Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Спярша ўсё ішло добра і не наводзіла ні на якія падазрэнні. На змярканні яны дабраліся да станцыйных гародаў і зашыліся ў лапіку выбуялых за лета канопляў. Як змерклася яшчэ болей, Кудраўцаў вузенькім завулачкам пайшоў да свайго дзядзькі, астатнія засталіся чакаць. Але чакаць давялося доўга, думалі, нешта не выходзіць у Кудраўцава з дзядзькам, і, трацячы цярпенне, Платонаў палез у цемры з канопляў паглядзець, што робіцца паблізу. Але не паспеў ён падлезці пад плот, як хлопцы пачулі яго сцішаны крык, грымнулі стрэлы. Усе рванулі цераз каноплі на той бок гарода, але і там наскочылі на гітлераўцаў, якія ўдарылі па мяжы з аўтамата. Зразумеўшы, што трапілі ў засаду,

хлопцы кінуліся ў розныя бакі і, ужо бегучы, пачулі голас Кудраўцава, які крычаў: «Таго, таго лавіце, у кубанцы!»

У кубанцы ў іх быў Платонаў.

Пасля стала вядома, што начштаба з прастрэленымі грудзямі пацягнулі на допыт, але ён быў непрытомны і на другі дзень сканаў. Кудраўцаў пасля таго недзе знік са станцыі. Пэўна, ягоныя гаспадары перакінулі яго ў іншае месца, дзе таксама шанавалі добрую ігру на гармоніку.

Клава рвала на сабе валасы, Ляўчук скрыгатаў зубамі. Праз два дні яго перавялі з узвода разведкі ў трэцюю роту радавым кулямётчыкам.

7

Грыбаед вярнуўся гадзіны праз тры, не меней.

Ляўчук ужо перасунуўся з сонца ў засень, бо зрабілася горача, анучы яго ўсохлі, як лубяныя, боты таксама падсохлі збольшага, і ён усцягнуў іх на ногі. Клаву штосьці пачалі біць дрыжыкі, ён яе ўкрыў ватоўкай і ўгаворваў супакоіцца, нават заснуць — ён думаў, што ў сне з ёй не пачнецца тое. Ды і яго самога ўсё апаноўвала дрымота — пасля бяссоннае ночы было б самы раз задрамаць. Але драмаць было нельга. Каб разагнаць сон, ён рашыў чым-небудзь заняцца — адняў дыск ад аўтамата, зняў вечка. Дыск быў амаль поўны, Ляўчук палічыў патроны, іх аказалася сорак тры — на чатыры добрых чаргі. I ён зноў упарадкаваў аўтамат, прыладзіў адарваную почапку і пачаў нецярпліва выглядваць Грыбаеда. Ён чакаў яго з таго боку, куды той пайшоў, але стары нечакана вылез з гусцейшага хвойніку, які быў у яго за плячамі, і пачаў атрасаць ад ігліцы шапку.

— Ну што? — не стрываў Ляўчук, які нічога пэўнага не ўбачыў на яго твары.

Падышоўшы бліжэй, Грыбаед моўчкі паклаў у доле вінтоўку, стомлена сеў і зняў з галавы шапку, адкрыўшы белы, зусім не загарэлы, зморшчаны лоб. Апошні раз ён галіўся, мабыць, на мінулым тыдні, і ўвесь яго твар густа зарос буравата-шызаю шчэццю.

— Ды як сказаць? Вёска ёсць адна, ды папаленая.

— Што радасці — папаленая! — зазлаваў Ляўчук. — Нам з людзьмі трэба.

— Папаленая, ага, — безуважна да яго злосці, казаў Грыбаед. — Гуменца і ўцалела ўсяго. З краю. Думаў, пустое, аж гляджу, баба поркаецца каля жыта.

— Баба?

— Баба, ага.

— Гаварыў з ёю?

— Ды я не гаварыў. Я згледзеў і назад. Спяшаўся ж.

— Ага, ну добра, — падхапіў Ляўчук. — Тады давай, Клава. Уставай. Гэта далёка?

— Ды не дужа. Во за саснячком роў, ручай гэты. Затым расцяробам… Жыта там, — пачаў прыпамінаць Грыбаед.

— Ну колькі? Кіламетр, два, тры?

— Можа, два, ага. Або тры.

— Пайшлі!

Клава з натугай паднялася, хіснулася, ледзьве ўстояўшы на нагах. Пасля цяжка ўстаў Грыбаед. Ён, пэўне, падбіўся і быў з выгляду дужа змораны, мабыць, яму не шкодзіла б адпачыць, ды Ляўчук спяшаўся прыбіцца да якой пэўнасці, да людзей. Усё ж у ім жыла, і чым далей, тым мацнела, трывога за Клаву.

Яны знарок нетаропка, каб не пакідаць ззаду радыстку, сышлі з хваёвага пагорка, абышлі равок, за якім узбіліся на лесавую дарожку. Перш чым пайсці па ёй, Ляўчук паглядзеў направа, налева, прыгледзеўся да слядоў. Але сляды тут былі старыя — замытыя дажджом каляіны, нясвежыя знакі капытоў і колаў, мусіць, ездзілі

тут даўно. Тым не менш ён перасунуў на плячы аўтамат, каб той быў пад рукой, ствалом наперад, і ішоў, азіраючы кожную паваротку наперадзе.

— Ды нікога няма тут, чаго глядзець, — заўважыўшы неспакой Леўчука, сказаў Грыбаед. — Я ж ішоў.

— Глядзі, які смелы: ішоў! — зласнавата азваўся Ляўчук. — А калі немцы?

— А чорт з імі! Мусі, такі ўжо лёс, куды дзенешся?

— Ну гэта, ведаеш… Гэта ты так сабе можаш думаць. А нам жыць трэба. Праўда, Клава?

Клыпаючы ззаду, Клава не адказала. Відаць, ёй было не да жартаў, яна ўжо ледзьве трывала, кусаючы засмяглыя вусны. Ляўчук непакоіўся — хоць бы дайсці да гэтага разведанага Грыбаедам жытла, а то калі развязе дзеўку ў лесе, што тады рабіць з ёй? Пакорлівыя словы Грыбаеда наконт свайго лёсу не спадабаліся Леўчуку, які наогул быў супраць усякай пакоры, тым больш у вайну. Хоць ён і не мог не разумець гэтага старога, якому даволі-такі дасталося ў жыцці.

— А я, ведаеш, дык і жыць не дужа хачу. Можна сказаць, і саўсім не хачу, — шкандыбаючы босымі нагамі па зляжалым пяску, казаў Грыбаед. — Навошта мне тая жызня, калі маіх нікога няма? Ні бабы, ні дзетак. Вайна скончыцца, а што я? Каму патрэбны?

— Дзівак ты! — сказаў Ляўчук. — Вайна скончыцца, у пачоце будзеш. Ты ж во які заслужоны: з першай вясны ў партызанах ходзіш.

— З першай, ага.

— Ордзен заробіш, чалавекам будзеш. Хаця для ордзена, канечне, не пры фурманцы трэба быць.

— Эт, нашто мне той ордзен! Мне б Валодзьку майго! Усіх бы аддаў — і дачок, і бабу. Абы Валодзьку аднаго…

— Валодзьку тады забілі? — запытаўся Ляўчук.

— Аняго ж! На маіх, лічы што, руках. Разрыўная, у бок. I кішачкі вылезлі. Такія тоненькія, як птушыныя. Збіраў, хапаў, ды што! Разрыўная.

— Жах, жах! — крутнуў галавою Ляўчук.

Жахаў у гэтую вайну хапала, але Грыбаедава гісторыя была асабліва жахлівая. Невядома, ці на тое былі якія прычыны, ці можа проста надарыўся кепскі выпадак, — сапраўды, такі ўжо лёс, — але перажыў стары столькі, што не пажадаеш ворагу. I часткова праз сваю дабрату, як думаў Ляўчук, які ўжо што-колечы чуў у атрадзе пра гора гэтага чалавека.

Грыбаед жыў з вялікай сям'ёй на Выселках — так звалася вёска, што стаяла ў баку ад вялікіх дарог, ля самае пушчы. Грыбаедава сядзіба была ад вёскі наводшыбе ля самых кустоў. Фронт у тое першае ваеннае лета перайшоў цераз гэтыя мясціны хутка. Людзі яшчэ займаліся тым, чым займаліся сотні гадоў раней, і ў той дзень капалі ў полі бульбу. Капаў яе і Калістрат Грыбаед з жонкай і старой маці, ім памагалі дзеці — старэйшыя Галя і Валодзька; меншыя, Шура і Манечка, грэліся каля цяпельца на ўзмежжы — пяклі бульбу. Заставалася выбраць баразён з пяць на шнурку, як, разагнуўшыся, Грыбаед убачыў на краі алешнічку чалавека, які моўчкі махаў да яго рукой — клікаў падысці.

Грыбаед кінуў бульбіну ў кошык, азірнуўся на жонку, якая засяроджана корпалася ў зямлі і нічога не бачыла, і, нетаропка стаўляючы ногі ў раллі, пайшоў да ўзлеску.

Стуліўшыся за маладой хвойкай, незнаёмец чакаў. Гэта аказаўся аброслы бародкай, яшчэ не стары чалавек у вайсковым бушлаце з нямецкім аўтаматам у руках. Ён распытаў пра немцаў, паліцыю і папрасіў Грыбаеда памагчы — непадалёк адсюль, за балотцам, засталіся яго таварышы, два з іх параненыя і самі ісці не могуць, ім трэба недзе затуліцца да часу. Грыбаед усё зразумеў і, нічога не сказаўшы чалавеку, вярнуўся ў поле, запрог кабылку і паехаў дарожкай у алешнік, дзе да яго падсеў той вайсковец з нямецкім аўтаматам у руках.

Поделиться с друзьями: