Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Шрифт:

Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала i сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.

– Як рука?
– спытаўся Раман.

– Я ўдзячны табе, - сказаў Фрыдрых.
– Я магу трымаць ёю шчыт.
– Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далонi. Пальцы сцiснулiся, нiбыта абхапiлi дрэўка дзiды.
– Дзякую. Епiскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнiя сябры, - сказаў Фрыдрых.
– I ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?

– Вы злавiлi жамойта, якi ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.

– Так, -

коратка сказаў Фрыдрых.
– Ён хацеў забiць епiскапа?

– Зелле магло разарваць на кавалкi сто чалавек, - сказаў Раман.

Жуль зноў скiраваў шар на Кiна, i Ганна ўбачыла, як Кiн павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.

– А гэта хто?
– рыцар раптам павярнуўся да Кiна.

– Я хацеў у цябе спытацца, - сказаў Раман.
– Ён запэўнiвае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.

– Гэта хлусня, - сказаў рыцар.
– Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялiкай тайны магii i ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсiх яго вучняў... Ён хлусiць. Дарэчы, паглядзi, зараз ён вызвалiць руку.

– Чорт!
– вылаяўся Жуль.
– Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кiнулiся да Кiна.

– Твая праўда, брат, - сказаў Раман Фрыдрыху.
– Дзякуй табе.

Кiн быў нерухомы.

– Гэта першы чалавек, якi развязаў вузел майго блазна.

– I таму яго трэба забiць, - сказаў рыцар. Раман схапiў з-за стала тоўстую вяроўку i моцна звязаў Кiну рукi.

– Пачакай, - сказаў Раман.
– Ён размаўляе па-латынi не горш за нас з табою i ведае iмя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан i дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.

– Як хочаш, - сказаў Фрыдрых.
– Я чуў, што ты наблiзiўся да адкрыцця тайны золата.

– Ага, - сказаў Раман.
– Я наблiзiўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.

– Цi толькi працы?

– I свой, i маiх памочнiкаў.

– Чым мы табе можам быць карысныя?

– Ты ведаеш чым - ты мой даўнi знаёмы. Ты страцiў руку, калi ў тваiм замку адбыўся выбух рэторты, хоць i кажаш, што гэта здарылася ў бiтве з сарацынамi.

– Дапусцiм, - сказаў рыцар.

– Мне галоўнае - захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.

– Пахвальна. Але калi нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?

– I не толькi мне, брат, - сказаў Раман.
– Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?

Шар зноў прыблiзiўся да Кiна. Губы ў Кiна заварушылiся, i шар перадаў яго шэпт:

– Дрэнь справы. Думай, Жуль... Жуль кiўнуў, нiбыта Кiн мог убачыць яго. I павярнуўся да Ганны - можа, шукаў спачування?

– Калi ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю?
– спыталася Ганна.

– Не, мая дзяўчынка, - сказаў Жуль цiха.
– Табе не выцягнуць нас.

Раман i рыцар паднялi галовы.

– Нехта iдзе, - хутка сказаў Раман хлопцу.
– Затрымай яго. Я вярнуся. Рыцар цяжка ўстаў з-за стала i апусцiў капюшон.

– Завязаць вочы?
– спытаўся Фрыдрых.

Раман махнуў рукою.

– Я выйду з табою. Хутчэй.

Патайныя дзверы зачынiлiся за рыцарам i Раманам.

Блазан спусцiўся па лесвiцы.

Дзе гаспадар?
– спытаўся ён.

– Не ведаю, - сказаў хлопец.

– Уцёк да ордэнскiх братоў? Не, ён адзiн не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна... гэтае яго золата... Гэтая яго ўлада i слава.

22

– Жуль, - сказала Ганна, - я ведаю, што рабiць.

– Праўда?
– Жуль зноў павялiчыў Кiнаў твар. Кiн глядзеў на блазна.

– Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.

– Якую яшчэ Магду?
– у Жулевых вачах была туга.

– Польскую князёўну, Магдалену.

– Ну i што?

– Жуль, я пайду туды. Замест яе.

– Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерцi. I куды мы князёўну дзенем?

– Ды слухай спакойна. Жуль, мiлы, у нас з табою няма iншага выйсця. Хутка будзе свiтаць. Кiн звязаны i бяссiльны.

– Сцiхнi. I без тваiх iдэй моташна.

– Усё вельмi проста. Ты можаш мяне высадзiць у любым месцы.

– Вядома.
– Ён пацiснуў плячыма.

– Тады высадзi мяне ў князёўнiнай спальнi. Гэта адзiнае выйсце. Зразумей нарэшце. Калi я не прабяруся да Кiна ў блiжэйшыя хвiлiны, ён загiне. Я ўжо не кажу, што правалiцца вашая справа. Кiн можа загiнуць. I мне гэта не ўсё роўна!

– Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кiн першы? Думаеш, нiхто з нас не гiнуў?..

З акенца павеяла вiльготным халадком - надвор'е ў дваццатым стагоддзi таксама пачало псавацца. Брахалi сабакi. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.

– Не ў гэтым справа! Вядзi шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмiлi мяне з вашай справай...

– Так, але...
– Жуль сумеўся.
– Занадта мы ўжо лезем у мiнулае.

– Перажывём. Успомнi: Кiн ляжыць звязаны.

Жуль некалькi секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кiнуў позiрк на Ганну.

– Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.

– Не марнуй часу. Вядзi шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.

– Пачакай, можа быць...

– Паехалi, Жуль, мiленькi!

Ганну ахапiла лiхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, i было страшна, але страх запазнiцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.

Шар пакiнуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкi на сценах i далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.

Шар завiс у калiдоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсцi, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту...

– Усё чыста, - сказаў Жуль.
– Можна.

– Пачакай!
– крыкнула Ганна.
– Я ж не магу там пакiнуць вопратку...

Князёўна спала на нiзкiм куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзiнокi каганец мiгцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалi каплi дажджу. Шар закружыўся па пакоi, абышоў усе куткi i спынiўся перад заднiмi, зачыненымi дзвярыма...

– Май на ўвазе, што там спiць яе цётка, - сказаў Жуль.

Потым iншым голасам, прагнаўшы сумненнi:

– Добра. Цяпер слухай уважлiва. Момант пераносу не павiнен мець памылак.

Поделиться с друзьями: