Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Пры гэтым, нягледзячы на ягоныя захады з гэтымі жыдамі, былі й пэўныя боязкі што да іх, і ня толькі праз Агасфэра, на што ён, пасьля ўсяго, што там у іх было паміж сабою, меў грунтоўныя падставы; гэта таму, думае ён, што яны дапусьцілі, каб нашага Госпада Ісуса прыбілі да крыжа, і за іхнюю варожасьць; яны ўсюды ўсім чужыя і ўсіх раздражняюць, і ўжо адно тое добра й пахвальна, што высакамудры сэнат забараняе ім гнездавацца ў Гамбургу й круціць свае шахермахерскія гешэфты; датчане вунь — яны зусім іншыя, яны, з Гаторпскім герцагам на чале, як мурашкі, дояць сваю жыдоўскую тлю.

Чужыя, варожыя, думае ён, расьсеяныя па розных краінах сьвету, госьці за чужым сталом, няпрошаныя і нялюбыя. Зь Яго герцагскай мосьці ласкавага дазволу ён шмат разоў бываў у Альтоне і інспэктаваў сынагогу — сапраўдная збойніцкая маліна, сьцены да чорнага пракапцелыя сажай ад сьвечак, якія гараць пастаянна, скляпеньні затканыя павуціньнем, якое яны ніколі не зьмятаюць, бо, кажуць, Schem jiborach, безназоўны, дабраславёны ў ёй якраз і прабывае. Пабываў ён і на тым, што яны называюць набажэнствам, службай Богу, што можна толькі з прыкрасьцю назваць Богам, думае ён, бо яны ходзяць у свае хэдэры, калі каму хочацца й падабаецца, адзін раней, другі пазьней, адзін надзявае tallis, мантыю

для малітвы, другі тым часам зь сябе здымае й выходзіць, а большасьцю малітваў запраўляе сhasen, запявала, які на жаль і сьпяваць як сьлед ня ўмее, а толькі стаіць перад аron hakkodesh, сьвятой шафай, у якой ляжаць пэргамантныя скруткі законаў, і задраўшы галаву, заткнуўшы пальцамі вушы, надсаджваецца ў крыку, што ледзь горла вытрымлівае, на габрэйскай мове, часам так хутка, што ніхто за ім не пасьпявае, часам рвана й расьцягнута, пры чым часам сам плача альбо рагоча, карацей, размахвае рукамі, як дурны вар'ят, як апантаны, пакуль нячысты дух не захапляе ў сябе астатніх жыдоў, і яны не пачынаюць лямантаваць і ягліць у адзін голас з сhasen, бляюць і мармычуць, кланяюцца на ўсе чатыры бакі сьвету альбо сморкаюцца й плююцца, альбо, торгаючыся ўсім целам, бы ў ліхаманцы, падскокваюць, аж нармальнаму чалавеку здаецца, што ўсе яны тут казлы. І з гэтага народу, думае ён, павінен быў выйсьці наш Гасподзь Ісус?

Калі неяк аднаго разу раней (вось як яно было!), прыбыўшы да сынагогі ў Альтоне, ён ўехаў у вузенькую вулічку, дзе ягоны кучар ледзьве мог праціснуцца, а колы па самыя восі ўгразалі ў балоце, і калі зайшоў усярэдзіну, дык з палёгкай канстатаваў, што, прынамсі, хоць падлога была падмецена; а пакропленьні рознымі пахошчамі надавалі кісламу смуроду, што там звычайна стаіць, такі нейкі саладжавы прысмак; і яшчэ расстаўлены драўляныя ўслоны для паноў honoratiores; старэйшыны абшчыны й вучоны Эзэхіель Пэрэйра сустракаюць яго зь вялікай пачцівасьцю, нібыта ён быў ня толькі супэрінтэндэнт Гамбурга, а пасланец Бога, і запэўніваюць яго, што ўсе жыды Альтоны, прынамсі, мужчынскага роду й да таго ж здольныя — іх папрасілі застацца — да дыспутаваньня, усе тут і зь вялікай увагай гатовыя слухаць. Але Айцэн раптам ня чуе іхніх слоў; ягоныя вочы нечагась шукаюць у цёмных закутках будынка, куды ўжо ня можа пранікнуць сьвятло сьвечак, ценю таго, хто яму цяпер быў бы вельмі патрэбен, так як гэта было на магістарскім экзамене ў Вітэнбэргу, калі яго распытвалі пра анёлаў, і каго ён ня бачыў з таго самага дня ў доме сэра Агасфэра, калі была зачатая маленькая Маргарэта зь яе горбікам і кульгавай ножкай; але таго тут ані сьледу, ні позірку, ні пошапту, і Айцэн, зусім упалы сэрцам, думае, што ніяк ён тут ня выблытаецца без дапамогі прыяцеля і што яму, пакуль ён ня зможа выклікаць у сьведкі Агасфэра, нічога ня сьвеціць у супроцьстаяньні красамоўству й слованаварачэньню Эзэкіеля Пэрэйры, хіба што толькі застаюцца рuncta і argumenta, якія ўжо выкарыстоўваліся сьвятымі айцамі царквы ў зацінках з жыдамі й якія ён старанна й рупліва вывучыў.

Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбірацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, і ўсе яны вытанчана ўбраныя і іхнія брычкі багата ўпрыгожаныя гербамі й абіўкаю, і ўсё гэта тлуміцца, цісьнецца ў вузкіх брудных вулічках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калі герцагі й курфюрсты зьбіраюцца параіцца наконт розных боскіх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымі жыдамі, і ягоныя гамбургскія confratres, пастары зь Вестфаліі Фрызіус і Бёткер, якія падпісалі цудоўны ліст на Вітэнбэргскі факультэт, таксама ўжо прыбылі й горача чакаюць дзейства; гэта ня іхняя рыба тое, што тут смажыцца, і ня іхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя іх новага калегі гера superintendent, на чыім троне кожны зь іх трохі ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё інакш. А вось ужо надыходзіць і жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакі на целе, зьбіраюцца, ціхенька паміж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калісьці рабілі іх прабацькі каля брамы ў Ерусаліме, калі наш Збаўца ўязджаў у горад на сваім асьляняці. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць і crucifige; гэта можа прыйсьці з зусім іншага боку, ад зайздросьнікаў і тых, хто хацеў бы зьняславіць і перакруціць сілу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьціянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць і круцеліць, як каму прыпадзе й заўгодзіцца.

І вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьціяне, і чуе, як жыдоўскі старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзіне залы, і гаворыць даволі далікатна й з паклонамі вітае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугаліі, іхняга паважанага настаўніка й майстра дона Эзэхіеля Пэрэйру, але асабліва гера супэрінтэндэнта вялікага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугі Яго мосьці Адольфуса, герцага Шлезьвіга й Гаторпа, атрымалі магчымасьць прысутнічаць на вучоным дыспуце пра тое, ці прыбіты да крыжа Ісус Хрыстос быў адзіным і сапраўдным сынам Бога, хай сьвяціцца імя яго, і meschiach і ці, усьвядоміўшы гэты факт, жыды не зрабілі б лепей, калі б навярнуліся ў хрысьціянскую веру, прынялі таінства хрышчэньня і тым самым палепшылі б сваё жалю вартае існаваньне й нават у вялікім і багатым горадзе Гамбургу маглі б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, ніхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калі ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.

Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзін да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзін, з доўгім вострым носам і дзікай сівай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо ці не павінны яны на прыклад goyim, жэрці ад цела пакаранага сьмерцю і піць ад яго крыві ў кірсе, калі ў Пісаньні ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?

Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, і ўсё яго ваганьне й прыкідкі а ці ня правільней было б цяпер і ці не своечасовей давесьці да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, і ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якіх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялікай дабрыні памёр і за грахі жыдоў, калі толькі яны гэта прызнаюць, і таму кожны хрысьціянін павінен маліцца й за выратаваньне іх праклятых душ, каб, калі прыйдзе час

Страшнага суду, маглі быць сабраныя Хрыстом і яны.

— Але чаму, — прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, — жыды ня хочуць паверыць, што іх мэсія прыйшоў у асобе Ісуса Хрыста, калі ж яны бачаць і на сваёй скуры адчуваюць, што іхні храм разбураны й яны расьсеяны па ўсіх краінах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых і быць бітымі сваімі ворагамі? Таму Бог карае зацятых і асьлеплых жыдоў з поўным правам нават і сёньняшнім часам, таму што яны не хацелі прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньні Пілата, згадзіліся, каб яго прыбілі да крыжа, і паколькі Пілат умыў рукі й сказаў, невінаваты я ў крыві праведніка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалі, Мацьвей 27: «Кроў ягоная на нас і на дзецях нашых».

Айцэн заўважае, як ён захапіўся і што насуперак усім сваім планам і намерам ужо ўцягнуўся ў disputatio і моцна ў ім заграз; але нават і вучоны Эзэхіель Пэрэйра прызнаў гэта і ўжо пагладжвае хвалістую бараду й пытаецца, зьвяртаючыся да ганаровых і іншых высокіх гасьцей, ці не дазволілі б яму гер доктар і дастойныя геры задаць адно прамежкавае пытаньне, а менавіта, спасылаючыся на якія аўтарытэты й на які Запавет, Стары ці Новы ці на абодва адразу, ягоны апанэнт хацеў бы тут дыспутаваць? Бо калі ўжо зайшлося пра наварот жыдоў і ні пра што іншае, дык нельга ад іх патрабаваць проста за так, каб яны a priori прызнавалі эвангельлі альбо пісьмы апосталаў; такога можна было б патрабаваць толькі пасьля перагавораў; а да таго мы мусім прапанаваць апанэнтам тэксты зь пяцікніжжа Майсея і словы сваіх уласных прарокаў, а таксама са сьвятых псальмаў і выслоўяў, і з гэтага павінна высьветліцца, у чым жа й праз што жыды аж так моцна саграшылі.

Пры такога роду прамовах Айцэну робіцца пуста ў страўніку, пот выступае на губах, тым болей, што ён яшчэ й павінен глядзець, як некаторыя з начальстваў разважліва ківаюць галавою, быццам ухваляючы тое, што сказаў Пэрэйра; даюцца на ўнушэньне, дурныя, што жыд можа ведаць толькі сваё ўласнае вучэньне, а й не падазраюць, як мала яны падыгрываюць свайму супэрінтэндэнту, рабуючы ў яго палавіну яго арсэналу.

І тут Пэрэйра зь яшчэ большым націскам патрабуе ўсьвядоміць, бо гэта запісана ў Майсея і ў прарокаў, што выратаваньне й збавеньне народу Ізраіля і паўторнае здабыцьцё божай ласкі палягаюць на веры ў мэсію, які ўжо явіўся? У Пісаньні патрабуецца вера толькі ў Аднаго, менавіта ў Бога, хай сьвяціцца імя яго, як зыходзілі з гэтага слова Шмах Ізроэл, Аданай Элохэну, Аданай Эход, слухай, Ізраіль, Гасподзь Бог наш, Гасподзь адзіны, і тое, што ён, Бог, славалюбны Бог, чаму Ізраіль ня можа мець іншых багоў побач зь ім, ня кажучы ўжо пра нейкіх яшчэ сыноў Божых.

Айцэну робіцца не па сабе, калі ён бачыць, як Пэрэйра пытаньне пра пакараньне Ізраіля, якое ўсім відавочнае, хітра заблытвае й спрабуе завесьці спрэчку ў нейкую нябесную арыфметыку, зь якою зямная і асабліва іхняя арыфметыка, так цяжка стасуюцца. Але, каб выбіць у апанэнта аргумэнт, трэба адразу даць контрдовад, і ён кажа, што Сын Божы, наш Збаўца, на якога так зьедліва намякаў вучоны дон Пэрэйра, ніякі ня Бог каля Бога, а яны Бог Бацька, Бог Сын і Logos, Сьвяты Дух, ад пачатку былі адзінствам, так што тут in puncto ўшанаваньня адзінага Бога ня можа ўзьнікнуць абсалютна ніякай супярэчлівасьці з Божай запаведзьдзю; гэта асьвятляе таксама і ў імя Божае на габрэйскай мове, Elihim, якое ёсьць pluralis, множны лік, і пацьвярджаецца словам Божым у Майсея 1: 26 — Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага — што, калі займеньнік тут, бадай, і ня можа датычыцца анёлаў з Божага атачэньня, дык ён абавязкова павінен азначаць, што Бог браўся за працу ў сваім трыадзінстве і ўсе мы такім чынам ёсьць творы й Сына й таму абавязаны верыць гэтаксама і ў яго, як і ў Бацьку. Майсей 1:26, думае Айцэн, ня ідзе далей гісторыі стварэньня: тут ён пабівае Пэрэйру яго ж уласнай зброяй; прыбывае, бач, сюды з Партугаліі, адкуль кароль турнуў яго разам з усімі астатнімі знакамітымі жыдамі, і будзе яшчэ вучыць нас слову Божаму й другі раз высьмейваць і нікчэмніць нашага Госпада Ісуса. Але Пэрэйра лёгенька ўсьміхаецца, кланяецца тым з начальстваў і пытаецца, ці не маглі б хто з гераў сэнатараў альбо з высокай герцагскай рады папрасіць у яго вучонага апанэнта працытаваць наступны верш зь Першай кнігі Майсея, а менавіта 1:27 і паколькі ашаломлены Айцэн маўчыць, той працягвае далей, а далей ідзе наступнае: І стварыў Бог (адзіночны лік) чалавека паводле вобразу Свайго (адзіночны лік), паводле вобразу Божага (адзіночны лік) стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх — з чаго відаць, што pluralis у вершы 26 ёсьць так званы рluralis majestatis, так, як Іх герцагская мосьць Гаторпскі і іншыя княскія геры кажуць «Мы», гаворачы пра свае ўзвышаныя асобы, ня будучы складзенымі з трох розных асобаў. Але ж і дзёрзкі жыд, які вунь жа й раней спытаўся пра цела ўкрыжаванага, зноў падымае свой голас і хоча даведацца ад гера superintendent, ці ня быў пры стварэньні Сын гультаём і ці не дапусьціўся да таго, што Бацька працаваў адзін; на што ўсё астатняе жыдоўства пачынае рагатаць, ляпае сябе па сьцёгнах і крычаць о-ё-ёй, а гарадзкі паліцыянт, які трымае пост каля ўваходу ў сынагогу, ня прыходзіць у рух, не зграбае ганебнае рыла й ня экспэдыруе вон за дзьверы.

Тут Айцэну робіцца ясна, што было б лепей, каб ён прыцягнуў сьвятых прарокаў, замест таго каб спрачацца пра множны й адзіночны лікі, бо кожны арыфметычны прыклад можна паставіць пад пытаньне, а вось мудрае выслоўе заўсёды да рэчы й месца. І ён заяўляе, што ў многіх кнігах прарокаў наш Гасподзь Ісус быў дакладна прадказаны як чаканы мэсія, нават у тым, што датычыцца яго народзінаў і паходжаньня з дома Давідавага як і яго жыцьця і дзейнасьці й сьмерці. Так, калі б толькі было мудрае прадказаньне, якое спраўдзілася, дык і яго можна было б трапна паставіць пад сумненьне; але іх было так многа й такіх розных, і ўсе разам дакладна ўказваюць якраз на яго як на ўроджанага Сына Бога, што й самы ўпарцісты жыд, калі яму даць у лапу ці па мордзе, мусіў бы пацьвердзіць. Ці ж не прарочыў прарок Міхей: І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. — І сапраўды ці ж не ў Віфляеме наш Гасподзь Ісус нарадзіўся, у стайні, з улоньня дзевы, як прарок Ісая называе гэта азнакай Божай: Глядзі, вось дзева ва ўлоньні зачне й народзіць сына? І там жа Ісая сказаў: І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага; і спачне на Ім Дух Гасподні, — і ці ж ня быў Язэп, Бацька нашага Госпада Ісуса, як і прадказана, атожылкам цара Давіда, які са свайго боку сынам Есэя, так што й гэтае прадказаньне збылося?

Поделиться с друзьями: