Змагарныя дарогi
Шрифт:
На наступны дзень пасьля пакараньня Дзежкi Эдзё наважыўся асьвяжыць свае прамоўнiцкiя здольнасьцi. Нагодаю была раньняя зборка пасьля сьнеданьня перад заняткамi ў полi.
– Рэкруты!
– пачаў да пастаўленай на "вольна" роты самародны Цыцэрон. Учора пакараў я радавога з нашай роты сумай чатырох гадзiнаў "стойкi ў поўным рыштунку пад стрэльбай". Ведаеце, што гэта адна з найцяжэншых караў, якiя ёсьць у войску, але я кажу, што за ягоную вiну - гэта кара надта лёгкая. Так, пане, гэта лёгкая кара, якую я мог адмераць за тое, што ён зрабiў. Нiколi, паўтараю, нiколi, колькi часу служыў я афiцэрам у войску, ня было мне мiла караць падуладных. Заўсёды аб гэтым зазначаў, казаў i вам колькi разоў, прасiў, каб вы захоўвалiся й трымалiся ўсiх рэгулямiнаў* i загадаў.
* Статутаў.
Гарбаносы лейтанант паправiў сваю напалеонаўскую паставу, кашлянуў разоў пару, прачысьцiў прасочанае алькаголем горла й пасьля, акiнуўшы суровым зрокам тры шнуры твараў, працягваў:
– Вы, можа, думаеце, што рэкрут Дзежка адбывае кару за звычайную бойку, пад час якой без правакацыi накiнуўся на невiнаватага сябру? Кажу вам, што не. То ня была бойка зь нейкае звычайнае прычыны. Бiлiся не таму, што падпiлi цi не падзялiлi дзяўчыны. Прычына была другая. Над ёй хачу й затрымацца.
Другi польскi корпус пасьля цяжкiх i зацяжных гэройскiх баёў у паўночнай Афрыцы пад Тобрукам i ў Iталii, асаблiва пад Монтэ Касына й на Лiнii Готаў, страцiў тысячы, а мо й дзесяткi тысяч сваiх найлепшых жаўнераў. Дарога наша са зброяй у руках да вольнай Айчыны яшчэ далёкая. Прайшлi мы, можа, толькi палавiну яе. Так, пане, хто ведае. Таму й армiя наша патрабавала новых папаўненьняў, сьвежых сiлаў. Таму, ведаючы, што акупант Польшчы сiлаю забiраў у свае шэрагi нашых "родакаў" i што яны цяпер, карыстаючы зь пераможнага маршу хаўрусьнiкаў, пераходзяць да iх масамi ў палон i жадаюць далучыцца да нас, наша каманда даўно папаўняе шэрагi корпуса палоннымi зь нямецкае армii. З гэтага дваякая карысьць: i для тых, што прыходзяць, i для нашай армii, бо яна расьце й мацнее. Найбольшая-ж з таго карысьць для нашай Айчыны Польшчы, бо ейнае дабро толькi ляжыць у нас на сэрцы.
Але не забывайцеся, што гiтлераўскi акупант Польшчы разьядаў i нiшчыў цела нашага народу. Вынiшчыўшы мiльёны голадам i ў канцэнтрацыйных абозах, ён уводзiў розьнiцу й сеяў нязгоду сярод жывых. Адным з мэтадаў такога "ружнiчкаваньня" быў вынаход на тэрыторыi Польшчы нацыянальнасьцяў, якiх раней ня было або якiя ня выявiлiся. Некаторыя людзi, якiм убiта ў галовы, што яны не палякi й што палякi - iх ворагi, трапiлi й да нас. Яны ёсьць прадукт гiтлераўскае палiтыкi, аб чым найчасьцей i ня ведаюць. Я скажу вось што: пара было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы, якiмi iх надзялiла перадваенная Польшча, i забыцца...
– Ачхi! А-ачхi! А-а-апсiк!
– пачулася гвалтоўнае кашляньне пару дзесяткаў асоб у роце. Эдзё раптоўна змоўк i, злосны, зачырванеўся. Былыя менскiя кадэты зрабiлi анёльскiя мiны й чакалi далейшага.
– ...кажу, варта было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы зь перадваеннай Польшчы, - працягваў са злосным нацiскам афiцэр, - i выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры". Так, пане, асаблiва цяпер, калi наша армiя ўзяла iх пад крыльлi свае апекi, павiнны яны быць удзячнымi Польшчы. Але здаецца, што яны яшчэ ня ўсвоiлi лекцыi. Пад нямецкай акупацыяй маглi пашыраць розныя дурнiцы й марыць аб нейкiм "ружнiчкаваньнi". Для нас-жа яны былi й будуць польскiмi грамадзянамi. Iхнi абавязак, так, як i наш, змаганьне за вызваленьне польскай Бацькаўшчыны. Таму дзiўна, што некаторыя зь iх, трапiўшы навет цяпер у нашыя адзьдзелы, стараюцца дэманстраваць нейкiя нацыянальныя розьнiцы. Я не хачу гэтага чуць i бачыць у сваёй роце!
– крыкнуў, ледзь не запенiўшыся, нашчадак езуiта Скаргi.
– Хачу папярэдзiць тых, што хочуць уводзiць у нас розьнiцы й нязгоду, што мусяць спынiць гэта неадкладна! Няхай выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры" дзеля свайго дабра. Або яны будуць добрымi жаўнерамi й добрымi польскiмi грамадзянамi, як усе iншыя, або, калi будуць далей прадаўжаць бруднае палiтыканства, для iх знойдзецца месца па-за рамамi армii. Так, пане. Запiшыце гэта сабе на лбе, да каго гэта адносiцца!
Чампiён духовых "цнотаў"
спынiўся, каб адсапнуцца, пераступiў з нагi на нагу й закончыў такiмi словамi:– Вы ўсе ёсьць жаўнеры, й аб тым, што маеце рабiць, думае армiя, у даным выпадку думаю я. Жывеце, працуйце, захоўвайцеся як жаўнеры. У войску няма й не можа быць нiякай палiтыкi. Ясна цi не?
Рота стаяла нямая. Злосны й зьбялелы Дзежка, здавалася, каб мог спапялiў-бы зрокам i разьвеяў бы цень Эдзi.
– Пане старшыня, - звярнуўся камандзер да старшынi роты, старэнькага, але чэрствага сяржанта харонжага, - дайце дыспазыцыi да дзённых заняткаў.
V
Вечарам таго-ж дня Сымон Спарыш заглянуў у палатку да Дзежкi. Там аж у дзьве партыi рэзалi ў "ачко". Сымон пакруцiўся i, лiчачы сваю асобу лiшняй, наважыў наведаць Лабуна. Застаў яго адзiнокага ў пустой палатцы. Пры млявым сьвятле сьвечкi нешта разглядаў у кнiжцы. Лабун належаў да людзей, якiх слушна называюць кнiжнай мольлю. Калi ня бываў п'яны цi падвыпiты (што часьценька здаралася), вольныя хвiлiны прысьвячаў кнiжкам. Быў надзвычайна здольны й начытаны. Сымон часьценька клiкаў яго прафэсарам.
– Здароў, прафэсар!
– прывiтаўся.
– Здароў, брат, здароў. Хадзi й прысаджвайся.
Сымон сеў побач i прыглядаўся да матэматычных фiгур у Лабуновай кнiжцы.
– Вось, братка, гэта дык неспадзеўка. Хто ў чым: адзiн у карты, другi на выпiўку, трэцi да дзяўчат бяжыць, а ты тут зь нейкiмi перапутанымi матэматычнымi фiнцiклюшкамi забаўляешся. Як цябе нешта такое цiкавiць можа ў такi час?
– Кожнаму, братка, сваё, як ты сам сказаў, - блiснуў матэматык акулярамi.
– Дык гэта ты называеш сваiм?
– Пэўна-ж. Я люблю матэматыку.
– Ну ведаеш ты што? Я-б хутчэй зразумеў, каб ты якi цiкавы раман чытаў, цi што... Не магу ўявiць, як нехта ў такiх абставiнах i пры такой атмасфэры матэматыку грызьцi можа...
– Дык вось ведай, што ёсьць адзiн такi, - распрамянiўся Лабун сьмехам, нагадваючым грымасу.
– Пахвалiся-ж хаця, як далёка залез ты па матэматычнай драбiне.
– Глядзi вось сам, - падсунуў хлапец Сымону кнiжку ў мяккай рудой вокладцы.
– Ого, братка, - кiваў Спарыш галавою, - ты ўжо так далёка, што я нiчога не разумею. Вышэйшая матэматыка? Гм... Ня ведаю, хвалiць цi ганiць. Навошта табе яна?
– А вось няхай будзе. Што навучуся - маё, нiхто не адбярэ, - адказаў Лабун абыякава.
– У школу iсьцi манiшся?
– Будзе вiдаць. Пакуль што няма магчымасьцяў.
– Можа й, выпадала-б табе пазайздросьцiць, што такую хлёсткую маеш мазгаўнiцу. Я каб i хацеў, то ня мог-бы, асаблiва ў такiх абставiнах.
– Невядома, цi лепшыя будуць.
– Я ня гэта меў на думцы. Мяне страшна прыгнятае тое, што мы воляй-няволяй папалiся да гэтых пшэкаў, i ты бачыш, якiя яны. Вазьмi гэты выпадак зь Дзежкам. Што ты думаеш наконт яго?
– Паводле нашага Эдзi, дык ён заслужыў.
– Эдзю маю ў... Пытаюся, як паводле цябе.
– Думаю, што гэта крайняе сьвiнства з боку Эдзi, вялiкая несправядлiвасьць. Шляхцюк даўно правакаваў i прасiў аплявухi. Але, ведаючы гэту псiну, цi можна было чаго iншага спадзявацца?
– Хлопцы нашы ўсе такой думкi, а палякi глядзяць па-рознаму. Можна выпадак ацэньваць з двух бакоў: як чыстую бойку - i ў даным выпадку Мыдлеўскага поўная вiна, бо ён першы на Дзежку скочыў, - або дашукоўвацца матываў i правакацыю разглядаць правакацыяй. Як нi вазьмi, якiм бокам нi абярнi, усяроўна кругом вiнаваты панок гэты. А Эдзё з поўнай сьведамасьцю судзiў аднабакова: прыпiсаў Дзежку ўсю вiну й знайшоў матывы ў нейкiм гiтлераўскiм выхаваньнi й "бздурах". Вось дык судзьдзя, каб ты галавой налажыў! Гэта-ж проста зьнявага й аплявуха для нас, беларусаў. Гэта, братка, найбольш i балiць. Якi-б ён дурны, гэты сукiн сын, нi быў, але тут прызнаць выпадае, што ведае, дзе ўдарыць у балючае месца. Хутчэй за ўсё ён кiраваўся абшарнiцкай логiкай: я тут пан, а ты - хлоп, ня варты майго польскага пса. Правоў нiякiх не маеш i дзеля таго мусiш лiзаць ногi свайму пану й яму падпарадкоўвацца. Вось як усё гэта выглядае.