Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Яны ад'ехалі недалёка, вайсковец паказаў мясціну ў гушчары пры дарозе, дзё чакалі яго таварышы. Было іх трое — двое цяжка параненых, якія самі ісці не маглі, і маладзенькі кірпаносы баец з бялявым пушком на шчоках, якога клікалі Венькам. Яны ўладкавалі параненых у фурманку і, як сцямнела, прывезлі іх на сядзібу да Грыбаеда.

Тры тыдні параненыя — палкоўнік-танкіст і палітрук — Ляжалі ў яго хаце, бабы, як умелі, даглядалі іх, аднойчы Грыбаед прывозіў з мястэчка знаёмага фельчара, добра заплаціў яму, і фельчар пакінуў нейкае лякарства, якое наказаў прыкладваць да ранаў. Ад таго лякарства раны няблага гаіліся, хоць і не так хутка, як таго хацелі параненыя, што з гэтай прычыны дужа перажывалі ў самоце. Іх здаровыя таварышы, Церахаў з Венем, часта адлучаліся і

па некалькі дзён не былі ў хаце. Яны нічога не гаварылі гаспадару, але ён ведаў — шукалі партызан.

Усё ішло больш-менш няблага, спакваля палкоўнік пачаў уставаць з ложка і патроху хадзіць па хаце, палітрук пакуль што толькі спрабаваў садзіцца ў ложку, як аднойчы на Выселках з'явіліся паліцаі.

Праўда, Грыбаед сваім часам паспеў іх згледзець, параненых як-колечы закідалі рыззём у запеччы, і калі два паліцаі зайшлі ў хату, дык чужых тут яны не ўбачылі. Каб не даць ім асабліва разглядвацца, Грыбаед сунуў ім бутэльку самагону, а жонка дастала з кубёлка кус сала, і задаволеныя бобікі пабеглі хутчэй пахмяляцца. Першая небяспека такім чынам абмінула іх бокам. У той жа час некаторым у іхняй вёсцы пашчасціла менш: ад'язджаючы ў мястэчка, паліцаі павялі з сабой трох незнаёмых, знойдзеных на Выселках, іхніх гаспадароў таксама… Увечары, калі дадому вярнуліся Церахаў з Венем, яны нядоўга параіліся і рашылі перасяляцца ў лес.

За алешнічкам збоч ад Грыбаедавай сядзібы выкапалі зямлянку, добра ўкрылі яе мохам ды лапнікам і так замаскавалі, што праз дзесяць крокаў нельга было здагадацца, дзе тут зямлянка. У сярэдзіне паставілі скляпаную з бляхі грубку, добра напалілі яе і неяк поначы пад кастрычніцкае свята перавезлі туды параненых. Але ж, вядома, выседзець там безвылазна было немагчыма, трэба быў харч, вопратка, і па начах вайскоўцы прыходзілі да Грыбаеда, ды і ён нярэдка наведваўся да іх. Пакуль не выпадаў снег, усё было незаўважна, але затым, пасля першых снегападаў, пачалі заставацца сляды, чым далей, тым больш; стала нават прыкметна сцежачка ад сядзібы ў алешнік. Як Грыбаед ні таіўся ад паліцыі і суседзяў і наогул ад старонняга вока, нядобрыя людзі, мусіць, усё ж нешта згледзелі і даказалі немцам.

Яго выратаваў выпадак ці, можа, ягоны лёс, як лічыў сам Грыбаед. Іншым пашэнціла меней.

Сталася так, што незадоўга да новага года кончыліся дровы, якіх цяпер трэба было ўдвая больш, бо ў зямлянцы палілі падоўгу і часта — было ўсё ж холадна, асабліва параненым. Але добрых дроў паблізу ад Выселак даўно не было, вяскоўцы ездзілі за дзесяць кіламетраў у пушчу. Неяк раненька на дасвецці Грыбаед пабудзіў Валодзьку, запрог у сані кабылку, і яны паехалі да знаёмай дзялянкі, дзе некалькі год ляжалі нарыхтаваныя, ды не вывезеныя ў Данбас штабялі рудстойкі. Дзялянка была няблізка, але Грыбаед меркаваў да ночы ўправіцца і адным заездам поцемку падкінуць дроў і ў зямлянку. Тым болей што з раніцы церушыў сняжок, значыць, след ягоны засыпле.

Здарылася, аднак, нечаканае. Калі яны з гружанымі санямі нераязджалі Крывы ручай, зламаліся два капылы ў санях, бёрны аселі канцамі ў снег, кабылка, як ні тузалася, не магла выкараскацца на ўзгорак. Мусілі выгружаць сані і вывозіць дровы з раўка за тры разы, таму добра-такі прыпазніліся і толькі апоўначы пад'язджалі да Выселак. Грыбаед ішоў поруч з кабылкай, прытомлены Валодзька сядзеў на дровах; недаспаўшы ўранку, хлопчык драмаў, і бацька ўсё азіраўся, каб той сонны не зваліўся пад полаз.

Ім заставалася, можа, кіламетры два да зямлянкі, як Грыбаед учуў стрэлы.

Стрэлаў было не шмат — некалькі разоў бахнулі вінтоўкі, аднойчы пратрашчаў і змоўк аўтамат. Здаецца, таксама данёсся і крык, — ці можа так ім здалося, — і ўсё сціхла. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Грыбаед скіраваў сані з дарогі пад ельнік і, пакінуўшы з імі Валодзьку, пашыбаваў наўпрасткі цераз лес да зямлянкі.

Ён блізка не падыходзіў да яе, але і здалёку ў начных прыцемках згледзеў, што там сталася кепскае. Дзверы ў зямлянцы былі выбіты, на снезе валяліся сеннікі і сякія-такія транты, якія былі ў параненых, снег навакол быў затаптаны чужымі слядамі. Мабыць, тут жа адбылася і перастрэлка,

некалькі гільзаў, падабраных Грыбаедам са снегу, свежа смярдзелі порахам.

Грыбаед подбегам па цаліку, наўпрасткі цераз ручай, кінуўся да свае сядзібы, але здалёку яшчэ ўчуў, як там распараджаліся карнікі. Даносіўся чыйсьці зычны камандзірскі голас, жончын плач, незнаёмыя галасы. Яны там грамілі яго сядзібу, як пасля аказалася, забіралі сям'ю і выгружалі маёмасць.

Грыбаед пратуляўся пад кустамі да таго часу, пакуль не ўбачыў, як трое саней паехала на гасцінец да мястэчка. Тады ён памкнуўся да абрабаванага свайго падворка, але здалёку яшчэ згледзеў сіратлівую хаціну з насцеж расчыненымі дзвярыма і зразумеў, што ўсё загінула. Магчыма таксама, што пакінулі якую засаду для яго, і патыкацца туды ён не наважыўся.

Ён вярнуўся да напалоханага Валодзькі, сказаў, што цяпер яны засталіся ўдвух, паскідаў дровы з саней і скіраваў у самую глуш пушчы. Там яны зрабілі пад елкай будан, у якім пракалаціліся на сцюжы два дні і дзве ночы, даелі апошні кавалак хлеба, што бралі з сабой у дровы. Пачалі галадаць. Яшчэ праз два дні голад і невядомасць адносна сям'і зноў пагналі Грыбаеда да свайго сельбішча. Засады тут ужо не было, Грыбаед пахадзіў па выстуджанай, дзіўна маўклівай хаце, падабраў што-колечы з вопраткі, вядро, набраў бульбы ў яме — другога чаго тут не засталося. Гзтыя сякія-такія рэшткі яго маёмасці, а таксама бульба і ратавалі іх на першым часе ў пушчы, не даючы замерзнуць і памерці з голаду. Пакрысе яны абладзілі сякую-такую зямляначку ў гушчары, змайстравалі печку, якая хоць і страшэнна дыміла, але давала трохі цяпла.

Так бацька з сынам наважыліся дажыць да вясны і, можа, і дажылі б як-небудзь, калі б не іх маладая жарэбная кабылка, якой таксама патрэбна было есці. Сена ў пушчы зімой не было, затое яно было ў яго пуні, і Грыбаед, шкадуючы жывёліну, разы два з'ездзіў у Выселкі. Усё абышлося добра, яго ніхто не сустрэў, а знайсці было немагчыма, бо час Грыбаед выбіраў пад завею, каб не заставалася следу.

Аднойчы з ім разам паехаць за сенам напрасіўся Валодзька. Хлопчык за час іх ляснога жыцця прыкметна занудзіўся без людзей у маўклівай самоце, перастаў усміхацца, відаць было, сумаваў па сястрычках і маці. Спярша Грыбаед не вельмі глядзеў на тое, а пасля ўжо стаў і баяцца, каб з хлопчыкам не сталася кепскае — дужа не па ўзросце стрэла яго такая бяда. І калі сын пачаў прасіцца ў гэты недалёкі начны шлях, Грыбаед, зацяўшы сэрца, згадзіўся.

Папраўдзе, ён яго браць не хацеў, нешта ў ім шчымела благім прадчуваннем, але ён не саўладаў са сваім жалем да адзінага свайго дзіцяці і не прагнаў яго ў зямлянку, калі той пачаў масціцца ў перадку саней.

Ноч была ветраная і непагодная, дужа шумелі хвоі ў пушчы, у доле гуляла завея, кабылка амаль увесь час ішла крокам, адварочваючы галаву ад ветру. Яны да поўначы пераехалі лес, завярнулі на трошкі прыкметную ў цаліку дарожку да Выселак. Ужо блізка быў іхні падворак, ужо Грыбаед пачаў узірацца праз ветраны змрок, каб што згледзець на ім. Абнадзеена думалася чалавеку: а раптам блісне знаёмы агеньчык у акне, і ён знойдзе там сваіх дачушак і жонку, якіх раптам выпусцілі, бо за што ж іх трымаць? Калі ўжо каго і трымаць, дык яго аднаго.

Але не суджана было Грыбаеду ўбачыць нікога са сваіх. Не ведаў ён, што жонку яшчэ ў першыя дні закатавалі, а дзяцей некуды вывезлі, што старая маці яго, не стрываўшы бяды, сканала ў жандарскім склепе, а ў ягоным двары ўжо трэці дзень запар сядзела засада.

Нічога не ведаючы гэтага, Калістрат Грыбаед рупна паганяў кабылку, і яны пад'язджалі ўсё бліжэй да свае бяды. Ужо стала відаць у прыцемках крывая вярба ля варот, студня з асверам, разламаны чужымі коньмі паркан ля хляўка. I тады кабылка яго чамусь сама стала, ускінула голаў і ціхенька трывожна храпнула. Ён ужо ведаў гэты яе чыста сабачы, не конскі, нораў і пацягнуў лейцы. З усяе сілы ён узіраўся ў цьмяны падворак, але нічога не заўважаў там. Толькі штосьці ўсё ж там было, — яшчэ нябачнае, але напэўна страшнае. Валодзька, які таксама не на жарт устрывожыўся, пачаў ціха казаць яму: «Тата, не едзь! Не едзь, тата!..»

Поделиться с друзьями: