У снягах драмае вясна
Шрифт:
Многа спявалі. Спяваў біёлаг маленькім, але прыемным галаском народныя песні, спяваў юнак з кансерваторыі "Старога капрала", спявалі дуэтам Жэнька і Янка жартаўлівыя серэнады на гонар маладой гаспадыні, спявалі з надрывам, з утрыраваным "іспанскім" каларытам. Спявала і сама Алёнка.
У яе быў голас рэдкі і прыгожы, сапрана такой чысціні і якасці, што здавалася, кветкі-званочкі звіняць недзе на лугах пад ветрам. Яна спявала даволі многа, але лепшае, што запомніў Берасневіч, быў "Маналог Чыо-Чыо-сан". Спявала яна яго па-руску, і голас звінеў, скардзіўся, плакаў, чакаў. Гэта была больш чым песня, хоць жыцця, перажывання не так многа было ў выкананні Алёнкі, - яна ж не зведала такога ў жыцці. Былі ў яе
І пад уражаннем ад гэтай песні Берасневіч з Янкам пайшлі дадому ў дзве гадзіны ночы. У перадпакоі, сярод паліто, ён узяў руку Алёнкі ў сваю і сказаў (чамусьці нейкая вільгаць была на веях):
– Дзякуй вам.
– За што?
– За ўсё дзякуй. Дзякуй за тое, што ёсць такі голас, што ёсць вы.
...Берасневіч і Янка доўгі час ішлі па пустых гарадскіх вуліцах. Вецер прыносіў аднекуль салодкі водар пупышак, крокі гулка аддаваліся па асфальце і паміралі ў цішыні. І толькі калі падыходзілі да свайго завулка, Янка раптам сказаў з незразумелай злосцю:
– Культура! Па-французску размаўляюць.
– Ты хаця б не лаяў тых, чый хлеб еў, - абурыўся Берасневіч.
– Я не таму. Яны добрыя, мілыя людзі, але я за цябе хварэю. Ты думаеш, я сляпы? А ты тут загінеш, я табе кажу. Не з тым рылам ты сюды ўвайшоў. І ты мне проста скажы: "Я не хачу, каб яе сям'ю лаялі". Веру. Але за цябе баюся.
– Янка, - узмаліўся Берасневіч, - пакінь, н етрэба, не псуй майго настрою!
Янка паглядзеў на яго роспачны твар і памякчэў:
– Я жартую. Я проста жартую, дружа. Я гэта таму, што ты студэнт, грашовых знакаў не маеш, портак добрых таксама, - куды табе пра каханне думаць. Вось я верш прыдумаў пад Ясеніна, на якога ты "падобны", дарэчы. Хочаш, прысвячу яго табе?
І ён заспяваў на матыў "Ты меня не любишь, не жалеешь":
И когда с другим по переулку Ты пройдешь, болтая про любовь, Выйду в "Гастроном" купить я булку, И мы встретимся с тобою вновь. Отвернув к другому ближе плечи И настроясь на веселый тон, Ты мне тихо скажешь: "Добрый вечер", - Я же спрячу под полу батон. И ничто души не потревожит, И ничто не бросит сердца в дрожь: Кто не ел три дня - любить не может, Отощавшего не увлечешь.Дык вось, хлопча. Зараз хочаш ты або не хочаш, а ў аспірантуру ідзі. Гэта я табе праўду кажу. Абавязкова! Іначай будзе табе непатрэбнае гора.
Хоць, праўда, і ў аспірантуры бойкі і бітвы будуць. Як той самы Ясенін казаў:
Пойду в аспирантуру я, Чтобы иметь излишек пищи, И друг любимый на меня Наточит нож за голенище.Вось такія нашы справы, братка. Гля-адзі.
VII
Шчасце лілося ракою - бывае ж так на белым свеце! Яно ўжо стала такім вялікім, што ад яго нават часам ставала балюча. Шчасцем было насіць яе партфель, шчасцем было чакаць яе пасля лекцый, шчасцем было глядзець на стрэлку гадзінніка, шчасцем было кінуць
курыць для яе, шчасцем было заходзіць да яе на кватэру (Берасневіч стаў там частым госцем), шчасцем было размаўляць з Сабінай Аляксандраўнай пра свае і Алёнчыны планы, пра Алёнку, пра яе голас. Былі і плямы, але, як вядома, нават на сонцы ёсць рабацінне. Плямаю было, напрыклад, тое, што Сяляўка, які да гэтага цягнуўся да Уладзіслава, стаў раптам спуджана моргаць пры сустрэчах, што Маркіч стаў беспадстаўна халодным з Берасневічам і ўсё намагаўся зачапіць. Але трасца іх бяры.Усё ж такі галоўным было шчасце, шчасце сядзець поруч з ёю на лекцыі, працаваць поруч з ёю на суботніках, гуляць у парках. Больш закранала яго другое: Жэнька чамусьці засумаваў, пасябраваў з Янкам і як быццам навучыўся ад яго, стаў з'едлівым. А Янка, які дзеля краснага слова маці роднай не пашкадаваў бы, выдумаў новую штуку - паставіў перад "дваццатым інтэрнацыянальным пакоем" фарс пад вялікапышнай назваю: "Дачка рыцара і палескі злодзей, або Прыгоды аднаго кулажнага патрыёта. Жахлівая і жаласная трагедыя ў чатырох дзеях".
Рыцара граў Бжэжэк, дачку яго - карэец "Сымон", палескага злодзея - Янка, які вельмі ўдала загрыміраваўся пад Берасневіча.
Сюжэт быў, на думку Берасневiча, вельмi дурны. Кулажны патрыёт, палескi злодзей Берастовiч спакушае дачку вялiкай асобы i запрашае яе ў Палессе, каб там сесцi на купiну i разам выць на месяц.
Калі тая рэзонна пытае злодзея, на што яны будуць жыць, ён адказвае, што такім глупствам не займаецца і што, наогул, ён жыве душою ў шаснаццатым стагоддзі. Лёс дае яму і ўсім магчымасць перанесціся туды і целам. Там важная асоба стае рыцарам, дачка яго - паннаю, злодзей - дробным шляхціцам.
Справа канчалася тым, што дачку рыцара ўкралі татары, сам рыцар загінуў, калі ў краіне паўсталі хлопы, разбалаваныя добрым абыходжаннем, а злодзей яшчэ доўгі час ліў слёзы па невядомай каханай, якая загубілася ў дваццатым стагоддзі. Тыя ж хлопы прымусілі яго з'есці ўсе свае дрэнныя вершы.
Публіка ляжала мокрая ад рогату, але Берасневіч, які спазніўся на імправізаваны спектакль, адазваў Янку і сказаў яму:
– Не шкадуеш мяне - пашкадаваў бы хаця дзяўчыну. Эх ты! Мне зараз і руку сорамна табе працягнуць.
І выйшаў. І толькі зрабіў некалькі крокаў, адчуў за сабою другія, цяжкія і ўпэўненыя, быццам той, хто даганяў, кожным крокам папіхаў зямлю.
Гэта быў Маркіч, і ён развязаў непрыемную размову так спрытна, што Берасневіч і апамятацца не паспеў.
– Тваё знаходжанне ў пэўным месцы шкодна ўплывае на цябе. Ты прапускаеш многія лекцыі, адышоў ад грамадскакарыснай работы, - нейкім "машынным" голасам сказаў Маркіч.
– Я не ведаю, што ты маеш на ўвазе. Лекцыі? На некаторыя з іх я і раней не хадзіў, напрыклад, на лекцыі гіганта навуковай думкі Івана Сяргеевіча, дацэнта Пірагоўскага, як ты яго сам называеш. Лічу гэта марнаваннем каштоўнага часу. І ты так лічыш, сам казаў мне. Так што рабі і ты так, прынамсі, Пірагоўскі зразумее і будзе гатавацца да лекцый, калі пабачыць, што студэнтаў няма... Работа? Я работаю не горш за другіх. І ты, калі ласка, растлумач мне, пра што гэта ідзе ў нас размова, а то я, відаць, менш ведаю сябе, ніж ты мяне.
– Гэта адносна тваіх асабістых спраў. Давядзецца табе кінуць гэта.
– Гм. А якая, я пытаю, твая справа да гэтага "асабістага"?
Маркіч абурыўся, нават пачырванеў:
– Як гэта няма справы?! Ты разумееш, што ты кажаш?! Камсамолу - і няма справы!
– Не атаясамлівай сябе з камсамолам, чуеш? І лезці табе ў маё "святое" я не дазволю.
Маркіч хутка знайшоў бязглузды, але звычайны для тых год аргумент:
– Ты што ж, бялявая бестыя, надчалавек?
– Цікава, - Берасневіч пачаў злавацца, - у чым ты бачыш маю прыналежнасць да надчалавекаў?