Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

Да агульных гэткiх перажываньняў далучалiся зусiм асабiстыя, сямейныя. Постаць старога, хваравiтага, спрацаванага бацькi рэдка пакiдала юнакова ўяўленьне. Сьнiў страшныя сны: то капаў бацьку магiлку, то бачыў бацьку ў дамавiне, то выносiў тую дамавiну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Iталii й далей заўсёды круцiўся навокал бацькi.

"Цi не завiнiў я часам перад iм?
– пытаў сябе.
– Цi ня мусiў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьцi? А мо, - i пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, - мо бальшавiкi ўжо зьвялi яго са сьвету за тое, што я пакiнуў дом i што, будучы яшчэ дома, нiдзе ня крыўся са сваймi антыбальшавiцкiмi паглядамi? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А цi-ж ня было ў вёсцы здраднiкаў-юдаў,

дрэнных людзей?"

Думкi пра бацьку й сям'ю не давалi хлапцу супакою. Часьценька ўночы, сасьнiўшы бацьку, найчасьцей мёртвага, з дрыготамi будзiўся й выцiраў з твару халодны пот. Доўга пасьля ляжаў, адплюшчыўшы вочы, углядаючыся ў цемру й раздумваючы над цяжкiм лёсам. Адылi як мага падбадзёрваў сябе й мацаваўся на духу, прысягаючы на бацьку, радзiму i ўсiх сьвятых, што выкарыстае рэшту свайго жыцьця, не пашкадуе сiлаў, каб у будучынi служыць пакрыўджанаму й паняволенаму народу, каб адпомсьцiць крыўдзiцелям i катам - чужым i сваiм. I ў той момант сьведамасьць бясьсiльнасьцi радзiла бязьмежную злосьць i нянавiсьць на ўсiх тых, што старалiся й цяпер яго, Сымона, выкарыстаць для сваiх шкодных мэтаў.

"Каб гэта з Божай дапамогай, - думаў хлапец, - я стаўся нейкiм вялiканам або замянiўся ў непераможныя мiльёны, ведаў-бы, што рабiць. Пазьбiраў-бы па зямлi ўсе цацкi, званыя гарматамi, самалётамi й iншымi прыладамi зьнiшчэньня, пераплавiў-бы iх на плугi, машыны й iншыя прылады мiру й жыцьцёвага дабра, а ўсiм чысьценька людзям загадаў-бы працаваць i паводле запрацаванага атрымоўваць так, як вызначыў Бог. Даў-бы вольнасьць усiм народам i не дазволiў-бы на нiякiя крыўды цi зьдзекi. Любоў блiжняга сталася-б асноваю ўсяго жыцьця".

IV

Сымон часта параўноўваў сябе да пабочнага гледача, якi для задаваленьня цiкавасьцi выйшаў на гарадзкi ходнiк, каб прасачыць вялiкую й бурлiвую хвалю натоўпу, што бушавала й iмкнулася некуды да вызначанай мэты. Натоўп быў чужы, як i чужым было для яго змаганьне, на якое сьпяшылi хвалi людзей. Ён вось толькi сабе так, з простай, людзкой цiкавасьцi выйшаў з памяшканьня, каб блiжэй прыгледзецца, што навокал рабiлася й што азначала вялiкая мiтусьня. А мiтусьня й гармiдар павялiчвалiся, хвалi людзей нясупынна прабягалi мiма, дзесьцi чуваць было стралянiну, аднекуль несьлi параненых, цягнулi забiтых. Усё мацней бушавала й

буйнела людзкое мора. Яно разьлiлося ня толькi на шырыню прасторнай вулiцы, але пачынала паглынаць i тратуары. Шумела й пагражала, гвалтаўнела й раўло.

Пабочны глядач Сымон адчуваў i ведаў, што яго з тым морам нiчога ня лучыла, нiякiм чынам ня мог быць удзельнiкам, маленькаю пешкай у агульнай бушуючай стыхii. Стоячы гэтак i раздумваючы, не спасьцярог, як яго тоўхаюць i штурхаюць. Напаўдзiкая хваля, што ў чужой для яго мове тысячамi глотак крычала й раўла нейкiя лёзунгi, iмчала наперад, гусьцела й буйнела навокал. Ня прыйшло яму ў час у галаву, што можа паглынуць i панесьцi яго разам з сабой, дый не заўважыў, як, штурханы й пiханы чужымi локцямi й целамi, апынуўся ў самай яе гушчы - пасярод вулiцы. Сярэдзiна вулiцы была хрыбтом хвалi - плынь тут была найбольш ёмкая. Адно цяпер юнак спасьцярог, куды трапiў. Ногi яго, падбiваныя чужымi, чапалiся адна за другую, хаця-нехаця памалу крочылi ў агульнапрынятым кiрунку. У галаве мiльганула думка, што трэба за ўсякую цану ратавацца, вырвацца, прабiць неяк дарогу набок, iзноў апынуцца на ходнiку цi дзе далей зусiм збоку, адно каб у спакойным i зацiшным месцы. Калi ня ўдасца, ён дорага можа заплацiць за такую неасьцярожнасьць, бо воддаль вiдаць было ўжо мора агню, чуваць стрэлы гарматаў i дробнае зброi. Спрабаваў кiнуцца ў адзiн бок i ў другi, але людзкое мора так згусьцела, што трэба было разьвiтацца з думкамi аб ратунку. Хваля мела адзiн кiрунак i зь вялiкай гвалтоўнасьцю несла на хрыбце сваiм усё жывое. Нельга было ўстаяць i на месцы, бо вось тысячы людзей могуць павалiць цябе й растаптаць у жыдзенькае цеста. Выбару ня было - адно рухацца наперад ды за любую цану пры небясьпечнай нагодзе старацца захаваць жыцьцё.

Нейкая нябачная сiла кiравала той дынамiчнай хваляй, штурхала яе наперад да вызначанай мэты. Людзi, здавалася,

ап'янелыя прагавiтасьцю бою й крывi, напралом валiлi па дарозе ўсе стрэчныя перашкоды. Там, дзе на небакраi гарэла ў моры агню й рагатала тысячамi гарматных глотак зямля, крышылiся апошнiя ўмацаваньнi. Натоўп ведаў, што пасьля канчальнага збурэньня iх зможа ступiць на сонечны бераг недзе яшчэ далей, што й было ягонай мэтай.

Але вось раптам прыляцелi зусiм iншыя галасы. Сьпераду прыбегла вестка, што навет пасьля лiквiдацыi асноўнай перашкоды ня ўдасца нiкому ступiць на сонечны бераг, бо той ужо заняты быў чужымi цёмнымi сiламi, адгароджаны бар'ерам, якi нiколi ня ўдасца скрышыць сiламi натоўпу, навет калi-б ён i ўдзесяцярыўся.

"Здраднiкi! Прадалi нас, ашукалi!
– крычалi сьпераду на розныя лады. Куды йдзём? Да якое мэты? Навошта цяпер бязсэнсоўныя ахвяры?" Ды ня было выбару. Рух наперад прадаўжаўся па ранейшай iнэрцыi.

Гэтак Сымону Спарышу ўяўлялася польская армiя й ягоны ў ёй удзел.

V

Кароткi перапынак - калi льга так назваць перашкаленьне ў Сан-Базыльё скончыўся. Пешкi ў натоўпе - жаўнеры Другога Андэрсавага корпусу, хоць i ведалi ўжо, што iх здрадзiлi й Бацькаўшчыну бальшавiкам прагандлявалi, прадаўжалi свой сьмяротны марш. Загады зьверху гучалi, як i раней: наперад, да перамогi над ворагам!

Недзе на поўнач, у ваколiцы Рымiнi, цёк Рубiкон. Калiсь магутны Цэзар, пераправiўшыся цераз раку, сказаў: "Жэрабя кiнута" i пайшоў на пераняцьце ў свае рукi ўлады ў Рыме. Беларускi юнак таксама мусiў перайсьцi Рубiкон, але на другiм баку чакалi яго цемра й няпэўнасьць, небясьпека й безнадзейнасьць. Адылi ў сэрцы тулiў i песьцiў рэшткi разбураных надзеяў, як мага ўзмацняў веру ў першапачатковыя iдэалы, вынесеныя з далёкай, цяпер ужо нанава чужнiкамi крываўленай Бацькаўшчыны. Вера ў сьветлую будучыню свайго народу вызначыла мяжу мiж духовым жыцьцём i сьмерцю, мiж цяперашнiм ператрываньнем-перажыцьцём усёй падарожнай злыбяды й цярпеньняў i поўным падзеньнем у бездань.

Нiколi, нi на адзiн кароткi момант ня прыйшло юнаку ў галаву, што ў гэтай вайне мог-бы ён загiнуць. Ня мог-жа, проста ня меў права! Было-ж прызначэньне. Там-жа наперадзе быў яшчэ хто ведае якi вялiкi прастор часу, на прасьцягу якога давядзецца аддаць свае здольнасьцi, сьцiплыя веды й сiлы для пакрыўджанага народу. I шлях гэты цяперашнi... Хто-ж там ведаў, што собiла Богу ў галаву прыйсьцi. Можа, гэта дуга цераз колiшнi эльзаскi, а цяпер iтальянскi агонь была патрэбная, мо дарога ўжо павярнула на Бацькаўшчыну. Час i будучыня пакажуць. Цяпер адно: захавацца цэлым i непакалечаным i ператрываць!

Зрэшты, калi ўжо йдзе пра той самы натоўп, дык нельга цьвердзiць, што ён, Сымон Спарыш, трапiў у яго сярэдзiну, у той вялiкi i, як цяпер ужо было вiдаць, бязсэнсоўны вiр, зусiм прыпадкова, дзякуючы нейкай неасьцярожнасьцi. Першы-ж крок - той, зь Вiльнi ў Менск, - залежаў адно ад яго й больш нiкога iншага. Зрабiў яго сьведама. Мала таго - стараўся й сяброў з сабою цягнуць. Тое, што прыйшло пасьля, пэўна-ж, ад яго не залежала. Стаўся, як i сотнi тысячаў iншых людзей, пешкаю, дробненькаю макулiнкай, кiданай ветрам вайны па цэлай Эўропе.

Дык калi нельга было прытулiцца ў зацiшнае месца, не гаворачы ўжо аб поўным ратунку, трэба было неяк адно перажыць, захавацца цэлым, дый найлепш, каб зусiм непакалечаным. У будучынi патрэбныя будуць маладыя сiлы для яе адной, найдаражэйшай i наймiлейшай, што цяпер так моцна цярпела.

Значыцца - абы ператрываць!

БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Ў БЭРЛIНЕ

ГЕНЭРАЛ ЕЗАВIТАЎ, АСТРОЎСКI Й ШУВАЛАЎ

I

Беларуская Цэнтральная Рада пакiнула Менск 28 чэрвеня 1944 году. Працаўнiкi Рады пасьля шматлiкiх падарожных прыгодаў чыгуначным транспартам прыехалi ў Кэнiгсбэрг, дзе мелi iнструкцыi затрымацца. Радаслаў Астроўскi са сваймi ад'ютантамi й найблiжэйшымi даверанымi людзьмi накiраваўся аўтамабiлямi ў Лодзь. Меў там шмат знаёмых сьцежак-дарожак яшчэ з часоў перадваеннае Польшчы, калi зь Беларускае Гiмназii ў Вiльнi, дырэктарам якое працаваў, пераведзены быў туды на настаўнiка. Затрымаўшыся ў Лодзi, праседзеў там аж да прыблiжэньня фронту з усходу.

Поделиться с друзьями: