаратуры і ў паэзіі. Гэта ўлюбёная тэматыка Любові Філімонавай. Стыхіі вольных ветраў ніколі не былі яе сферай мастацкага вопыту. Але ў тым камерным, не на трыбуннае чытанне разлічаным, адзначаным пэўнымі аўтарскімі схільнасцямі, гучанні яе вершаў мы заўважым стараннае імкненне не сфальшывіць, вытрымаць зададзеную танальнасць. У межах прынятых ёю самой эстэтычных правілаў. Абавязкова, скажам, з'явіцца «спектакль жыцця». І адпаведна ў ім «паднімае свой настрой аркестровак настройка і адвольная трактоўка» («Дзве паловы жыцця»). І ў развіцці сюжэта: выхад не куды-небудзь, на прасцяг жыцця, а «ў шматлікую масоўку». Дзе яе лірычная гераіня, мабыць, таксама будзе пільна ахоўваць сваю духоўную суверэннасць.

А вось тая стыхія вольнага ветру паэзіі — яна стварае неабходную атмасферу, але часам падманліва скіроўвае да бескантрольнага ўжывання таго, што бездакорна праверана: ужо адпрацаванай абаяльнасці, непасрэднасці, натуральнасці. Калі «і душы ўсе былі наросхрыст, а мы — як сваякі» і «на небе зоркі загараліся,/ І месяц чоўнам выплываў». І з тымі гаспадарамі «на развітанне цалаваліся, /Як Прыпяць/з Пінаю між траў» (Я. Хвалей. Палеская юшка). У М. Губернатарава такіх відавочных фармальных правалаў няма, але і «прасветленасць бяроз», і «вясновы шум», і «прыветны шум бяроз» — вядомыя клішэ. Магу сабе ўявіць, як цяжка давесці гэта аўтару і рэцэнзентам, і выдавецкім рэдактарам. Самапародый няма. Відавочнай бязглуздзіцы — таксама. І як нешта даказваць добрасумленнаму інфарматару ў рыфмах М. Мішчанчуку, калі ён чалавек фармальна адукаваны, выкладчык інстытута, крытык. Аднак — як ні зробіш пробу — пустая народа.

Поделиться с друзьями: