Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

Калі Палкоўнік спусціўся з прыступак, да яго падышоў Гурык і адвёў убок… Нешта сказаў яму, а Палкоўнік павярнуўся да ўсіх і крыкнуў:

— Ведаеце, што ён мне сказаў?.. Што маршала Жукава можна не любіць, але не ў нас, а ў Маскве! А ў нас загад любіць яго ніхто не адмяняў! Дык мне ў Маскву ехаць?..

— Не! — ускрычалі ў адзін голас вольныя мінчукі, а Гурык узяў Палкоўніка пад локаць:

— Пройдзем!

Прайсці з Палкоўнікам старшаму лейтэнанту Гурковічу не ўдалося, бо з прыступак скочыў Ас, адпіхнуў Гурыка і пацягнуў Палкоўніка ў гушчар вольных мінчукоў, якія пляскалі абодвум вар’ятам…

Так, меўся ў Мінску, апроч Аса, яшчэ адзін вар’ят, як у Афінах Сакрат. Але гэты, Палкоўнік, у адрозненне ад толькі на сябе самога падобнага Аса, быў насамрэч падобны на Сакрата. Так што, калі, як казаў Косця Воран, гораду

для вечнасці патрэбны ненармальны, дык Мінск на вечнасць можа разлічваць двойчы.

Мінск — горад-двойчы вар’ят.

Убачыўшы, што Гурык і ягоныя калегі ў цывільным занятыя Палкоўнікам, на прыступкі нерашуча падняўся чарнявы, з кудзеркамі, юнак у футболцы і картовых штанах, з-пад якіх вытыркаліся стаптаныя чаравікі з абарванымі, якіх не хапала, каб зашнуравацца на усе дзірачкі, шнуркамі. Ён і блізка не паходзіў на Гарыка ці Косцю, гарадскіх стылягаў. Па ўсім было відаць, што хлапчына ў футболцы — вясковец, які апынуўся ў Мінску, паступіўшы на філфак універсітэта ці педінстытута. Трохі заікаючыся, ён прачытаў хутка і ціха — так, што мала хто пачуў:

Рахманыя, няўпартыя, Мы ўсе — адзін калгас. Кіруе намі партыя І думае за нас. Дазвол ёсць жыць у лагеры Сацыялізма ўсім. Дарма буржуі звягаюць, Мы не зайздросцім ім. На волю нам не хочацца, Мы рушым свет стары, І вораг не праточыцца У цвёрдыя муры. Дакладна кожны ведае: Быў камуніст — Ікар! Для мар пра заўтра светлае Хапае голых нар.

Як ні ціха прагучалі вершы, адзін з калегаў Гурыка ўсё ж нешта расчуў і пачаў прабірацца да прыступкаў, каб перастрэць крамольнага філфакаўца, але барды і паэты, за спінамі якіх прыадчыніліся ўваходныя дзверы тэатра, засланілі крамольніка. Ён хуценька праслізнуў у тэатр — і дзверы зачыніліся, як нічога й не было. Але ж было, было — і яшчэ невядома, ці ўдасца філфакаўцу ўцячы праз тэатр на свой філфак. Калі ж сёння ён і ўцячэ, дык заўтра нехта з аднакурснікаў на яго данясе, і будуць у філфакаўца праблемы, хай нават гэбісты, занятыя Палкоўнікам, толкам вершы ягоныя і не расчулі.

“Гісторыі кола Заўсёды круціла крамола! Стагналі Афіны, Цары вар’яцелі на тронах, Чырвонай цаглінай Слізгала крамола па скронях!..”

— ударылі па гітарных струнах і заспявалі Гарык Клябанаў, Віл, Воран і Ас, які умеў не толькі лепш за ўсіх свістаць, але й на гітары граць за ўсіх не горай, а вольныя мінчукі, спрабуючы зратаваць Палкоўніка, абкружылі яго і павялі ўверх па вуліцы Энгельса да Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, пад левым крылом якога ўтульненька патанаў у засені клёнаў з таполямі трохпавярховы дом, у якім 21 верасня 1943 года Герой Савецкага Саюза, былая афіцыянтка сталовай таго ж ЦК КП (Б) Алена Мазанік падклала міну пад ложак гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ…

Можа быць, праз тое, што Кубэ быў не толькі гаўляйтэрам, але і літаратарам, паэтам і драматургам, былы дом ягоны стаў пасля вайны домам Саюза пісьменнікаў, а былая спальня — кабінетам літаратурных кансультантаў, куды вольныя мінчукі і зацягнулі Палкоўніка. Гурык з калегамі ў цывільным пакруціліся паблізу, пра нешта пашапталіся, але забраць Палкоўніка здому пад крылом ЦК не рашыліся.

Шкада, што пазней, ужо ў 70-х гадах, махнуў крылом беларускі партыйны ЦК — і не стала ні таго дома, ні таполяў з клёнамі. Знеслі, скарчавалі. Не так, канечне, шкада той дом, як шкада Нямігу, але ўсё ж…

У кабінеце літаратурных кансультантаў Саюза пісьменнікаў стаялі тры сталы, кансультанты сядзелі за адным з іх, сярэднім, і выпівалі. Пад крылом ЦК яны не баяліся выпіваць, не зачыняючы дзверы.

— Вы да каго?.. — пацікавіўся ў вольных мінчукоў вялізны, з галавой дзіцяці, кансультант, і Палкоўнік адказаў, што і ён,

і Анатоль Пястрак, сын вядомага беларускага пісьменніка-рэвалюцыянера Піліпа Пестрака, і ўсе вольныя мінчукі… Віл, Воран, Гарачы, грамадзянка Бланкі вось гэты… ён не ведаў, як мяне зваць, і ніяк не назваў… прыйшлі да кансультантаў, бо на дзвярах кабінета з таго боку напісана, што тут кансультанты сядзяць.

— Не сядзяць, — паправіў Палкоўніка той жа “дзіцячы” кансультант. — Працуюць. — І хоць папраўка ягоная не зусім адпавядала рэальнасці, Палкоўнік не стаў спрачацца, спытаўшы:

— А хто з вас Пятрусь Броўка?

Кансультанты пераглянуліся…

— Ніхто з нас не Пятрусь Броўка, — не надта прыязна адказаў іншы кансультант, з лысінай, пузаты і круглатвары. — Пятро Усцінавіч Броўка — старшыня Саюза пісьменнікаў, а мы — кансультанты. Па прозе, паэзіі і драматургіі. — І кансультант з лысінай, пахмурна зірнуўшы на Палкоўніка, паўтарыў пытанне кансультанта з дзіцячай галавой. — Вы да каго?.. У якім жанры сябе спрабуеце?..

Падумаўшы, Палкоўнік адказаў, што ён спрабуе сябе ў жанры крытыкі, але ў былой спальні гаўляйтера Вільгельма Кубэ стаялі сталы для кансультантаў па прозе, паэзіі і драматурггі, а вось па крытыцы ні кансультанта, ні стала для яго не было.

— Па крытыцы кансультанта няма… — вінавата сказаў пузаты, і Палкоўнік адчуў, што ёсць магчымасць выявіць свой акторскі талент не калісьці і дзе-небудзь, а зараз і тут.

— Та-а-ак… — працягнуў ён, уважліва гледзячы на пузатага. — Як старшыня партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі па праверцы… — не дагаварыў ён, па праверцы чаго, і спытаў напорыста. — Можа быць, Саюз пісьменнікаў Беларусі не лічыць літаратурную крытыку важным жанрам, у той час як партыя вызначае яе ролю ў развіцці савецкай літаратуры як вядучую?.. Можа быць, — перакінуўся старшыня немаведама якой партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі з пузатага кансультанта, які раптам спаў з твару, на кансультанта з дзіцячай галавой, — кансультанты Саюза пісьменнікаў Беларусі не чыталі прамову першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова на трэцім з’ездзе савецкіх пісьменнікаў?.. Чыталі?.. — тузануў Палкоўнік за плячо яшчэ аднаго кансультанта, худога мужыка ў паласатай безрукаўцы са споўзлымі на нос акулярамі, які, роўненька седзячы, драмаў за сталом і, тым не менш, нават не разумеючы, чаго яго тузаюць, прачамкаў: “Чыталі… мы чыталі…” — а Палкоўнік штурхнуў худога ў другое плячо так, што ў таго акуляры зляцелі, і ва ўсіх запытаў з жалезам у голасе: “Як называецца прамова, калі вы яе чыталі?”

Кансультанты яшчэ не выпілі столькі, каб нічога не баяцца, таму на ўсялякі выпадак спалохаліся. Спрацавалі гены з інстынктамі ды яшчэ тое, што Палкоўнік адразу ўдарыў цяжкой артылерыяй: камісія, партыя, першы сакратар…

— Не помню… — прамямліў кансультант з дзіцячай галавой, безнадзейна гледзячы на худога кансультанта ў безрукаўцы, які, шукаючы акуляры і ўсё яшчэ не цямячы, што адбываецца, прамаўчаў, а пузаты паўтарыў: “Мы кансультанты…” — і голас ягоны ўжо быў прыязны, і позірк не пахмурны, а ліслівы.

Палкоўнік злавіў кураж і, не паддаўшыся на ліслівасць, ускочыў на каня.

– І верш найвялікшага савецкага паэта, найблізкага сябра першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, пра якога таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў казаў на з’ездзе савецкіх пісьменнікаў як пра прыклад, пра ўзор паэта і паэзіі, таксама не памятаеце?.. Га? — зусім разышоўшыся, схапіў Палкоўнік загрудкі пузатага. — Памятаеш, ці не?.. Хто з вас кансультант па паэзіі? Ён?.. Ён? Ты?.. А, ты!.. — ледзь не парваў Палкоўнік кашулю на пузатым кансультанце па паэзіі, і я падумаў, што ад гэбістаў, можа, сёння мы і адарваліся, але міліцыі не прамінем. — Тады імя назаві! Імя паэта, найблізкага сябра таварыша Хрушчова, калі ты, кансультант, вершаў не помніш! Ну, імя?..

— Панцялей Махіня, — пачуўся раптам за маёй спінай, ад дзвярэй, у якія нехта ўвайшоў незаўважна, мякка-насмешлівы голас. Павярнуўшыся, я блізка, твар у твар убачыў дзецюка з русявымі, хваляй спадаючымі на лоб, валасамі і з гэткімі ж мякка-насмешлівымі, як і голас, вачамі, якія, пры ўсёй мяккасці позірку, нечакана здзіўлялі, нават насцярожвалі тым, што былі рознакаляровыя: правае вока — шэра-зялёнае, а левае — светла-карычневае, арэхавае, якое глядзела да таго ж паўз цябе, нібы трохі косячы. І, трохі косячы на Палкоўніка, русявы дзяцюк з мякка-насмешлівым голасам прадэкламаваў:

Поделиться с друзьями: