Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Вядома, ён мог стаць кім хочаш — нават і ў галаву не адразу прыйдзе, кім ён можа быць у гэтым жыцці, калі ўдаўся, здатны на розум, вучоны. Вучоны — дык гэта ўжо пэўна. Скончыў інстытут і яшчэ нешта, можа, нават кандыдат, ці як яны там называюцца, тыя вучоныя. Адна дзеўка з іх вёскі выйшла ў горадзе замуж за дужа вучонага, улетку разам прыязджалі да маці, і яна інакш не называла яго, як мой кандыдат. А маці, ведама, трохі цемнаватая жанчына, усё пераблытала і разы два назвала яго дэпутатам. Але не пакрыўдзіўся.

Напэўна, яшчэ ён гаспадарлівы, любіць лічыць капейку і ўжо, вядома,

не надта захапляецца чаркай — гэта такая брыдота цяпер сярод маладзейшых. Праўда, Ляўчук і сам некалі меў такі грэх, але ўжо даўно выпівае толькі ў свята ці з якой нагоды, калі, напрыклад, прыедуць госці. Ну, але сваё жыццё — не яму ў прыклад, ён павінен быць лепшы.

Яшчэ ен не лаецца — ні ў якім разе. Не тое, каб зусім не казаў калі грубага слова, але ўжо не так, як некаторыя з цяперашніх — што ні два словы, то мацюкі. Такіх Ляўчук не паважаў ніколькі, хоць бы яны былі вунь якія вучоныя ці нават начальнікі. Гэта ў вайну, сярод крыві, голаду, смерцяў, сварыліся і лаяліся, а цяпер завошта? Чаго цяпер не хапае ў жыцці?

Але кім бы ён ні быў па прафесіі ці пасадзе, найперш павінен быць чалавекам. Ляўчук не ўкладваў у гэта паняцце якога складанага ці філасофскага сэнсу, гэта ў яго фармулявалася проста: каб быў добры, разумны і ўдачлівы, але не за кошт другіх. Ён дужа ўжо шмат нагледзеўся ў жыцці на розных спрытнюгаў, якія ладзілі свой дабрабыт за кошт іншых і былі разумныя з выгодай для сябе, з найбольшай для сябе карысцю. Такіх Ляўчук ненавідзеў, як можна было ненавідзець на вайне тых, хто спрабаваў выжыць цаною гібелі іншых. Сам ён ніколі нідзе не схітрыў, нікога не ашукаў з карысцю для сябе, гэта яму было агідна, і ен ненавідзеў тыя малыя ці вялікія хітрасці ў іншых.

Зрэшты, усё гэта былі яго мары, думкі, перадуманыя ім за трыццаць гадоў — роўна палавіну свайго жыцця. На справе ж, ён ведаў, усё можа аказацца не так. Але ён не хацеў, каб аказалася не так, — ён прагнуў, каб было так, як павінна быць, як бы ён хацеў, каб было з яго сынам, якога не даў яму бог. Замёст сына нарадзіліся тры падобныя на маці дачкі з усімі мацярынскімі звычкамі, характарам, аздобай. Ад бацькі ж у іх нічога. Тут, канечне, не сын, але столькі з ім звязана! Усё, што з Леўчуком сталася далей да канца вайны, хоць таксама было не лягчэй, але ўжо не тое. Тады ж ён выклаўся ўвесь, можа, нават пераўзышоў сябе, і на другі такі раз у яго проста не хапіла б пораху…

10

Яшчэ раз парнуўшы ў казанок праціркай, Ляўчук адчуў, што тая далезла да дна, і сказаў Грыбаеду адцадзіць — самому гэта было нязручна. Грыбаед прыкрыў казанок крысом шарсцянога, некалі шыкоўнага, з кантамі, мундзіра і перакуліў над травой. Вады там аказалася зусім мала, ён пачакаў, пакуль яна не выцеча ўся да кроплі, затым паставіў казанок на агонь.

— Хай падсохне.

— Што там сохнуць? Нясі ў ток, будзем есці!

Грыбаед зноў узяў між полаў казанок, з якога валіла гарачая пара, Ляўчук расчыніў яму дзверы, Клава, якая, мабыць, задрамала і ляжала, прыгарнуўшы да сябе беленькі шаўковы скрутак з малым, спахапілася і слаба, як здалося Леўчуку, усміхнулася яму аднымі вуснамі.

— Давай есці будзем! Во бульбачка свежая, мабыць, свежай не ела сёлета?

Яна

памкнулася ўстаць, і Ляўчук падкамячыў ёй пад плечы болей саломы, заклаў ад сцяны кажушок. Клава ўладкавалася, усё не выпускаючы з рук малога, паправіла валасы на лбе.

— Спіць? — запытаў Грыбаед, стаўляючы каля яе казанок.

— Спіць. Нешта ўсё спіць і спіць, — сказала яна з нейкаю нават трывогай.

— Нічога. Хай спіць. Будзе, значыць, як бацька, спакойны.

— Дзякуй вам, дзядзька, — пакорліва сказала Клава.

— Няма за што. Канечне, якая баба, можа б, лепей управілася.

— А і ты няблага, — сказаў Ляўчук, сядаючы побач. — Ні крыку, ні плачу.

— Гэта не я. Што я? Гэта яна во…

Яны ўдвух, апякаючы пальцы, пачалі цягаць з казанка гарачыя бульбіны, а Клава сядзела, адхінуўшыся да сцяны з малым пад рукою. Ляўчук паглядзеў на яе.

— Ну еш. Чаго ты?

— Там у сумцы лыжка была, — прабачліва сказала яна, і ён, зразумеўшы, дастаў з-пад галавы пляскатую нямецкую сумку Клавы з небагатай яе маёмасцю.

— Лыжка во, на!

— I пляшачка там, Дастань ужо. Дзеля такога выпадку.

— Пляшка! Ого! Го-го! — узрадаваўся Ляўчук і сапраўды выцягнуў з сумкі белую алюмініевую пляшку, у якой штосьці ціхенька плёскалася. — Самагонка?

— Спірту трохі. Трымала во…

— Ой, ты малайчына! — пранікліва сказаў Ляўчук. — Дай табе бог здароўя, малому тожа. Грыбаед, дык як — цмыганём?

— Ды ўжо ж, калі такое дзела, — ніякавата паморшчыўся Грыбаед, і вочы яго неяк мякка і па-добраму засвяціліся ў пярэстым ад шчылін прыцемку тока.

Яны ахвотна і з некаторай нават урачыстасцю выпілі разведзенага ў пляшцы спірту: спярша Ляўчук — глытнуў, хукнуў, зрабіў невялікую паўзу і ўкусіў бульбіну. Пляшку ў яго пераняў Грыбаед. Гэты спярша паморшчыўся, выпіў нешта з глыток, паморшчыўся болей — усімі зашчаціненымі зморшчынамі свайго абвялага, да часу састарэлага твару.

— А хай на яго! Ужо самагонка лепей!

— Зраўняў! То ж чысты, фабрычны. А то самагонка.

— Дык што, што фабрычны? Кажу, прыемней, мякчэй быдта.

— А ты вып'еш? — Ляўчук падняў вочы на Клаву.

— Ай, нельга ж мне, мусіць, — сумелася дзяўчына.

— А чаму? — сказаў Грыбаед. — I выпі. Бывала, мая, як карміла, дык калі і вып'е. У свята. Рабёнак тады спіць добра.

— Ну я трошачкі толькі.

Яна паднесла пляшку да вуснаў і трошачкі глытнула, бы паспытала, і Ляўчук крэкнуў ад задавальнення — ён ужо чужую асалоду гатовы быў перажываць, як уласную.

— Ну во і добра. Цяпер есці будзем. Бульбачка, хоць не абіраная, а смачная. Праўда?

— Смачная бульба, ага. Я дык, здаецца, ніколі такой не ела.

— Як грыбы! Каб толькі солі больш, а, Грыбаед? — з намёкам сказаў да старога Ляўчук, але той пакруціў галавой:

— Не, не дам. Саўсім трохі асталося. Яшчэ трэба будзе.

— Не знаў я, не знаў. Скупы ты!

— Ну і што, што скупы? Каб жа яе болей было! А так… На раз языком лізнуць.

Клава з'ела некалькі бульбін і аблеглася плячмі на кажушок.

— Ой, як у галаве закружылася, — сказала яна.

— Гэта нічога. Гэта пройдзе, — супакоіў Ляўчук. — У мяне ў самога аркестр іграе. Так весела.

Поделиться с друзьями: