Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Адзін з першых рэцэнзентаў рамана Г. Дашкевіч («Зорка роспачы i жалобы», «ЛiM», 10 мая 1991 года) кінула аўтару такі папрок: «Засмучаюць на старонках рамана грубыя прастамоўныя словы, якія, магчыма, у нейкай ступені дапаўняюць i

ўзмацняюць стан безвыходнасці, які існуе ў жыцці ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй. Ды мог жа пісьменнік раней абыходзіцца без ix. Як бы там ні было, a літаратура — з’ява эстэтычная».

Чамусьці я нешта не заўважыў у рамане «грубых прастамоўных слоў», а наконт «эстэтыкі»? Божухна, пачынаеш ужо сумнявацца, ці зможа ўратаваць прыгажосць свет, жыццё, калі магчыма такое. Прыгадайма, як пасля чарговай аперацыі ўрачгінеколаг Ірына Пыльчанка ca слязьмі кідаецца да свекрыві:

«— Мама! Мамачка! Я не магу! Я не магу выкідваць ix у памыйнае вядро.

— Каго? — не адразу сцяміла Вольга Андрэеўна.

— Дзяцей. Дзяцей! Мамачка! Я сёння зрабіла пяць аперацый. Хто гэта выдумаў… рэкамендаваць аборты? Чаму нас было не вывезці ў першыя ж дні?

I як бы сцяміўшы, што прагаварылася — нас, змоўкла».

Натуралістычна гучыць? Яшчэ як натуралістычна! Эстэты, тыпу першага сакратара райкома камсамола Сяргея Плечкі, ад падобнага пагардліва адвярнуцца. Ім прыгожанькія касцюмчыкі падавай! Ix бяздзейнасць уратоўваюць саладжавыя словы, якія нічога не значаць.

Сёння такія дзеячы i ад партыі адмаўляюцца. Але ці не з ix, гатовых заўсёды ўзнімаць аднадушна рукі «за», яна i стварала свае найбольш няздольныя кадры? З ix жа падрасталі i кіраўнікі тыпу Лявонція Мікалаевіча.

Цяжка чытаць твор. Цяжка, ды неабходна. I не адзін раз, a некалькі. Бо на старонках яго — сама праўда сучаснасці. Бо на старонках яго — наша цяперашняе жыццё, якое, як ні аздабляй, якімі абяцанкамі ні напаўняй — камуністычнымі ці дэмакратычнымі — лепшым не стане. Да той самай часіны, пакуль усе мы не пазбавімся абыякавасці. Пакуль не напоўнім кожнае жаданне сваё дзеяннем, працай. Інакш Чарнобылям, хай сабе i духоўным, спадарожнічаць нам яшчэ доўга i доўга.

«Злая зорка» — першы беларускі раман аб Чарнобылі. Параўноўваючы яго з творамі, аўтары якіх аператыўна зрэагавалі на ўсеагульную бяду (возьмем хаця б раман украінскага пісьменніка У. Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя»), адчу ваеш, наколькі I. Шамякін больш аб’ектыўна i псіхалагічна заглыблена адлюстраваў падзеі, да якіх, думаецца, літаратура будзе звяртацца яшчэ неаднойчы. У тым ліку i беларуская.

Алесь Марціновіч
Поделиться с друзьями: