Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза

Пакроўскі Андрэй

Шрифт:

Калі ён падышоў бліжэй, я заўважыў, што мундзір на ім брудны, пакамечаны, месцамі парваны, святлоадбівальныя палоскі ўжо амаль нічога не адбіваюць, а надпіс “міліцыя” прачытаць даволі цяжка. Апроч усяго іншага, ён быў босы і ў блакітных спартовых штанах, а фуражку нёс пад пахай. Міліцыянер паглядзеў на мяне з падазрэннем, хацеў нешта запытаць, але калі я паказаў флікер, ён спешна адшыхтаваўся і пашкандыбаў далей.

Я развітаўся з музыкамі і дзяўчатамі, якія ўжо паспелі спажыць тое, што зрабілі самі, і рушыў за міліцыянерам. Мы крочылі разам некалькі хвілінаў, пакуль не дабраліся да нейкай хрушчоўкі, на якой вісела шыльда “Ксеракопія”.

Я зайшоў усярэдзіну, там нікога не было, але аднекуль

знізу даносіліся гукі ксеракса і тэлевізара, я аблазіў першы паверх і нарэшце знайшоў у падлозе дзірку – гэта быў уваход у капіравальны цэнтр, у мяне пад нагамі стаяла чарга і мітусіўся нейкі мужчына ў чорным са свежанадрукаванымі старонкамі.

Спачатку мне было боязна, але ўрэшце я вырашыў скокнуць уніз. Прызямліўся паспяхова, калі не лічыць пабітага калена. Так сабе сервіс, падумаў я і стаў у канец чаргі. На мяне ніхто не звярнуў увагі. Я дастаў з заплечніка стос кніжак і яшчэ раз праверыў, ці ўсе закладкі на сваіх месцах. Праз некалькі хвілін падышла мая чарга, мужчына ў чорным, гэта быў Франц Кафка, узяў мае кніжкі і пайшоў ксерыць.

Пазнавальная фізіялогія

Калі Юрась паліў каноплі, ён заўсёды слухаў Міхаіла Баярскага і яму было хораша... Сябры казалі Юрасю: ды кідай ты свайго Баярскага, ён разбурае мозг, ад яго рэальна дупееш. Лухта і глупства, адказваў ім малады меламан. З цягам часу Юрасю пачало рабіцца хораша проста ад таго, што ён чуў голас Баярскага. Верагодна, умоўны рэфлекс (голас Баярскага) замяніў безумоўны (каноплі). Юрась кінуў паліць, бо навошта, калі ты можаш проста ўключыць тэлевізар і далучыцца да космасу, пакуль экстравагантны мужчына ў чорным капелюшы расказвае свае вусатыя показкі ў тэлеклубе “Белы папугай”. Нейкі час усё было добра, Юрась метадычна разбураў клеткі мозга і рэальна дупеў бяспечным для лёгкіх чынам, у дзесяць разоў знізіўшы рызыку памерці ад раку ці імпатэнцыі.

Усё б нічога, але сёння Баярскі ўжо не такі папулярны, сёння рэдка пачуеш песню пра “зеленоглазое такси” альбо пабачыш па тэлевізары кіно пра прыгоды трох мушкецёраў. Цяпер гэтыя радасці мы вымушаныя купляць на сідзі і дзівідзі, дый тое ледзь не падпольна. Напэўна, лячгэй набыць дазняк герычу, чым дзівідзі са зборам твораў Баярскага. Карацей, сёння Юрась падумвае аб тым, каб зноў пачаць паліць, хрэн з імі, са сраным ракам і ябучай імпатэнцыяй, няхай я памру рана, галоўнае, што весела і не ад свінкі, кажа ён. У прынцыпе, я з ім згодны, галоўнае, каб весела і не ад свінкі.

Жывая рыба

Валя і Валянцін жылі недзе на Нямізе, на вуліцы Вызвалення, дзесьці ля “Ракаўскага бровару”, у якім яны ні разу не былі, і пякарні, што распаўсюджвала неверагодна прыемны пах, які ствараў Парыж на асобна ўзятай вуліцы Менска. Той хлеб яны таксама не куплялі. Хлеб – ежа шэрага электарату, пенсіянераў, бэрээсэмаўцаў і тых, хто з гордасцю носіць на заплечніку флікер і заўсёды прабівае талончыкі, нават пасля адмены ільготаў.

Побач была італьянская амбасада. Не раз яны хацелі пералезці цераз агароджу і папрасіць палітычнага прытулку, але звычайна нічога з гэтага не выходзіла, бо яны былі ў такім стане, калі цераз агароджу пералезці немагчыма. А калі яны ў такім стане не былі, то былі ў іншым, у якім цераз агароджу пералазіць ачкова, бо хто ведае гэтых італьяшак, што робіцца ў іхных адбітых бошках. Яны ж там і фашыстамі ў свой час былі, і футурыстамі. Невядома, што горш. Пэўна, і талончыкаў ільготных у іх няма.

Валя і Валянцін здымалі кватэру ў старым доме, якога няма на мапе. Іх суседзямі былі пераважна буржуі альбо

буржуі, якія апусціліся. Некаторым з буржуяў пашчасціла здаваць кватэры розным Валям і Валянцінам. Валянцін быў праграмістам, а Валя – філолагам. Праграміста чакала светлая сіліконавая будучыня, калі ён канешне не сап'ецца... а не спіцца, калі часцяком у кухні блукаюць здані і пакідаюць на шкле пасланні матам, даволі цяжка. Да таго ж, наяўнасць грошай і крамы з канфіскаваным алкаголем пад бокам таксама не спрыяе здароваму ладу жыцця. Філолагу ж удвая цяжэй, бо па-першае, спіцца даволі цяжка, бо грошай няма, а па-другое, бачыць, як твой сябар, няхай нават і праграміст, співаецца, а табе нічога не пакідае, таксама не надта прыемна.

Валянцін вельмі любіў час, таму рабіў усё магчымае, каб найлепей яго адчуць. Стаяў у доўгіх чэргах, каб потым у апошні момант сысці, ніколі не карыстаўся падземным транспартам, замест гэтага намотваў кругі па горадзе на 34 тралейбусе, але ніколі там не сядаў, не чытаў і не слухаў плэер, а толькі пільна глядзеў у акно і лічыў аўтамабілі, што абагналі 34 тралейбус за дзень. Вядома, талончыкаў ён не прабіваў, бо быў нармалёвым чэлам, а не нейкім прыфлікернутым бээрэсэмаўцам. Валянцін наведваў усе лекцыі ва ўніверсітэце і ўсімі вядомымі метадамі перашкаджаў сабе спаць: згадваў аднакласнікаў ці назвы кніг, прачытаных у далёкім дзяцінстве.

Кожную раніцу, калі Валянцін сыходзіў на працу, Валя адпраўлялася на гаўбец і там за кубкам кавы паліла. Ёй не перашкаджаў ні снег, ні дождж, ні яшчэ якія хлябі гасподнія, бо ў яе быў парасон. Калі ё парасон, можна паліць і пад дажджом. Паліць ды жлукціць сваю распушчальную каву. Кожную раніцу ў той жа час, але ўжо, вядома, на іншы гаўбец выходзіў прылізаны стары, адзін, пэўна, з тых буржуяў, якія апусціліся. Ён паводзіўся надзвычай дзіўна. Спачатку сваім лядашчым “кіс-кіс” склікаў навакольных котак, потым даставаў з кішэні нейкую паперыну, разрываў яе на дробныя кавалкі і кідаў уніз, а коткі, жывёліны, пазбаўленыя розуму і волі, лічылі гэтыя паперкі бялюткімі матылькамі і цягнуліся да іх лапкамі. Тут стары, задаволены тым, што ўсё ідзе па плане, харкаў на котак, і калі раптам плявок дасягаў мэты, на душы ў яго рабілася хораша-хораша, ён усміхаўся, потым паварочваўся да Валі, вітаўся з ёй, а затым сыходзіў.

Калі я ішоў у госці да Валі і Валянціна, то заўсёды заходзіў ва ўніверсам “На Нямізе”, ну ведаеце, такі сабе спажывецкі рай, дзе можна набыць усё – ад папяровых насовак да плюшавага танка – і дзе лёгка згубіцца. Валя і Валянцін звычайна заходзілі са мною, мы доўга блукалі па ўніверсаме, глядзелі на пельмені і розныя гатункі сыроў, на замарожаную агародніну і пяцілітровыя слоікі соку. Мы заўсёды спыняліся ля вялізарнага акварыума, дзе плавала жывая рыба, у якой абодва вокі былі з правага боку, як выйсце на станцыі метро Першамайская, і дзе паветра такое крыштальнае. Мы дзівіліся на рыбін, яны так сумна глядзелі на нас праз шыбу сваёй шкляной турмы, як нейкія палітычныя вязні, прысуджаныя да расстрэлу ці чвартавання. Мы хацелі іх выкупіць і адпусціць у Свіслач, але звычайна грошай хапала толькі на гарэлку і пяцілітровы слоік нейкага там соку.

Дзень перамогі

– Мой дзед у танку гарэў, – сказаў Іван і высока падняў галаву.

– А мой у крэматорыі, – мовіў Шлёма сумна.

– А мой у бункеры, – адказаў Фрыдрых, закрыў твар рукамі і заплакаў.

– Ну нічога, нічога, будзе табе... – пачаў супакойваць сябра Іван, – нашчадкі яго ніколі не забудуць.

– Гэта ўжо дакладна, – адзначыў Шлёма і сышоў з пясочніцы разам з усімі сваімі формачкамі.

<
Поделиться с друзьями: