Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Кукуруза ўздыхнуў i раптам мройлiва сказаў:

– А здорава было б зрабiць нешта такое... на транзiстарах. Цiкавае i незвычайнае. Напрыклад, кiраванне каровай на адлегласцi па радыё. Памiж рагамi нацягнута антэна. У вуха ўстаўлены маленькi прыёмнiк (на транзiстарах, вядома).

Пасвiць такую радыёкарову - адно задавальненне.

Сядзiш сабе дзесьцi за тры кiламетры ў гародзе дзеда Салiвона, аплятаеш кавун саладзенны (я лепш за ўсё тую сярэдзiну, таго самага чырвонага ваўка ў кавуне люблю. А ты? Ага... Так-так). Дык вось сядзiш, хрумаеш кавун. Потым глянуў у кiшэнькавы

тэлевiзар, бачыш - твая Манька ў шкодзе, у калгасным просе. Нацiскаеш на кнопку i: "Манька-а! Ану, заварочвай, праклятая! А-ля-ля-ля!" I Манька - нiбыта яе хто пугаю свiснуў - назад. А ты зноў сядзiш i аплятаеш кавун. Любата! Скажы?

– Яшчэ б! Калi б такое зрабiць, дык наогул...
– кажу я.

Але вось Кукуруза ўстрапянуўся - не ўмеў ён доўга сумаваць i раздумваць. Ён быў чалавекам дзеяння.

– Ну, добра, пра гэта потым... А цяпер давай падумаем, як мы будзем Кныша ноччу затрымлiваць.

– Што? Затрымлiваць?! Ды як жа яго затрымаеш? Ён жа нас патопiць, як кацянят.

– Патопiць? А ружжо навошта? Ты думаеш, для такой справы абавязкова патрэбны людзi з каламi? Ружжо - гэта, брат, не жартачкi. Гэта зброя. Бац - i будзь здароў!

– Ты што, думаеш у яго страляць?
– са страхам запытаў я.

– Табе адразу страляць! Не страляць, але... калi што... Наогул, ружжа хто хочаш спалохаецца.

– Вядома, - згадзiўся я.
– Толькi як жа я... ноччу... А дома? Табе добра, ты на бязлюдным востраве, табе няма ў каго пытацца. А я...

– Дык адпрасiся. Падумаеш! Прыдумай што.

– Што?

– Ну, што на рыбалку iдзеш цi яшчэ куды. Тут такая справа, можна сказаць, дзяржаўная, а ён...

– Ну, добра, нешта прыдумаю. Толькi цяпер мне трэба дахаты ехаць.

– Едзь, а я што...

Я сеў у човен.

Твар у Кукурузы быў сумны i хмуры. Вiдна, яму вельмi не хацелася заставацца аднаму на востраве. Ён хадзiў па калена ў вадзе вакол чоўна, абмацваў барты i бубнеў: "Вось тут трэба было б зашпакляваць, а тут падсмалiць, а гэтую дошку наогул замянiць". Яму хацелася яшчэ што-небудзь сказаць, ён пачухаў за вухам, шморгнуў носам i нарэшце насмелiўся:

– Ты знаеш. Ты прывёз бы мне хоць скрыплiка якога. Захацелася, як перад смерцю. А то ўсё рыба ды рыба.

Скрыплiкамi называлi ў нас тыя самыя цукровыя пернiкi, што прадавалiся ў сельмагу. Усохлыя i цвёрдыя, што дровы, яны скрыпяць, калi ўгрызаешся ў iх зубамi. Адзiн скрыплiк можна есцi цэлы дзень. Можа, за гэта мы i любiлi iх.

– Добра, прывязу, а як жа, - сказаў я i адапхнуўся ад берага.

РАЗДЗЕЛ XVIII

У сне i наяве

– Дзе ты цэлы дзень бегаеш не еўшы? Дзiва, ажно вочы паўпадалi, дакорлiвымi словамi сустрэла мяне мацi.

– Ды што вы, мама! Я юшкi во як наеўся. Ох i смачная! Там адзiн Сашка такi майстар выявiўся - лепшы за любога кухара, - тут я неспадзявана апамятаўся, ледзь паспеў сабе рот рукою затулiць.

– Пра якога гэта ты Сашку?

– Ды пра... пра... Юрчышынага, - пачаў я выблытвацца, як уюн з сеткi. Той, што каля млына жыве, дзядзькi Мiхайлы сын.

А ў самога ажно ўсярэдзiне млее. А што, калi яго мацi сёння на вёсцы бачыла? Тады прапаў.

Не, пранесла! Мацi нiчога не сказала. Значыць, не бачыла.

– Дык што, добра клявала?
– лагодна ўсмiхнуўшыся, запытала мацi.

– Паганенька! Ледзь-ледзь на юшку налавiлi, - не чырванеючы, хлусiў я. Мы сягоння на ноч збiраемся. На плёс. Пусцiце.

– Пабачым, пабачым. Iдзi вунь дроў насячы, бо ўсе ўжо кончылiся.

I я, рады, што ўсё так добра абышлося, пабег секчы дровы.

Да абеду я ўсё ваўчком-ваўчком каля мацi - то вады прынясу, то памыi выллю, то ў хаце падмяту. Такi добры, што хоць ты да раны прыкладвай. А што зробiш, калi трэба, каб на ноч пусцiлi. Кукуруза ж будзе чакаць.

Пасля абеду нечага мае вочы пачалi злiпацца - далiся ў знакi начныя прыгоды. Прылёг я пад грушай у халадку i адразу заснуў як пшанiцу прадаўшы.

I прыснiлася мне нешта дзiўнаватае. Не сон, а проста кiно.

Стаю я, значыць, на беразе вострава Пераэкзаменоўкi. Стаю i бачу: выплывае на плёс карабель, вялiзны акiянскi белы карабель (я такiя толькi ў кiно бачыў), трохпалубны, а труба большая за ўсю нашу хату. Я стаю i дзiўлюся: як гэта ён праз вузенькiя стругi ў чаратах прайшоў. Але не паспеў я добра здзiвiцца, як з карабля спускаюць трап i па трапе на бераг iдзе... Грабянючка. Падыходзiць да мяне i кажа:

– Добры дзень вам. Да вас на востраў прыехала нямецкая дэлегацыя пiянераў. Вы будзеце перакладчыкам.

Я здзiўлена гляджу на яе, i мне хочацца сказаць: "Чаго гэта ты, варона, мяне на "вы" завеш?" - але чамусьцi прыстойна адказваю:

– З вялiкай радасцю. Але хачу нагадаць вам, што ў школе я вывучаю, як вам вядома, англiйскую мову i па-нямецку размаўляю вельмi кепска. Па-нямецку я ведаю толькi тры словы: дэр Тыш, дэр Штуль i дэр Бляйштiфт.

– Нiчога, - кажа Грабянючка, - цалкам дастаткова. Прымайце гасцей. Вось яны, калi ласка.

Я гляджу i бачу, што па трапе спускаюцца Iгар, Сашка-"штурман" i Валька.

"Вось яно што! Дык яны, атрымлiваецца, нямецкiя пiянеры, а не нашы".

Мы iдзём па востраве i падыходзiм да будана. Каля будана стаiць Кукуруза i калупае ў носе.

– Знаёмцеся. Губернатар вострава Пераэкзаменоўкi Рабiнзон Васiльевiч Кукуруза, - кажу я, як мне здаецца, па-нямецку, а сам думаю: "Цьфу! Чаго гэта я яго губернатарам ахрысцiў? Што ён, капiталiст, цi што? Ён жа наш савецкi Рабiнзон. Трэба было, мабыць, сказаць - старшыня сельсавета. Але ж якi тут сельсавет, калi ён на востраве адзiн!"

Мiж тым Кукуруза кажа:

– Калi ласка.

I мы ўваходзiм у будан. Уваходзiм у будан i спыняемся ў вялiкiм светлым пакоi, дзе ўсё белае, як у бальнiцы. Пасярэдзiне на белым стале стаiць блiскучая нiкелiраваная каструля.

– Каструля, - паясняе Кукуруза.
– На транзiстарах. Сама варыць. Без агню.

"Ты глянь. Вось чортаў Кукуруза! Так-такi навыдумляў усяго... на транзiстарах".

– Дер Штуль?
– пытае раптам Валька.

– Дер Бляйштiфт, - адказваю я, i сам здзiўляюся, як складна атрымлiваецца. Яна ж запытала: "Слухайце, а як жа з вашай сакрэтнай справай?" - а я адказаў: "Усё ў парадку. Не хвалюйцеся".

Поделиться с друзьями: