Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

Падхоплены раптоўнаю крыўдай, Пятрок выбег праз расчыненыя дзверы з сенцаў і паўз вокны каля палаткі, прысунутай да самае прызбы, шаснуў у гародчык. Канешне ж, так яно і было. Адзін немец, раскарачыўшыся ботамі ў тоўстым галлі, сядзеў на яблыні і трос сук, спелыя яблыкі з важкім лопатам сыпаліся на грады ў бурачнік, дзе іх збіраў у шапку рыжагаловы мізэрнага выгляду немчык. Пятрок стаў на ўзмежку і ўтаропіўся ў іх дакорлівым позіркам. Але яны нават не зірнулі на яго, быццам ён быў нейкае дрэва, а не гаспадар хутара.

— Усё ж нядобра так, — крыху памаўчаўшы, сказаў ён. — Я ж вашаму афіцэру пажалюся. Нядобра, паны немцы.

Той рыжанькі, зусім яшчэ хлопчык з выгляду, выпрастаўся,

неяк зладзеявата зыркнуў на яго і, хіхікнуўшы, замахнуўся надкушаным яблыкам. Пятрок ледзьве паспеў адхінуцца, і яблык, ударыўшыся ззаду аб сцяну, адскочыў у крапіву.

— Зладзюгі вы! — сказаў Пятрок амаль у адчаі. — Ну, пачакайце!..

Ён павярнуўся з рашучасцю паскардзіцца афіцэру, але ў той час ля хляўка ляснулі запар два стрэлы, і са здзічэлым кудахтаннем кінуліся цераз плот куры. Пятрок, згубіўшы ў баразне апорак, застыргікаў да хляўка па гэты бок істопкі. Стрэл ударыў яшчэ адзін раз, і цыбаты немец з дрывотні, спрытна пераскочыўшы цераз плот, з растапыранымі рукамі кінуўся ў быльнёг. Ззаду ля старой калоды стаяў з рэвальверам у руцэ фельдфебель, ён ажывела гергетаў нешта, звяртаючыся да двух ці трох немцаў, і тыя скалілі белыя зубы — смяяліся. Далей, назіраючы за ўсім, пахаджваў афіцэр у незашпіленым ад ранку мундзіры, з-пад якога паказвалася на дзязе скураная кабура.

Ураз страціўшы нядаўнюю рашучасць, Пятрок спыніўся — каму было скардзіцца? Тое, што рабілі салдаты, відаць, не было чымсь недазволеным, іх камадзіры, мусіць, былі такія ж. Мусіць, усё тое было ў іх заведзена, як у заваёўнікаў. Цыбаты тым часам пералазіў ужо цераз плот, у высока ўзнятай руцэ трымаючы за складзеныя лапкі курыцу, якая яшчэ роспачна біла ў паветры крыллем. Фельдфебель з рэвальверам у руках азіраўся па баках, мусіць, шукаў дзе яшчэ курэй. Але тыя пазашываліся са страху хто куды, ніводнай не было відаць на падворку. Пятрок памалу шкандыбаў на дрывотню, адчуваючы поўнае сваё бяссілле і нават не ведаючы, куды падацца цяпер, каб не быць у іх на вачах. Аднак ён ужо трапіў на вочы, фельдфебель апусціў рэвальвер, і ягоны пыхлівы твар ураз страціў вясёлае паляўнічае ажыўленне.

— Ком!

Ну канешне, зараз ён пачне чапляцца, можа, паб'е ці нават застрэліць яго — хіба ім доўга. Пятрок як быў, з адной босай нагой, сашкандыбаў з дрывотні і стаў на сушэйшым.

— Млеко! Варум нікс млеко?

Фельдфебель чакаў адказу, з ім побач стаялі яшчэ два немцы, сюды ж усё ў незашпіленым кіцелі з мноствам гузікаў на грудзях кіраваў афіцэр.

— Дык карова пасецца, — проста сказаў Пятрок, трохі дзівячыся гэтаму наіўнаму пытанню.

— Ком карова! Бістро! Ты поняль? — прагергетаў фельдфебель, і Пятрок падумаў: аднак жа далося ім тое малако. Ці ў іх няма чаго іншага жэрці, што яны так прычапіліся да малака?

— Ком карова! Нах хаўз карова! Поняль?

— Паняў, — паныла сказаў Пятрок і павярнуўся назад да дрывотні. Трэба было ісці шукаць у парасніках Сцепаніду з Бабоўкай.

Тыя, у садку, ужо ўзлезлі на другую яблыню, з кіславатымі невялічкімі яблыкамі, якімі было густа абсыпана сучча, і латашылі іх там у кішэні і пілоткі. Двое іншых выглядвалі штосьці ў доле, сноўдалі на градах, топчучы не выбраныя яшчэ буракі і цыбулю. Цяпер Пятрок нічога не сказаў ім — хай хапаюць, хоць падавяцца. Ён знайшоў у баразне свой апорак і пайшоў разораю да раўка. Было пэўна ўжо, што ўся гародніна, садавіна ды і ўся гаспадарка пойдзе на скрут і бурэнне, цяпер не ўберажэш нічога. Пашэнціла б уберагчы галаву.

Знарок ён ішоў нетаропка, думаў і слухаў, ці не грукне яшчэ стрэл на сядзібе, мусіць жа, адной курыцы ім будзе мала. І сапраўды, толькі ён дайшоў да беражка рова, як ззаду бахнула тры разы запар, Пятрок азірнуўся — не, адсюль не відно было, мусіць, стралялі па той бок сядзібы

ці на падворку. Хай бы яны перастраляліся там самі, меней было б на свеце. Але, мабыць, сваіх не застрэляць, а курачак ці застанецца хоць на развод. «І глядзі, во так і не збіраюцца на працу, ладзіць той мост, — ці ў іх выхадны сёння, ці якое нямецкае свята?» — думаў Пятрок. Так хацелася яму сысці і не вяртацца на гэты хутар, тым болей што разгулялася добрае надвор'е, у небе праяснілася, стала прыграваць невысокае сонца, ветрык зайшоў з паўдня і зранку быў цёплы і ласкавы. Такое выдараецца не часта ўвосень. Можа, то зачыналася бабіна лета з яго спазнелай, скупой, але такой жаданаю радасцю ў прыродзе. Каб не гэтыя злыдні.

Аднак дзе ж было шукаць Сцепаніду?

Ён ужо прайшоў паўз кусты на ўзгорку, пастаяў ля белай, без кары калоды паваленага дуба, услухаўся. Сцепаніды нідзе не было чутна, і ён падумаў, што так не доўга спазніцца, што тады скажуць немцы? Яшчэ з той вайны Пятрок чуў, што ў войску не любяць, калі загады выконваюцца не бягом, не паспешліва, і бяда таму, хто не таропкі, марудны ці не дужа ўвішны. Дык то ж у сваіх, расейцаў, а ворагі яшчэ болей крутыя: не патрафіш — стрэльнуць, як тую курыцу, і не трапянешся.

Добра набегаўшыся па зарасніках у Бараннім Лозе, ён не ўбачыў, а ўчуў Бабоўку, як тая паціху шамацела ў кустоўі акрай балацявінкі. Побач стаяла Сцепаніда. Нейкім ваўкавата-зласлівым позіркам яна здалёку ўперлася ў Петрака і насцярожылася, мабыць, адчуўшы нядобрае.

— Куды ўлезла! Ледзьве найшоў, — казаў ён, прадзіраючыся праз маладую гушчу асінніку. — Малака патрабуюць.

Сцепаніда хвіліну падумала, услухалася.

— Сказаў бы: няма. Учора ўсё зжэрлі.

— Сказалі прывесці карову. Мусіць, самі будуць даіць. Курыцу застрэлілі. Яблыні спрэс абтрэслі.

Сцепаніда спакойна, аднак, выслухала тыя невясёлыя навіны, нічога не запыталася, толькі паправіла ражкі хусткі на шыі.

— Скулля ім, — урэшце абвясціла яна Петраку і пайшла да каровы, якая тым часам адышлася воддаль у кустоўі. Пятрок падумаў, што яна забратае Бабоўку і яны хуценька павядуць яе дадому, але Сцепаніда рашуча прысела да вымя і ўзялася за сіські.

— Што ты ўдумала?

— Што бачыш.

Ну канешне ж, яна пачала даіць карову ў траву, і Пятрок аж спалохаўся.

— Але ж малако!..

— Скулля, сказала, а не малака.

«Мабыць, скулля», — падумаў ён спакваля, назіраючы, як белыя струмені малака з-пад яе рук б'юць у дробную, перасыпаную апалым лісцем траву. Ён ужо ведаў характар жонкі і разумеў, што Сцепаніду не перапросіш, асабліва такую, пакрыўджана-зацятую пасля ўчарашняга. І ён з пакораю моўчкі стаяў у кустоўі, пакуль яна не выдаіла карову.

— Да-а… Што рабіць?

— На во, вядзі. Хай дояць.

Сцепаніда накінула карове на рогі вяроўчыну, другі канец яе сунула Петраку ў рукі.

— Вядзі!

Ён павёў карову на ўзлесак да сцежкі, Сцепаніда ішла воддаль ззаду. Бабоўка, мабыць, мала што разумеючы з намераў гаспадароў, то ішла, то спынялася, хапала з-пад ног які шматок травы, мусіць, не напасвілася і не імкнула дамоў. Бы адчувала, што нічога добрага яе там не чакае, да вечара ж было яшчэ доўга. Пятрок з натугай пераступаў нагамі ў апорках, ён таксама непакоіўся, адчуваючы, што гэта ж зусім нягожа — прывесці карову без малака. Але што ён мог зрабіць — карова гэта ўжо не ягоная ўласнасць, гэта болей уласнасць жонкі. А пасля ўчарашняга Сцепаніда, канешне ж, пакрыўдзілася, і было ад чаго. Ён бы таксама пакрыўдзіўся, калі б яго так адсцябалі рэвальверным шомпалам — пакуль жа яго толькі палохалі. Аднак да спалоху і страху ўвогуле ён даўно ўжо прывык і, хоць палохаўся часта, навучыўся хутка спакайнець, інакш бы не ўтрываў у жыцці. Асабліва ў вайну.

Поделиться с друзьями: