У снягах драмае вясна
Шрифт:
– Хіба ў Энгельса маглі быць памылкі!!!
– не слухаў Холадаў.
– І яшчэ раз даруйце. Але я сказаў "памылка з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі". Калі б рэвалюцыя адбылася ў той час, калі Энгельс пісаў сваю работу, калі яшчэ не было развітога імперыялізму, тады...
Але гэта было ўжо занадта для Холадава. Не слухаючы слоў Берасневіча, не жадаючы іх слухаць, ён грымнуў з уласцівай яму грубасцю:
– Ч-чорт! У вас што на рамёнах сядзіць, галава альбо... Выходзіць, Энгельс быў дагматык.
Берасневіч адчуваў, што злосць так і кіпіць у яго сэрцы. "I што ён да мяне прычапіўся, прывязка", - падумаў ён. А голасна сказаў:
– Не, але
Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:
– Значыцца, ён дагматык?
– Не перакручвайце маіх слоў, - не вытрымаў Берасневіч.
– Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.
– Хто вас вучыў так размаўляць!!!
– Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.
У гэты момант чорт пацягнуў Берасневіча зірнуць на першую лаўку, дзе сядзелі сябры. Гэта было надзвычайнае відовішча: Алёнка была белая з перапуду за яго, Янка жоўты ад жоўці і злосці, Паўлюк чамусьці амаль сіні, Маркіч ружовы ад задавальнення (прадбачыўся скандал).
"Вясёлка!" - прамільгнула ў галаве Берасневіча, і ён усміхнуўся, зусім забыўшыся на тое, як паставіцца да гэтай усмешкі Холадаў.
А Холадаў знайшоў у ёй доўгачаканы выхад.
– Ах, яшчэ і рогат з мяне? Прэч з аўдыторыі! Прэч! Прэч!
Не растлумачваць жа было гэтаму чалавеку прычыну ўсмешкі. Берасневіч выпрастаўся, быццам яго сцебанулі пугай:
– Не крычыце на мяне! На мяне яшчэ ніхто не крычаў. Я не хлопчык, я адказваю за свае ўчынкі. І я не шчанюк, каб мяне выкідвалі за шкірку без усялякай маёй віны.
Зазваніў званок і даў магчымасць з годнасцю разысціся ўдзельнікам сцэны.
Але пад час перапынку дэкан Грушэвіч спыніў Уладзіслава ў калідоры і з дакорам сказаў яму:
– Эх, Берасневіч, Берасневіч! І собіла ж табе ляпнуць такое. Папярэджвалі ж цябе. І як Маркевіч будзе незадаволены, як даведаецца.
Берасневіч апусціў галаву, але сказаў упарта:
– Калі што мяне і трывожыць, дык гэта незадавальненне Маркевіча гэтай справай. Адносна ж Холадава - я не шкадую. Ён абразіў мяне, абражае студэнтаў, не карыстаецца ў іх ніякай павагай. Я не шкадую. І ніколі не буду шкадаваць.
XII
Цераз некалькі дзён (студэнтаў ужо адпусцілі, і трохі пазней павінны былі адбывацца экзамены) камсамольскае бюро факультэта вырашыла зрабіць нядзельнік. Уласна кажучы, гэтага патрабавалі самі студэнты. У горадзе там-сям яшчэ засталіся руіны, і адна з такіх руін ляжала амаль за самым універсітэтам, у катлавіне, адгароджанай ад яго сцяною велічэзных ліп і каштанаў. Мясціна была зручная для стадыёна. А стадыёна для студэнтаў у горадзе не было, і Берасневіч аднойчы кінуў прапанову зрабіць стадыён сіламі пятых курсаў і падараваць яго праз год той моладзі, якая толькі прыйдзе ва універсітэт, калі яны будуць канчаць яго.
Ранак быў свежы і чысты, такія бываюць толькі ў канцы мая, калі кожнай ноччу ідзе дождж, а ранак устае з чыстым, трошкі затуманеным сонейкам, салодкімі спевамі залатога з зялёным гівала ў шатах мокрых дрэў, з чыстымі вясёлкавымі кроплямі на лісцях.
Сабраліся
ля універсітэта, узялі рыдлёўкі, кіркі і ламы і рушылі за хімічны корпус. Янка выскачыў з радоў і пайшоў задам наперад.– Гаворачку чую, гаворачку. Гэй ты там, вальнапісны Паўлюк, падабраць пуза! А гэта хто там? Студэнт Аляксандр Пушкін? Цягнешся, як цяжарны. Гэта табе не паэмы пісаць, Анегіяў Яўгеніных розных... Левай... левай! Пахаванне ідзе - галовы направа, глядзець весялей!
Берасневіч канфідэнцыяльна і голасна, каб усе чулі, сказаў Паўлюку:
– Вы, дзеці, на генерала Янку Галаўня не злуйцеся ўжо вельмі. Ён жа пра ўсіх вас думае. Ці лёгка гэта яму, без галавы, думаць?..
Янка пад агульны рогат хутка стаў у рады. Недзе нарадзілася песня. Яе падхапілі. "Салдаты" з рыдлёўкамі знікалі ў алеі, і песня грымела, цягнулася, знікала за заваротам дарогі:
Смело мы в бой пойдем За власть Советов.У катлавіне адкрылася руіна. Больш зручнага месца пад стадыён цяжка было знайсці. Спадзісты адхон, амаль не засмечаны і правільнай авальнай формы, падыходзячы памер плошчы будучага поля. Вось толькі на полі рабілася нешта падобнае на Дантава пекла: глыбокія ямы, перакручаныя жудаснай сілай рэйкі і арматура, на якой віселі вялізныя пліты жалезабетону, купы камення і цэглы, ямы ўніз, у нейкія скляпенні. Яшчэ трымалася збоку невялічкая вежка і арка ўвахода, але ўсё астатняе ляжала ў такім хаосе, у такім перапляценні камення, цэглы, бетону, рэек, што невядома было, да чаго прыкласці рукі. Некалькі грузавікоў чакала непадалёку.
Берасневіч падышоў да камсорга факультэта, Міколы Касмача.
– Мікола, я думаю, што вывазіць нам адсюль камень амаль непатрэбна.
Мікола паскроб у патыліцы:
– Ты што, хлопча, звар'яцеў?
– Не, не звар'яцеў. Глядзі, што я прыдумаў. Цэглу трэба браць і насіць туды, пад дрэвы. Нашто нам пасля за яе грошы плаціць? Мы і з гэтай, - глядзі, цэлай сколькі, - можам зрабіць вакол стадыёна загарожу. Толькі муляраў трэба будзе наняць. З яе ж зробім і добрую браму. А можа, і муляраў не трэба будзе, самі навучымся.
– Што ж, добрая думка. Трэба будзе толькі бітую цэглу вывазіць. Ну а што ты з бетонам гэтым думаеш рабіць?
– А яго таксама. Глядзі, ёсць роўныя пліты. Можна будзе скласці з іх лавы для цэнтральнай трыбуны. Або ўкапаць іх у зямлю паміж лавамі - чыста будзе, як у метро. І яшчэ патрэбныя доўгія гарбылі, зробім з іх жолабы. Бачыш, якія тры вялізныя ямы. Тут, браце, бомбы не менш як па тоне падалі. Дык мы большую частку таго, што непатрэбна, скінем па жолабах туды, а калі да паверхні зямлі застанецца метры два з паловаю - засыпем астатняе добрай зямлёю. А камень таксама адцягнуць у адзін бок. Пасля можна будзе яго, каму трэба, па пяцьдзесят рублікаў кубаметр загнаць і на гэтыя грошы зрабіць апрацоўчыя работы. Хай на мяне сто пудоў ліха, калі гэта ўсё універсітэту хаця адзін рубель будзе каштаваць.
У Міколы твар расплыўся ўсмешкаю.
– Чорт бы цябе ўзяў, галава міністэрская. Так і зробім. Ты вось што, будзеш кіраваць зараз сваёй групай і "славянамі", а я да "раманцаў" пайду. Давайце там хутчэй з гэтымі скляпеннямі. Калі там расчысціце - грузавікам будзе больш зручна пад'язджаць.
– І ён пабег да другой групы. Мікола быў з пароды тых камсоргаў, што на перапынках мітусяцца і кідаюцца па калідорах з пончыкам у адной руцэ і блакнотам у другой і кожнаму сустрэчнаму крычаць:
– Вось ты мне і патрэбны. Пачакай хвілінку, унь там Янка недзе, я зараз, толькі два словы яму.