Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Знак бяды

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Генуг! — раптам скамандаваў фельдфебель — вядро было поўнае. Карла выпрастаўся і асцярожна, каб не разліць, паставіў малако перад начальствам. Фельдфебель з лютасцю ў скіраваным на яе позірку тужэй сашчапіў пульхныя пашчэнкі.

— Ком!

Яна ўжо ведала, што азначае гэтае слова, і памалу падышла да яго, спынілася за два крокі, не могучы адарваць позірку ад вядра, у якім зверху ціхенька гойдалася малочная пена. Яна чакала крыку, пагроз, але рыжы фельдфебель не крычаў, ён толькі пасунуў наперад да спражкі сваю кабуру.

— Паночку! — раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і каленямі бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. — Паночку, не трэба!

Тут толькі яна зразумела, што немец хоча дастаць свой рэвальвер, і сэрца яе непрыемна скаланулася ў грудзях. Але яна не скранулася з месца, яна толькі сачыла, як ён нешта няўмела поркаецца там з рэвальверам, не можа яго адшпіліць, ці што. Пятрок і яшчэ заекатаў,

пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены і няшчасны. Яна ж стаяла, як адзервянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Яна ўскінула руку, тады дужа апякло пальцы на руцэ, ляснула па спіне, добра, што на плячах была ватоўка, праз яе было не так ужо і балюча. Фельдфебель нешта злосна крычаў і яшчэ некалькі разоў выцяў яе, але найбольш балелі пальцы пасля другога ўдару, спіне ж было амаль не балюча. Тым болей яна знайшла, як захінацца ад яго ўдараў — не пальцамі, а болей локцем, і ён, лупнуўшы з усяе сілы яшчэ разы два, мусіць, зразумеў, што надта яе не проймеш. Тады ён апусціў ланцуг і крычаў, ад натужнае злосці чырванеючы белабровым тварам, але яна, бы глухая, не слухала яго крыку і не хацела разумець яго. Краёчкам увагі яна адчула, як там, ля палаткі і ля кухні, нешта кпліва ржалі два ці тры немцы — мусіць, тое, што вытваралі з ёй, здавалася ім надта смешным, мусіць, для іх гэта было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, падумала яна, біце няшчасную жанчыну, якую няма каму абараніць. Але ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын-салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер — прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты ўстань, Пётра, нягожа поўзаць перад імі на каленях. Хай! Пабілі яе, як якую прыблуду, на сваім жа двары, пад смех і гогат, але яна сцерпіць. Цярпі і ты.

Пякучым болем гарэлі шыя пад вухам і пальцы на левай руцэ, калі яна марудным крокам, прыдушаная невыказнаю крыўдай, пайшла на дрывотню, каб засланіцца ад іх нахабных вачэй, а можа, і заплакаць. Але каб яны не бачылі. Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы. Шкада, у яе даўно не было слёз, быў толькі гнеў, прыдушаны і ледзьве падуладны ёй, ад якога найперш ёй самой было дужа нясцерпна. Ну але хай, суцяшала яна сябе, хай! Яшчэ пабачым. Можа ж, не застрэляць да вечара, яшчэ пажывём трохі…

8

Усю ноч да золаку Пятрок курчыўся на сваіх мулкіх дзежках пад кажушком, стараўся заснуць. Спярша ўсё слухаў, што рабілася на падворку, дзе хоць і сцямнела, але не было спакою: чулася незнаёмая гамана, вокрыкі, смех — чамусь дапазна там не было ўгамонку. У сенцах раз за разам грукалі дзверы, там усё бегалі ў хату і з хаты, бразгалі посудам, мусіць, частаваліся камандзіры. Спакваля, аднак, усё сціхла, немцы паснулі, але Петрака ўсё роўна не брала на сон; гаротна і неадчэпна думалася: што ж гэта будзе? Гэта ж паслаў Бог кару на дваіх старых — за што толькі? Пятрок хацеў запытаць аб тым жонку, але на ягоны здаўлены шэпт яна не азвалася, а гукаць да яе мацней ён не адважыўся: ён ужо быў навучаны і баяўся нават у сваёй хаце. Цяпер дык, мусіць, самы раз і было баяцца.

На золаку ён усё ж задрамаў, здалося, зусім трошкі, і ўбачыў дурны сон пра пацука. Пад жорнамі ў істопцы здаўна была шырокая пацукова нара, з якой цяпер высоўвалася нейкае дзікае стварэнне з клыкастаю, нібы ў дзіка, зяпай, Пятрок шпурляў у яго венікам, затым пароў туды даўгім кійком, ды марна: пацук хаваўся, каб затым вылезці зноў і пагрозліва зяваць сваёй клыкастаю зяпай, не то пагражаючы, не то пацяшаючыся з людзей. Урэшце Пятрок ухапіў ля парога паржаўлены стары калун і шпурлянуў ім па нары ў куце, але, мусіць, зачапіў жорны, і тыя з грукатам грымнуліся ў куце, дзе стаялі, толькі закурэў пыл у істопцы.

Пятрок тут жа прачнуўся, адразу цвяроза зразумеўшы, што грымнула дзесь наяве і побач. У істопцы было віднавата, займаўся ранак, на шархоткай земляной падлозе пасярод істопкі відаць былі ягоныя апоркі, жорны стаялі сабе на месцы ў куце, а Сцепаніды на тапчане пад акенцам чамусь не было, ляжаў толькі ўмяты яе сеннічок. Пятрок, як быў босы, сігануў да акенца з замурзаным, у павуцінні шкельцам, праз якое, аднак, убачыў падворак з кухняй і там злоснага кухара, які стаяў з узнятаю ў руках вінтоўкаю. Якраз у той час ён ляснуў затворам, выкінуў на траву гільзу і пайшоў кудысь у варотцы. Вінтоўку жоўтаю раменнай почапкай павесіў на тын ля кухні.

Спалохаўшыся ад думкі, ці не там Сцепаніда, Пятрок, босы, толькі накінуўшы на плечы кажушок, выскачыў на ганак: поруч з палаткі высунуўся немец, неапрануты, у помачах паверх сіняе майкі, але ў суконнай пілотцы на галаве, ён нешта крыкнуў кухару, ды той не адказаў за тынам. Зрэшты, праз момант усё

стала зразумела, калі той паявіўся ў варотцах. У ягонай паднятай на паказ руцэ павісла распластаная варона, з яе разяўленай дзюбы капала кроў, і яна яшчэ слаба варушыла чорным, абвіслым крылом.

Пятрок кінуў позірк на хлеў — вароты былі ўжо расчынены, значыць, Сцепаніда пагнала ўжо Бабоўку. Гэта дало Петраку спакою — чорт яе бяры, тую варону, было не прылятаць, не каркаць — накаркалася на сваю галаву.

Ён зноў вярнуўся ў істопку, прычыніў ззаду дзверы. Цяпер ён баяўся выходзіць на падворак, каб лішне не назаляць ім, мусіць, трэба было сядзець тут, у гэтым старасвецкім сховішчы, бо дзе яшчэ было дзецца гаспадару на акупаванай сядзібе? І ён ціхенька, каб не грукнуць чым у паўзмроку, надзеў свае апоркі, тужэй захінуўся ў кажушок і стаў ля акенца. Хацелася курыць, але прыкурыць не было як, і ён цярпліва трываў, чакаючы немаведама чаго. Тым часам добра развіднела, папрачыналіся немцы, пачалі сноўдаць неапранутыя, у сподніх кашулях, блакітных і белых майках — то па патрэбе за хлеў, то курылі і па-фізкультурнаму разміналіся на падворку. Адзін у апушчаных на сцёгны помачах выцягнуў з калодзежа вядро вады, пачаў мыцца збоч ад кухні пад тынам. Там жа прыладзілі на тыне невялічкае люстэрка і галіліся нейкімі кароценькімі брытвамі. Адзін, што быў у акулярах і з высока падстрыжанай патыліцай, няспешна ходзячы па падворку, нешта цікаўна разглядваў на стрэхах, спыніўся перад дрывотняй і нешта коратка запісаў маленькім аловачкам у маленькай чорнай кніжачцы. Пасля прайшоў да хлява, зазірнуў у яго праз расчыненыя дзверы. Пятрок думаў, чагось шукае, але, мабыць, ён не шукаў, а таксама дастаў з бакавога кішаня сваю кніжачку і штось запісаў. «Вучоны, — падумаў Пятрок. — Толькі што там глядзець, у тым хляве?» Ён усё чакаў, калі яны збяруцца ды паедуць на мост, мусіць жа, трэба было працаваць. Але ішоў час, ужо добра парыла кухня, ад якой патыхала нейкім незнаёмым і смачным пахам, а яны ўсё таўкліся на падворку, відаць па ўсім, не спяшаючыся з працай. Дый фельдфебеля яшчэ не было відаць, як, зрэшты, і таго іх галоўнага афіцэра — мусіць, абодва спалі ў хаце, бо ў сенцы яшчэ ніхто не заходзіў ад рання.

Займаўся лагодны, зусім не па-восеньску цёплы ранак. Недзе за тонкай смугой аблокаў блукала гатовае вось-вось выглянуць сонца. Немцы зусім параспраналіся, скінулі шынялі, а то і мундзіры. Адзін з гладкай, рудой ад загару спінай доўга мыўся ля студні, стоячы толькі ў трусах ды ботах, другі паліваў яму з кацялка, і абодва, па-маладому бесклапотна рагочучы, пырскаліся вадой. Злы кухар, апрануты сёння ў кароценькую белую куртачку, і Карла шчыравалі ля кухні: Карла, прыгнуўшыся, пароў у невялічкую топку, а кухар нешта мяшаў у катле з адкінутым вечкам. Забітую ім варону двое ўжо апранутых, але без пілотак немцаў ладзілі на вышэйшы калок у паркане, неяк склалі ёй крылы, каб было, нібы ў жывой, але мёртвая галава птушкі не трымалася роўна і ўсё падала дзюбай набок. Тады адзін прынёс з машыны тонкую драціну і неяк прымацаваў там галаву, хоць усё роўна было відаць, што варона забітая. Ён толькі адышоўся, азіраючы сваю работу, як у сенцах бразнулі дзверы, Пятрок насцярожыўся, зазіраючы наўкось у акенца, — на камянях пры парозе ўжо стаяў афіцэр, таксама ў расшпіленым кіцелі, без шапкі, з ускалмачанай чорнай чупрынай. На момант афіцэр агледзеў падворак, на якім неяк адразу падабраліся, пацішэлі салдаты, і нешта сказаў таму, што стаяў ля вароны. Той адказаў, заўсміхаўшыся ўсёй сваёй маладою круглаватаю мордаю, і адышоўся ўбок.

Пятрок прыпаў шчыльней да бервяна, каб згледзець, што будзе далей, але, мусіць, і так усё было зразумела. Афіцэр ужо цэліўся з ганка ў варону, тонкі ствол яго пісталета трохі варушыўся ў бакі, пакуль ён лавіў варону на мушку, пасля знерухомеў, знянацку ляснуў кароценькі стрэл — з птушкі над тынам паляцела пер'е.

— Браво! Браво! — заляскалі ў далоні немцы, што мыліся ля калодзежа, і адзін з намыленымі шчокамі ўбаку, і яшчэ нехта, каго Пятрок не мог згледзець з акенца. Тады афіцэр прыцэліўся яшчэ, і яшчэ лопнуў стрэл, на гэты раз куляй у вароны адарвала ўсю галаву з дзюбаю. «Браво!» — сказаў нехта спазнела. Афіцэр задаволена схаваў пісталет і пайшоў да кухні, на хаду апранаючы ў рукавы кіцель. Аднекуль да яго падскочыў вёрткі фельдфебель, і яны пачалі размову, якую Пятрок ужо не мог зразумець.

Тут, стоячы ля акна, ён учуў іншае, ад чаго на момант збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць. Там, за сцяной істопкі, дзе быў невялічкі садок, трэслі яблыню — аж шамацела лісце і, чутна было, густа падаючы, важка грукалі аб зямлю яблыкі, мусіць, яго антонаўкі, якія ён цярпліва спяліў на зіму. Крыўда знянацку апаліла яго, і Пятрок, забыўшыся на асцярогу, памкнуў з істопкі — усё ж гэта быў непарадак — хіба так можна рабіць? Ну, адшчыкнулі б пяток ці дзесятак яблыкаў, хай бы наклалі пару гэных пілотак — нашто ж так самавольна абтрасаць усё дзерава? І гэты афіцэр, хіба ён не крыкне на іх?

Поделиться с друзьями: