Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Іван, угавары, дзяцей, што нельга ім туды. Ірыну ўгавары, каб ехала з імі дадому…

Іван Іванавіч рэзка падняў галаву — так, што рухам гэтым адкінуў з вачэй, з ілба мокрыя валасы. Яго скаланула гэтае дадому. Да якога дому? Да чыйго? Няма ў дзяцей дому! Няма маці! Пыльчанка ў вачах яго прачытаў: пра гэта сват падумаў. I не даў яму адказаць — амаль крыкнуў сыну:

— I ты, Глеб! Ды будзь ты мужчынам! Загадай жонцы… Я пайшоў пазваніць…

Адышоўшы, сцяміў: нечакана, у парыве, ён сказаў людзям усю праўду. Нядобра сказаў, не падумаўшы. Пра начальства i без таго гавораць многа ўсялякай небылі, а ён як пацвердзіў адну з псіхалагічных легенд: пра сваіх падумаў, сваіх трымае далей ад гэтай праклятай зоны, a ім, прастакам, абяцае хуткае вяртанне. Неабачліва i неразумна да крыўднага. Якраз ён адзін з тых, хто змагаецца

з бяздумнымі аптымістамі, што абяцаюць эвакуіраваным хуткі зварот у родныя сёлы.

На падыходзе да будынка праўлення ўбачыў праз адчыненыя шырокія вокны — у кабінетах замітусіліся людзі. Як хавалі штось ці кагосьці. Ці не Караку? Адчуў страх ад магчымай сустрэчы з ім.

Праўленцы сустрэлі старшыню райвыканкома пачціва i баязліва. Ён ведаў: Карака не ўмеў добра гаспадарыць, але каманду сабе падабраць умеў, на гэта людзі яго тыпу маюць асаблівы талент. Бухгалтараў гэтых, планавікоў, аграномаў, заатэхнікаў ён, Пыльчанка, неаднойчы лавіў на прыпісках, для ўласнай выгады яны моцна спаяныя i спетыя. Але пакуль моцна трымаецца патрон. Карака ўмеў трымацца. Самакрытыкавацца ўмеў. За гэта ці невядома за што яго падтрымлівалі. Лаялі i выручалі. Гэтак, між іншым, рабіў i ён, Пыльчанка. Ліслівасць Каракавай каманды сведчыла, што кіраўніка свайго яны ўжо спісалі. I гэта Уладзіміра Паўлавіча абурыла таксама. Ён адчуў глыбокую знявагу да ix, мабыць, у жыцці яшчэ не было, каб ён зневажаў адразу цэлую групу, добры тузін людзей. Выявіў гэтую знявагу тым, што аб справах, сельскагаспадарчых, будаўнічых, ні з кім з ix — ні з намеснікам, ні з галоўным аграномам — гаварыць не стаў, хоць меў намер крута пагаварыць. I не спытаў нават: дзе Карака? Поўная знявага. Пазваніў — i пайшоў, не развітаўшыся.

Ірына, дзеці паехалі, ніхто ix не ўгаварыў. Скарыўшыся, Уладзімір Паўлавіч уціснуў ix разам ca сваццяй i Вольгай Андрэеўнай у сваю машыну.

Варта была папярэджана, але загадзя вароты чамусьці не адчыніла.

Пахавальны картэж спыніўся перад калючым дротам. I тады збялелая Ірына сказала свекрыві:

— Мама, мы паедзем дадому. Паедзем, дзеткі?

Яна ўпершыню ўбачыла дрот. Спалохалася? Не.

Пра радыяцыю яна ведала больш, чым любы з прысутных. Баязлівай не была. Калі i спалохалася, то за дзяцей — за сірат сестрыных i… за свайго. Дзіўна, што i дзеці, якія так упарціліся, тут, перад дротам, моўчкі згадзіліся паехаць з цёткай у горад. Але развітанне ix з маці акрывяніла бабулям i дзядам, ды i ўсім астатнім, сэрцы. Такога развітання, можа, не было яшчэ на зямлі — такой невядомасці не толькі таго свету, куды пераселіцца Мaнi, але i гэтага, дзе пачыналі жыццё яны, малыя, дзе ім трэба жыць. Што ix чакае?

Падсаджаная ў кузаў Тома з крыкам упала маці на грудзі:

— Мамачка! Забяры мяне! Я не хачу! Не хачу! Не хачу!

Цяпер ужо Ванечка, стоячы ў кузаве каля труны i рыдаючы, прасіў сястру:

— Томачка! Томачка! Ну, не трэба… не трэба так. Плакалі ўсе. Не плакала адна Ірына. Развітаўшыся з сястрой, яна рашуча ссадзіла дзяцей з кузава, запіхнула ў «Волгу».

Пыльчанка махнуў шаферу, i машына крута развярнулася.

Паставы адчыніў вароты.

IV

Дзіўна змяніўся Сінякоў: у прысутнасці Пыльчанкі ні ў чым не выяўляў сваёй улады, давяраў i давяраўся цалкам яму, старэйшаму па ўзросту. I клапаціўся, як добры сын пра бацьку: ці паеў, ці адпачыў? З’явіліся пытанні, якія да аварыі здаліся б іранічна-смешнымі: ці памыўся, ці пераадзеўся? Пасля наведвання «гарачых кропак», таго ж Бабіна, дзе зямля «свяціла» на дзевяноста кюры. Уласна кажучы, гэтыя пытанні пайшлі ад яго, ад Пыльчанкі; ён першы, яшчэ ў першамайскія дні, калі маўчалі вучоныя i ўлады, задаў ix блізкім, сябрам. Дунца, які на свята аб’ехаў увесь раён, вельмі здзівіў, калі спытаў: «Памыўся?» Напэўна, гэта было ў «чысты чацвер», бо Дунец засмяяўся. Пакуль не дайшло да яго. A Сінякоў цяпер, заўважыў Пыльчанка, перш за ўсё ў яго пытае пра гэта — пасля кожнай паездкі. Не забыўся спытаць i пасля пахавання Лізы.

Спачатку Уладзімір Паўлавіч скептычна i недаверліва паставіўся да такой увагі i клапатлівасці чалавека, які да таго залішне дбаў пра сваю ролю першай асобы. А потым сцяміў: змены з людзьмі адбываюцца, як на вайне, на перадавой, дзе кожны разумны малады камандзір адкідае амбіцыі i давяраецца больш вопытнаму, старэйшаму, абстралянаму. Абстрэл нуклідамі ў ix быў

аднолькавы. «Абстрэл» начальствам быў розны па часе i інтэнсіўнасці — Пыльчанку заўсёды даставалася больш.

На клопат Пыльчанка адказаў клопатам. Яны пасябравалі — праз два гады сумеснай працы. Бяда з’яднала. Сінякоў жыў без сям’і. Сумаваў. Вольга Андрэеўна па-мацярынску апякала яго. Разам праводзілі кароткія адпачынкі: вячэралі ў Пыльчанкі. У адну нядзелю нават дазволілі сабе паехаць на раку. Не на Прыпяць. На Дняпро, кіламетраў за сто, у тое казачнае месца, дзе Бяроза ўпадае ў Славуціч. Радаваліся, што дзеці, калі намералі амаль нармальны фон. Засталіся чыстыя мясціны! Мелі сакрэтную інфармацыю, што за дзвесце з гакам вёрст — на ўсходняй мяжы Беларусі, i за мяжой яе, узровень радыяцыі вышэйшы, чым ў ix гарадку, — як у Бабіне.

Сінякоў спытаў, зноў жа заклапочана:

— Уладзімір Паўлавіч, вытрымаеце разбор Караю?

Пыльчанка задумаўся:

— Соплі ліберальныя не распусціце? Не пашкадуеце?

Раней сакратар напэўна амбіцыйна пакрыўдзіўся б, а цяпер засмяяўся.

— Аднак якой вы думкі пра нас.

— Даўно вывучаю псіхалогію суддзяў. Вельмі ж пакручастая ў ix логіка. Бываюць строгія i гуманный там, дзе не трэба.

— Не бойцеся, не пашкадуем. Такога не пашка дуем.

— Выганяйце без мяне. Ды так, каб на ўсё жыццё запомніў. Не хачу бачыць яго паганую морду. Паеду лепш у калгас, назначу в. а. Пакуль Іван акрыяе.

Усе згадзіліся, бадай, яшчэ да няшчасця з Лізай, што выбіраць старшынёй у Гаі трэба Пустахода. Лепшай кандыдатуры не знайсці. Ды, уласна кажучы, ніхто i не здымаў яго: дзве трэці калгаса перасялілі туды. Але пасля адцягвалі, давалі чалавеку ачуняць ад гора; бачачы, як ён здаў, не адважваліся гаварыць з ім аб такім цяжары. Не адважваліся Сінякоў i старшыня РАПА. Спадзяваліся на Пыльчанку, маўляў, яму прасцей. A Уладзімір Паўлавіч не гаварыў па іншай прычыне. Якія выбары, калі спынена будаўніцтва дамоў? Дзе людзі жыць будуць? Прыйдзецца ехаць пустаходцам далей на поўнач, на чыстыя землі. Але час ішоў, а каманда не паступала. Ён «браў за горла» старшыню камісіі, абласное начальства. Глуха.

Іван Іванавіч прыехаў сам, яшчэ больш счарнелы, схудалы, з сівой барадой — хутка яна адрасла. Пыльчанка прыезду яго не ўзрадаваўся: прыйдзецца ўсё ж гаварыць. I не вельмі шчыра. Нават з Іванам не вельмі шчыра. Праўда, тут, у цесным кабінеце, усё ж неяк лягчэй гаварыць, чым там у калгасе, дзе i хаты ў чалавека няма, — у кароўніку ці ў полі на нуклідным ветры трэба гаварыць. Спытаў ледзьве не з прывітання:

— Ну, Іван, гатовы калгас прыняць?

— Які калгас?

— Ды свой! Свой! Твае ж людзі там. Калі i далей прыйдзецца ім ехаць, — сказаў-такі праўду! — затрымліваць цябе не будзем.

Пустаход доўга сядзеў, сагнуўшыся, упёршыся далонямі ў калені. Цяжка ўздыхнуў.

— Не, Уладзімір Паўлавіч. Які з мяне цяпер камандзір? Паснедаць забываюся. Паеду я адзін. З сям’ёй, канешне. Не магу я тут. I Маша не можа.

— Куды ты паедзеш?

— У Віктара брат працуе механікам у Бабруйскім раёне, у саўгасе. Віктар туды вырашыў падацца. А мы хіба можам жыць без унукаў? Ад бацькі ix не забярэш. I мачысе Маша не аддасць. Цяпер толькі ўнукі i будуць трымаць яе на гэтым свеце. Дай бог, у Ірачкі ўсё будзе добра…

— Дай бог. Вось так i ў бога паверым, Іван. Памойму, Вольга ў царкву хадзіла. Дадуць мне па шапцы, калі так. A забараніць ёй не магу. Тут, брат, самому часам хочацца памаліцца. Накрычышся, намацюкаешся з дурнямі — што брудам сябе заляпаеш. Радыяцыю вадой змываем… яна нябачная i не брыдкая… А гэты бруд чым змыць? Не змываецца нічым. Шклянку гарэлкі хіба хапнеш — чысцейшым быццам бы адчуваеш. Але i ад гэтага радасці няма. Не размовы гэта з людзьмі, не адпачынак. А як дэзінфекцыя на вакзале. Ад заразы. На ўзбочыну нельга з’ехаць. На палянку. На асфальце п’ем, пасярод поля. Каб ніхто не захапіў знянацку. А дзе яшчэ? У лесе, на лузе — радыяцыя, у сталоўках — даносчыкі. Вялікі закон! Што начальства парушае яго — тут жа напішуць. Не знаю, як хто, а я лічыў бы вялікім уніжэннем даваць тлумачэнне за тое, дзе што я выпіў — атручаную нуклідамі ваду ці чыстае «Кабернэ». Дурны закон! Колькі дурнога робім, Іван! Разумеем, што не трэба таго i гэтага рабіць, a робім. Мяне чуць не з’елі, калі я выступіў супраць, каб будаваць пасёлкі для адселеных у нашым жа раёне. А цяпер… вінаватых няма. A калі пачнуць шукаць ix, то мяне i знойдуць. За ўсё адкажу я, стрэлачнік.

Поделиться с друзьями: