Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

Арганiзатар "урада" зiрнуў на шляхцюка.

– Ты ня бойся. Наш просты дзядзька цябе гэткага разумнага шляхцiца прадасьць, купiць i грошы палiчыць.

– Зьдзiсек, перастань ты!
– гукнуў да Мыдлеўскага Фост'як.

– Я гэтых хамаў знаю...
– буркнуў той у адказ.

Дзежка ўдаў, што ня чуў апошнiх слоў.

– Ну дык давайце, хлопцы, вып'ем. Бяры, Чарнецкi, ты гэту пляшку, - сунуў Дзежка суседу вiно, - ты самы тут у нас, мабыць, паважнейшы й пачынай, а я буду з гэтай.

– Дык ты-ж ураду ня скончыў арганiзаваць, - спасьцярог Самароб.

– Няважна, братка, зарганiзую пасьля, а цяпер вып'ем за ягоныя посьпехi.

У гэты час Спарыш, пачуўшы знадворку шумiху, увайшоў у палатку.

– А вось i яшчэ адзiн мiнiстр, -

паказаў на новапрыбылага Скронскi.

– Так, братка, - хлопнуў Дзежка па плячы Сымона, - добра, што на час зьявiўся. Арганiзую беларускi ўрад i якраз раздаю мiнiстэрскiя партфелi. Хочаш цёпленькую пасаду?

– То як гэта ты?
– усьмiхнуўся Сымон.
– З пляшкаю ў руцэ ўрад арганiзуеш?

– Ну, ведаеш, трэба-ж за здароўе й за будучыя посьпехi аблiць крышку. Дык давайце, хлопцы: за здароўе новага беларускага ўраду!
– падняў Дзежка ўверх пляшку й прапаласкаў горла.
– На, цягнi, Самароб, i перадавай далей.

– За здароўе беларускага ўрада!
– гукнуў Скронскi й нахiлiў пляшку. Абедзьве пляшкi пайшлi па руках. Кожны, не шкадуючы, стараўся добра пацягнуць.

– Давай-жа мне, а то ўсё вып'еш!
– адбiраў наступны.

– То як-жа там з партфэлямi?
– пытаўся Скронскi.

– Няхай сабе то й жарт, - заўважыў Чарнецкi, - але як беларускi народ будзе нас паiць, дык, можа, й нашы суседзкiя дачыненьнi ўнармалiзуюцца.

– Ясна, абы пабольш вiна й водкi.

Усе дружна засьмяялiся.

– Дык вось што да мiнiстраў цяпер, панове, - прадаўжаў Дзежка, - Самароба назначаю мiнiстрам гандлю, Яронскага - вайны. Сымон Спарыш будзе ў мяне мiнiстрам юстыцыi - надта-ж паважная й вялiкая ў яго галава. Кацялок, панове, у яго варыць, што называецца. На мiнiстра юстыцыi падходзiць. Згода, панове?

– Згода, брава!
– памог Скронскi.

– Лабуна... чакайце, што-ж тут даць Лабуну?

– Дай яму гаспадарку, - прапанаваў Чарнецкi.

– Куды ён. Гаспадар зь яго нiякi. Беларусь галадаць будзе, - жартаваў Дзежка.
– Вы-ж не забывайцеся, што й вам, палякам, харчы прадаваць будзем, бо ў вас-жа на тых голых мазурах нiчога надта не расьце. Не, мусiць. На мiнiстра гаспадаркi я каго iншага знайду, а цяпер мушу Лабуна партфелем забяспечыць.

– Дай яму вонкавыя справы.

– Дай яму партфель хамскае асьветы. Будзе вучыць кацапаў, як клапоў i вошы ганяць, - параiў гэтым разам ужо надта-ж голасна Мыдлеўскi.

Усе ў палатцы сьцiхлi й пазiралi на Дзежку. Той змоўк i пачырванеў. Ледзь заўважна дрыгнула нiжняя губа. У вачах зьявiлiся маланкi. Мыдлеўскi ня першы раз дапякаў Дзежку й iншым беларусам i цяпер цi не перабраў мерку.

– Ты агiдны, сьмярдзючы паразiт!
– прашыпеў зьмяёй арганiзатар "ураду". Ты гнiль з падонкаў жыцьця людзкога! Я-б цябе, гада...

Мыдлеўскi ня даў скончыць. Маланкаю кiнуўся на Дзежку. Беларус адступiў пару крокаў убок, а былы асаднiк з разгону, зачапiўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накiнуўся на яго й пачаў таўчы кулакамi.

Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасьцераглi сур'ёзнасьць выпадку. У палатцы падняўся крык i вэрхал. Змагароў пачалi разбароньваць, а Фост'як, выбегшы на двор, клiкаў службовага. У дзьвярах пачуўся прарэзьлiвы гук сьвiстка й вырасла высокая фiгура капрала падхаронжага зь бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.

– Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?

Змагары стаялi пасярод, засопшыся, i абтрасалi з вопраткi пясок.

– Ён на мяне накiнуўся, пане падхаронжы!
– жалiўся Мыдлеўскi.

– Я на цябе накiнуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць!
– баранiўся Кастусь.

– Цi ня бойка гэта тут была?
– распытваў службовы.

– Нiхто ня бiўся, пане падхаронжы, - асьмелiўся Лабун.

– Як то не бiўся? Ён мяне бiў!
– крычаў паляк.
– Пане падхаронжы, я ня лгу. Я яму гэтага не дарую.

– Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.

IV

Камандзерам чацьвёртай роты "цэнзусоўцаў" быў сярэдняга росту,

лысаваты й гарбаносы лейтанант Эдвар Цясьлюк, празваны жаўнерамi Эдзем. У войску ёсьць два роды афiцэраў: франтавыя й заднiя або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлiвацца лiтараў загадаў, сачыць за найменшымi дробязямi; пiльнаваць, каб блiшчэла на кожным рэкруце вышлiфаваная спражка й зьзялi выглянцаваныя чаравiкi; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы ня было анiводнай пылiнкi, каб былi зашпiлены ў жаўнерскiх мундзiрах усе гузiкi й аплiкi; спасьцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе ня было анiводнай валасiнкi i каб у шэрагу роты, пастаўленай на "зважай", не зварухнулася без загаду анiводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць i абрыдзiць жыцьцё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было-б сьмела залажыцца, што калi-б Эдзё нейкiм чынам трапiў ваяваць на фронце ў лiку рэкрутаў, якiх школiў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося-б атрымаць, прыляцела-б ня з боку працiўнiка, а ззаду ад сваiх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афiцэры й ня высылаюцца на фронт, хiба ўжо ў самыя крытычныя часы, калi вычарпаюцца афiцэрскiя рэзэрвы.

Адылi Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неабходныя й лiшнiя дробязi, валодаў яшчэ й iншым талентам, - яму, прынамсi, здавалася, што гэта быў талент, - красамоўства. Калi не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Бяз сумлеву лiчыў сябе адным са слупоў узгадаваньня вызвольнай польскай армii, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выкананьня загадаў i розных, часамi аж камiчных драбнiцаў, уважаў здольнасьць прамаўленьня за адзiн з найважнейшых сваiх атрыбутаў. Калi-б Эдзё, з гэтымi прамоўчымi здольнасьцямi, апынуўся нейкiм чынам на перадвыбарчай плятформе мiтынгу ў дэмакратычнай краiне, то здарылася-б адно з двух: або пасьля колькiх хвiлiн прамаўляў-бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў-бы абшлёпаны памiдорамi й гнiлымi яйкамi. Але Эдзё быў вайсковым афiцэрам. У войску-ж цi табе хочацца цi не, падабаецца цi не, а слухаць мусiш. Афiцэр тое выкарыстоўваў i хiба сам адзiн у найбольшай меры насалоджваўся собскiмi прамовамi.

Амаль кожнае ранiцы, пасьля агульнае раньняе малiтвы, сьнеданьня, падлiку людзей i рапарта чацьвёртая рота хаця-нехаця мусiла слухаць колькiхвiлiнныя Эдзевы прамовы. У лейтананта было шмат тэм, сярод найбольш улюбёных былi - аб чысьцiнi й парадку, аб падпарадкоўваньнi загадам i аб розных духовых "цнотах".

Выпадак зь Дзежкам i Мыдлеўскiм адкрыў перад Эдзем новыя небакраi. Чампiён пашырэньня й узгадаваньня розных духовых "цнотаў" убачыў перад сабою новыя вялiкiя магчымасьцi выяўленьня сваiх прамоўнiцкiх здольнасьцяў.

Перш за ўсё назаўтра два вiноўнiкi былi паклiканы да карнага рапарту. Мыдлеўскаму лейтанант даў адно вуснае папярэджаньне, а Дзежку пакараў чатырма гадзiнамi гэтак званае "стойкi ў поўным рыштунку". Кастусь адбываў кару на працягу чатырох дзён у абеднюю пару - па адной гадзiне кожны дзень. Роўна а дванаццатай адзначаўся ў службовага падафiцэра роты. Апрануты быў як для паходу, улучна з плецаком, шлемам, патранташамi й стрэльбай. Пляцак напакаваны быў прыпiсаным жаўнерскiм рыштункам. Вопратка мела быць вычышчаная й выпрасаваная, як з-пад iголачкi. Службовы падафiцэр пасьля iнспэкцыi адводзiў Дзежку ў цэнтральнае месца на пляцы перад палаткамi роты, дзе ставiў пакаранага на "зважай" са стрэльбаю на левым плячы, i ў гэтай пазыцыi юнак мусiў адстаяць цэлую гадзiну. Каму здаецца, што гэта лёгенька, няхай паспрабуе пастаяць гадзiну, як сказаў-бы селянiн, улегцы, а ня то што наладаваўшы на сябе мо пуды два рознага знарадзьдзя. Пакараны ня мае права зрабiць найменшага руху, акрамя морганьня вачыма. Галоўная небясьпека - млявасьць, што праз пэўны час апаноўвае пакаранага. "Стойка" ў асноўным i палягае на змаганьнi ўкаранага з млявасьцю i драньцьвеньнем цела. Апрача ротнага службовага падафiцэра, што ня спускаў зь Дзежкi вока, заглядаў у роту дзеля дапiльнаваньня адбыцьця кары й батальённы службовы афiцэр.

Поделиться с друзьями: