Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Фарміруецца пралетарыят. У 60-х гадах яго тысячы 3, на рубяжы стагоддзя — 25 тысяч плюс 10 тысяч чыгуначнікаў, 40 тысяч сезонных рабочых, 70 тысяч саматужнікаў, 150 тысяч рабочых сельскагаспадарчых, 50 тысяч адыходнікаў.
Але да марксістаў былі народнікі. Іхнія гурткі, іхняя прапаганда, іхнія лістоўкі і брашуры. "Пасланне да землякоў-беларусаў" Шчырага Беларуса. "Лісты пра Беларусь" Данілы Баравіка.
У Баравіка ўжо гаворыцца аб працах Маркса — "гэтага прызнанага главы навуковага сацыялізма", аб "усведамленні неабходнасці нанесці ўдар гэтаму анахранізму (рускай манархіі. — У. К.), г. зн. ажыццявіць палітычны пераварот". Выдаецца нелегальны часопіс "Гоман", орган беларусаў з "Народнай волі".
І, урэшце, беларус Ігнат Грынявіцкі (паходжаннем
…Пазней рабочы рух нарадзіў і першыя арганізацыі рабочага класа. Пашыраецца забастовачны і стачачны рух. У 1886 г. забаставалі майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі, у 1887 — рабочыя кавальскіх майстэрняў Мінска. Марксісцкія гурткі з'явіліся ў Гродне, Мінску, Віцебску і іншых гарадах. Народніцтва канчаткова было разгромлена ў працах У.І.Леніна.
І, урэшце, у сакавіку 1898 года адбыўся ў Мінску І з'езд РСДРП. І хаця члены выбранага ім ЦК хутка былі арыштаваны, хаця спатрэбіліся яшчэ гады працы Леніна і яго паплечнікаў — пачатак быў зроблены.
Сярод сучасных гмахаў новай плошчы Перамогі стаіць на беразе Свіслачы зялёненькі драўляны дамок, адкуль усё і пачалося. Дамок, дарагі нам яшчэ і таму, што пазней у ім жыў, ствараючы свае вершы, Янка Купала, што менавіта ў гэтых сценах ён перакладаў на беларускую мову "Інтэрнацыянал".
Гэта бой наш астатні За працоўны народ.Беларусы дзейнічалі ў рабочым руху не толькі на Беларусі. Напрыклад, адзін з арганізатараў беларускіх сацыялістаў, Сяргей Мяржынскі, быў і адным з арганізатараў "Кіеўскага саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа".
Чым была Беларусь напярэдадні рэвалюцыйнага выбуху? Гэта была зямля, на якой падымалася на ногі і ўжо досыць трывала стаяла на іх беларуская нацыя. Пачаўся гэты працэс за стагоддзе з лішнім да таго. А становішча, якое пазней прывяло да рэвалюцыі 1905 года, нарадзіла асабліва моцны культурны рух. Прадчуванне 1905 года было як каталізатар. Сілы збіраліся адусюль, згуртоўваліся. І на хвалі гэтай навальніцы высока ўзляцелі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Алаіза Пашкевіч — Цётка.
Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя паступова ламала рамкі, у якія загналі школу пасля паўстанн 1863 г. "Разнообразных книг, журналов и газет для крестьян теперь не надо… Вот наш каталог: евангелие, молитвослов, псалтирь, священная история". Гэта пісаў не душыцель асветы, як можа здацца, а папячыцель Віленскай вучэбнай акругі. То што здзіўляцца, калі працэнт непісьменных за стагоддзе вырас (да 1897 г.) з сарака да сямідзесяці сямі. Акультурыліся людзі!
А тут яшчэ прамысловы крызіс 1900–1903 гг., ганебная японская вайна, засілле буйных кампаній. Даходзіла да анекдатызму: ільнопрадзільная фабрыка ў Віцебску і віцебскі трамвай, напрыклад, належалі бельгійскаму акцыянернаму таварыству.
Дэманстрацыі, палітычныя стачкі і забастоўкі аж калоцяць беларускую зямлю. Стачка дваццаці гарбарных заводаў у Смаргоні (1901 г.), забастоўкі слесараў і сталяроў у Мінску (дабіліся рабочага дня ў 12 гадзін) і дзесяткі іншых. Чырвоныя сцягі на першамайскіх вуліцах. Сацыял-дэмакратычныя групы ахапілі сваім уплывам рабочы рух нават у невялікіх гарадках. Ленінская "Іскра" шырока распаўсюджвалася на Беларусі. Групы "Іскры" працавалі ў Мінску, Гомелі, Пінску, Гродна, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Смаргоні, Копысі і ў дзесятках іншых гарадоў. Там жа ўзнікалі групы РСДРП.
Надышоў 1905 год. Сутычкі з паліцыяй, хваляванні сялян. 18 кастрычніка на прывакзальнай плошчы Мінска тысячы людзей сабраліся на мітынг. Губернатар Курлоў нехаця вызваліў палітзняволеных. Але адначасова да вакзала сцягнулі войска. Пачаўся "курлоўскі расстрэл". Уцекачоў расстрэльвалі
ля паліцэйскага ўчастка на Міхайлаўскай вуліцы. 80 чалавек забіта, 300 паранена. У адказ — стачка пратэсту.Барацьба вялася па-рознаму. Акрамя ўзброеных выступленняў, забастовак, аграрных беспарадкаў, хваляванняў у гарнізонах (Магілёўскі гарнізон, паўстанне салдат у Брэсцай крэпасці і г.д.), раззбраенні рабочымі верных царызму часцей (у Баранавічах збілі генерала Арцём'ева, які загадаў страляць, здзерлі з яго пагоны), абурэнне прымала самыя розныя формы. Рэвалюцыянер Пуліхаў кінуў у ката Курлова бомбу. Яна не выбухнула. Як выявілася, у арганізацыі быў правакатар, і бомбу, перш чым аднесці Пуліхаву, сапсавалі ў паліцэйскім участку. Рэвалюцыянер быў павешаны.
З'явіліся і "добраахвотнікі свабоды". Сярод іх асабліва цікавай асобай быў Аляксандр Савіцкі (1888–1909 гг.). Быў выключаны з рэальнага вучылішча за рэвалюцыйныя погляды. У час 1905 года ўдзельнічаў у рэвалюцыі, агітаваў, распаўсюджваў літаратуру, агітаваў у Магілёве ісці на гарадскую турму, удзельнічаў у Мінску ў дэманстрацыі, у Чарнігаве арганізаваў рабочы клуб. Калі рэвалюцыя была разгромлена, калі рэвалюцыянеры адступілі ў падполле, забастоўкі пачалі спыняцца, а сялянскі рух быў прыдушаны, і наступіла сталыпінская рэакцыя, Савіцкі, стыхійны бунтар-народалюбца, стаў на шлях "партызанскай" барацьбы. Яшчэ ў вучылішчы ён славіўся як таленавіты акцёр, які мог пераўвасобіцца ў любога чалавека: мужыка, пана, гандляра-яўрэя (акрамя беларускай і некалькіх заходніх моў, цудоўна ведаў польскую, яўрэйскую, рускую, украінскую. Увогуле быў таленавіты ўсебакова: цудоўны мастак, паэт, аўтар паэмы "Фея вясны", але перш за ўсё, як ужо сказана, артыст).
Сабраў атрад у 200 чалавек, падзяліў яго на некалькі невялікіх дысцыплінаваных груп: "Усе за аднаго… Ніколі не здавацца ў палон… Калі нехта трапіў — усім загінуць, а выручыць… Ніколі не выдаваць ні сяброў, ні свайго сапраўдага прозвішча… Ісці на шыбеніцу са знявагай да ворага… Ніколі не ліць задарма кроў", — вось такія былі некаторыя пункты статута гэтага атрада. Статута, напісанага Савіцкім.
У яго ўсюды былі сябры. Пра кожную аблаву і экспедыцыю ён ведаў загадзя. Нападаў на маёнткі і банкі, а грошы раздаваў бедным сялянам, беспрацоўным, пагарэльцам, нядоімшчыкам, бясконным. Да жорсткіх прыгнятальнікаў народа пісаліся лісты, і, калі тыя не адумваліся, расправа не прымушала доўга чакаць. Але пасля пары такіх папярэджанняў не было чалавека, які не стаў бы да беднага ласкавы, хоць да раны прыкладай.
Дзейнічаў Савіцкі ў Магілёўскай губерні (паветы Чэрыкаўскі, Чавускі, Горацкі, Клімавіцкі, Гомельскі і інш.), пад Навазыбкавым, Мглінам, Старадубам, на поўначы Чарнігаўшчыны. З'яўляўся ў касцюме спраўніка на балы, пераапрануты ў бабулю, дапамагаў паліцыі лавіць сябе на рынку ў Гомелі. Праязджаў чугункаю ў выглядзе архірэя па Палессі, бласлаўляючы шэфа жандараў, генерала і чыноўнікаў. Мог памагчы ўдаве стражніка, забітага ў бітве з яго атрадам, бо ўдаву сяляне хацелі сагнаць з зямлі.
Акруга на трыста вёрст, ад Оршы да Украіны, калацілася ад яго імя і бласлаўляла гэтае імя чатыры гады. Ні памешчык, ні стражнік, ніхто не смеў пакрыўдзіць беднага. У Дзяржаўнай Думе цару было зроблена запытанне: "Когда Он соблаговолит утихомирить белорусского Зелим-хана?" Але мясцовая паліцыя і войска не хацелі яго лавіць. Ён стаў легендай, рыцарам новых часоў. Тады за ўказанне яго сховаў прызначалі ўзнагароду ў 1000 рублёў, і адначасова з Каўказа выклікалі на ловы "дзікую дывізію".
Хворы на малярыю Савіцкі (а з ім два сябры) спыніўся ў пуні селяніна ў вёсцы Краснае (10 км ад Гомеля). Хтосьці выдаў гэтае месца. Салдаты "дзікай" дывізіі абкружылі пуню. Усю ноч ішла перастрэлка, раніцай прыйшло падмацаванне. Тады сябры вырашылі прабіцца. І прабіліся былі, але ўжо на самым узлессі памочнік Савіцкага, рабочы Кулугін, быў забіты. Таварышы замарудзілі, цягнучы яго, і іх зрашэцілі кулямі. Было гэта 25 красавіка 1909 года.
Новыя песнi новага дня