Закрываўленае сонца
Шрифт:
Сытуацыя крыху перамянiлася, як "саветы" прыйшлi. Тыя "саветы", як мо й самiм чуць давялося, - салдатнi пераважна, - поўныя кiшэнi лысых мелi. Лысымi звалi дзесяцiрублёўкi, або паiхнаму чырвонцы, а гэта таму, што на iх тая найбольшая, значыцца значыцца галоўная бальшавiцкая брыда была намаляваная. Здарылася цi раз, што замiж запраўдных лысых бальшавiцкiя жаўнеры "гасударсьцьвiннымi аблiгацыямi" за тавар плацiлi. Гэта былi прыгожа зробленыя паперкi, што дзяржава за пазыку людзям давала й грашовае вартасьцi яны ня мелi. Штучку гэту, вядома-ж, сяляне мясцовыя хутка пранюхалi i ўжо ведалi запраўдных лысых, ад розных "аблiгацыяў" iх адрозьнiвалi.
Людзi
Няўцямнасьць зьмянiла спадзяваньнi ў сялянскiх вачох, калi за тыя "лысыя", колькi нi тарчы ў чарзе ля таго сельпо цi гарпо, навет фiгi макавай табе ня купiць. Як што прывязуць, дык няйнакш напаказ.
– Дык напляваць на гэту брыду лысую!
– сказаў народ, маючы на думцы бальшавiцкiя грошы, што так прынадна шалясьцелi.
– Сваё, значыцца, аддай, а купiш за iх фiгу.
Вось з такой, дабрадзею мой, прычыны надта-ж скора апусьцеў гацкi рынак. Невялiкi сякi-такi гандаль, - з кошыка й з-пад палы, - перанёсься ў тыя вiлы да Габiшынай крамы. Вядома-ж, i бяз брыды лысай зусiм не пражывеш, асаблiва калi яна вунь па цэлай зямлi таўчэцца, людцам добрым цярпеньня й бедаў спорыць. А ў ваўторак, у самы белы божы дзень, выходзiлi й вылазiлi на гацкi рынак суседнiя куры й пеўнi, дый тыя разглядалiся ўважна навокал, каб якiя саветы за хвост не ўчапiлiся.
Самiм давялося пра кастрычнiцкую цi акцябрскую чуць? Гэта-ж кажуць, што сёмага лiстапада сьвяткаваць яе тут будуць. Мусiць таму з дошак тыя вунь чатыры з малаткамi й пiламiнейкую трыбуну цi што будуюць. Але-ж. Калi самiм ня собiла нiколi нiякай кастрычнiцкай сьвяткаваць, дык заглянiце. Кумпанii, кажуць, усялякае будзе. Насамперш, кажуць, зьявiцца вялiкае бальшавiцкае начальства, дый сваiх разявякаў, пэўне-ж, падганяць ня будзе патрэбы. Як на яе нi глядзi, гэта самая кастрычнiцкая то, мусiць, нейкi новы цымус, ад каторага, як камiсары заўсёды i ўсюды аж да няпрытомнасьцi вярзяць, зусiм новы й найбольш шчасьлiвы бальшавiцкi сьвет пачаўся.
Нядоўга давялося Дунi Янука намаўляць.
– Пойдзем, Янучок, - пачала лагодна дзяўчына.
– Ты-ж ведаеш, усiм наказваюць, каб iшлi. Гэта-ж вялiкае сьвята iхнае, дый наша. А разам з тым i нашу школу цяперака паглядзiш. Яна-ж каб ты вiдзiў як зьмянiлася...
– Эт, чаго мне тамака, - пачаў адмаўляцца хлапец.
– Дый увiдзiш хлопцаў сваiх... усе твае дружбанты ў школу ходзяць.
Гэтта Макатунiшка на чульлiвую струну наступiла. Карцiла Януку даўно ў школу зазiрнуць, прайсьцiся дарагiмi для памяцi клясамi й калiдорамi, паглядзець хто зь ягоных аднакласьнiкаў на школьную лаўку вярнуўся.
– Ну добра, - згадзiўся Янук.
Ранiца таго кастрычнiцкага сьвята бальшавiцкага, што на сёмага лiстапада выпала, нiчога пацешнага не
варажыла. Вецер гнаў хуткiя золкiя хмары й адно каля дзясятай крыху пасьвятлела.– Дык што-ж ты, гэта нi гатовы яшчо?
– навалiлася Дуня на Янука са скрыпам дзьвярэй.
– Дык як-жа iсьцi, калi, мусiць, дождж будзiць?
– апраўдваўся хлапец.
– Якi табе дождж! Усе вуньдзiка йдуць. Хадзi, бо спозьнiмся. Нам-жа ў школу на час зьявiцца сказалi. Скарэй!
– цягнула Макатунiшка.
– Табе то так... ты вучанiца. А мне тамака з боку-прыпёку, - ня ўступаў Бахмач.
– Ну от што пачаў! Ты-ж у нас свой мiж сваiх. З радасьцю прымем, ня толька што. Скарэй!
– А ты, Мiкола, куды?
– спытаў Янук брата.
– Пайду i я, - адказаў брат.
– I ня лень табе?
– Ну а чаго? Часу-ж ёсьць, нi сiнакос-жа гэта.
– Ты з намi?
– спытаў Янук.
– Ды дзе там маiм нагам з вамi справiцца. Бяжыце ўжо, а я неяк памалу павалакуся.
Янук з Дуняй адразу ўзялi борзды крок i выперадзiлi шмат каго па дарозе. Яшчэ здалёку спасьцераглi сабраную перад школай вучнёўскую моладзь. У групах i паасобна над галовамi тарчэлi ўсе аднаго памеру, недзе аднэй рукой змайстраваныя ледзянавокiя дыктатары. Мясцамi вецер тузаў разгорнутыя палотны, што крычэлi:
ДА ЗДРАВСТВУЕТ ПОБЕДОНОСНАЯ ОКТЯБРЬСКАЯ СОЦИАЛИСТИЧЕСКАЯ РЕВОЛЮЦИЯ!
ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН ОТЕЦ И УЧИТЕЛЬ НАРОДОВ ВСЕГО МИРА!
ДА ЗДРАВСТВУЕТ...
Янук ужо спраўляўся з чытаньнем, хоць i ў расейскую школу яшчэ не хадзiў. I прыгадалася яму, што ўжо недзе раней падобнае бачыў: i транспарэнты, i лёзунгi, i вялiкую грамаду людзей. Дзе гэта было? Мусiць у тых фiльмах, што бальшавiкi вечарам у Лiпавiчах паказвалi. Адно там людзi iншыя былi: яны ў баях змагалiся, iх падганяў той самы лысун, каторы на грошах намалеваны. Так яно й было.
...ТОРЖЕСТВЕННОЕ ШЕСТВИЕ...
чытаў далей Янук.
– Чаго разявiўся?
– таўханула пад бок Дуня.
– Ды вунь панапiсвалi. Ты вiдзiла такое?
– Вiдзiла. Хадзi, я табе вучыцялёў пакажу.
Макатунiшка ўчапiлася й цягнула Янука за руку.
– Вунь там на ганку стаяць, - паказвала.
Янук яшчэ ня ўсьпеў разгледзець тых на ганку, як зачапiўся за нейкую нагу. Ён ледзь ня ўпаў i зараз пачуў знаёмы гулкi рогат. Адвярнуўся.
– Здароў, Янук!
– прамянiўся й дыхаў амаль у вочы твар Загорнага Лявон, таго самага, з каторым гады два ў гацкай школе на аднэй лаўцы сядзеў.
– Здароў, здароў, Лявон!
– зь вялiкай радасьцю ўсклiкнуў Бахмач.
– Як маешся?
– Добра, браток. Толька от пра цябе часта думаў. Чаму гэта ў школу ня ходзiш?
– Ды знаiш...
– зацяўся Янук.
– Усякае лiха. Трэба было-б.
– Праўду кажаш. Нi глядзi на лiха. Навука навукай...
I тады Лявон зусiм да Януковага вуха прылiп.
– Хадзi, пацягнем, - шапнуў.
Пакуль Янук скумекаў што й да чаго, той ужо за руку яго цягнуў. Забеглi за вугал школы, на той бок дзе нiкога ня было.
– На во, пацягнi.
– А што гэта?
Загорны трымаў у руцэ паўлiтровую плоскую пляшку, амаль больш паловы напоўненай празрыстай вадакасьцю.
– Во пацягнi дык будзiш ведаць. Нi марудзь-жа. Я захiну, на ўсякi выпадак, каб нiхто ня вiдзiў.
Янук выцягнуў корак i ўважна яго абнюхаў.
– Дык гэта-ж цi нi маскоўская чыстая? Алi чаму бутылка такая? Яны-ж у круглых прадаюць. А налепка дзе?
– Вось i дурань ты. Пiралiў у плоскую, каб у кiшэнь было выгадней улажыць. Цягнi, нi марудзь!