Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Сорак з лішнім год назад быў ён тут, у Заходняй Беларусі, падручным у печніка, будаваў панскі млын, працаваў на пільні. Але і чытаў, і ўдзельнічаў у вясковай самадзейнасці, і працаваў у падполлі, распаўсюджваў камуністычную літаратуру. Арыштоўваўся дэфензівай, а ў 1926 годзе быў узяты па справе забойства правакатара. Пайшлі катаванні, пасля турма ў Наваградку. Праз год адбыўся суд. Жалезняковіча і яго сяброў, Валодзю і Міколу Царукоў, Сеню Носа прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Пасля Наваградка была гродзенская турма, турма ў Плоцку, вязніца ў Равічы, карцэры, голад, адзіночкі, галадоўкі. Ногі і рукі ад раматусу адмаўляюцца служыць, але чалавек і сябры яго не здаюцца. Настаў 1939 год — і вязні выйшлі на волю. Добраахвотны

ўдзел былых вязняў у абароне Варшавы, адступленне на ўсход. Праца, спачатку ў мястэчку Турэц, пасля — сакратаром райвыканкома ў Міры. 1941 г. Фронт. Па загаду ЦК КПБ Жалезняковіч праходзіць "Віцебскім калідорам" у тыл ворага, у Налібоцкую пушчу. Атрад "Камсамольскі". Працуе падрыўніком, а пасля (халодная зіма, сырасць, снег зноў абвастрылі турэмны раматус) — інструктарам падрыўной справы.

Налібоцкая блакада, з якой партызаны ўсё ж прабіліся. Цяжкае аднаўленне знішчанай гаспадаркі, калектывізацыя, будаўніцтва. Сакратар Любчанскага райкома. Пасля — першы сакратар Карэліцкага райкома партыі. І вось — персанальны пенсіянер. Крыху раней чым трэба, па прычыне здароўя, падарванага турмамі, ваеннымі выпрабаваннямі і тым, што гэты чалавек ніколі не шкадаваў сябе.

Гаспадар ажывіўся. Мы відавочна ўзрадавалі яго сваім прыходам. Жартуем, смяёмся, і так непрыкметна праходзіць дзве гадзіны. А пасля адыходзім, бачым купы яблынь, снежныя шары апошніх півоняў і гаспадара, што махае нам рукой. Трывалага чалавека. Проста добрага і сардэчнага чалавека.

Нядаўна ён памёр. І мне шкада, што ён не пачуе гэтых слоў павагі яшчэ аднаго чалавека да яго.

V. Будоўлі, будоўлі, будоўлі

З папялiшчаў, як фенiкс

Улетку 1944 г. пачалася аперацыя "Баграціён", бітва за Беларусь (хаця яшчэ ў 43-м г. быў вызвалены Гомель, а ў студзені 44-га г. — Мазыр і некаторыя раёны Магілёўскай і Віцебскай вобласцей). 23 чэрвеня перайшлі ў наступленне войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. На другі дзень уступіў у бой 1-шы Беларускі фронт. Нямецкая абарона была прарвана. 26 чэрвеня вызвалілі Оршу, 28-га — Магілёў, Шклоў і Быхаў. 3 ліпеня — Мінск, шматпакутную сталіцу нашу. Немцы траплялі ды траплялі ў "катлы". Мужнасць салдат і партызан была невераемная. Падчас баёў у Беларусі фашысты страцілі жывой сілы ў паўтара раза больш, чым пад Сталінградам. Партызаны захоплівалі гарады, масты, пераправы, чыгункі. У канцы ліпеня тэрыторыя Беларусі была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.

Пасля быў Берлін і перамога над Японіяй.

А потым, калі прыйшоў мір, — засталася зямля, якую немцы зрабілі зонай пустыні. Цяжка ў некалькіх словах расказаць, як вялося яе адраджэнне, ператварэнне ў тую сонечную і зялёную зямлю, якую мы ведаем. Скажу толькі, што цяжкасці былі дужа вялікія, што нястомнай працай людзей рэспублікі былі пабудаваны новыя гарады, такія, як Наваполацк і Салігорск, Светлагорск і Белаазёрск, Новалукомль і Жодзіна, пастаўлены Бярозаўская ДРЭС і Лукомльская ДРЭС, самая буйная ў еўрапейскай частцы Саюза (працуе і на братнія рэспублікі), пабудаваны Гродзенскі азотнатукавы, Магілёўскі лаўсанавы, Пінскі трыкатажны, Баранавіцкі баваўняны, самы буйны ў СССР, і іншыя заводы.

Знойдзена нафта — на паўднёвым усходзе, ля вёскі Гарывада, дзе даўно заўважаны былі прыкметы "зямнога тлушчу". Знойдзены за апошні час прамысловыя запасы жалезнай руды. Ну і, ясна, Салігорск, магутныя камбінаты па здабычы калійнай солі.

Я памятаю яшчэ малады, слаба забрукаваны горад, а пад ім — палацы! — іначай не скажаш. Гладкія тунелі — чырвоныя, сіняватыя, з пражылкамі, бліскучымі плямамі і разводамі. Гэта было цікавей і жывапісней, чым у Маскоўскім і Кіеўскім метро. І ў перапынак чалавек — ёсць такі верш у паэта Міколы

Аўрамчыка — бярэ проста са столі соль і падсольвае ёй памідор. Назнарок не прыдумаеш! Асабліва калі ўлічыць, як цяжка было ў вайну беларускаму партызану і проста селяніну без солі. Людзі хварэлі, нават часова слепнулі.

…Ну а цяпер успомніце, што немцы разбурылі больш як 200 гарадоў і 1200 сёлаў, і вам стане лёгка ўявіць, што гэта было — праца па аднаўленні. Бывала, што падчас працы на полі ці па разборцы руін так намерзнешся, што здаецца, памёр бы, абы толькі пахавалі ў печцы.

І вось што ўдалося пабудаваць на месцы попелу і руін.

Новая беларуская вёска?

Возьмем хаця б Верцялішкі ў Гродзенскай вобласці (калгас "Прагрэс"). Гэта эксперыментальны пасёлак. Будаўніцтва такіх паселішчаў пачалося з 1967 г. На іх правяраюцца прагрэсіўныя прыёмы планіроўкі і забудовы калгасаў і саўгасаў, правяраюцца тыпавыя праекты жылых і грамадскіх будынкаў (ці зручна жыць і працаваць). Пасля праверкі ўсё ўдалае бяруць ад іх іншыя пасёлкі, што будуюцца па Беларусі і за яе межамі.

Верцялішкі (гэты пасёлак і пасёлак саўгаса "Леніна" на Магілёўшчыне адзначаны залатымі медалямі ВДНХ) здзіўляюць. Усё ўлічана пры праектаванні: рэльеф, вадаёмы, зялёныя масівы. Высокая якасць праектаў і выдатная якасць будаўнічых работ і добраўпарадкавання. Тэрыторыя дзеліцца на жылую, грамадскую і вытворчую зоны. Цэнтр — грамадская плошча, а на ёй клуб з залай на 360 месцаў і спартыўнай залай. Тут жа праўленне калгаса, сельсавет, гандлёвы цэнтр, пры якім гасцініца і камбінат бытавога абслугоўвання.

Колькасць паверхаў у дамах розная, і ў кожнага будынка свой цікавы архітэктурны воблік. Усё гэта арыгінальна і прыгожа.

За клубам парк з танцпляцоўкай і спортпляцоўкай (стадыён крыху наводдаль). Ля парку дзіцячы сад-яслі. Ёсць дамы для маласямейных і адна-, двухкватэрныя дамы з балконамі і лоджыямі. Перад адміністрацыйным будынкам — вадаём з фантанамі.

Прыемна і прыгожа жыць у такім пасёлку. Нездарма тым, хто яго праектаваў, архітэктарам В. Емяльянаву і Г. Заборскаму і старшыні калгаса Ф. Сянько ў 1971 г. прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Такіх эксперыментальных пасёлкаў пакуль што не вельмі многа. Справа ж толькі нядаўна пачалася. Нічога, з часам так будуць жыць усе на вёсцы.

Але і "неэксперыментальную" вёску сёння не пазнаць.

Возьмем хаця б адзін досыць тыповы калгас. "Зара" Карэліцкага раёна. Бяру яго не таму, што ён адзін такі. У тым жа наваколлі і калгас імя Шчорса і "Рассвет", у іх гаспарка і клубы і ўсё іншае няшмат адрозніваецца. Ёсць у нас і лепшыя і горшыя. Проста з былым старшынёй гэтага калгаса, а цяпер старшынёй сельсавета Пятром Майсеевічам Шчарбаковым я асабіста знаёмы, хаця ў першы раз пішу аб ім.

Ёсць, першы пакуль, маршрут, які злучае Мінск непасрэдна з вёскай. Гэта аўтобус "Мінск — Кайшоўка". Шчарбакоў дабіўся гэтага, абабіўшы парогі невядома колькіх кабінетаў. У калгасе свае дарогі, добры выхад на шашу, спрэс асфальтаваныя вуліцы. Яна своеасабліва прыгожая, Кайшоўка, са сваёй зелянінай, з палямі белай і чырвонай канюшыны. У вайну яна, праўда, не была разбурана — бамбілі толькі — бо тут былі партызаны, але ўсё адно: колькі ж у гэтай вёсцы было мёртвых! У памяць іх устаноўлена ў скверы ля праўлення гранітная стэла. Яна ўся спісана зверху данізу.

Мала людзей, здавалася, не ўзняць нічога, не справіцца, захірэе Кайшоўка. А зараз тут клуб, якому стаяць бы ў горадзе, з дужа багатай і па колькасці і па густу бібліятэкай (старшыня раней быў настаўнікам, а пасля дырэктарам школы), з пакоямі гурткоў, з глядзельнай залай, якой бы й тэатр пазайздросціў. У размове са мной П. М. Шчарбакоў скардзіўся толькі на тое, што ніяк не можа выцягнуць з горада — нават за харошую зарплату — добрага кіраўніка аркестра і драматычнага калектыву.

У кайшоўцаў наладжаны таксама побыт: лазня, газавыя пліты, тэлевізары, пральныя машыны.

Поделиться с друзьями: