Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Расказаў я тады пра ўсё гэта Яву, здзiвiлiся мы рыначнаму таленту Кнышыхi ("Вось людзей абдурвае, змяя!"), а потым забылi. Чым толькi не гандлююць на тых рынках!
– Так цi iначай, - сказаў рашуча Кукуруза, - ты як хочаш, а я сёння ноччу...
Кукуруза не дагаварыў. Раптам з плёса даляцела звонкая песня:
Пусть всегда будет солнце,
Пусть всегда будет небо,
Пусть всегда будет мама,
Пусть всегда буду я!
РАЗДЗЕЛ XVII
Неспадзяваныя Iгар, Валька i iншыя
Галасы былi бадзёрыя, пiянерскiя. Здавалася, што проста па вадзе i балоце крочыць праз чараты
Мы хутка ўзлезлi на старую вярбу, пад якой стаяў будан. Гэта было самае высокае дрэва на востраве. I тады ўбачылi - на плёс выплывалi белыя, як лебедзi, лодкi. У лодках сядзелi пiянеры - у белых майках, белых панамках, з чырвонымi гальштукамi.
У першай лодцы стаяў на поўны рост стройны высокi юнак у белых штанах, без майкi, але таксама з чырвоным гальштукам. Гэта быў, мабыць, важаты. Пад бронзавай скурай выпiналiся магутныя мускулы. Здавалася, гэты юнак - проста з фiзкультурнага плаката "Рыхтуйся да значка ГПА!".
Ды вось песня закончылася, i важаты гучна сказаў:
– Сябры, прапаную на гэтым востраве зрабiць прыпынак! Як вы думаеце, таварыш штурман?
– нахiлiўся ён да маленькага галавастага хлопца з насупленымi бровамi, якi сядзеў на карме.
– Толькi так, - вельмi сур'ёзна адказаў хлопец. Усе чамусьцi засмяялiся.
– Тады трымайце курс на востраў, штурман!
– у тон яму сказаў важаты.
– Толькi так!
– паўтарыў хлопец, i зноў усе засмяялiся. Але хлопец не звярнуў на гэта ўвагi. Хоць бы хны!
Адна за адной лодкi падплывалi да берага. I адразу востраў ператварыўся ў пiянерскi лагер: смех, крыкi, бегатня. Хто гуляў у мячык, хто плёхаўся ў вадзе, хто лавiў сачком матылькоў. Сярод пiянераў мы пазналi некалькi васюкоўскiх юннатаў, але яны былi не з нашай вулiцы, мы iх дрэнна ведалi. Мы сядзелi на дрэве, не ведаючы, што нам рабiць - цi паказвацца, цi не. Але доўга раздумваць нам не давялося. Нейкая цыбатая дзяўчынка падбегла да будана i крыкнула:
– О! Глядзiце! Тут нехта жыве!
Усе збеглiся да яе. Падышоў i важаты. Смуглявы шустры хлопец з фотаапаратам на плячы шмыгнуў у будан i адразу ж выскачыў, трымаючы ў руках электрычны лiхтарык.
– Лiхтарык!
– паяснiў ён.
– Механiчны. Дае святло толькi тады, калi нацiскаеш на гэтую ручку.
I пачаў чвыркаць, паказваючы. Кукуруза неспакойна заёрзаў на галiне.
Цыбатая дзяўчынка таксама шмыгнула ў будан i выцягнула адтуль стрэльбу.
– Паглядзiце, сапраўдная, паляўнiчая...
– Ой, асцярожна, яна, можа, зараджаная! Яшчэ стрэльне, - войкнуў нехта з дзяўчат.
Тут Кукуруза ўжо не вытрымаў:
– Ану, не чапай!
Усе адразу паднялi галовы. Хавацца ўжо не трэба было. Мы злезлi з дрэва. I адразу ж нас акружылi пiянеры.
– Хто вы?
– Што вы тут робiце?
– Гэта ваш будан?
– I ружжо ваша?
– Вы паляўнiчыя?
– Вы тут жывяце?
Я разгублена паглядзеў на Кукурузу.
Ён насупiўся i маўчаў.
– Ды яны, пэўна, проста рыбу ловяць тут. Гэта нашыя, з Васюкоўкi, сказала васюкоўская юннатка, здаецца, з восьмага класа.
– Цi з дому ўцяклi, -
дадала другая (мы пра яе ведалi толькi тое, што яна вельмi злая i дачка калгаснага бухгалтара).– Цi ў iндзейцаў гуляюць. Як "Маленькiя дзiкуны" Сетана-Томпсана. Памятаеце?
– улезла цыбатая.
– Цi ў Рабiнзонаў... Праўда ж?
– сказаў важаты.
Я, зусiм аглушаны, глянуў на Кукурузу. Мой сябар густа-густа пачырванеў. I раптам сказаў:
– Нi ў што мы не гуляем. У нас тут справа ёсць... А вы хто такiя?
– А мы з Кiева. Юннаты мы, - засакатала вастраносенькая дзяўчынка ў акулярах.
– Прыехалi сёння, - перабiла яе цыбатая.
– От, Валька, не перабiвай! Дай я скажу!
– зноў засакатала вастраносенькая.
– Сёння прыехалi. Прыехалi сёння. Так... Пачулi, што ў вас глабулус вырошчваюць, i вось прыехалi. Наш кiраўнiк прафесар Дудка гаворыць, што... Вы ведаеце прафесара Дудку? О, гэта на ўвесь свет знакамiтасць. Гаворыць, што ваш глабулус незвычайны! Яны прыедуць заўтра - i прафесар, i карэспандэнт з "Зоркi". А мы сёння прыехалi. Прафесар i карэспандэнт таксама сёння прыехалi б, але ў прафесара сягоння тэрмiновы вучоны савет у акадэмii. Неспадзявана. А ў нас ужо бiлеты былi. Вось мы i прыехалi. А вашы не хочуць нам паказваць глабулус без прафесара. Кажуць: "Заўтра". Ну, мы разумеем людзi столькi старалiся. Iм хочацца, каб урачыста... Мы разумеем... А ў вас якая справа? Якая? Га?
Кукуруза нахнюпiўся:
– Справа... I ўсё тут...
– Сакрэт? Так? Сакрэт?
– не хацела адчапiцца вастраносенькая.
– Вось яшчэ, Аксана! Прычапiлася як смала!
– сказала цыбатая Валька.
– Раз не гавораць, значыць, сакрэт.
– Ну добра, не кажыце, не кажыце, хай будзе сакрэт, - згадзiлася вастраносенькая Аксана.
– Дык мы вам, мабыць, перашкаджаем?
– запытаў важаты.
– Не, аж да вечара можаце быць, - злiтасцiвiўся Кукуруза.
– Ды не, мы толькi на гадзiнку. Проста захацелася пакупацца i пасядзець на свежым паветры, каля вогнiшча. Дзяўчаты з самага Кiева пра гэта мараць. Вунь Аксана нi разу ў жыццi каля вогнiшча не снедала, - усмiхнуўся важаты.
– Яна i жывую карову нiколi не бачыла. Толькi на малюнку, - падмiргнуў важатаму хлапчына з фотаапаратам.
– Ты вельмi многа бачыў! Зараз як дам!
– кiнулася на яго Аксана.
– Брэк! Бой закончаны! Перамога Аксаны!
– весела сказаў важаты.
– А цяпер - за справу! Памыйце прадукты. Распальвайце вогнiшча!
– Толькi так!
– аўтарытэтна пацвердзiў маленькi "штурман".
Пiянеры адразу закрычалi i пабеглi да лодак.
– Ты, Iгар, распалi вогнiшча, - сказаў важаты хлапчыне з фотаапаратам. Ты ў нас майстар.
– Хадзiце, я пакажу, дзе ламачча, - па-гаспадарску прапанаваў Кукуруза.
I мы ўтрох пайшлi ў глыб вострава. Iшлi i, як гэта заўсёды бывае на пачатку знаёмства, нiякавата маўчалi - не ведалi, пра што гаварыць. I раптам Iгар, не адкрываючы рот (мы гэта добра бачылi), гучна не то бэкнуў, не то гаўкнуў. I адразу недзе ўнутры ў яго заiграла музыка. Сапраўдная музыка. Джаз. I потым нешта заспявала жаночым голасам па-нянашаму... Мы сталi i вылупiлiся на Iгара. Што такое?
Ён засмяяўся i перасунуў на грудзi тое, што нам здавалася фотаапаратам.