У снягах драмае вясна
Шрифт:
Берасневіч раптам раззлаваўся.
– Чорт. Як усё ж такі мала таленту дадзена людзям. Вось я вершы пішу, дрэнныя вершы. А як бы я жадаў быць мастаком. І ведаеце чаму? Няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Калі б я ўмеў маляваць, я б толькі гэта і рабіў. Не ведаю як, але намаляваў бы, напрыклад, дождж. На дарозе прыбіла пыл; таполі срэбныя, і дожджык срэбны. Парканы пацямнелі... Каб кожнаму, хто паглядзеў, так і здалося, што вось-вось гівал засвішча мядовым голасам.
– На гэта быў вялікім мастаком Чэка, іспанец.
– Не ведаю, як ён там маляваў Iспанiю. А я б
Але вось і кансерваторыя. Алёнка затрымлівае руку Берасневіча ў сваёй і кажа:
– Уладзік, праз тры дні мае імяніны. Прыходзьце, калі ласка, вельмі вам буду ўдзячная. Прыходзьце ў сем.
– А хто яшчэ будзе?
– Мілорд, дзе ваша грэчнасць, як казалі галантныя продкі? Хто пра гэта пытаецца? Там буду я - хіба гэтага не досыць?.. Ну добра, досыць жартаў. Будзе з агульных знаёмых Жэнька. Для весялосці можна Янку запрасіць... Ну і Маркіча яшчэ.
Напэўна, у Берасневіча нешта прамільгнула ў вачах, бо Алёнка жартам сказала:
– А што? Ён жа начальства.
Развітвацца заўсёды гора. Берасневіч такім тонам сказаў "бывайце", што Алёнка трохі здзівілася.
А ён разоў дзесяць абараціўся, ідучы плошчаю ад кансерваторыі.
А пасля раптам пабег алеяю. Іначай саўладаць з радасцю было немагчыма. Яна спявала ў сэрцы, і грудзі дыхалі перарывіста.
Які спеў шчасця гучэў у гэты вечар над зямлёй!
VI
Гэта быў вялікі і зусім непрыгожы будынак у верхнім горадзе. Шэры, з недарэчнымі вежкамі, бязглузда вялікі, з даволі неахайным унутраным дваром, сярод якога тарчала, як кітайская пагада, жалезная альтанка. Але ад таго, што тут жыла яна, - гэты дом быў самым прыгожым на свеце, тым больш што каштаны дапляснулі зялёным прыбоем да трэцяга паверха і вокны былі адчынены насустрач ім у многіх кватэрах.
Берасневіч і Янка няўпэўнена падымаліся па ўсходах. Яшчэ на вуліцы Уладзіслаў стаў зачэсвацца, рызыкуючы выклікаць выбух Янкавых досціпаў. Але Янка чамусьці маўчаў.
Вось і дзверы. Звычайныя, абабітыя цыратаю дзверы. Але ж за імі яна!
Званок у кватэры, i амаль адразу хуткiя крокi, дзверы адчыняюцца. Берасневiч цiха войкнуў, настолькi асляпляльнае вiдовiшча з'явiлася перад iм. Гэта была зусiм другая, не тая Алёнка, якую ён бачыў амаль штодня.
Блакітная сукенка, строгі карункавы каўнерчык, валасы, сабраныя ў нейкую дзіўную, высокую, як у Аэліты на малюнку, прычоску. А якія вялікія чыстыя вочы! ! які ў іх сіні, цёплы агеньчык.
Не, такой яшчэ не было.
Янка ўвайшоў у перадпакой і нізка схіліўся.
– О незнаёмка! Дазвольце павіншаваць вас з паспяховым з'яўленнем з пены марской. Уражаны ў самае сэрца. Дазвольце пажадаць вам шчасця бязмернага, радасці і працы ў плепорцыі і... ну, словам, каб усе любілі вас, каб давялося
мне яшчэ ўпіцца на вашым залатым вяселлі. А гэта ад нас.Зашастала папера. На святло выйшаў бок чатырохвугольнага прадмета. Берасневічу давялося з'ездзіць дамоў, каб дастаць такі падарунак. Гэта была саматужная разная шкатулка надзвычайна тонкай разьбы. На баках арнамент, на крышцы - зубры ў пушчы.
У Алёнкі крык захаплення вырваўся з грудзей.
– Рэкамендую адразу ж адчыніць, іначай шкатулка можа стаць саркафагам, - сказаў Янка.
Крышка паднялася. У той жа час адтуль выглянула вусатая шэрая галава з вялікімі бакамі.
– Кацянё! Сібірскае! Хто вам сказаў, што я жадала такога?
– Шаноўная пані,- зноў сказаў Янка.- Абавязкам чараўнікоў з'яўляецца, між іншым, адгадванне жаданняў прыгожых дам.
– Дзякую вам. Але праходзьце, праходзьце, хлопцы.
Берасневіч проста сказаў ёй:
– Вiншую вас. Вялiкага вам шчасця.
У вялікім пакоі сабралася ўжо даволі значная кампанія. На шырокай тахце разлёгся па-хатняму прыгожы малады чалавек з артыстычнымі кучарамі. Маркіч сядзеў ля балконных дзвярэй у крэсле і глядзеў на маладога чалавека, як на дапатопную жывёлу. Міна незадавальнення з'явілася на яго твары, калі ён пабачыў Уладзіслава.
Неяк не пасаваў Маркiч да гэтага пакоя, да хмурай маскi Бетховена над раялем, да шырокiх светлых акон, да кветак, да добрых старых гравюр у рамах. Гэта адчуў, здаецца, i Янка, бо паглядзеў на Маркiча з непрыхаванай iронiяй.
Жэнька, як стары друг дома, круціў пласцінкі і смяшыў яшчэ дзвюх дзяўчат. Дарослыя, відаць, сабраліся ў другім пакоі. А з трэцяга пакоя ляцела ў залу нейкая какафонія: мэкала каза, бунчаў бугай, бляялі авечкі. Потым пачуўся стук у шыбу, і сакавіты бас прабурчаў:
– Агата, буракі палоць.
– Што гэта там?
– спытаў здзіўлены Берасневіч.
– А там мае кансерваторскія сябры. Трошкі багема. Гэты нумар называецца: "Раніца ў калгасе".
Берасневіч засмяяўся. Алёнка павяла яго і Янку да дарослых, рэкамендавацца.
Пакуль Берасневіч разглядаў усіх, Янка паспеў пазнаёміцца. Надзіва добра ён трымаўся. Кланяўся адной галавою, чароўна ўсміхаўся, нават пацалаваў у гаспадыні дома ручку, адпусціўшы ўсім астатнім, акрамя бацькі, агульны паклон. Алёнка толькі дзівілася, а Берасневіч разумеў, што Янка трошкі ўтрыруе, прыкідваецца, і яму гэта было непрыемна.
– Мама, - сказала Алёнка, - гэта Уладзіслаў Берасневіч, мой добры знаёмы.
Берасневіч узвёў вочы і пабачыў твар надзвычайнай прыгажосці, трошкі сухі і рэзкі, з вялікімі чорнымі вачыма. Маці сядзела на канапе і глядзела на Берасневіча дапытліва і строга.
– Сабіна Аляксандраўна.
– Уладзіслаў.
– Сядайце да нас, - сказала Сабіна Аляксандраўна даволі абыякавым тонам.
– Знаёмцеся, мой муж.
Берасневічу бацька спадабаўся значна больш за маці. Генерал запасу, відаць, простая душа, дабрадушны, лагодны. Падобны да надзьмутага вожыка з бліскучымі вочкамі, якія глядзяць з-пад голак.
– А-а, хлопцы. Вось гэта добра. Студэнты. Сядайце. Мяне завуць Пятро Трахімавіч.
– Здзіўляюся, Петрык, таму, што ты кажаш. Вядома, студэнты, хто ж яшчэ...