Воўчая зграя
Шрифт:
I ён пачаў заварочваць кабылку.
Але не паспела тая выбрацца з снегу на дарогу і вывернуць з сабой аглоблі, як з падворка прагучаў злы крык «Стой!». Ён з сілай выцяў кабылку пугай, адначасна грымнуў вінтовачны стрэл. Валодзька адразу тыцнуўся ў сані і нешта праякатаў благім голасам, а ён, не зважаючы на той яго крык, стаў у санях на калені і пачаў пугаўём гнаць кабылку. Кабылка, нібы чуючы людскую бяду, ірванула галопам, яны мігам праскочылі адкрыты кавалак дарогі і пад частыя стрэлы ззаду ўляцелі ў лес. Толькі праехаўшы па лесавой дарозе з кіламетр, Грыбаед прыпыніў сані і схапіў за плечы Валодзьку.
Валодзька ляжаў на баку і абедзвюма рукамі заціскаў на жываце полы армячка. Бацька адарваў яго здранцвелыя рукі, расхінуў армячок і жахнуўся. З акрываўленай раны, нібы жывыя, палезлі, хутка
Ён прывёз яго ў зямлянку яшчэ жывога, Валодзька нешта гаварыў яшчэ, клікаў маму, пасля сціх і ляжаў да ранку маўклівы, толькі чуць патузваючы рукой ці нагой.
Якраз на світанні ён зусім сціх…
8
Вузкай лесавой дарожкай яны перайшлі край бору, мінулі стары, зарослы дробным маладняком расцяроб і павярнулі ўлева. Неўзабаве Грыбаед вывеў іх на край жытняга поля. Падзеленыя нізенькімі, нядбайна абаранымі межамі, некалькі нівак буяла някепскім жытцом, між даспяваўшых каліў якога ззялі густыя россыпы васількоў, белыя галоўкі рамонкаў. Грыбаед узышоў на шырэйшую між ніваў мяжу, і яны пайшлі па ёй, шморгаючы нагамі ў шорсткай межавой траве.
Ляўчук чакаў убачыць якія будынкі ці, можа, коміны на саламяных стрэхах — звыклыя адзнакі вёскі,— але ён толькі пазнаў яе колішнія тут сляды — некалькі высокіх дрэў, што воддаль стаялі за жытам. Вёскі не было. Падышоўшы бліжэй, яны ўбачылі за ўрослымі ў пустазелле платамі абкураныя рэшткі печаў, дзе-нідзе недагарэлыя, абвугленыя вуглы, раскочанае бярвенне ў зарослых травой падворках. Ад многіх будынкаў засталося толькі каменне падмуркаў. Шмат якія дрэвы паблізу ад пажарышчаў стаялі ссохлыя, з чорным, без лісця галлём. Высокая ліпа па-над калодзежам недарэчна зелянела адным сваім бокам — другі быў спалены і далёка тапырыў счарнелыя галіны. На затаптаных гародах валяліся пабітыя дзежкі, палкі, збуцвелыя шэрыя транты. Мабыць, вёску спалілі вясной, калі яшчэ не засявалі гародаў, азіміна расла ў полі сама, а ярыны не было нідзе. Поле каля гародаў ляжала аблогам, на ім густа разросся асот і пырнік.
— Куды гэта ты нас прывёў? — спыніўся Ляўчук. — Дзе тваё жытло?
— Чакай, чакай! Хадзі сюды!
Грыбаед цягавіта скіраваў кудысь ускрай вёскі, яны перайшлі неглыбокі раўчук ля кустоўя, вылезшы з якога, адразу ўбачылі маленькае, у два будынкі гуменца на пагорачку каля алешніку.
— Ну во! Бачылі? Там яна нешта збірала. Ці зёлкі якія, ці што.
— Так, ціха. Пабудзьце тут, — адхінуў старога Ляўчук, а сам хутка пайшоў да гумна.
З алешнічку выбягала, некалі, мабыць, гразкая, а цяпер няблага ўсохлая дарожка, якая, трохі не дайшоўшы да гумна, паварочвала ў бок былой вёскі. Свежых слядоў на ёй не было, але гэтая дарожка не спадабалася Леўчуку, і ён, перш чым перайсці яе, ажно спыніўся, агледзеўся. З дзвюх будынін гумна бліжэй да дарогі стаяла паветка з рэштаю жытняй саломы ў адным канцы. Далей быў стары скасабочаны ток з прадранай страхой, у дзірках якой, бы рабрыны на худобе, тырчалі латы. Ляўчук зводдаль абышоў крушню на рагу тока, зараснік густога малінніку пры сцяне і апынуўся з таго боку, дзе былі дзверы. Дзверы былі прычынены, і паблізу нікога не было відаць. Толькі на вяршаліне яблыні-дзічкі, што расла ўскрай жыта, ціха пагойдваўся стары вялікі крумкач, які, схіліўшы голаў, насцярожана пазіраў на яго. Ляўчук махнуў рукой, але крумкач нават не цепнуў вокам, і толькі калі Ляўчук ірвануў з пляча аўтамат, той лена ўзмахнуў крыллем і нехаця паляцеў у бок вёскі.
Нідзе нікога не ўбачыўшы, Ляўчук ціхенька прыадчыніў адну палавінку дзвярэй. У таку стаяў прыцемак, пахла гнілой саломай і пылам; праз дзверы над яго галавой адна за адной з ціхім піскам прашмыгнулі дзве ластаўкі, мабыць, у падстрэшшы былі іхнія гнёзды. Ляўчук шырэй адчыніў дзверы і пераступіў падваротню.
Не, мусіць, Грыбаед не памыліўся, калі казаў пра жанчыну — сапраўды, у гэтым таку жылі.
Збоч ад дзвярэй, пад сцяной, на зляжалым ахапку саломы была разаслана старэнькая коўдра, ляжалі нейкія лахманы ля сцяны, тут жа стаяла кадка з вадой і над ёй на сцяне вісеў кажушок. Ляўчук агледзеў
чыста падмецены земляны дол, на краі якога роўна стаялі скураныя атопкі — абрэзкі ад зношаных ботаў. Цёмныя сцены скрозь свіціліся шчылінамі паміж бярвення. Злева ад увахода былі яшчэ адны нізенькія дзверы, мабыць, у асець; там жа, коса прыхінутыя да сцяны, стаялі драбіны.Ляўчук пастаяў, разважыў і ціха падаў свой голас:
— Гэй! Ёсць хто жывы?
Ніхто яму не азваўся, мабыць, у таку не было нікога. Але рана ці позна хтось павінен жа сюды завітаць, калі тут жыве, падумаў Ляўчук і выйшаў на панадворак. Грыбаед з Клавай напружана пазіралі на яго з кустоў.
— Давай сюды! — махнуў ён здаровай рукой.
Калі тыя падышлі бліжэй, ён шырай расхінуў дзверы — заходзьце! — і Клава падбітым крокам, хапаючыся за дзверы, першая ўвайшла ў ток. Спярша яна боязна агледзела гэты змрочны чалавечы прытулак, а пасля, згледзеўшы коўдру, падалася да яе і знясілена, амаль роспачна апусцілася на салому.
— Ну во! Адсюль ужо нікуды не пойдзем, — сказаў Ляўчук. — Але дзе ж гаспадыня?
Грыбаед, не заходзячы ў ток, абышоў яго аброслыя маліннікам і крапівой вуглы, пастаяў, паўзіраўся сюды-туды. Не, мусіць, і паблізу не было нікога. Было ціха. Адно пад свежымі павевамі ранішняга ветру шапацела недалёкая яблыня ды з ціхім пошумам матляла каласамі жыта.
А Ляўчук тым часам, агледзеўшы куткі гэтай будыніны, ступіў на драбіны, зазірнуў на асець. Ён думаў, што, можа, тутэйшыя жыхары дзе пахаваліся. Але і на асеці было пуста, на земляной прысыпцы ляжала не кратаная чалавечай нагой труха і ластаўчын памёт. З маленькага шэрага гняздзечка пад кроквай выглядвалі цікаўныя галоўкі птушанят, чуўся іх устрывожаны піск. Безуважны, аднак, да яго Ляўчук саступіў на дол і адчыніў нізкія дзверцы ў асець. У невялічкім пракураным закутку таксама нікога не было. Маленькае, затканае павуціннем акенца кідала трохі святла на закурэлую печку-каменку, ад якой ішоў затхлы прарэзліва-дымны дух.
— Ладна, што ж, пачакаем. Ты як: патрываеш, Клава? — звярнуўся ён да радысткі, але тая не азвалася. — Каб во — паесці чаго!
Паесці было б вельмі дарэчы. У іхніх жыватах даўно ўжо было пуста, але яны не мелі нават кавалка хлеба, а іхняя кухня засталася немаведама дзе, і аб харчы цяпер трэба было клапаціцца самім. Трохі, аднак, дзівячыся адсутнасці гаспадароў гэтай будыніны, Ляўчук выйшаў на панадворак, зноў абышоў жытло, паўзіраўся ў недалёкі алешнік. Але, мусіць, гаспадары сышлі кудысьці далёка, прынамсі паблізу не было нікога. Тады Ляўчук памалу пайшоў паўз жыта да гэтага алешнічку, затым па-над ім выйшаў на дарогу, пастаяў, каб упэўніцца, што навокал усё спакойна, і паглядзеў у алешнік.
Алешнік быў невялічкі, за ім аказалася шырокая лесавая прагаліна ці, можа, край поля, далей цямнеў ельнік. Тут жа зелянеў шнурок бульбы каля ячменю. Бульба, відаць па ўсім, была ніштаватая, можа нават які ранні гатунак, з рослым бульбоўнікам; на крайніх барознах ляжала ўсохлае каліўе — значыць, бульбу ўжо падкопвалі. Падумаўшы, што няблага будзе яе наварыць, ён хуткім крокам скіраваў назад — трэба было знайсці які кош ці вядро.
— Эй, дзед! Давай пасудзіну. Бульба… — гукнуў ён у расчыненыя дзверы тока. Аднак Грыбаед не азваўся, ён сцішана сядзеў на кукішках ля Клавы — прыкрытая стракатым дыванком, тая нешта выгіналася на саломе, і ў Леўчука раптоўна ўпала ўсярэдзіне — няўжо пачынаецца? Ён ціха пераступіў парог, але Грыбаед, учуўшы яго, замахаў рукой, і ён моўчкі выйшаў. Здаецца, дзеўцы прыспічыла, а ніякае бабы тут не аказалася. Хіба што Грыбаед?
Ён пастаяў ля дзвярэй, паслухаў, ці не скажа яшчэ што стары, але той маўчаў. Тады Ляўчук успомніў, што, здаецца, у такіх выпадках патрэбна рыхтаваць цёплую ваду, значыць, трэба раскласці агонь. Ён кінуўся сюды-туды і знайшоў пад павеццю некалькі сухіх палак, якія патрушчыў абцасам, і тут жа, на падворку, няспрытна ўпраўляючыся левай рукой, расклаў цяпельца. Горш было з пасудзінай для вады, але, пашукаўшы, ён знайшоў у малінніку дзіравы стары казанок, трэскай забіў дзірку ў яго прашараваным дне і збегаў у ручай па ваду. Увесь час ён прыслухоўваўся да гукаў адтуль, з тока, і хоць амаль нічога не чуў, сам туды не заходзіў. Ён узяўся шчыраваць каля агню, які ладна разгарэўся на ветры, і вада ў казанку памалу пачала грэцца.