Закрываўленае сонца
Шрифт:
– Ты во глядзi, яшчо за даўгi язык возьмуць, - злосна адказала Аксеня.
– Цi можа так скора забылася што той ынкавэдыст казаў, га?
– Ды чаго-ж ты, ягодка, кiдаешся на мяне? Як гэта так я забылася? А калi ўжо пра мой язык гаворыш, дык цi-ж твой карацейшы?
– А можа й карацейшы... давай памерым!
– агрызнулася Аксеня.
– Гэта каб ня ты дык можа-б i нi пасылалi таго праклятага палатна... каб яно лепi праз зямлю правалiлася! Во нарабiлi бяды!
– Каб нi я?
– прарэзьлiва-зласьлiвым тонам крыкнула Аўдоля.
– Гэта-ж ад каго, калi нi ад цябе думка вышла, га? Каб табе, ягодка мiленькая, памяць ужо саўсiм забрала, як ты ня помнiш i на мяне складаеш! I як гэта
– Думка-ж мая была. алi-ж я вас пыталася. А сама-ж знаеш зь якой вялiкай ахвотай ты за гэта ўзялася. Зараз усiм разбрахала, давай i давай, нi задзержыць цябе нiяк...
– Каб табе Бог так здароўе даваў, як я давала!
– адсекла Кмiцiха.
– Каб ты ў пекле так брахала, як я каму разбрэхiвала! I як табе ня стыдна на мяне складаць! Калi Маршалкаў цябе пахвалiў, дык як каралеўна якая - галава аж пад неба, жардзiной нi дастанiш!
– хадзiла. Ах каб цябе!
Аксеня здрыганулася. Быццам укушаная гадзюкай, яна зь нянавiсьцю зiрнула на Аўдолю, сьцiснула вусны. Спачатку ледзь заўважна, пасьля-ж раптоўна пачало дрыжэць ейнае цела. Неўзабаве неўтаймаваны плач суправодзiў Кмiтаву Аўдолю. Аксеня дала сьлёзам поўную волю. Разгубленая Кмiцiха памкнулася прыгарнуць да сябе сяброўку, але на паўдарозе спынiлася выцягнутая рука.
23
Ноччу зазiмак пацярушыў сьнегам, мароз кволымi жылкамi-нэрвамi выпрабоўваў сваё майстэрства на тонкiх скарынках лёду ў лужынах, канавах i сажалках. Ранiца прыйшла ясная, сьвежая, спакойная. Каб хоць адной галiнкай паварушыў маестатычны гаравацкi Архiп. Яшчэ блiжэй, здавалася, прыхiлiлiся да сябе зьбялеўшыя сёстры-сосны на могiльнiку. У Гаравацкай пушчы й лiпавiцкiх гаёх на дэманстрацыю прыбралiся ў новым бельлi стройныя сосны й хвойкi. Яны зьзялi ў сонцы й маглi хвалiцца сваей пышнай прыгажосьцю перад голымi бярозамi, клёнамi й асiнамi.
Далёка чуваць былi галасы пеўняў над ранкам. Слупамi выпрасталiся над комiнамi дымы. Асьцеражней хадзiла ў пушчы розная жывёльная малеча. Мёртвая маўклiня спрыяла большым дзяруном, што цяпер на помач носу паклiкалi й свае вушы.
Вялiкая грамада лiтоўскiх сялян наблiжалася да лiпавiцкага поля. Радасьцю зьзялi вочы й далёка над бельлю прыцярушанымi роўнымi нiвамi сягала вясёлая, нястрыманая гамонка.
– Зямля наша! Во калi зажывём!
– Дачакалiся! Цяперака, як свой кусок зямлi мець будзеш, дык нiякi прыблуда з твайго мазаля ня будзiць жыць. Сам сабе будзеш пан!
– А як-жа!
– Ды i во яшчо што: казаў Косьцiк, што кажны можа мець зямлi колька захочыць! Ого!
– Нi колька захочыць, а колька абрабiць можыць.
– Ну яно-ж сябе так...
– Дык цi-ж ты думаеш, што каторы паквапiцца каб мець болi зямлi чымся абрабiць будзiць магчы?
– Нашто-ж яна тады яму?
– Нiбыта па шэсьць актараў на аднаго каня...
– Ну а як каторы нi маiць каня?
– Дык дадуць...
– Толька-ж i глядзi, рот настаўляй, каб нi праваронiў як будуць даваць.
– Усё дадуць, усiм хопiць. Вунь дзе колька ўсякага дабра на маёнтках i хвальварках...
– Ну паглядзiм.
– Што тамака глядзець... ужо вiдаць.
Бадзёра сьлядзiлi прысыпаны сьвежым белым пухам гасьцiнец сялянскiя ногi. Грамада кiравалася на прасторныя, урадлiвыя гонi, што за чыгункай суседзiлi зь лiтоўскiмi начоўкамi, а з захаду канчалiся сьцяной гонкага гаю. Пракоп з Алесям маўклiва ў хвасьце валаклiся. Новы грамадзкi тэрмамэтар выпхнуў iх цi не на самае чало "прыгнечаных i эксплуацiруемых" масаў, значыцца тых, пра каторых найбольш барабанiла й быццам клапацiлася "народная ўлада". I будучыня перад iмi можа прасьцерлася проста й прывабна, як тыя ўрадлiвыя гонi, калi-б не мясцовыя "косткi ў горле". А косткi гэныя - Бурак Косьцiк i Шпунт Лявон - дзесьцi ўрачыста й
фанабэрыста крочылi на самым перадзе грамады.Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку - вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.
I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?
Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве "косткi" пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, - насамперш Маршалкаў - i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.
Затуканаму-загуканаму мужыку, якога чужыя й свае паны стагодзьдзямi абскубалi, можыш нагаварыць мiльёны прыгожых слоў i яны нiчога ня будуць значыць у параўнаньнi з прыгоршчамi ягонай уласнай урадлiвай зямлi. Няхай яго сабе зь няверным Тамашам побач паставяць: не дакранецца рука зямлi дык i не паверыць.
Лёгка пераплюнеш бiблiйнага недаверка, калi брату твайму сярмяжнаму зь няпамятных гадоў розныя прыблуды сёмае неба абяцалi, а ўсё да гвалтаў i рабункаў зводзiлi. Дзiва няма, што й абяцаньнi "улады народнай" сяляне адразу пад абстрэл узялi. Вывялася-ж яна з таго самага кодла, дзе некалi спачатку ўзбуйнеў i растучнеў, а пасьля прадзедаў iхных у прыгон загнаў сама ненажэрны й прагавiты "самадзержац". Праўда, тупее гадамi памяць людзкая й мала дзе ў краiне пагвалчанай жылi яшчэ сьветкi таго найбольшага й найжахлiвейшага народнага паўстаньня. Лiтоўскi-ж патрыярх Якуб - атожалак часоў сiвых-бурлiвых, звычайна маўчаў, але пры нагодзе патрапiў раскалупаць балючую рану народную. I за што тады змагалiся? За волю, за кавалак зямлi свае, за тое, каб маскаля пазбыцца... Колькi яшчэ песьняў з тых часоў датрывала...
Мо й прыйшоў нарэшце зьдзекам канец? Мо й запраўды перамянiлася на лепшае? Мо й сам згрыбелы дзед лiтоўскi дачакаўся адплаты за ахвяры паўстанцаў Калiноўскага, мо й нарадзiлася тое вечна чаканае, нiколi неасягальнае "сьветлае заўтра"? А можа гэта ўсё - стары хвальш i абман у новай хворме?
Разважаючы такую магчымасьць, - а была яна надзiва рэальная, - аблiваў Пракопа пот сьцюдзёны, цяжка валачылiся наперад ногi i ў вачох цямнела. Кволае здароўе ледзь давала вытрымку такiм духовым выпрабаваньням. Калi-б не насеў Алесь, не пайшоў-бы, мусiць, на падзел зямлi.
– Плюнь ты, швагрок, на басякоў гэтых. Яны-ж толька тое робяць, што iм зьверху загадаюць, - тлумачыў Алесь.
– Гэта-ж ня Косьцiкава й Лявонава ўласьць, а новая, савецкая, каторая ўсiм чысьцiнька,што працуюць зямлю во даць хочыць. Ну а як даюць, казаў той, дык бяры...
Пракоп уважна зiрнуў на швагру. Гаварыў той самы чалавек, каторы нядаўна яшчэ так камплетна й згодна патакiваў яму, што басякi свае й чужыя да ўлады дабралiся. Неадступна назаляў вочы пабiты напокуцi абраз Прадславы й аж цяпер трасло жыватом пры згадцы сьмярдзючай самагонкi, каторую сiлай лiлi.