Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Закрываўленае сонца
Шрифт:

"Калi даюць, дык бяры, а як б'юць, уцякай". Разумная, цi нi адвечная, ад калыскi прыжытая праўда. Адно-ж - процiлежнасьцi.

Уверх дном нейкую вялiкую жыцьцёвую пасудзiну перакулiлi. Вазьмi хаця млын той. Жорны бакамi вылазяць. Гэтта ў памяцi шматразовыя вандраваньнi на млын у Гацi i ў Докшыцы, гэтта й сьлязьлiвы, змораны Сявенька, гэтта й шчодрыя дакоры й балючыя пытаньнi. А прыгадай бясконцыя чэргi за нафтай, хлебам, сольлю, цукрам, не гаворачы ўжо пра якi трант, каб цела прыкрыць. Што гэта? Парадак цi арганiзаваны хаос? I як знайсьцi цэлы корань ладу нейкага, калi з аднаго боку няспынны паток абяцаньняў бурлiць,

а з другога галеча й безгаспадарлiвасьць.

Лягчэй было-б Алесю ў новыя парадкi цi беспарадкi ўжыцца. Нiдзе далёка ад вёскi нагой ня ступаў, а хоць i кемлiвы быў мужчына, вока ягонае так далёка як Пракопава, не сягала. Ня быў Алесь на працы ў Петраградзе, ня зьведаў нiякага далёкага сьвету й не пацярпеў ад мясцовых двух злыдняў. Пракопу-ж абрыдзеў i вялiкi, чужы горад i куды больш дапяклi, чаго ў магiлу не загналi басякi гэтыя.

Пакiдаючы збоку пытаньне пра сваю й Алесяву жыцьцёвую дасьветчанасьць, адзiн факт, можа асноўны ключ, усiх ягоных турботаў, трымаў у галаве Бахмач. А факт гэты, як сьвет абжыты i ўсiм вядомы, сьветчыў, што не магла iснаваць нiякая, ня толькi вялiкая й магутная дзяржава, калi ня было ў ёй парадку, устаноўленай заканамернасьцi. Як нi ганьбавалi ўжо цара калiшняга, ды ўсё-ж пад панаваньнем ягоным кажны бачыў нейкую заканамернасьць, дысцыплiну й парадак. Гэтта-ж гавораць i абяцаюць адно, а робяць iншае. Трацiўся давер i да гэных, што наверсе, не гаворачы ўжо пра злыдняў, што на сваiм сялянскiм хлебе вырасьлi. А мо ўвесь гэты беспарадак i быў новым парадкам?

Пракоп жахнуўся пры такой новай думцы. Калi-б так было, дык навошта й каму гэта патрэбна? Дзяржава-ж мусiць жыць, усе часьцi ейнага арганiзму мусяць пасьлядоўна сваё рабiць. Глядзi во што будзе навет у тваей собскай гаспадарцы калi, скажам, ладу ў сям'i няма...

– Нешта-ж ты надта надуўся, - пачуўся голас збоку.

– Га?

– Кажу, што з табой?
– спытаў Пракопа Алесь.
– Цi табе яшчо нiздаровiцца?

– Ды нiчога, так сказаць... от думкi...

I яны йшлi далей.

– Казаў табе раней, - прадаўжаў Алесь, - што нiма чаго надта думаць. Даюць дык бяры.

Трымаў прымаразак i скрыпеў пад нагамi тонкi сьнег. Пракоп не азiраўся па бакох, не заглядаў у вочы Алесю адно праз кут вока маячыў шваграў сiлуэт. Разьвярэджаныя думкi выклiкалi больш пытаньняў чымся даходзiла адказаў. Дзесьцi ў глыбi сьведамасьцi загнязьдзiўся закаранелы, небясьпечны страх. Дакараў сябе Бахмач за тое, што цi нi шукае дзiркi ў цэлым, намагаецца лiшняе выдумляць. А мо ранейшы перапалох яшчэ трымае? Гэта-ж нi жарцiкi, так бакi набiлi, гэтак пазьдзеквалiся, што цяпер i бацьку роднаму цяжка паверыць было-б.

А мо бязладзьдзе гэтага новага ладу адно часовае зьявiшча? Самi-ж бальшавiкi нi раз казалi, што "нi адразу Маскву пастроiлi", трэба "абаждаць", усе такiя малыя недарэчнасьцi, як чэргi пры крамах, цi нейкi млын, каторы ня можа зь млiвам справiцца - зьявiшчы пераходныя, спрычыненыя тым, што разбураецца стары й будуецца новы парадак. Вось дзе яно: "новы парадак". Гэты "парадак" на ўсе спосабы скланялi, сялянскiя вушы iм абтрапалi. А ад чаго пачынаецца "новы парадак"? Ад разбурэньня й беспарадку?

"Эх, можа й шукаю дзiркi ў цэлым", - думаў Пракоп.
– "Дадуць, дык вазьму, а што пасьля... адбяруць, дык адбяруць..." Гэткiм канчатковым выснавам падбадзёрыўся Пракоп i зiрнуў навокал. Пярэднiя сяляне згрупавалiся ля гасьцiнцу

на малым сугры, што да забароненай зоны прымыкаў. Зонай гэнай быў ладны кавалак поля, абгароджаны высокiм плотам з калючым дротам. У вадным куце загарадкi, далекавата аж пад лiпавiцкiм гаем ляжалi стосы мэталёвых бочак. Казаў нехта, што ў бочках бiнзiну трымалi. Ля тога кладу бочак вiдаць было двух жаўнераў у даўгiх шынэлях, з пупаватымi будзёнаўкамi на галовах i штыкамi на стрэльбах, пераз плячо перавешаных. Блiжэй пад лiпавiцкi сад, абкапаныя зямлёй, тарчэлi рулi гарматаў, цi ня зэнiтак. Вартаўнiкi былi й каля гарматаў.

Лiтоўскiя сяляне маўклiва пазiралi на Косьцiка.

– Так вот, значыцца, - пачаў Сабакевiч звонкiм голасам, - будзем браць, значыцца, па алфавiця. Хто першы ў нас?

– Бахмач, мусiць?

– Ну так, ён-жа на "бэ".

– Давайце яго сюды! Таварыш Бахмач, сколька зямлi вам?

У Косьцiкавым голасе гучыць звычайная дзелавiтасьць, нi iронii, нi пагрозы. Азiраючыся на швагру й вясковых, Пракоп падыйшоў да Сабакевiча. Абапёршыся на змайстраваны зь бярозавых прутоў трохкутнiк, сьмярдзеў з боку карашкамi Захарук, нехлямяжа трымаў у кiшэнях гладкiх портак рукi Шпунт Лявон i калоў маленькiмi вочкамi старшыня камбеду.

– Сколька вам зямлi, спрашываю?
– паўтарыў Косьцiк.

– Як гэта?
– перапытаў Пракоп.
– Колька-ж дадуць...

Як перапалоханы заяц, Пракоп недаверлiва сачыў начальнiкаў. Калi-б замiж абяцанага кавалка зямлi пачалi ў бакi камшыць, - дай Божа здаровыя ногi.

– Дадуць... дадуць!
– гарэзьлiва перакрывiў Косьцiк.
– Спрашываю, сколка хочаш?

– Дык значыцца можна колька хачу?
– ня верыў Пракоп.

– Табе-ж кажуць: бяры колька хочаш!
– прыкiнуў Тодар.

– Яно-ж так, - пацьвердзiў голас у грамадзе.

– Калi так... дайце восiм актараў, - асьмелiўся Пракоп.

– Ну вот, так даўно сказаў-бы, - выцягнуў правую руку зь кiшэнi Шпунт.

– Так i запiшам: Бахмачу восiм актараў.
– пацьвердзiў Косьцiк.
– Пiшы, Лявон. А вы, - зьвярнуўся да Захарука й Пятуха, - бярыце й мерце. Там вiдзiця гэны куст пры гасьцiнцы? От ганiце трохвугольнiкам прама на яго. Як адмерыце сколька да яго метраў, тады адшчытаiм сколька палагаiцца ўшырыню. Панятна? Ты, Лявон, шчытай сколька квадратных метраў далжно быць.

– Па дзесяць тысяч на актар, - нядбайна адказаў калiшнi драгомiшч.

– Знаю й бiзь цябе, - зiрнуў iранiчна Косьцiк.
– Запiсвай i шчытай сколька ўсяго.

Лявон выняў зь кiшэнi блакнот i ўзяўся запiсваць.

– Дый нi забудзь, што трэба плян па распрадзяленьню зямлi начарцiць i пасьля ў сiльсавет пiрадаць, - паважна закончыў Сабакевiч.

Перастаўляючы бярозавы трохкутнiк, Захарук пасоўваўся пад чыгунку. Побач яго шкандыбаў, копцячы "казiнай ножкай", старшыня камбеду.

– Семдзесят тры, семдзесят чатыры...

Захарук спынiўся перад слаба сьцятай лёдам лужынай.

– Абыйсьцi, цi як?
– спытаў Пятуха.

Лужына была вялiкая. Абыходзячы, дакладна не адмерыш.

– Чорт яго знаiць, - плюнуў Сымон, выцягнуўшы з роту "казiную ножку". Давай бокам, нiма чаго мачыцца.

Асноўная група сялянаў, мiж iмiм колькi жанчын, трымалася на сугры. Некаторыя-ж сiгалi перазь нiву, узараную пад зяблiва, прысыпаную сьнегам, наглядаючы, мусiць, лакомы кавалак.

Поделиться с друзьями: