Змагарныя дарогi
Шрифт:
– I з гэтага ты надта зьдзiўлены?
– Прызнацца - так. Чалавек шмат чаго нядобрага ведаў i бачыў у палякаў, але спадзяваўся, што мо вайна зрабiла на iх нейкi дадатны ўплыў, навучыла чаго. Кажуць - дасканалiшся ў нядолi. Можа, яно не адносiцца да палякаў, а мо Эдзё - вынятак. Калi-ж яны ўсе такiя, тады трэба iх пашкадаваць, бо не скарысталi зь вялiкай гiстарычнай лекцыi.
– Ведаеш, я не фiлязоф i ня гiстарычны тэарэтык. Але тое-сёе ў гэтым разбiраюся. Успомнi дачыненьнi палякаў да беларусаў мiж гэтымi войнамi. Польскiя паны, дзякуючы сваiм iнтрыгам, дурной палiтыцы ў дачыненьнi падбiтых народаў i бяздарнай гаспадарцы, зруйнавалi ня толькi сваю "Карону", але й Вялiкае княства Лiтоўскае. Лагiчна вынiкала-б, што доўгая няволя
– У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысьць, што палякi сяньня, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць i ейныя асновы? Ад таго часу, калi лёс спалучыў шляхi беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяцiць, а цяпер амаль зусiм зьнiкла. Толькi маскалi на тым скарысталi. Польскiм панком варта было-б зрабiць парадак у сваiм катушку, пакуль у чужы пхацца. Нiколi нiкому ня прынесьлi яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палiтычнай недасьпеласьцi, самi лятуць у бездань i iншых за сабой цягнуць!
– Нам трэба зь iмi мець як найменш супольнага. Як ты кажаш, будуць цягнуць нас за сабою ў бездань.
– Гэта ўсё справы будучынi. Цяпер вось трэба неяк ператрываць, асьцерагацца, каб панскiя "псы" цябе ня ўкусiлi. Можа, варта вучыцца на iхных памылках. Гэта цi ня будзе найбольшая карысьць для нас у польскай армii. Прыйдзе канец вайны, й хто ведае, як будзе сьвет выглядаць. Але што-б нi сталася, тое, што навучыўся, - тваiм будзе, а для нашай Бацькаўшчыны патрэбныя спрактыкаваныя людзi. Вучыся на памылках ворага. Як прыйдзе час - будзеш ведаць ягоную моц i слабасьць. Змаганьне зь iм ня будзе тады вялiкай праблемай.
– Ты-ж хаця не пачынай змагацца цяпер, пакуль на iхным хлебе сядзiш.
– На iхным хлебе? Але-ж i дурань ты, хлопчык мой. А на чыiм яны? Ангельцы iх кормяць, i фактычна яны цяпер ня больш чым наймiты.
– Няхай сабе.
– Дык вось i "няхай сабе". Не зрабiлi яны для нас нiякай ласкi, прымаючы ў армiю. Кiравалiся сваймi iнтарэсамi й ня маюць чаго цяпер з чорнага рабiць белае. Ня быў-бы ты патрэбны iм за "пахолка" - фiгу цябе ўзялi-б.
– То праўда. Разумна гаворыш. Аж не пазнаю цябе часамi.
– Ну, ты ўжо кпiнкi ня строй, браце. Ясна, што праўда. I чаго-ж цяпер маюць зь сябе шляхоткаў удаваць, калi адзiным матывам iхнiм было выкарыстаньне нашых людзкiх сiл. Тут i прабiваецца, як пад вясну вада празь лёд, тая фальшывасьць, гнiлiзна й недаспеласьць iхнага палiтычнага характару. Заўсёды кiравалiся й кiруюцца лёгiкай таго нэгра, што сказаў: "Калi я ў каго ўкраў карову - дык гэта добра, а калi хто ў мяне ўкраў карову - дык гэта дрэнна".
– Ведаеш, я гаварыў зь Дзежкам, i ён раiў, каб мы абое падалiся ахвотнiкамi на фронт, -
перайшоў на iншую тэму Лабун.– На фронт? Ахвотнiкамi? Як гэта разумець?
– Ня ведаю й сам... Надакучыла гэта вазьня рэкруцкая, абрыдла, агоркла проста. Вечна толькi "зважай" ды "вольна". Чацьвёрты цi пяты раз ад таго самага пачынаем. Нейкай перамены трэба было-б.
– Але-ж Дзежкава башка й зварыла. Цi, можа, i твая тут памагла?
– Можа...
– Яго псiна гэта карае, а ён на фронт пайшоў-бы. Якая-ж тут лёгiка?
– Кажа, што асабiстыя прычыны.
– Кiнь ты. Няма ў яго асабiстых прычынаў, выдумкi толькi. Я лепш яго знаю, чымся ты. Зрэшты, калi ззаду можна тое-сёе зманкiраваць, то на фронце ня ўдасца. Цi мо пайшлi-б пры нагодзе ў палон да ранейшага пана? Ах, - махнуў Сымон рукою, устаючы, - я ня думаю, што гэта вы паважна.
– Была такая думка.
– Думкi могуць быць. Асаблiва ў Дзежкi дык аж роiцца ад iх у галаве. Ён, брат, такi гарачы. Як нешта пастановiць, дык зараз загараецца саламяным агнём. А праектаў i думак - цьма. Не хачу слухаць. Слухай, цяпер хачу аб больш празаiчным. Цi ня грызе цябе чарвячок часамi?
– Прызнацца, - пацерабiў Лабун за вухам, - дык грыэе. Варта было-б замарыць.
– Вось цяпер толкам гаворыш. А маеш за што?
– Павiнна дзесь быць.
– Ты-ж ня курыш. У цябе цыгарэтаў, пэўна-ж, i свiньнi не ядуць. Цягнi, брат, хутчэй. А я зараз знайду дзесь макароньнiка, й крышку заморым чарвяка.
– Чарвякоў, - паправiў Лабун, - бо й твайго таксама.
– А ты думаў, я аб якiм гэта? Ну дык ты насалоджвайся матэматыкай, пакуль я вярнуся, - казаў Сымон, узяўшы ад Лабуна дзьве пачкi цыгарэтаў i выходзячы па вiно.
VI
Кожная вёска мае сваiх баб-пляткарак, а кожны вайсковы абоз дзiвакоў-гэрояў. У Сан-Базыльё найбольш папулярным i ведамым гэроем быў ня хто iншы, як сам камандзер базы 7-й дывiзii генэрал Пшэўлоцкi, празваны Прашка. I прычынаю гэтага ня была яго пазыцыя як камандзера абозу, а зусiм iншае. Цi то ён сапраўды быў камiчным, цi то выглядаў камiчным у вачох жаўнераў - было, мабыць, адно й другое. Стаўся аб'ектам показак, жартаў i насьмешак...
Пшэўлоцкi распачаў вайсковую кар'еру яшчэ ў расейскай царскай армii. Быў чалавекам расейскай культуры i ўзгадаваньня. Як нi сьцярогся, расейскiя словы ўсё роўна траплялi ў ягоную мову, як i тая "пряжка", што сталася ягонай мянушкай. Генэрал меў слабасьць да блiскучых жоўта-залатых спражак, што аздаблялi шырокабрызентавыя ангельскiя вайсковыя пасы. Гэтак, сустрэўшы ў абозе жаўнера ды кiнуўшы вокам на брудны пас i спражку, генэрал нахмурыўся.
– Гэй, стшэльцу!
– гукнуў радавога, калi той адсалютаваў.
– Я ёсьць, пане генэрал!
– выпрастаўся радавы.
– Чаму ходзiце з такой бруднай пряжкай?
Радавы, зьбянтэжыўшыся, нiчога не адказаў.
– Пытаюся, чаму пряжка брудная?
– падняў голас на нотку вышэй Пшэўлоцкi.
– Не разумею, пане генэрал.
– Як гэта не разумееш? Хто за цябе мае чысьцiць?
– Што чысьцiць, пане генэрал?
– Дурнем прыкiдваешся? Пряжку чысьцiць, пся косьць!
– А што гэта такое "пряжка"?
– Пряжка то ёсьць... гэта ёсьць спшоншка, стшэльцу, - растлумачыў, на момант зьбянтэжыўся Пшэўлоцкi.
Ад гэтага часу мянушка прылiпла да старога афiцэра.
Расейшчына часьценька прабiвалася наверх то ў генэралавай гутарцы, то ў навыках. Аб расейскiм узгадаваньнi Пшэўлоцкага сьведчыў сапраўдны факт, што здарыўся пры адкрыцьцi курсаў для жаўнераў корпусу ў Мачэраце. Генэрал прамаўляў да вучняў, звяртаючы асаблiвую ўвагу на тое, каб не марнавалi часу, казаў, што патрабуе iх Бацькаўшчына, а дзеля таго ён лiчыць патрэбным падкрэслiць трагiзм Польшчы ў мiнулым.
– Польшча патрабуе асвечаных i квалiфiкаваных кадраў як у войску, так i ў iншых дзялянках дзяржаўнага апарату. Старайцеся й вучыцеся, каб гэныя кадры папаўняць, каб народ наш быў мацнейшы, каб у будучынi апяклi рукi тыя, што палезуць па наша дабро.