Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Людзі тут дзівосныя. Гэта галоўнае.

Перспектывы, якія стаяць перад рэспублікай, вельмі шырокія. Будуць развівацца малыя гарады, будзе 36 тыс. грузавых аўтамабіляў у год, будуць мільёны тон нафты, будзе 143 тыс. тон ільновалакна. Будуць прыбраны камяні з палёў, і з часам зямля наша стане зямлёй, дзе паўсюль можна прайсці босым, не параніўшы ног. Да гэтага ідзе.

Сённяшнi дзень

За апошнія гады Беларусь па колькасці навучэнцаў на 10 тыс. насельніцтва апярэдзіла Англію, Францыю, Японію, Італію і ФРГ. Тут у 1975 годзе працавала 9442 агульнаадукацыйныя школы, 131 сярэдняя навучальная ўстанова, 31 вышэйшая навучальная ўстанова.

Магчыма, нехта з вас, скончыўшы школу, паступіць ва універсітэт

ці ў політэхнічны інстытут, такі вялікі, што ўсе карпусы і лабараторыі яго не абыдзеш і за тыдзень, або ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з яе надзіва дагледжанымі палямі, старажытным паркам, батанічным садам і аранжарэямі, у якіх вечныя тропікі.

На Беларусі зараз працуе больш за 490 тысяч спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй.

А ўвогуле ва ўсім СССР працуе 16 358 вучоных беларускай нацыянальнасці.

У нас цяпер два універсітэты. Другі — у Гомелі. Там зараз будуюць для яго новы комплекс, дзе чаго толькі не будзе, аж да палаца спорту і вялізных будынкаў, якія некалькімі паверхамі ўходзяць пад зямлю. А ўвогуле ў рэспубліцы шмат навукова-даследчых устаноў.

Ёсць даследчыя інстытуты ў тых мясцінах, дзе раней іх не было. Беларусія атамшчыкі, кібернетыкі, працаўнікі вылічальнага цэнтра высока цэняцца людзьмі навукі ўсяго СССР.

Акадэмія навук аб'ядноўвае звыш трыццаці навукова-даследчых інстытутаў. Упершыню выдадзена "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя". Кіраваў гэтым выданнем лаўрэат Ленінскай прэміі, народны паэт БССР Пятрусь Броўка. Рыхтуецца да выхаду сямітомная праца "Помнікі Савецкай Беларусі", у якой будуць апісаны і пададзены ў фатаграфіях і планах усе каштоўныя помнікі: ад старых курганаў і гарадзішч, ад самых даўніх вежаў да новых гмахаў са шкла і бетону, да помнікаў на магілах салдат і знішчаных фашыстамі людзей. Бо народ павінен помніць усё ў сваёй гісторыі, а хто згубіў памяць — згубіў усё. І ўсе тыя помнікі, што ўвойдуць у "Помнікі", будуць аўтаматычна знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Мне пашчасціла ездзіць не з адной экспедыцыяй "Помнікаў", удзельнічаць у абмерах і фатаграфаванні старых палацаў, веж і званіц, і гэта было так цікава, што я, пэўна, яшчэ не раз паеду з гэтымі людзьмі.

За апошнія гады вялікі рывок наперад зрабіла наша літаратура, многа па-ранейшаму твораць Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка.

Многія з вас чыталі раманы Івана Мележа. "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы". Глыбокая хроніка народнага жыцця, дзе не ведаеш, чаму болей здзіўляцца: высокаму майстэрству аўтара, глыбіні яго думкі ці цудоўнай народнай мове.

Або цудоўныя апавяданні выдатнага майстра Янкі Брыля ці яго раман "Птушкі і гнёзды". Пра цяжкі лёс заходнебеларускага хлопца, якога ўзялі ў польскую армію, а потым у бітве з немцамі пры абароне ўзбярэжжа ён трапіў у палон. А пасля ўцякаў з палону: адзін раз няўдала (быў выдадзены жандарам і трапіў у турэмную камеру), а пасля ўдала. І прыйшоў на радзіму, таксама ўжо захопленую ворагам, каб узяць зброю ў рукі.

Ці аповесці і раманы Івана Шамякіна, пісьменніка, які жыве з народам, аддаючы яму ўсе свае здольнасці, аўтара "Крыніц", "Трывожнага шчасця", "Сэрца на далоні" і іншых вядомых твораў.

Ну і Васіль Быкаў, творы якога перакладзены на многія мовы свету, пісьменнік суровы і бязмежна праўдзівы, які піша пераважна пра вайну і сам прайшоў усю вайну артылерыстам. Вы, мабыць, чыталі такія яго кнігі, як "Жураўліны крык", "Абеліск", "Сотнікаў", "Воўчая зграя" і многія іншыя. А можа, бачылі фільмы, знятыя па яго аповесцях, — "Трэцяя ракета" або "Альпійская балада". І вам, натуральна ж, спадабаліся поўныя трывог і, урэшце, шчасця, уцёкі з лагера ваеннапалонных беларускага хлопца Івана і італьянкі Джуліі. І тое, як, урэшце, яны пакахалі адно аднаго. А потым быў подзвіг і смерць Івана, які, ратуючы дзяўчыну, загінуў сам. І прыйшла вечная памяць аб ім.

Або такія раманы, як "Векапомныя дні" Лынькова, вялікая эпапея партызанскай барацьбы.

Ці камедыі і трагікамедыі А. Макаёнка "Выбачайце, калі ласка", "Трыбунал", "Зацюканы апостал", "Таблетка пад язык", "Святая прастата". Гэта вельмі цікавы майстар са сваім камедыйным почыркам.

А за імі ішлі ўсё новыя і новыя прылівы ў літаратуру вельмі таленавітых паэтаў і празаікаў. Хваля за хваляй, няспынна, яны рабілі нашу літаратуру больш багатай, яскравай, шматграннай. Як назваць іх усіх? Гэта вытанчаны майстра верша Р. Барадулін, глыбінны знаўца чалавечай псіхалогіі В. Адамчык, Я.Сіпакоў з яго

гістарычным мысленнем, мініяцюрыст нават у аповесцях Б. Сачанка, М. Стральцоў з яго ўвагай да дэталі, суровы і пяшчотны А. Пысін, жарсткавата-гуманны І.Чыгрынаў, назіральнік душы чалавека І. Пташнікаў, Г. Бураўкін з яго грамадзянскасцю, просты і шчыры ў кожным слове У. Дамашэвіч, тонкі лірык В. Зуёнак.

Усіх не пералічыш, на жаль, хоць кожны варты ўпамінання. Бо пісьменнікаў у нас больш як 300. Акрамя таго, баюся даць волю сваім сімпатыям ды каго-небудзь з гэтых людзей пакрыўдзіць. А вы вось дастаньце ды чытайце. Вершамі, апавяданнямі, раманамі многіх і многіх будзеце задаволены.

Людзі, што прыязджаюць да нас, часта могуць трапіць на мастацкія выстаўкі. Цяпер пабудаваны Палац мастацтваў, і выстаўкі тыя будуць пастаянныя. У нас шмат мастакоў, якія адлюстроўваюць чароўную прыроду Беларусі, гераічнае яе мінулае і не менш гераічнае сучаснае. Імёны Я. Зайцава, В. Цвіркі, В. Волкава, К. Красоўскага, А.Кішчанкі, М. Савіцкага, М. Данцыга, Г. Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А. Кашкурэвіча, В. Шаранговіча, Н. Паплаўскую, А. Паслядовіч, А. Лось, Э. Агуновіча, Б. Заборава, У. і М. Басалыгаў, І.Капеляна.

Імя ім — легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.

Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых — А. Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З. Азгура (помнік Я. Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І.Буйніцкаму ў Празароках) і С. Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.

А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А. Анікейчыка?

Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай "Паўлінкай", то другія хітраватым і гарэзлівым "Несцеркам". Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры — і прафесійныя і народныя.

Што ўласціва нашаму тэатру апошніх год? Чым ён адметны?

Вось чым. З 60-х гадоў на нашай сцэне нібы нейкім жывушчым ветрам павеяла. Вялізная ўвага да глыбінь чалавечай душы, вострыя сацыяльныя праблемы, бязлітасная праўдзівасць у лепшых спектаклях, развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

І пры гэтым адмаўленне ад штампаў, пошукі рэжысёраў і акцёраў. І, што, можа, самае галоўнае, зусім іншая па якасці, існа нацыянальная, беларуская драматургія.

Гэта творы К. Крапівы ("Брама неўміручасці"), А. Макаёнка, А. Дзялендзіка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча.

А колькі выключных па сіле таленту і шчырасці акцёраў прыйшло за апошнія гады ў нашы тэатры!

Кіно… У нас вялікая новая студыя, якая можа выпускаць шмат фільмаў у год. Вы бачылі "Чырвонае лісце", прысвечанае замаху С. Прытыцкага на правакатара. "Альпійскую баладу" і глыбока трагічны фільм "Праз могілкі" пра першыя гады акупацыі, пра гераізм і боль беларускі. Бачылі, мабыць, двухсерыйны фільм па раману А. Адамовіча "Партызаны". Або больш новыя: "Полымя", "Руіны страляюць ва ўпор". Працуе ў нас група таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў, у тым ліку дзяцей (бачылі, пэўна, фільмы: "Дзяўчынка шукае бацьку" і "Пушчык едзе ў Прагу". У апошнім удзельнічалі і мядзведзі).

Некалькі год назад даганяем мы гэтую кінаэкспедыцыю пад Мазыром, бачу — Пушчык залез у рэфрыжэратар і там лёдам храбошча, ды з такім апетытам: гэта для яго ў спёку, як марожанае для нас. А вечарам, пасля работы, ён атрымоўваў і "прэміяльныя" — мёд.

Развіваецца і музыка беларуская. Шмат створана папулярных песень, опер, сімфоній, камернай музыкі. Твораць вядомыя старэйшыя кампазітары: А. Багатыроў, аўтар "У пушчах Палесся", Ул. Алоўнікаў, першыя такты песні якога "Радзіма мая дарагая" сталі пазыўнымі беларускага радыё, гучаць надзіва меладычныя рамансы і песні А. Туранкова, оперы Ю. Семянякі, балеты Г. Вагнера. А больш маладое пакаленне — Д. Смольскі, С. Картэс і вельмі таленавіты аўтар опернай і балетнай музыкі Я. Глебаў. Або І.Лучанок, песні якога ўсе вы ведаеце, ці адзін з лепшых арганістаў Саюза, кампазітар, музыка якога дзейнічае на слухача вельмі моцна, А. Янчанка.

Поделиться с друзьями: