Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я так i ведаў!
– прашаптаў блазан.
– Я ведаў... Трэба было бегчы да князя!
Раман адсунуў засаўку, i цяжкiя дзверы адчынiлiся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.
Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:
– Усё ў парадку?
– Усё, - адказаў Раман.
– Як там каля варотаў?
– Хутка рухнуць, - сказаў Фрыдрых.
– Хутка.
Ён накiраваўся назад у
Раман першы скемiў, у чым справа, i схапiўся за тронкi нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож i блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так i не паспеўшы зачынiць дзверы, а ў руцэ ў яго блiшчаў штылет...
– Кiн!
– адчайна крыкнула Ганна.
– Не той!
Кiн павярнуўся да яе. Вочы ў качэўнiка зрабiлiся вузкiмi шчылiнкамi. Голас яго быў цiхi, але страшны, i непадпарадкавацца было нельга:
– Iдзi зараз жа.
Ганна зрабiла крок па лесвiцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кiну...
– Нацiснi на прысоску! Загубiш усё!
I Ганна, амаль не разумеючы, што робiць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыi...
I ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалiлася, знiкла, бясконцая бездань часу захапiла яе i панесла цераз цемру, мiж недарэчных i незразумелых прывiдаў: лавiна конскiх мызаў i капытоў неслася на яе праз агонь, якi вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвiстаў вецер, данеслiся абрыўкi музыкi...
Ганна стаяла ў маленькiм халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, i Жуль, схiлiўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:
– Зрабi крок убок! Выйдзi з поля!
Ганна паслухмяна ступiла - галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар - як акно ў падвал.
Надта маленькi ў шары блазан бiўся з Раманам, i рука яго, як абцугамi, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сцiскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож i крычаў штосьцi, але Ганна не чула слоў.
– Не той, - сказала яна хрыпла.
– Не той!
Блазан вывернуўся, i Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману i той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлi адзiн за адным нямецкiя ратнiкi. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваiм мячом... I мiльгануў ценем Кiн...
– Не той!
– паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.
У той жа момант з шара знiклi двое:
Кiн i блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. I, адкiнуўшы яго, рыцар апусцiўся на каленi над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглi наверх. I ратнiкi адзiн за адным пачалi падымацца па лесвiцы - жвава i спрытна...Шар патух.
– Усё, - сказаў Жуль.
– Дзе яны?
– спыталася Ганна.
– Яны прайшлi скрозь нас. Яны ўжо там, дома... Ты не ўяўляеш, як я стамiўся.
– Я таксама стамiлася, - сказала Ганна.
– Дзякуй, - сказаў Жуль.
– Без цябе было б не выбрацца нам.
– Не варта падзякi, - адказала Ганна.
– Ты ўпэўнены, што ён забраў Акiплешу?
– Ты ж бачыла, - адказаў Жуль. Ён падняў пульт i паклаў у чамадан.
– Яны дабралiся на месца? Ты ўпэўнены?
– Безумоўна, - сказаў Жуль.
– Што з iмi можа здарыцца?
26
Ганна прачнулася, калi сонца ўжо хiлiлася на захад. У пакоi было горача, над пакiнутай на стале фiлiжанкай кавы кружылiся восы. У пакоi стаяў дзед Генадзь.
– Выбачай, - сказаў ён.
– Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклiкаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, - у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я i ўвайшоў.
– Нiчога, - сказала Ганна, апускаючы ногi з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.
Ганна акiнула сябе позiркам - яна так i засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменнiцы караля Лешкi Белага, родам са стольнага горада Кракава.
– Гэта ў Маскве так носяць?
– спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасмiхаецца з яе. Яна ўстала i выглянула ў сенцы. Там было пуста i чыста. Дзверы ў халодную святлiцу расчынены насцеж. I там пуста. Ложак акуратна засланы.
Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.
– Паехалi, значыць?
– сказаў ён.
– Паехалi, - адказала Ганна.
– А я табе на памяць прынёс, - сказаў дзед.
– З музея.
Ён выцягнуў з глыбокай кiшэнi з плашча медную львiную галаву з колцам у пашчы.
– Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.
– Дзякуй, дзядуля, - сказала Ганна.
– Яны напраўду адтуль?
– А цi я ведаю? Былi б людзi добрыя.
Ганна вярнулася ў вялiкi пакой. Праз адчыненае акно быў вiдаць круты пагорак. Каля ручая пасвiлася гнядая кабыла Клеапатра.
– Грахi нашы цяжкiя, - уздыхнуў дзед.
– Спяшаемся, мiтусiмся, падарожнiчаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш пiць?