Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
Магістру Паўлю аж так добрыцца на душы ад ежы й пітва, а яшчэ ад таго выпраменьваньня, якое йдзе ад яго суседкі, якая выдатна падагравае і іскрыць свае сокі; пры гэтым Маргрыт, ці як яе — прынцэса Трапезундзкая альбо лэдзі падкладвае яму самыя лепшыя кавалкі, падлівае зноў і зноў, і за кожным разам ён бачыць, як яна паводзіць пышнымі плячыма, што здаецца адкусіў бы кавалачак зь іх, а не з талеркі, і як яна так умела туга напінае грудзі, што яны аж як бы самі просяцца з карсажа. Але й дзева Барбара штораз больш разахвочваецца да свайго суседа, які салодзенькімі губкамі нашэптвае ёй на вушка ўсякае-ўсялякае, як ён хоча яе, асабліва за яе дзявоцкія формы, і, божа, як бы ён зь ёю пабавіліся, як анёлкі паміж сабою, а ён як хохлік, а менавіта ж бо ззаду, альбо ж і зьверху бубкі, зьнізу губкі — таксама сьлічна! пакуль абое, зьліўшыся, ня пырхнулі б у адзіную шчаснасьць, якая даецца добрым
Тым часам жыд зь нейкай адмысловай пляшкі налівае гасьцям у чаркі салодкага, цяжкага віна, пра якое кажа, што сам чорт гадаваў лазу й чавіў гронкі, але рэбэ Ёшуа, як хрысьціяне называюць Ісуса, на сваёй апошняй тайнай вячэры з вучнямі піў якраз гэтае віно і, як вядома, дабраславіў яго, так што віно сёньня робіць так, што таму, хто яго п'е, праўдзяцца ўсе яго жаданьні. Пасьля ківае музыкам, тыя выходзяць наперад, і каторы зь лютняй схіляецца перад лэдзі й перад дзевай Барбарай і заводзіць песеньку:
Мне так, ня знаю як, ты ўся ў маім нутру, Прыйдзі, аддайся мне, інакш бо я памру. Інакш памру. Як зорачка ўначэ, так я к табе лячу. Прыйдзі, дай сэрца мне і нештачкі яшчэ. І дай яшчэ. Гасподзь стварыў людзей, зь людзьмі цяпер бяда. Прыйдзі, пусьці ў сябе, кашлатачка н-да… н-да… Мая бяда.Ад гэтых слоў, ад музыкі Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магістр у вочы лэдзі, і ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьціліся ад дабраславёнага віна. Сэр Агасфэр дае знак, і цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавіна налева, другая палавіна, значыцца, направа, і вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як і тая, дзе банкетавалі, але крыху меншая, пасярэдзіне якое шырокі ложак зь мяккімі падушкамі й балдахінам, так званым нябесным дахам над ім, расшытым золатам з кутасамі па краях.
А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсіх законах гонару, натуральна: ён і лэдзі будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магістр лепш ня ўчыніў бы.
І з гэтымі словамі ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабіце, увесь у чорным і зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнігу, была яна Біблія ці не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круціцца ў галаве, вочы лезуць з вачніц, калі ён вось так стаіць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай і яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карціне майстра Кранаха зь Вітэнбэрга, з каштоўным калье на шыі й рознымі іншымі залатымі штукенцыямі на руцэ.
А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнігу й кажа:
— Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пісаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, і стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабіць мужчыне памочніцу, каб ня быў ён адзін. Але муж павінен быць верны сваёй жонцы, як і жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваім целам, а муж. Вы, жанчыны, павінны, слухацца сваіх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкі, як Хрыстос ёсьць галава эклезіі вернікаў. Але як абшчына вернікаў падданая Хрысту, так і жонка падданая мужу свайму ва ўсіх справах ягоных.
Магістр ведае тэкст вельмі добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, і ўсё ж яму здаецца, што
гучаць яны як чысты зьдзек і кпіны, асабліва калі сэнс іх прыкласьці не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар і валадар. І ўвесь сьцінаецца, калі Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:— Ці хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьці, пакуль сьмерць не разлучыць вас?
— Хачу, — кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, і чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньні, ці хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, ці хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсіх справах, пакуль сьмерць не разлучыць іх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у імя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на «ты» са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскідае рукі, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагінаецца, расшнуроўвае абутак, а менавіта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравік на коўдру над жыватом дзевы й кажа: «Каб ты ведала, пад чыім ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар»; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзі звонка пляскае ў далоні й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьміхаецца далікатна й пытаецца ў магістра, ці не хацеў бы ён зрабіць прыгатаваньні й далучыцца да суджанай яму.
Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзі й выходзіць, за ім Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, і толькі салодкая музыка застаецца. І тут нападае на Айцэна вялікі юр, і ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавіта, што Бог стварыў усіх і ўсякіх жанчын з аднолькавай дзіркай і для аднолькавых патрэб і мэтаў; і не марудзячы далей, ён скідае зь сябе парадную вопратку і ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьці й юрзае задніцай, быццам змалку нічога іншага не рабіла, уся жарсьць і пажада, і стогне й кліча: «Ходзь, каханы, ходзь да мяне», і Айцэну робіцца весела, калі чуе, які ў яго прыгожанькі гарбок, якія прыгожыя і густыя валаскі на грудзях, ну, і ўсё такое іншае. І заўважае раптам, што на ёй інкуб, але й сам адчувае, што такі самы інкуб і пад ім, нібыта Барбара, і ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькім і леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нічога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.
А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, і абое засынаюць. Калі празь некалькі гадзін прачынаюцца, на дварэ займаецца на раніцу, і ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэні й затканай павуціньнем, у нейкай дзікай трушчобіне на прадмесьці, і ні ён, ні Барбара ня ведаюць, як сюды дасталіся, і замест іх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькі адмысловага швіва бот Лёйхтэнтрагера адзінока стаіць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калі яны ціхенькім крадком сыходзяць па лесьвіцы, выходзіць фраў гаспадыня і гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскіх, а ў яго ні пфеніга ні ў кашулі, ні ў штанах, і Айцэн мусіць паслаць пасыльнага з запіскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строіць зьдзекі ўсялякія, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, і колькі сінякоў яму яна насадзіла сваймі касьцямі.
Разьдзел сямнаццаты. У якім дасьледуецца, адкуль магло пайсьці, што з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самыя зацятыя ахоўнікі парадку, і адначасова расказваецца пра процілегласьць паміж «не» і «так» і цяжкасьці пры будаўніцтве царства свабоды
Мы лунаем.
У глыбінях прасторы, якая называецца шэол, што распасьціраецца па-за межамі стваральнасьці, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьні.
Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма ні Бога й нікога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькі Нічога, а Нічога ня мае вушэй.
Я не баюся, кажу я.
Люцыпар крыва ўсьміхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмяніць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.
Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьціц, мізэрных часьцінак Нічога, якія зь Нічога рухаюцца ў Нічога.
Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.