Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Узнікла свая кінематаграфія, у якой працавалі Ю. Тарыч і У. Гардзін.
З'яўляюцца оперы (наш тэатр оперы і балета створан у 1933 г.), сімфоніі, камерная музыка. Зачынальнікі музычнага мастацтва — М. Аладаў, М. Чуркін (опера "Вызваленная праца", сімфаньета "Беларускія малюнкі", мноства рамансаў), Я.Цікоцкі (опера "Міхась Падгорны") і іншыя. У 1932 годзе створана Беларуская кансерваторыя.
Крыху пазней напісана А. Багатыровым опера "У пушчах Палесся" пра партызан грамадзянскай вайны і балет М. Крошнера "Салавей", напісаны па славутай аповесці З. Бядулі аб паўстанні прыгонных супраць панства і аб важаку паўстання Сымоне, які валодаў усімі гукамі зямлі, умеў спяваць салаўём, выць воўкам так, што кідаліся панскія коні, словам, падрабляць галасы ўсіх людзей, птушак і жывёл зямлі.
Шмат рабілі і архітэктары.
Гарады
Працавалі скульптары і мастакі. Такія рэчы, як "Партрэт М. Багдановіча", "Праца", "Лірнік" А. Грубэ, пейзажы У. Дучыца і У. Кудрэвіча, партрэты М. Станюты, палотны Ю. Пэна — гэта залаты нацыянальны фонд. І, вядома, такія цудоўныя творы Міхася Філіповіча, як "На Купалле", "Дудар", "Вясковы хлопец", як афармленне ім оперы "Кветка шчасця" выдатнага кампазітара Беларусі А. Туранкова. А Я. Красоўскі? А графік А. Тычына?
Пачаўся масавы прыход людзей у літаратуру. Раней былі адзінкі, а тут толькі ў адной арганізацыі "Маладняк" было каля 500 чалавек. Не ўсе з іх засталіся ў літаратуры, сёй-той стаў проста прапагандыстам або аматарам яе, але многія з тых, што вызначаліся або вызначаюцца і зараз, пачыналі з "Маладняка". А былі ж яшчэ "Узвышша", "Полымя".
Тварылі такія паэты, як аўтар паэмы "Босыя на вогнішчы" Міхась Чарот (1896–1937 гг.), рамантычны паэт рэвалюцыі. Пісаў свае байкі, поўныя гумару апавяданні і п'есы Кандрат Крапіва (нар. у 1896 г.). Кнігу за кнігай выпускае непараўнальны майстар беларускай мовы, празаік-класік Кузьма Чорны (1900–1944 гг.) — пісьменнік і чалавек вялікай душы, кнігі якога ("Трэцяе пакаленне", "Бацькаўшчына" і інш.) яшчэ доўга-доўга будуць уплываць на перадавую беларускую прозу. І піша яшчэ М. Гарэцкі (1893–1939 гг.), ствараючы "Віленскіх камунараў", і аўтар "Сцежак-дарожак" М. Зарэцкі (1901–1937 гг.).
Дужа рана, на жаль, памірае вельмі таленавіты паэт Паўлюк Трус (1904–1929 гг.), пясняр краю, які павінен стаць "Краем фабрык дымных і машын", і тонкі пранікнёны лірык… У той жа час прыходзяць у паэзію складаны Ул. Дубоўка, трагічна-філасофскі Ул. Жылка, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, такі ўдумлівы, высокакультурны паэт, як М. Лужанін. Пазней з'явіліся юнацкія яшчэ, дужа смелыя вершы Пімена Панчанкі і Аркадзя Куляшова.
Твораць далей і карыфеі. Купала піша мноства вершаў і паэму "Над ракой Арэсай" (1933 г.) — аб асушэнні балот дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі, што калісьці штурмавалі Перакоп і Чангар, а цяпер, як багі, стварылі з багны зямлю.
Якраз у гэтыя гады Якуб Колас канчае свае "Новую зямлю" і "Сымона-музыку". Піша такія празаічныя творы, як "Дрыгва", "Адшчапенец", "На прасторах жыцця".
Ну, і ўрэшце якраз у гэты час складаецца дзіцячая літаратура. Мелася яна і да рэвалюцыі, але толькі тут дзеці і падлеткі атрымалі цэлую бібліятэку. У дзіцячых часопісах "Зорка", "Беларускі піянер", "Іскры Ільіча", а пасля і асобнымі кнігамі выходзяць вершы і казкі Купалы, Коласа, Бядулі, аповесці любімага вамі Міхася Лынькова "Міколка-паравоз", "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў" (аб незвычайных прагодах на вайне трох сяброў, мядзведзіка, сабакі і палкавога казла). І, урэшце, выключную папулярнасць набываюць прыгодніцкія творы Янкі Маўра: "Сын вады" (пра жыхароў Вогненнай зямлі), "Чалавек ідзе" (з жыцця першабытных людзей), "У краіне райскай птушкі" (прыгоды экспедыцыі шукальнікаў золата ў нетрах Новай Гвінеі), "Амок" (вялікі і дужа цікавы раман аб паўстанні яванцаў супраць галандскіх каланізатараў — аб тым, як быў захоплены параход "Саардам", аб патаемных падземных капішчах і незвычайных звярах), і ўрэшце "Палескія рабінзоны" — пра хлопцаў, якія трапілі на выспу сярод палескіх балот і жылі там некалькі месяцаў. І не прапалі, не толькі выбраліся, але й злавілі небяспечную банду. У тыя часы шматлікія банды гойсалі на Беларусі, пакуль з імі не справіліся, перабіўшы або палавіўшы.
Урэшце, Янку Маўра вы, вядома ж, чыталі. І не толькі яго, але і іншых.
Па этапах
27 студзеня 1936 г. у зале Віленскага
акруговага суда Сяргей Прытыцкі (1913–1971 гг.) страляў у правакатара Я. Стральчука ў час, калі той даваў паказанні супраць дзеячаў заходнебеларускага руху, камуністаў і камсамольцаў. Цяжка параніў яго, сам атрымаў некалькі раненняў, быў схоплены і асуджаны на смерць. Але паўсюль пракацілася такая хваля абурэння, што смерць замянілі пажыццёвым зняволеннем.Заходняя Беларусь віравала. Ледзь не кожны год адбываліся розныя працэсы: "48-мі", "51-го", "75-ці". Пасля разгрому Грамады масы пайшлі ў Таварыства беларускай школы. Паўстанне многіх соцень сялян-рыбакоў з Нарачы за тое, каб ім вярнулі роднае возера, іхнюю любоў і іхні хлеб, прагрымела па ўсёй краіне.
Аб'ядналіся сілы ўсіх прыгнечаных народаў панскай Польшчы. У 1936 годзе ў Львове адбыўся Кангрэс у абарону культуры, на якім выступаў ад імя беларусаў таленавіты філосаф, публіцыст, польскі крытык у эпоху між першай і другой сусветнымі войнамі Генрых Дэмбінскі. Той, што належаў да клерыкальных колаў, быў імі накіраваны ў Італію, каб пераканаўся там у перамозе і велічы фашызму. І ён наглядзеўся, пераканаўся ў гэтай "велічы" і… вярнуўся камуністам. Той, што выдаваў левую антыфашысцкую газету "Папросту" і якога пасля расстралялі фашысты ў Ганцавічах у 1941 г.
Нягледзячы на страшны лагер Бярозу-Картузскую, на турмы ў Лукішках і Гродні (дарэчы, ва ўсіх іх паспеў пасядзець наш таленавіты празаік Піліп Пястрак) рух вызвалення шырыўся. Вільня па-ранейшаму была культурным цэнтрам беларусаў, палякаў і літоўцаў. І нічога з усім гэтым ніхто не мог зрабіць. У Брэсце падпольная друкарня ЦК КПЗБ выдавала літаратуру на пяці мовах.
Самымі значнымі паэтамі ў Заходняй Беларусі былі Валянцін Таўлай (1914–1947 гг.), аўтар высокай грамадзянскай лірыкі і "турэмнай" паэмы "Таварыш":
Панове, скончыў я. Чарга — за прыгаворам. Пайду ў турму і веру — будзе год, Калі маю прамову дагаворыць Натхнёны барыкадны кулямёт!…І перш за ўсё, Максім Танк (нар. у 1912 г.). Такія яго вершы, як "Песня кулікоў", "Павязлі цягнікі", "На пероне", такія паэмы, як "Нарач", "Каліноўскі", сталі народнымі. Лаканізм, паэтычнасць, непарыўная сувязь з народнай паэзіяй вызначаюць яго высокую творчасць.
Паслухайце, вясна ідзе. Звініць ў маім акне жалеза. З вінтоўкай стражнік ноч і дзень Пільнуе куст пахучы бэзу. А ён расцвіў, агнём гарыць, Такім пахучым, мяккім, сінім; На дрот калючы, на муры, Як хустку, полымя ускінуў. Я ціха разбудзіў другіх, Ад слёз сінелі вочы бэзам, І недзе хруснула ў худых Руках іржавае жалеза.Побач з паэзіяй нянавісці, Танк стварыў чысцейшай вады лірычныя дыяменты. Пра лірніка, які памёр у нетрах, пра сінякрылага матыля над жытам, пра стагі, што ржавеюць пад дажджом, і ласёў, што прыходзяць да іх у снежную сінь, скубуць сена і ўяўляюць цёплае лета і белых чаек над балотам.
Яны не чуюць завірухі, Ціш першабытная кругом… І выстрал, што ударыць глуха, Ім прагучыць, як першы гром.…Не гінула і іншае. Упарта існавалі народныя клубы з п'есамі і песнямі, народныя хоры, спевакі, кампазітары, хармайстры.
Напрыклад, дасканалы хармайстар Рыгор Шырма, шматгадовы кіраўнік беларускай харавой капэлы. Вось я ўяўляю сабе яго разумнае, добрае аблічча, сівыя валасы і бародку, чую голас з такім характэрным, пявучым акцэнтам:
— У сэнсе апрацоўкі беларускай народнай песні шмат было людзьмі зроблена. Часам шэдэўры. Як мы любілі творчасць нашага народа!
— Рыгор Раманавіч, вось вы на свае грошы надрукавалі першую кніжку Танка. 700 злотых… Гэта значыць, 350 пудоў хлеба?
— Выходзіць, так… Або… шэсць кароў.