Знак бяды
Шрифт:
— Ціха, баба. Іха ўласць, што зробіш…
— Уласць, каб яна падавілася…
Мылі падлогу ўдваіх сцюдзёнай вадой — добра яшчэ, што ў цэбры было назапашана з ночы, да калодзежа было не падступіцца. Пятрок не хацеў туды патыкацца, Сцепаніда таксама. Падлогу яна добра вышаравала гальнём, выцерла таксама лаўкі, пашкрэбла нажом доўгі стары стол, пазмятала з падаконнікаў. Пятрок прыбіраў у сенцах, выносіў усё ў істопку ці пад хлявок на прызбу, нейкае рыззё, пакулле паўсцягваў на гарышча. Мабыць, ніколі яшчэ іхняе жытло не мела такой турботы, ніколі, нават у святы, яго не прыбіралі так, як цяпер па прымусу, і Пятрок думаў: хто ведае, як гэта спадабаецца галоўнаму немцу, а раптам не дагадзіш, што тады будзе?
Тым часам ля калодзежа даварваўся абед — дым з кухні амаль перастаў ісці, пара таксама скончылася, круглае вечка кухні было няшчыльна прычынена, і на падворку запахла
— Едуць! Баба, ці чуеш?!
Хапаючы штось на хаду, Сцепаніда выскачыла з хаты і прычыніла дзверы, яны абое стаіліся за шулам у сенцах і чакалі. Машына цяжка пхнулася па вузкай дарожцы і, як і раніцай, спынілася ў варотцах. Пятрок чакаў, што нехта выйдзе адтуль, але спярша там штось лязгнула, а пасля з той брызентавай буды пасыпаліся адзін за адным чалавек з дзесяць ці болей немцаў. Апрануты яны былі хто ў чым: у мундзірчыкі, нейкія курткі, двое ў плямістыя хвастатыя накідкі, і кожны з зялёным пляскатым кацялком у руцэ ці прышпіленым да дзягі. Зброі чамусьці ў іх не было відаць. Немцы не памкнулі да кухні, ля якой застылі абодва кухары, трохі часу яны папраўлялі дзягі, куртатыя свае пілоткі — пэўна, чакалі каманды. Тым часам з кабіны вылез чалавек у чорным цыратавым плашчы і высокім, як грэбень у пеўня, картузе з нейкаю белай адзнакай над казырком. Ён нешта сказаў перахлябістаму кухару, які паслухмяна цепнуў плячыма, нібы скалануўся, і толькі затым расслабіўся. Мусіць, то быў нейкі дазвол ці каманда.
— Ахвіцэр, — здагадаўся Пятрок.
Сцепаніда стала бліжэй да шула і маўчала, зышоўшыся ў страхавітай увазе да ўсяго, што рабілася на падворку. Але асабліва страшнага там пакуль не было нічога, салдаты абступілі кухню, і над іхнімі галовамі матлянуўся доўгі тронак кухарскага чарпака — пачыналася раздача абеду. Гэтаксама, як ля ракі ўлетку, калі на прывале харчаваліся нашыя чырвонаармейцы перад тым, як адступіць на ўсход. Цяпер ля калодзежа шчыльненька тоўпіўся тузін немцаў, нешта весела гергеталі і смяяліся, некаторыя спаласквалі кацялкі ля вядра, што стаяла пад тынам. Толькі афіцэр адышоўся воддаль, на сярэдзіну падворка, і, пазіраючы кудысь на страху хаты ці істопкі, дастаў з кішаня галіфэ тоненькі блішчасты партабак. Пакуль ён закурваў, Пятрок хацеў злавіць яго позірк, але вачэй афіцэра зусім не было відаць за шырокім, як конскі капыт, казырком картуза. Немец прыкурваў, паводзіў сюды-туды галавой, а побач усё нешта тлумачыў яму знаёмы кругленькі фельдфебель, паказваючы наўкола рукой. Мусіць, гэтая яго рука тыцнулася ўрэшце на дзверы, і тады афіцэр згледзеў у сенцах гаспадароў і чуйна знерухомеў паставай. Пятрок тузануў за плячо Сцепаніду.
— Глядзі, ідуць!
— Хай ідуць.
Але чорт ведае, што было ім рабіць — стаяць ці хавацца, ці, можа, выйсці і сустракаць гасцей на парозе. Пятрок разгубіўся трохі і калі, згробшы з галавы кепку, сунуўся на парог, немцы ўжо ступілі на камяні насустрач. Тады ён падаўся назад, у сенцы, адступіў задам да істопкі, утаропіўшыся ў твар афіцэра, каб зразумець, з чым — благім ці добрым — ідзе той у гэты іх дом. Ды толькі на яго маладжавым, добра паголеным твары нічога не было, апроч хіба спакою і камандзірскае цвёрдасці, цёмныя вочы яго пад чорнымі брывамі толькі безуважна слізганулі па гаспадарах, даўжэй затрымаліся на змрочным падстрэшшы сенцаў; вяртлявы фельдфебель ужо расчыняў дзверы ў хату, і афіцэр нетаропка пераступіў парог. Дзверы за сабой яны не зачынілі, Пятрок чуў з сянец, як яны там не доўга пагаманілі аб чымсьці, але галасы былі сцішаныя, быццам спакойныя. Пасля з ранейшай дзелавой мітуслівасцю фельдфебель высунуўся з дзвярэй і некага таропка гукнуў з падворка («ком, ком»), два салдаты, грукаючы цяжкімі ботамі, кінуліся да ганка, фельдфебель нешта загадаў ім, тыя згодна азваліся: «Яволь, яволь!» — і зноў бягом падаліся да вялізнай машыны пад ліпамі. «Аднак дысцыпліна!» — зважліва падумаў Пятрок, не цямячы яшчэ, што ўдумалі тыя, у хаце. Але зараз усё стала панятна — салдаты валаклі з машыны складныя жалезныя ложкі —
блішчастыя спінкі, плеценыя з металічных палосаў сеткі, нейкія пакункі, мабыць, з бялізнай і коўдрамі. Пятрок яшчэ адступіў да істопкі, каб не замінаць, і яны, порстка бегаючы, пачалі ўладкоўваць новы ўтулак у хаце, па не высахлай яшчэ падлозе соўгалі лавы, стукалі ложкамі. Да яго са Сцепанідай ніхто не звяртаўся, і Пятрок пачаў спакайнець трохі — можа, усё будзе добра. Ведама, папрацавалі, прыбралі ўсё як след, мабыць, будуць давольны. Але толькі ён падумаў так, як з-за шула ў дзвярах паявіўся вяртлявы фельдфебель, які, нібы малому, кіўнуў яму пальцам:— Ком!
Адчуўшы раптоўную слабасць у нагах, Пятрок увайшоў у хату, у якой пад абразамі на месцы адсунутага ўбок стала ўжо стаяў сабраны блішчасты ложак з клумкам бялізны на сетцы; з другім яшчэ поркаўся малады мізэрнага выгляду немчык. Мусіць, да Петрака ў іх з'явілася нейкая патрэба, бо афіцэр, расставіўшы ногі, пазіраў на яго ва ўпор. Іх позіркі сустрэліся, і сэрца ў Петрака здрыганулася ад прадчування блізкай бяды.
— Вас іст дас? — з напятай пагрозай у голасе сказаў афіцэр, тыцнуўшы пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху — на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім — партрэт Сталіна.
— Вас іст дас? — сцішана паўтарыў немец.
Пятрок усё зразумеў і маўчаў: бо што ён мог ім сказаць? Ён толькі з прыкрасцю пры сабе вылаяўся — трэба ж было так не даглядзець! Шаравалі падлогу, стол, прыбіралі ў кутках, а на сцены не паглядзелі нават. А цяпер во, расплата…
— Сталін, паночку, — запалым голасам урэшце выціснуў з сябе Пятрок, гатовы да ўсякай кары.
