Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Грабель маўчаў.

— Курт, я даручаю гэта табе, — павярнуўся лейтэнант да трэцяга, які за ўвесь час не вымавіў ніводнага слова. — Там, у яме, дзе ляжыць ляснік. I гэтак жа — ва ўпор з пісталета… Без лішняга шуму.

Салдат узняў вінтоўку i накіраваўся да ix.

Аня засланіла сабой Сашу.

— Пайшлі,— правільна па-руску сказаў маўклівы, прыветліва ўсміхаючыся. — Пайшлі… другой пуць… — Ён паказаў рукой на прасеку.

Блакітнавокі як бы страпянуўся і, не падымаючы галавы, растлумачыў:

— Вас завядуць на іншую дарогу, па гэтай няможна хадзіць…

«Ён

хлусіць! Хлусіць! Не верце яму!» — ледзь не вырваўся з грудзей у Сашы крык, але Аня ўсё мацней i мацней сціскала яе руку i цягнула за сабой:

— Хадзем, Шурачка.

«Яны надумалі нешта страшнае», — хацела сказаць ёй Саша, але чамусьці зноў нічога не сказала, а паслухмяна павярнулася i пайшла за Аняй.

Ззаду пачуўся голас лейтэнанта:

— Курт! Дэн зойглінг канет ду ніхт эршысен!

«Эршысен?.. Эршысен?.. Ніхт эршысен? — паўтарала Саша апошняе слова, але ўспомніць пераклад яго ніяк не магла. — Ніхт — не… Што — не? Што яны не зробяць з табой, мая дачушка? Што яны надумалі зрабіць з намі? А як жа ты астанешся без мяне? Трэба спытаць у ix… Няхай скажуць. Яны ж людзі…»

Саша азірнулася. Салдат зноў усміхнуўся ёй, паківаў галавой. А тыя двое стаялі на прасецы i глядзелі ім услед.

Канваір легка штурхнуў Аню вінтоўкай у плячо i паказаў направа, куды ў гушчар вяла вузкая, з зарослымі травой каляінамі лясная дарога. Яны збочылі з прасекі. Тады Аня выпусціла Сашыну руку, дастала аблупленае яйка і… пачала есці.

Саша жахнулася: як яна можа есці ў такі момант?

— Аня! — прашаптала яна. Але ў адказ Аня дастала з другой кішэні цэлае яйка, павярнулася i працягнула яго салдату:

— Калі ласка… Смачнае… смачнае. — I яна апетытна прыцмокнула языком.

Ён узяў яйка, пастукаў ім аб прыклад вінтоўкі, засмяяўся дзіўна вельмі, страшна, паківаў галавой, як бы дакараючы, напэўна, падумаў: «Дурныя вы, як вароны. Нічога вы не разумееце…» Аднак сказаў іншае:

— Карош… русіш фрау… Спасіба. Пайшлі… Пайшлі…

Аня зноў выхапіла правую руку з кішэні i сыпанула ў твар яму… соль. I тут жа рванула з яго рукі вінтоўку, размахнулася i стукнула па галаве.

Саша не паспела апомніцца — так вокамгненна гэта здарылася, толькі пачула трэск, але пасля не магла зразумець, што гэта трэснула — прыклад ці чэрап фашыста.

Аня шпурнула клунак на зямлю, выхапіла ў яе дзіця, гукнула: «Уцякайма!» — і, нізка нахіліўшыся, кінулася ў кусты.

Саша бегла за ёю праз чэпкі гушчар, да крыві абдзіраючы аб сукі i калючкі твар, рукі, ногі. Потым гэтак жа без аглядкі яны беглі па рэдкім лесе, мінаючы прасекі i дарогі. Колькі часу беглі так — ніхто з ix не помніў. Спыніліся тады, калі апынуліся на полі i ўбачылі недалёка жанчын, што мірна жалі жыта. Аня села на краі нівы, у разору. Саша ў знямозе ўпала побач. Аня абняла яе за шыю i прашаптала:

— Ну, Шурачка, нехта Богу за нас моліцца. Гэта ж яны нас на смерць вялі… на расстрэл.

Сашу пачала біць нервовая ліхаманка.

III

Камандзір павітаўся — апошнія два дні ён не з'яўляўся нанач; спытаўся, як здароўе Сашы, зазірнуў у калыску, дзе ляжала Ленка, i разгублена

спыніўся пасярод хаты. Ён не ведаў, што можна сказаць яшчэ, як развітацца, каб людзі не зразумелі, што ix пакідаюць. Ён стараўся зрабіць выгляд, што нікуды не спяшаецца, але трывожныя позіркі, якія кідаў на акно, выдавалі яго. Ды i не было ўжо сакрэтам адступленне. На вуліцы, у пяску, буксавалі машыны. Крычалі i злосна лаяліся чырвонаармейцы.

Даніла — шаснаццацігадовы брат Сашы, зразумеўшы ўсё, моўчкі паказаў вачамі на хворую сястру, i сцятыя вусны яго дрогнулі.

Камандзір паспрабаваў усміхнуцца:

— Такі салдацкі лёс, Данік. Сёння тут, заутра там…

Саша, якая запалёнымі вачамі напружана сачыла за кожным рухам камандзіра, устрапянулася, імкліва села на ложку.

— Вы адступаеце? Вы пакідаеце нас? Няўжо вы не маглі ўтрымаць ix на Дняпры i Сожы? На такіх вялікіх рэках?.. Божа мой!

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна, — не ўзнімаючы вачэй, сказаў камандзір. — Мы трымаемся, але мяне пераводзяць на другі ўчастак… Я зайшоў…

— Вы хлусіце! — закрычала Саша. — Навошта вы хлусіце? Каму вы хлусіце? Сваім людзям?.. Сестрам, маткам?.. Яны захапілі Гомель? Так? Не кажыце мне, я ведаю, чаму сёння не чуваць кананады… Вы адступаеце. Уцякаеце… Кідаеце нас… Дык i я іду з вамі!.. Я не астануся з гэтымі звярамі!.. Не! — Яна ўсхапілася з ложка. — Я не хачу, каб яны зноў павялі нас на расстрэл…

Старэйшая сястра Поля кінулася да яе, абняла, намагаючыся ўкласці на ложак.

— Саша, родная мая, куды ты пойдзеш? Ты ж на нагах не стаіш… Ты зусім хворая…

— Не чапайце мяне, — ірванулася Саша. — Вы хочаце, каб яны забілі маю дачку? Усе вы баязліўцы! Вы баіцёся кінуць гэтую трухлявую хату! «Бацькаў дом!..» А яны прыйдуць i спаляць ваш дом, заб'юць вас!.. Пабачыце тады!..

— Сястра! Не адны мы астаёмся… Народ астаецца! — дрыготкім гол асам, але па-мужчынску цвёрда i разважліва сказаў Данік.

Саша нікога не слухала, яна хутка збіралася ў дарогу: надзела лепшае плацце, чаравікі, хустку, прагледзела дакументы, якія ўзяць.

За акном паклікалі:

— Таварыш капітан!

Ён зняў пілотку, нахіліў галаву, уздыхнуўшы, прамовіў:

— Бывайце… — Потым ціха сказаў Сахпы: — З войскам вам няможна. Ды i наогул позна… — I так, з непакрытай галавой, ступаючы зусім нячутна, быццам крадучыся, выйшаў з хаты.

Поля, убачыўшы, што Сашу не ўтрымаць, схапіла з калыскі дзіця i рашуча сказала:

— Не дам Ленку! Забі — не дам! Ты хочаш загубіць яе? Чым ты яе карміць будзеш? У цябе ж няма малака! Ды i куды ты пойдзеш цяпер? Чула, што сказаў капітан?..

Саша каля стала паспешліва складала ў старую хустку дзіцячыя рэчы; пры словах сястры яна выпрасталася, застыла са старэнькай, засціранай пялёнкай у руках, са страхам i здзіўленнем паглядзела на сястру, якая трымала Ленку.

— Як людзі, Саша, так i мы, — зноў па-філасофску разважліва зазначыў брат. — Не будзем адрывацца ад людзей…

Саша перавяла позірк на пялёнку і… раптам, закрыўшы ёю твар, упала грудзьмі на стол, на дзіцячыя рэчы. Плечы яе затрэсліся ад плачу. Поля i Даніла кінуліся да яе.

Поделиться с друзьями: