Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Саша, родная, супакойся.
Недзе зусім блізка разарваўся снарад. У ix хаце са звонам вылецела колькі шыб.
— Хутчэй у сад! — крыкнула Поля.
Данік абняў Сашу за плечы i сілком пацягнуў за сабой. Яна ішла як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць.
У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Праўда, Даніла добра ўдасканаліў сховішча: зверху ямы паклаў бярвенні, якія бацька нарыхтаваў, каб перарабіць хляўчук, накрыў саломай, засыпаў зямлёй, а сцены ўмацаваў лазовым плятнём; атрымаўся амаль бліндаж. Хаваліся ў ім не толькі ix сям'я, але i
Снарады рваліся рэдка, i выбухі аддаляліся ў напрамку шашы, трушчачы альховыя кусты паўз рэчку, што працякала за гародамі. Відаць, немцы вялі прыстрэлку моста, каб разбіць яго i затрымаць адступленне савецкіх часцей.
Траянавы сядзелі глыбока ў яме, на саломе, прыціснуўшыся адно да аднаго, i слухалі гэтыя выбухі. Поля i суседка ціха, амаль шэптам, з паўзамі, перамаўляліся.
— Я, Полечка, парсюка ў сенцах карміла i не помню, ці зачыніла хату… Калі не зачыніла — наробіць ён шкоды.
— Мы ўчора вярнуліся пасля налёту, a ў нас у хаце Сойкавых каза гаспадарыць. Усе кветкі папсавала…
— Гэтая падла нічога не баіцца. А куры — бачыла, як хаваюцца?
Саша крыху супакоілася, i цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных i дробязных падзеях i рэчах.
— Сціхніце вы! Людзі гінуць… А вы пра курэй…
Ад руху артылерыі i танкаў па шашы зямля стагнала.
— Я баюся, мамачка. Што гэта гудзіць? — прапішчала трохгадовая дзяўчынка.
— Гэта гром, дзетка. Не бойся.
Саша быццам захлынулася нечым.
— О Божа! — у роспачы прашаптала яна. — Як яны ўцякаюць! Як ім не сорамна! Столькі машын!
Данік не ўтрымаўся — вырашыў супакоіць сястру; ён у тым годзе скончыў сямігодку i не прамінаў выпадку прыгадаць які-небудзь гістарычны прыклад:
— Кутузаў да самай Масквы адступаў, а потым як даў французам, дык ляцелі яны…
— Змоўкні! — крыкнула ў роспачы Саша. — Змоўкніце вы! Як вы не разумееце!..
Усесціхлі, нават дзеці. Данік, пакрыўджаназабурчаўшы, пачаў выбірацца з ямы. Поля схапіла яго за кашулю:
— Куды ты, Данік? Куды ты лезеш пад кулі? Ох, гора мне з вамі!
— Ды адчапіся ты! — узлаваўся хлопец. — Я ж табе не дзіцёнак… Не маленькі! Сам ведаю, што раблю. — I ён рашуча вылез. Паляжаў на зямлі, прыслухоўваючыся, потым усхапіўся i ў адзін міг апынуўся на грушы.
Шаша праходзіла за якога паўкіламетра, паміж ёй i першымі хатамі вёскі была пустка з зараснікамі лазы i палосай алешніку. Там працякаў ручай, вада ў якім заўсёды мела колер густога чаю i пахла прэлым лісцем i травамі. Ручай гэты, як i рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Хаця, уласна кажучы, не там ён пачынаўся i не там канчаўся. Лес быў навокал, абступаў вёску з трох бакоў i толькі на захадзе крыху адыходзіў, кіламетры на два-тры, вызваліўшы месца пад пясчанае неўрадлівае поле, над якім у ветраныя дні ўзнімаліся хмары пылу.
З грушы Данік добра бачыў кавалак шашы i мост цераз рэчку. Хутка снарады перасталі рвацца, шаша апусцела.
У вёсцы таксама было пуста i ціха. Уздоўж ручая, маскіруючыся ў алешніку, адступалі пехацінцы; яны ішлі па адным, па два, уподбег, прыгнуўшыся, хоць ніхто не страляў. Наступіў нейкі момант, калі вайна сціхла. Але ад гэтага стала яшчэ больш жахліва i Даніку на грушы i жанчынам у сховішчы. Саша без слоў спявала калыханку. Малая адрывалася ад пустых грудзей i крычала, ёй хацелася есці. Яе крык палохаў жанчын, быццам яна магла наклікаць бяду. Таму ўсе, нават дзеці суседкі, кожны па-свойму, супакойвалі яе — гушкалі, спявалі «ката». Ніхто не думаў пра тое, што Ленцы ўсяго два месяцы i ніякая калыханка яе не супакоіць, малако — вось што ёй патрэбна было.
Цераз мост прайшоў грузавік і, збочыўшы ў кусты, спыніўся. З кузава выскачылі чырвонаармейцы, панеслі да моста скрыню, замітусіліся.
«Узарваць мост хочуць», — зразумеў Данік i пачаў з дзіцячай цікаўнасцю i нецярплівасцю чакаць выбуху, разважаючы, ці можа даляцець асколак да яго, аднак не думаючы
пакідаць свой назіральны пункт на грушы. Раптам за мостам застракатала, i з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Данік зразумеў, што гэта немцы, толькі тады, калі двое першых, якія амаль дасягнулі ўжо моста, неяк дзіўна кульнуліся, a адзін матацыкл па насыпе скаціўся ў рэчку i там, на мелі, прадаўжалі круціцца яго колы, ганяючы кругамі ваду. Данік куляй зляцеў з грушы, крыкнуў у сховішча:— Немцы! — i зноў на грушу.
Ён пачуў, як ускрыкнула Саша. З дзіцем на руках яна кінулася да выхаду.
Поля i суседка ўчапіліся за яе i не пускалі. Заплакалі дзеці.
— Куды ты цяпер уцячэш? Куды ты пабяжыш? Хочаш, каб застрэлілі?
Ці то само гэтае страшнае слова, ці частыя стрэлы, якія пачуліся цяпер даволі выразна, прымусілі Сашу змяніць свой намер: яна зноў забілася ў куток. Калоцячыся ўсім целам, прыціснулася да вільготнай зямлі. Яна бачыла перад сабой ix, немцаў. Перад яе вачамі зноў, як неаднойчы ўжо, стаў той, што вёў ix на расстрэл. У яе памяць урэзалася кожная рыса яго твару. Малады, нават прыгожы, з ветлівай усмешкай… Цяпер, калі яна ведае, штоён вёў ix на расстрэл, ад гэтай усмешкі ледзянее кроў… Як ён можа так усміхацца! А за ім стаіць той, другі, што сказаў: «Курт, айн зойглінг канет ду ніхт эршысен…» Цяпер Саша дакладна ведае переклад гэтых слоў: «Курт, дзіця можаш не страляць». I вось ён зноў стаіць, ён зноў вымаўляе гэтыя страшныя словы, паказвае пальцам на Ленку i хавае свой твар… Сашы страшна, але ёй вельмі хочацца ўбачыць яго твар… Яна напружана ўглядаецца перад сабой. Яе хвораму ўяўленню здаецца, што твар яго нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю… У часе кароткіх прыступаў гэтай незвычайнай хваробы, якяя цягнецца амаль месяц, перад ёй ніколі не з'яўляўся трэці немец — той, што выйшаў з лесу першы i што пабялеў, калі «гер лейтэнант» загадаў расстраляць ix… Гэтага яна ўспамінала тады, калі ў галаве было ясна ці калі расказвала камунебудзь аб жудасным здарэнні ў лесе. Тады ўспаміналася ўсё да драбніц. Толькі твару таго, што сказаў: «Дзіця можаш не страляць», Саша ніколі не магла ўспомніць, таму ў часе прыступаў ён стаяў перад ёй безаблічны i здаваўся вельмі страшным. Вось i цяпер ёй здалося, што яго нечалавечая, кашлатая рука цягнецца да Ленкі. Саша заплюшчыла вочы i закрычала:
— Во ён! Ратуйце Ленку! Поля!.. Данік!
Поля абняла яе.
— Саша, родная мая! — шаптала яна. — Нікога няма. Адны мы тут… Паглядзі… Маня, дзеці яе. Там — Данік… Данік! — гучна паклікала яна.
Але ў адказ пачула яшчэ больш частую i, здалося, больш блізкую страляніну. Старэйшая сястра, якая дзесяць год была ім, малодшым, за маці, адышла ад Сашы i высунула галаву са сховішча, шукаючы брата.
— Вось жа задам я гэтаму хлопцу! Лезе пад самыя кулі! Даніла! Зараз жа ідзі сюды!
Але хлопца нідзе не было, дарэмна яна клікала. Даніла ў гэты момант штосілы бег уздоўж ручая да моста, дзе грымеў бой. З вышыні ён убачыў, што другая група матацыклістаў выехала па лясной дарозе на заходні канец вёскі, да пясчанага броду. Ён убачыў, як яны пачалі перацягваць цераз рэчку свае матацыклы, i адразу зразумеў ix намер: зайсці ў тыл групе байцоў, што вядзе бой каля моста. Доўга не думаючы, ён памчаў, каб папярэдзіць ix.
Калі поўз ад ручая цераз пустку, яго, напэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Але ён не зважаў. Яго мэта — паўразбураны цагляны хлеў былой дарожнай станцыі, адкуль біў наш кулямёт.
Ён дабраўся да гэтага хлява i ўбачыў там трох байцоў. Адзін ляжаў за ручным кулямётам i кароткімі чэргамі страляў за раку, прыгаворваючы:
— Што, з'елі, гады?
Другі моўчкі набіваў дыскі i падаваў кулямётчыку. Трэці стаяў за цагляным слупам, пільна сачыў за мостам, зрэдку страляў з вінтоўкі i нешта камандаваў. Убачыўшы Даніка, які прапоўз у хлеў праз дзірку ў сцяне, ён здзіўлена спытаў:
— Ты што робіш тут?
— Дзядзечка, яны перапраўляюцца там, — хлопец паказаў рукой — дзе. — Яны хочуць акружыць вас.