— Сталін карашо?
— Ну, ведаеце… Мы людзі простыя… Каму карашо, каму не надта… — паспрабаваў выкруціцца Пятрок, падумаўшы пры сабе: каб цябе маланка забіла, чаго ты да мяне вяжашся?
Позірку, аднак, ён не адрываў ад афіцэра, апасліва стараючыся зразумець, што будзе далей, якая спасцігне яго кара.
У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды чарнявы твар заставаўся ранейшы — спакойна-няўрымслівы, але рука пацягнулася на жывот, дзе злева ад спражкі грувасцілася тоўстая скураная кабура. Рука гэта з блішчастым вузкім пярсцёнкам на пальцы нетаропка расшпіліла язычок кабуры і ашчаперыла чорную рукаяць пісталета з тонкім даўгаватым ствалом.
«Ну, усё! — паныла падумаў Пятрок. — Як жа недарэчна, аднак… Каб хоць сказаць што Сцепанідзе…»
З ранейшаю неспяшлівасцю немец апусціў руку, другой дужа тузануў пісталет, у якім нешта касцяна шчоўкнула, і рука пачала паднімацца ўгору, паўз Петрака. «Зараз паверне!» — падумаў Пятрок і ўжо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, як ствол на секунду знерухомеў і ў хаце грымотна бабахнула.
Петрака аж хіснула ад страху, вакол засмярдзела порахам, і сіні смярдзючы дымок ціха паплыў да акна.
У сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка. Каб не спазніцца пасля, Пятрок загадзя і таропка перахрысціўся, гатовы да ўсяго найгоршага.
— Капут! — холадна зазначыў немец і, чамусь дзьмухнуўшы ў ствол пісталета, запіхаў яго ў кабуру. Твар яго зноў не азначаў нічога, вочы холадна свяціліся пад шырокім казырком-капытом. Сам не свой ад страху, Пятрок стаяў ля акна, пакуль фельдфебель ззаду не дужа моцна, але настойліва не штурхануў яго ў плячо.
— Вэк!
Ён хістка пераступіў парог, ледзь паднімаючы ацяжэлыя ногі, сунуўся ў істопку. У яе пыльным прыцемку аслупянела стаяла Сцепаніда.
Пятрок знясілена прытуліўся да яе пляча.
7
Паснедаўшы з кацялкоў на падворку, немцы трохі патаўкліся каля свае кухні, пагергеталі, пакурылі і зноў пасядалі ў машыну. На гэты раз з імі паехаў фельдфебель — афіцэр зачыніўся ў хаце, і яго не было чуваць, мабыць, нешта рабіў або спаў. Пятрок, звесіўшы голаў, сядзеў ля жорнаў у істопцы і не курыў нават — мусі, пасля таго, што здарылася, не памагло б і курыва.
Сцепаніда спакваля аклемалася ад спалоху і ціхенька стаілася ў паўзмроку збоч ад акенца, чуйна ўслухоўваючыся ва ўсё, што рабілася на падворку. Але, пэўна, на падворку засталіся адны толькі кухары, іншыя з'ехалі ўсе на мост. Тады з нейкаю насцярогаю ў душы яна выйшла ў сенцы, яшчэ трохі прыслухалася — за дзвярыма ў хаце нібы ўсё вымерла, не чутна было ніводнага гуку. Мабыць, прыдаўся момант пакарміць парсючка, а то яшчэ зарохкае па-дурному і тады не ўберажэш — забяруць. Падумаўшы так, Сцепаніда нарэзала ў чыгунок трохі бульбы, трохі пасыпала абмешкі, дадала яшчэ ўчарашняй варанай, усё перамяшала. Цяпер трэба было неўпрыкмет аднесці чыгунок у застаронак.