Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Прыняў рашэнне — i пранікся такой замілаванас цю да Барыса, што хацелася абняць яго i заплакаць, прытуліўшыся тварам да капітанскага пагона.

«Хлопчык мой! Мы назначым цябе камандзірам эскадрыллі. А дурня таго, упэўнены, ты правільна выкінуў. Я адкажу яму. Я так адкажу, што сорамна яму будзе пёрад унукамі будучымі. На каго пішаш, чарвяк балотны?»

Хаваючы вочы, пакорпаўся ў шуфлядзе стала, доўга шукаў штосьці, a знайшоў чысты аркуш паперы. Працягнуў Барысу: — Пішы рапарт. I сам выйшаў з кабінета.

III

Пыльчанка намерваўся выбраць Пустахода старшынёй у Высокім Гаі. Малады Дзяніс Карака хоць i рабіў у калгасе ўжо дзесятак гадоў аграномам, галоўным аграномам, i нядрэнным, здаецца, быў спецыялістам, кіраўніком гаспадаркі не цягнуў, той думкі трымаліся ўсе раённыя службы аграпрама. Не сучаснымі метадамі

працаваў малады чалавек. Ад бацькі навучыўся ці не? Бацька яго ў пасляваеннае дзесяцігоддзе быў брыгадзірам, заганяў на працу ледзьве не бізуном, здаралася, што i рукам волю даваў. I сын паводзіў уладаром, падабраў пад сябе i сельсавет, i сельпо, i лясніцтва, i школу. З калгаснікамі гуляў у дэмакратыю — іншы час. Але вяльможнасць адчувалася i тут; хітрэйшыя выкарыстоўвалі яго слабасці на карысць сабе, а незалежныя, свабодалюбівыя людзі канфліктавалі са старшынёй, скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі. Наяўнасць апазіцыі зрабіла Караку падазроным да хваравітасці: у кожным, хто не ліслівіў яму, не кланяўся, бачыў патэнцыяльнага непрыяцеля, які рана ці позна абавязкова зробіць яму зло. Ад такой падазронасці зрабіўся па-фарысейску зласлівым, на адкрытую барацьбу мала з кім выходзіў, але гадасці ўмеў рабіць, часам даволі ўмела, хітра, так што i не прычэпішся, ён, маўляў, i ведаць нічога не ведае.

Перасяленне пустаходаўскага калгаса ў ix сельсавет моцна не спадабалася Караку не толькі лішнімі клопатамі. Але не запярэчыш жа — бяда! Прыняў Івана Пустахода i яго калгас, як добрых гасцей. Сам нібыта жартам, але не без хітрасці, для праверачкі, прапанаваў:

— Прымай, Іван Іванавіч, калгас, вызвалі ад гэтай ношкі няўдзячнай. Колькі ні працуй — начальству не дагодзіш.

— Што ты, Дзяніс Міхеевіч! У мае гады пасля такой аварыі! Падумай, што гэта такое! Усё, што нажывалася не гадамі, лічы стагоддзямі — зямля, сенажаці! — усё страціць за адзін дзень… На вайне такога не было! Адзенне, якое было на нас той тыдзень, i тое рэкамендуюць замяніць. Раздзенься i стой голы. Дзякую, што прытулілі людзі добрыя пагарэльцаў без падсмаленых аглобляў. А ты — калгас! Два! Не па кані ўжо, брат, такі воз. Не пацягну.

Супакоіў. Але ненадоўга. Пыльчанка прымусіў назначыць Пустахода загадчыкам малочнай фермы. I ўся сям’я яго пайшла на ферму — не толькі прафесар даення Ліза, але i Марыя Пятроўна, i Паша, i Віктар — вазіў кармы. За тыдзень-два на ферме адбыліся прыкметныя змены. Галоўнае — рэзка падскочылі надоі. У вёсцы загаварылі пра пустаходаўскае чарадзейства. «Слова знаюць» — заключылі бабулі.

Добры гаспадар павінен быў парадавацца, у раёне націскалі на тых, хто мог даць адносна чыстае малако, папоўніць страты, што дала эвакуацыя амаль трэць гаспадарак. Але Карака не ўмеў радавацца. Як усе людзі яго складу, ён ва ўсім бачыў падкоп пад сваю пасаду, пад сваё становішча. Скептычна хмыкаючы, казаў i сваім i ўпаўнаважаным з раёна, з вобласці, з Мінска (цэлыя дэсанты высаджаваліся не толькі ў райцэнтры, але i ў яго, дзе на лясных дарогах не стаялі шыльды «На ўзбочыну не сыходзіць!», «У лес не хадзіць!»):

— У такі час i мы гналі малако. Травішчы колькі нарасло! Зялёнай масы навалам! Падвозчык свой. Лішняе не пакурыць. Малайчына! — хваліў Пустаходавага зяця — не загадчыка фермы.

Пустаходу зайздросціў Карака даўно, кал i яшчэ ездзілі на семінары ў яго калгас. I не адзін ён. «Мульціміліянеру» Целешу не зайздросцілі: яго метады былі відавочныя i для астатніх, грэшных радавых, недасягальныя, як метады Старавойтава, Ралько… Пустаходу, безумоўна, да ix далека. Але яму зайздросцілі менавіта таму, што ён — «высокі серадняк», якіх сотні, якія, па сутнасці, кормяць народ. Але Караку раздражняла, што ніякіх асобых метадаў у Пустахода ён не мог пераняць, што сам ён, здавалася яму, працуе лепш, хітрэй, з большым прымяненнем рэкамендацый вучоных, a вынікі не тыя. Падазраваў, што немнагаслоўны Іван Іванавіч ад таго i гаворыць мала, каб скрыць самае істотнае на семінарах. A ўрэшце хіба толькі дурань не бачыць прычыну яго поспеху — дружба з начальствам. Карака ажно зайздросна «каракнуў», калі даведаўся, што Пыльчанка i Пустаход пажанілі дзяцей, парадніліся.

I вось аварыя падкінула яму рабочую сілу, якой не хапала. Давай, разгортвайся, пакуль зямля чыстая. Але i падкінула прэтэндэнта на яго месца, мала што сам ён адмаўляецца. Пакуль што, можа, i шчыра адмаўляецца. Пакуль што… Недарэмна зачасціў Пыльчанка i кожны раз, раней, чым заглянуць ў праўленне, пашукаць старшыню, заглядвае да сваякоў на ферму. Спрабаваў Карака падаслаць сваіх даярак:

пра што сваты гавораць паміж сабой? Ды хіба такія вароны здольныя выведаць штось, падслухаць сакрэты! Ды i гэтыя зубры два былі б дурнямі, каб ровам на ўсю ферму вылажылі свае патаемныя думкі i планы.

Насцярожвала не толькі работа Пустаходаў на ферме. Большасць эвакуіраваных чакалі, калі ім дзяржава пабудуе дамы. У калгасе працавала ПМК ажно са Светлагорска, пачалі будаўніцтва двухсот дамоў. Пачалі… але калі скончаць? Дзіцяці зразумела, што так нельга распыляцца. Але такія планы надзвычайных камісій, саюзнай, рэспубліканскай, абласной, раённай, па ліквідацыі аварыі. Усе спяшаюцца, верхнія падганяюць ніжніх. Аўрал. Усенародая праява клопатаў аб пацярпелых. Пустаходы ж будуюцца самі. I не ў пасёлку, дзе ПМК заклала падмуркі шчытавых дамоў, а пасярод сяла, насупраць калгаснай канторы. Выбралі пустую сядзібу — гаспадары перабраліся ў горад, такіх тут добрыя дзесяткі два, купілі старую хату, што каторы год стаяла з забігымі вокнамі, зашклілі, паднавілі, перабраліся ў яе ўсёй сям’ёй i побач, на месцы хлява, узводзяць вялікі рублены дом. I расце ён, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Бо акрамя двух наёмных цесляроў, што робяць цэлы дзень, па вечарах працуе вялікая талака — дзесятка паўтара людзей.

Карака здзіўляўся: няўжо столькі сваякоў маюць? Ды не ж, калгаснікі робяць, памагаюць. Чужыя людзі. Але не забароніш жа ім.

Грунтоўна Пустаход будуецца. Надоўга. Навечна. Дурнем трэба быць, каб не разумець, на што разлічвае. Сам, можа, i не праяўляў бы такой актыўнасці, ды яўна Пыльчанка падштурхоўвае.

I Карака пачаў употайкі тыцкаць ім у колы кіёчкі, пакуль што тоненькія, так, драбяза, але, глядзіш, i вылеціць нейкая спіца ў коле. Найперш прыціснуў Віктара з машынай — каб ніякіх безнарадных паездак. Ды Пустаходу светлагорцы пачалі памагаць. Завошта ж? Не за добрыя вочы. Не планавы ж аб’ект. «Хабарчык умее падсунуць», — заключыў Карака.

Пустаходы не толькі будаваліся — думалі пра будучыню, пра восень i зіму, жылі, як належыць сялянам. Урабілі задзірванелую сядзібу. Пасадзілі га родніну, бульбу. Позна. Але вясна цёплая, дажджы прайшлі. Усё расло, як на дражджах.

Бульбу i там, дома, апрацоўвалі па старой методзе: як толькі пачала ўзыходзіць — паскарадзіць драўлянай бараной, выбраць пустазелле, якое расло хутчэй.

Займалася гэтым няўрымслівая Ліза. Як бы больш за ўсіх ёй трэба. Плакала па доме ў родным сяле i з апантанасцю будавала новы на чужой сядзібе. I грады яна садзіла i палола ў перапынках паміж даеннем кароў. Маці ашчаджалі — у яе ціск. Ды i бацька хіба што кіраваў хатнімі справамі, адной фермы яму не хапала для дзейнасці, чалавек прызвычаіўся да шырокага фронту работ. Віктар на машыне, на трактары, на камбайне мог усё зрабіць, дзень i ноч працаваць, але капаніцу — ці браў у рукі? Ды i на конях любіў хіба вярхом праехаць, лічыў, што ў цяперашні час конь павінен служыць для прыгажосці, для спорту, а не ў хамуце, які націрае яму карак, хадзіць.

Паміма волі Пустахода пры эвакуацыі ўсіх коней калгаса, а там ix была сотня, пагналі на мясакамбінат, Плакаць хацелася старому старшыні.

Тут, у Высокім Гаі, коней засталося нямнога, хоць калгас меў невысокую механізацыю. Коні вясной былі на расхоп, i імі распараджаўся сам Карака. Новыя калгаснікі, прыпяцкія, як ix назвалі, не адразу сцямілі, што коні ўмацоўвалі ўладу старшыні над людзьмі. Ix г эта здзіўляла. Там, дома, не толькі Пустаход не займаўся конямі, але i ніводзін брыгадзір; трэба табе конь — вазьмі ў бухгалтэрыі квіток з сімвалічнай аплатай — ад колькіх капеек да двух py'oлёў — у залежнасці ад работы, i ідзі да конюха. А тут трэба пакланіцца. Як пасля вайны. Толькі што самагонкі ўдовы не прыносяць. А можа, i прыносяць пад час пасяўной, калі дарагі кожны дзень.

Меўся пастаянны конь пры ферме — для падвозкі i адвозкі дробных грузаў. Але дні два назад Карака крычаў на возчыка, глуханямога хлапчыну, што той робіць «налева». Яўна Пустаходам крычаў, бо бралі яны разы два каня гэтага на будоўлю — жэрдкі з лесу прывозілі, гліну з кар’ера…

Віктар прывёз аднекуль барану з драўлянымі зубам!. Ліза загадзя напярэдадні прынесла ад лесніка, што жыў у вёсцы, хамут, пастромкі, ведала, што збруі на ўсіх коней не хапае.

Пасля ранішняй дойкі, калі на траве ляжала яшчэ раса, Ліза пабегла ў праўленне — захапіць старшыню, пакуль не паехаў у брыгады ці ў райцэнтр. Весела далажыла пра ўчарашні надой, ён не проста вырас — падскочыў. Карака, схаваўшы рэўнасць да поспехаў сям’і Пустаходавай, пахваліў асабіста яе; такую жанчыну нельга не пахваліць.

Поделиться с друзьями: