Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:

У Пятра Ламана, што выдаў ужо дзве кнігі, «псіхалагічная дакладнасць пачуцця і выразнасць малюнка», паводле анатацыі яго кнігі «Зерне імгненняў». Але адкуль раптам такі рызыкоўны троп: «Ён тануў, адчыніўшы кінгстоны вачэй./Біў па сэрцы/Падводнымі рыфамі рыфмы». Стыль не «працуе» на тэму. Замест псіхалагічна выверанага пісьма звонкая метафарычная спроба — «кінгстоны вачэй», «біў па сэрцы/Падводнымі рыфамі рыфмы». Прыпадабненне, можа, і гучнае,, але ж гэта «распадабненне» сэнсу. Хаця — на мой погляд, у паэта ёсць тое «зерне», што шукаюць у паэзіі чытачы.

...Вызначальная прыкмета многіх беларускіх літаратараў — шматжанравасць. Валянціна Коўтун таксама імкнецца апрацаваць некалькі літаратурных дзялянак. У паэзіі ж апошнім часам пашырае круг праблем, імкнучыся не так да пластыкі верша, як да глыбокай, карнявой своеасаблівасці сваіх адносін

з рэчаіснасцю, мяняючы аблічча сваіх герояў. Паэтэса не баіцца папрокаў ў кніжнасці, для яе больш важна пашырыць далягляды сваёй паэзіі, забяспечыць гэта імкненне светапоглядна, засвоіць культурную рэальнасць у шырокім плане — гістарычныя постаці, барацьба ідэй па розных прамежках гісторыі. Наўбольш блізкі для яе характар вырашэння — ліра-эпічны, з выразна выяўленай спробай зразумець прычынна-выніковыя сувязі, сувязь з сённяшняй палітычнай, этычнай, культурнай рэальнасцю.

А для Святланы Басуматравай важныя характар, чалавечая сутнасць, моц чалавечай натуры ў яе самых нястрымных выяўленнях. І чытаючы, скажам, яе «Кармэн», згадваеш не навелу П. Мерымэ з яе этналагічнымі дэталямі, прыкметамі часу, узнікаюць асацыяцыі з уражаннямі зусім іншага парадку. У мяне — дык з тым неўтаймоўным танцам, які ўвесь затоеная, але скандэнсаваная страсць, не канкрэтнае пачуццё, а менавіта палкі тэмперамент як неад'емная ўласцівасць натуры чалавечай. Я маю па ўвазе фільм Карласа Сауры «Кармэн». Наўмысна «некасцюмны» фільм, рэпетыцыйныя, рабочыя гарнітуры, ніякіх інтэр'ераў і экстэр'ераў — голыя сцены студыі. Ніякіх успама- гальных элементаў — толькі танец, трывожна-пагрозлівы, наступальны пошчак абцасаў, дзівосны, неверагодных магчымасцей інструмент — чалавечае цела, выразнік душы. «Абцасаў град і пошчак кастаньєт», «Як бліскавіца, позірк твой спакусны».

У вершы С. Басуматравай няма ні віртуёзнай гульні словам — хаця тэма сама па сабе і спакушае да самых фантастычных і, мабыць, апраўданых метафар, але ўвесь лад верша, гэтае імклівае, шматпаўторнае (пяць разоў) «Танцуй, Кармэн! Танцуй, мая Кармэн!» — ствараюць такое ўражанне — нібы жарэм агністага крыла павеяла.

Форма супадае са зместам, адпавядае яму. Для С. Басуматравай увогуле характэрныя нязмушанасць выказвання, натуральнасць, добрае напаўненне паэтычнага пульсу, адчуваецца вось тая стыхія вольнага ветру, які, аднак, нясе ў сабе і пагрозу анархіі густу, і пагрозу самапаўтору. Яшчэ раз — такі, пэўна, закон мастацтва. Стыхіі патрэбны кантроль. Самакантроль.

Самакантроль, што знаходзіць рознае выяўленне. У такога яркага паэта, як Яўгенія Янішчыц, у яе сённяшнім пошуку новых спосабаў мастацкага самапазнання — і такі пазавершавы спосаб, як яе праграмнае выступленне ў «ЛіМе» ў дыялогу з крытыкам Тамарай Чабан У Някляева — таксама не толькі ў яго вершах, а і ў бліскучым, напрыклад, эсэ пра Аркадзя Куляшова. У Генадзя Пашкова — у яго публіцыстычных выступленнях. Я ўжо не вяду гаворку пра Таісу Бондар, з актыўнасцю якой у крытыка-публіцыстычным жанры і ў геаграфічным арэале яе публікацый мала хто з крытыкаў можа спаборнічаць. Спрабуюць тут свае сілы Галіна Каржанеўская і Мікола Мятліцкі, які, дарэчы, увогуле апошнім часам актывізаваўся ў грамадзянскай тэматыцы.

А ўсім вядома, як змястоўна, пераканаўча, на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выступаюць у крытыка-публіцыстычным жанры такія паэты, як П. Папчанка, К. Кірэенка, В. Вітка, А. Вялюгін, Р. Барадулін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч і інш.

Не магу ў сувязі з гэтым не згадаць артыкул рускага паэта і крытыка Т. Глуніковай з вельмі характэрнай назвай «Вобраз паэта — вобраз крытыка», дзе яна слушна гаворыць пра той агульны вобраз асобы, што вымалёўваецца з агульнай унутранай сувязі яго літаратурнай дзейнасці. У такім, адкрытым, «не зацененым вобразнай недагаворанасцю» выглядзе — у крытыцы і ва ўсеўзбраенні магіі «гарманічных гукаў» — у вершах. «Адкрытым» спосабам выяўляе свае эстэтычныя ўяўленні і Леанід Галубовіч, культура думкі якога, калі ведаць яго адукацыйны цэнз і абставіны нятворчай біяграфіі, не перастаюць добра радаваць.

А вось Р. Баравікова ў кнізе «Адгукнуся голасам жалейкі», па сутнасці, не пашыраючы свайго кола тэм, выйшла на той узровень, пра які варта гаварыць асобна. Здавалася б, усё тое ж, інтымнае, асабістае. Не будзем сцвярджаць, што ў паэтэсы з'явіліся філасофскія медытацыі. Але парывістая, апраметная энергія яе вершаў, не страціўшы сваёй імклівасці, набыла важкасць мудрага разумення многага ў жыцці, з'явілася не перарывістае, а напоўненае,

як у трэніраванага спартсмена, «дыханне пругкае работы».

Безумоўна, выверанасць зместу і формы (без асобых навацый) — ад той, папярэдняй работы, што немагчыма без жыццёвага і літаратурнага вопыту, дзе былі і «памылкі і страты», і «мітуслівых надзей далягляд». Нялёгкі ён, кошт сапраўднага важкага слова:

Мне не шкода душы, хто не плача — хіба запяе?

І гэта не дэкларацыя, не забяспечаная канкрэтным творчым багажом. За словамі — адказны змест кнігі. У якім — не часта — з'яўляюцца і такія адкрыта праграмныя радкі:

Высокіх слоў казаць я не павінна, бо вышыня — у небе, тут — зямля, на ёй сцяжына, нібы пупавіна, дзе па адным з канцоў — на век свой я. «Асмолаўскі тракт»

Пацверджаны зместам кнігі і спакойныя, упэўненыя высновы Сяргея Законнікава:

І стаю я, жыццё, прад табой... Ты дарма хмурыш бровы сурова — Ціха вера, надзея, любоў Шэпчуць мне запаветныя словы. Жыць трывожна на свеце, калі Хмар злавесных гайня не радзее, Ды над лёсам людзей і Зямлі Свеціць зоркай бяссоннай надзея. Прага шчырасці, роднасці зноў У нязведанасць торыць дарогу. Засяваю свой сціплы аблог Зернем веры, надзеі, любові. «І стаю я, шыццё, прад табой...»

...Многае пазначыцца ў сённяшнім дні нашай паэзіі, калі ўзяць пробы на глыбіні. Многае, што выяўляе асобныя прыкметы літаратурнага працэсу, прыкметы, што па аб'ёму, натуральна, не супадаюць з агульнымі заканамернасцямі. Але дазваляюць нешта ў іх высветліць, выпукліць, хаця б пункцірна пазначыць. У спалучэнні зместу і формы, у выяўленасці тэндэнцый свайго часу і злучанасці іх з традыцыямі культурнага мінулага, нават калі гэта выяўляецца і ў адштурхоўванні, нязгодзе з тымі традыцыямі. Ніякія ж навацыі немагчымыя без дасягненняў класічнага верша, вопыту паэтаў канца XIX — пачатку XX ст., паэтычных школ XX ст. Маю па ўвазе сусветную паэзію ўвогуле. Любыя з іх так ці інакш залежаць ад вопыту мастацтва мінулага. А прыцягальнасць традыцый бясспрэчная. Тут і вялікая сіла звычак і інерцыі, і вялікая эстэтычная каштоўнасць класічных узораў. У беларускай літаратуры сённяшняга дня, нават калі зрабіць толькі вось такую прыблізную прыкідку па асобных узорах, ідзе нармальны працэс, не пазбаўлены, натуральна, і страт, працэс, у якім і вопыт прыхільнікаў традыцый, і творчасць «традиций убежденных неслухов» (М. Асееў) знаходзіць пэўнае, хай і нераўназначнае выяўленне. І ў такіх, скажам, цікавых выявах, дзе скрыжаваліся мастацкія традыцыі многіх літаратурных школ і нацыянальных традыцый розных народаў, як паэма «Дождж у Ка- ралішчавічах» Карласа Шэрмана.

Любая ж эстэтычная ідэя імкнецца да той ступені мастацкай завершанасці, калі ўспамінаюцца словы Імануіла Канта: «...рабі толькі адпаведна той максіме, кіруючыся якой ты адначасова можаш пажадаць, каб яна стала ўсеагульным законам».

«НАБРАЦЬ ДЛЯ ПЕСНІ ВЫШЫНЮ...»

Сталасць... Маладосць... Пара вынікі падводзіць і пара пачынаць... Ёсць агульнапрынятыя нормы, засведчаныя аўтарытэтам вопыту і аўтарытэтам філасофскіх сістэм. А жыццё заўсёды нешта дадае да гэтых норм, уносіць карэктывы. І не ў адну пару прыходзіць да людзей сталасць. І ў кожнага свая пара пачынаць. Бывае, што не вагаючыся, яшчэ ў юнацтве, выйдзе чалавек да людзей са сваім словам, а нехта цяжка і доўга ўзважвае, ці мае ён права пісаць. А яшчэ ў каго думкі і адчуванні не адразу набываюць рэальныя слоўныя абрысы. А калі набываюць, з'яўляецца зборнік пад грыфам «Першая кніга паэта».

Поделиться с друзьями: