Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза

Пакроўскі Андрэй

Шрифт:
Пасля абеду па Грынвічы

Жыццё нібыта наладжваецца. Я атрымаў невялічкую спадчыну, якую пакінуў мне малазнаёмы далёкі сваяк, знайшоў працу, няхай і нізкааплочвальную, але яна, пэўна, выратуе мяне ад размеркавання. З асабістым жыццём, здаецца, таксама ўсё ў норме, раны на сэрцы зажываюць, любая – найлепшая дзяўчына ў БССР, ды і каханка таксама нічога, недзе з першай сотні. Сябры на мяне не забываюцца, рэгулярна тэлефануюць, пытаюцца пра як справы, запрашаюць у госці, кіно ці тэатр. Кошты на алкаголь стабільныя, мой драгдылер працуе спраўна: кожную суботу прыязджае да мяне на ровары. Ды і надвор'е на вуліцы цудоўнае, залатая восень, сонейка, неба блакітнае, можна днямі гуляць у парку, піць піва, збіраць каштаны, кідацца лістотай і ўсё такое. Усё было б зусім добра, каб не гэты Канец Света, які, калі верыць навінам, адбудзецца заўтра, недзе пасля абеду па Грынвічы.

Аист

Большасць летніх вечароў я правёў ля рэчкі з пляшкаю

піва. Я сядзеў на лаве, глядзеў на ваду і прыдумляў тэксты. Запісваць нічога не хацелася, таму я пакідаў тэксты ў галаве, на валасах, але сёння я схадзіў у цырульню і большасць маіх тэкстаў цяпер там, засталіся толькі некаторыя ўрыўкі.

Я сядзеў ля векавечнага Нёмана, чакаў труп майго ворага, паліў і піў піва. Раптам з іншага берага данесліся спевы Веркі Сярдзючкі. Няўжо, падумаў я, так хутка, я яшчэ піва нават не паспеў дапіць, а ён ужо плыве і яшчэ Сярдзючку слухае, уёбак.

Потым я пабачыў Ладдзю, але калі быць шчырым, гэта была не зусім Ладдзя, так, стары раз'ябаны цеплаход “Вольга Соламава – піянер-герой”. А, падумаў я, гэта не мой вораг, гэта проста зноў стары Ра са сваімі блядзямі вязе кантрабанднае сонца на захад, у Літву, каб там перадаць сонца ў рукі іншых, больш дасведчаных кантрабандыстаў.

Апошні тралейбус

Недзе аб адзiнаццатай ночы мяне абудзiў грукат у дзверы. Адчынена, пракрычаў я скрозь сон. У кватэру ўвайшлi трое, усе ў скураных куртках з надпiсам “Racing”, усе невялiкага росту. Яны памахалi нейкiмi пасведчаннямi ў чырвоных вокладках у мяне перад тварам, прыветна ўсмiхнулiся i выцягнулi мяне за лыткi у адных майтках з-пад цёплай коўдры. Пайшлi, сказалi яны, прыйшоў твой час. Можа, хоць кавы пап'ем на дарожку, прапанаваў я. Няма часу, адказалi начныя госцi i паказалi ў бок дзвярэй. Я ішоў басанож уздоўж распiсаных, брудных сценаў пад'езда, па брудных, абпляваных, абванiтаваных прыступках, па дыване з бiтага шкла, недапалкаў i кала. Ля пад'езда, насуперак маiм чаканням, нас не чакаў варанок. Трэба спяшацца, сказалi яны, хутка адыходзiць апошнi тралейбус, калi спознiмся, нас пазбавяць прэмii, таму варушы памiдорамi. I мы вельмі шпарка пабеглi да прыпынку, ледзь паспелi, заскочылi ў апошнi тралейбус, i той паімчаў, бы касмiчны карабель, скрозь цемру начнога горада. Недзе праз два прыпынкi ў тралейбус зайшлi кантралёры. У маiх спадарожнiкаў былi пажыццёвыя праязныя, якiя iм выдалi на працы, у мяне ж талончыкаў не было, бо я ж не прыдурак цягаць талончыкi ў майтках. Мае начныя госцi паехалi далей, паспелi ў час i атрымалi прэмiю. Мяне ж знялi з маршрута, выпiсалi квiтанцыю на штраф у памеры 0,2 базавыя велiчынi і адправiлi дамоў. Недзе пад ранiцу я вярнуўся, зайшоу ў пад'езд i зноў пайшоў басанож, у адных майтках уздоўж распiсаных сценаў, па дыване з недапалкаў, ванiтаў, семкавага шалупіння, бiтага шкла i кала. Я адчынiў дзверы, зайшоў у кватэру, залез пад коўдру i зноў заснуў.

Under control

Гарадзенскiя кантралёры – самыя злаябучыя кантралёры на свеце. Iхнія дзеяннi непаслядоўныя i нелагiчныя, таму суцэльна непрадказальныя. Гарадзенскiя кантралёры працуюць у самых неспрыяльных для чалавека ўмовах: а шостай ранiцы, калi гарадскi транспарт толькi пачынае свой рух, па начах, калi ты на рагах неяк цягнешся дадому, нават у Дзень горада, калi шчаслiвы i п'яны народ вяртаецца ў свае спальныя раёны пасля салюту. Кантралёры стаяць на варце ў пякельную спёку, калi ўсе нармальныя людзi ўвогуле сядзяць дома i грамадскiм транспартам асаблiва не карыстаюцца. Яны, як дзяды Мазаi, чакаюць сваiх зайцоў на прыпынках, калi на вулiцы жахлiвая залева, а ў горадзе абвешчанае штармавое папярэджанне. Гарадзенскiя кантралёры, гэтыя псы антынароднага рэжыму, адбiтыя на ўсю галаву, атрымлiваюць заробак талончыкамi на праезд i квiткамi спортлато. Гэтыя людзi жорсткiя i бязлiтасныя, калi ты трапiш у iхныя чэпкія лапы i ў цябе раптам не знойдзецца грошай, каб выплацiць штраф, яны схопяць цябе пад рукi i пацягнуць да кампосцера, каб... пракампаставаць тваю нiжнюю губу. Калi яны злавілi мяне ўпершыню, было вельмi балюча, лілося шмат крывi, мой кот, калi яго кастрыравалi, лямантаваў, пэўна, цiшэй, чым я тады. У другi раз было ўжо не так балюча i трохі меней крывi, у трэцi раз я амаль нiчога не адчуў, а ў чацвёрты губа адвалiлася ўвогуле. Гэтыя тварыны паднялi яе, паклалi ў маленькi пакецiк i сказалi, што я змагу выкупiць губу ў аўтобусным парку нумар адзiн, калi назбiраю дастатковую колькасць грошай. Але з маiмi прыбыткамі, пэўна, мне так i давядзяцца хадзiць без нiжняй губы, з гэткай пячаткай Каiна на аблiччы.

Панк ці прапаў

Калі ты п'яны спяваеш любімыя песні, то абавязкова нарываешся на нейкіх мудакоў. Ты што, панк, запытаюць яны цябе. Ну які з мяне панк, панкі хіба носяць акуляры... Я, канешне, разумею, што спяваць не ўмею і нават песні “Бумбокса” ў маім выканні могуць падацца панк-рокам, але акуляры, акуляры, чувакі. Панкі не носяць акуляраў. Панкі ядуць гаўно і тусуюцца на памойках, а мы, тыпу, у цэнтры горада, які, праўда, па сваёй сутнасці тая яшчэ памойка. Ты панк, запытаюць цябе, ну, што я магу адказаць на гэтае пытанне?.. Можа, гэтыя рабяты – панкі і ненавідзяць усіх, апроч панкаў? А можа і наадварот, яны няпанкі і б'юць толькі панкаў, хто іх разбярэ ў цемры?

Я хацеў забіць двух зайцоў адным стрэлам і сказаў, што нягледзячы на тое, што я не панк, я прызнаю тую вялізарную кантрыбуцыю, якую панк-рок унёс у скарбонку сусветнай культуры. Насамрэч такі адказ не выратаваў бы мяне, нават калі б гэтыя рабяты выявіліся панкамі, але яны выявіліся нейкімі гоп-фашыстамі ў трэцім пакаленні. Аднаго з іх звалі чэрап, астатнія проста так стаялі. Чэрап запытаў мяне, ну што, напіўся, панк, я не чакаў ад яго такога сафісцкага выкруту. Я неяк разгубіўся і адказаў, што так, маючы на ўвазе, што я бессаромна

напіўся, а зусім не тое, што я панк. А што піў, запытаў мяне чэрап, давай дыхні, панк. Я канечне мог патлумачыць яму, маўляў, нягледзячы на тое, што я не панк, што след панк-року і ўсё такое, але мне было неяк у падлу. Можа, мне хацелася нарвацца на непрыемнасці, хоць нейкая разнастайнасць у гэтым маркотна-лайновым свеце, таму я проста дыхнуў. Фу, сказаў чэрап, чарніла. Пэўна, тады ён ужо дакладна вырашыў, што я панк, нават калі я яму зараз пачну нешта тлумачыць пра акуляры, пра след панк-культуры і ўсё такое, ён мне не паверыць. Хіба я вінаваты, што настойка “белавежская” разам з пярцоўкай “бульбаш”, бальзамам “беларускім”, півам “аліварыя” і паловай пачка сіняга “пал-мала” пахнуць, як чарніла. Ты ганьбіш нацыю, сказаў мне чэрап і адвесіў аплявуху, ведаеце, такую ў стылі “чысціце шпагу, атос, толькі дуэля можа вырашыць наш канфлікт”, я ўжо чакаў, што вось зараз ён здыме з мазолістай працоўнай рукі пальчатку і шпульне яе мне ў твар, але пальчатак у яго не было. Ты нейкі дзіўны, ты што, нярускі, запытаў мяне чэрап. Не зусім, кажу я, а адкуль, пытаецца ён, з Горадні, кажу. О, я таксама з Горадні, падаў голас спадарожнік чэрапа. Чэрап паглядзеў на свайго спадарожніка, потым на мяне і кажа: прасці, чувак, мы проста падумалі, што ты панк, а ты з Горадні, ну, мы пойдзем тады... панкаў пашукаем, а ты адпачывай, гуляй. Пакуль.

На развітанне ўсе гоп-фашысты паціснулі мне руку і зніклі ў невядомым кірунку, мы нават не абмяняліся і-мэйламі, я так і не даведаўся, як ставяцца да цябе людзі ў гэтым маркотна-гавёным свеце, калі бачаць, што твар твой разбіты.

Яшчэ так доўга да лета

Калі чытаеш кнігу, надпісы ў зносцы раптам ператвараюцца ў бягучы радок, які рэкламуе найлепшыя ў свеце гранітныя помнікі. Калі за год на лесвічнай пляцоўцы памірае ўжо другі чалавек ва ўзросце да пяцідзесяці, калі боты прамакаюць, маланка на куртцы зламалася і не зашпільваецца і ты мерзнеш так, нібы на вуліцы жахлівыя маразы, тады да цябе прыходзіць апатыя, млявасць і абыякавасць да жыцця. Хочацца зрабіць сабе харакіры, але ты нешта ніяк не можаш адшукаць самурайскі меч, бо не прыбіраўся ўжо тыдні тры – а таму што ўжо зробіш, неяк жывеш, чакаеш лета.

Раніца

Надзвычай файна прачынацца ад таго, што яркае сонейка, няхай сабе халоднае і зімовае, свеціць табе скрозь бруднае акно ў вочы. Гэта нашмат лепей, чым калі ты прачынаешся ад пякельнага болю ў галаве, ці ад таго, што нехта правёў у тваім роце меліярацыю. Гэта куды лепш, чым абуджацца праз нос, забіты соплямі, ці горла, у якім заселі нажы, а ўлічваючы тое, што да ўсяго іншага пазваночнік і астатнія косткі, відаць, вось-вось разваляцца, ты баішся падняцца, каб адплявацца і адсмаркацца. Прачынацца ад сонейка куды лепш, чым ад холаду. Гэта лепей, чым прачнуцца ад таго, што зваліўся з верхняй паліцы ў цягніку, ці ад таго, што правадніца за гадзіну да канцавога пункта, а шостай раніцы, трасе цябе за плячо і крычыць ў вуха нешта пра гарбату і пасцельную бялізну. І ўжо дакладна гэта нашмат лепей, чым прачынацца ад гуку будзільніка, з якім немагчыма дамовіцца, ці ад таго, што бацькі, як заўсёды, сварацца перад тым, як сысці на працу.

Пэўна, толькі тады, калі ты прачынаешся ад пацалунка ў вуха, гэта лепей за сонейка, нават летняе і цёплае, што свеціць табе ў вочы праз бруднае аконнае шкло.

Метралэнд

На платформе станцыі метро “Аўтазаводская” нікога не было, апроч мяне і самотнага бамжа, што ляжаў на лаве і паліў. Раптам з тунэля вылецеў цягнік з трыма ліхтарамі, падобнымі да сонцаў, але ён не спыніўся, а ўсё ехаў, ехаў і ехаў. Вагоны праносіліся міма мяне з неверагоднай хуткасцю, пачыналіся яны недзе ў Нідзе і цягнуліся да Канца Света. Я не ведаю, адкуль узяўся цягнік і куды ён падзеўся, але я хачу пажадаць вам, каб вашае каханне было такім жа бясконцым, каб яно, калі вы аптыміст, доўжылася ўсё жыццё, ці хаця б да труны, калі вы песіміст.

Кантралёр

Сёння мяне злавіў кантралёр, прычым двойчы, прычым адзін і той жа, прычым на працягу пяці хвілінаў. Справа ў тым, што я рашуча адмовіўся выплочваць штраф, ці хаця б набыць квіток, ці хаця б скласці пратакол, таму кантралёр проста прагнаў мяне з аўтобуса. Я сеў у другі аўтобус, што ехаў за аўтобусам, у які сеў кантралёр, але на наступным прыпынку кантралёр выйшаў з першага аўтобуса, з якога толькі што вышпурнуў мяне, і зайшоў у аўтобус, на які я перасеў. Мне яшчэ раз давялося тлумачыць, што грошай у мяне ўсё адно няма, ані на штраф, ані на талончык, што дакументаў няма і што мяне ўвогуле самога няма, што я толькі пахмельная галюцынацыя, а ён, канчэдал хуеў, стаіць тут і размаўляе з кампосцерам, патрабуе ў яго нейкі штраф. Не ведаю, ці паверыў мне кантралёр, бо тут якраз падаспеў мой прыпынак, але, калі б я застаўся, думаю, я б на ўласным досведзе ўпэўніўся, што ягоны слоўнікавы запас не горшы, а месцамі нават багацейшы за шавецкі ці там будаўнікоўскі.

Пра адмену ільготаў

Учора ездзіў у госці па ільготным талончыку, а вяртаўся па жэтоне за поўны кошт. Прычым у метро я зайшоў у 0:03. За гэта да канца свайго жыцця я буду помсціць крываваму рэжыму – больш ніколі своечасова не аплачу праезд і напішу сотню апавяданняў пра адмену ільготаў.

Батарэі

Калі я фарбую батарэі, мне заўсёды робіцца весела. Не толькі таму, што фарба ўтрымлівае ўсялякія смешныя наркатычныя рэчывы, але яшчэ і таму, што рознакаляровыя батарэі – гэта вельмі прыгожа. Вось паглядзіш на такую ружовую храновіну – і адразу згадваюцца мяхі акардэона і нейкая французская песня Яна Цірсана, і на душы робіцца цёпла і чыста, як у іншай, але ўжо ўкраінскай песні.

Поделиться с друзьями: