Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

На што герцаг загадвае свайму тайнаму радцу, каб той паклаў на стол, на якім быў поўны беспарадак з кубкаў і келіхаў і дарагіх недаедзеных талерак, папяровы скрутак са стужкай і пячаткай і даў геру супэрінтэндэнту: гер супэрінтэндэнт ужо будзе задаволены; а ў якасьці свайго першага службовага абавязку гер супэрінтэндэнт павінен напісаць талковую малітву за ўдачу фландрскага паходу, якая ўжо заўтра раніцай будзе прамоўлена перад войскам, а пасьля ва ўсіх кірхах герцагства. Аддаўшы такім чынам належнае ўрадавым справам, Адальф робіць доўгі глыток, адкідваецца на падушкі й знакам кліча да сябе другую даму справа, якая дагэтуль стаяла наўскос ад герцагскага крэсла за ім у цьмяным сьвятле сьвечак, вельмі панадна абапершыся на статую грэцкага бога Прыапа.

— Графіня Эрэнтрой, — кажа ён, — вы, як мне здаецца, знайшлі шанавальніка ў асобе нашага новага царкоўнага інспэктара; вы пэўна

заўважылі, як ён глядзеў на вас так не пахрысьціянску; альбо, магчыма, вы сустракаліся дзе-небудзь раней?

Графіня нахіляецца да герцага, пры гэтым формы яе грудзей, з выгодай для іх, адкрываюцца больш выразна, і завостранымі губкамі прыпячатвае пацалунак на Яго герцагскай мосьці прыпацелы лоб і кажа:

— У кожнага сваё мінулае, Ваша мосьць, калі не на гэтым, дык на тым сьвеце, і гер супэрінтэндэнт, можа, якраз са мною быў мілым анёлкам і, седзячы высока на воблаку, у хоры са мною сьпяваў богаспадобную песеньку, перш чым апусьціўся на зямлю дзеля добрых чынаў.

Герцаг звонка рагоча, уявіўшы сабе маленькага, сухога Айцэна зь непаслухмянымі валасамі й зацятай мінай у белай кашульцы, з крылцамі за плячыма й пышнацелую графіню, убраную такім самым манерам, якая рассылае ручкай пацалункі з воблака на воблака; а Айцэну, якому павабны графінін галасок вой які знаёмы, робіцца горача пры яе словах, і яму здаецца, што цяпер ён разумее, чаму так чартоўскі прывязаны да Маргрыт: ён, можа быць, там у завоблачных высях, мабыць аднак у іншым, цямнейшым месцы, быў нават прыкаваны да яе; а яна, што самае горшае, ведае пра праклятыя ланцугі й будзе мучыць яго да канца. І як што рогат герцага ня спыняецца, ён шукае дапамогі ў свайго сябра Лёйхтэнтрагера; той таксама заўважае гэта, гарбаценька нагінаецца да герцага й просіць, ці Яго герцагская мосьць ня зробяць ласкі літасьціва адпусьціць яго й гера супэрінтэндэнта; сёньня ноччу яшчэ так многа трэба ўсяго паспець, а пісаньне малітвы — штука нялёгкая, калі, канечне, словы павінны дайсьці да вушэй у правільны момант.

Ледзь толькі яны ўваходзяць у Айцэнаў пакой, як той хапае гэтага за рукаў і ўсклікае:

— Гэта была яна! Маргрыт! Прынцэса Трапезундзкая! Лэдзі! А цяпер графіня Эрэнтрой!

Але Лёйхтэнтрагер атрасае яго й кажа:

— Калі ты так будзеш далей, Паўль, дык неўзабаве ўбачыш Маргрыт у кожнай бабе. Але я дам-такі рады так усё зладзіць, што твая Эрэнтроіха, абслужыўшы герцага, прыйдзе да цябе й будзе табе да паслуг ва ўсім, чаго ты захочаш.

І заўважыўшы, як у Айцэна задрыжалі рукі і ў куточках вуснаў паявіўся шум, дадае, што Бог устанавіў трымацца далей ад пажады праз намогу, а ад задавальненьня яе — праз малітву, і што прыйдзе, прыйдзе яшчэ ягоная хвіліна, перш чым ён дастанецца да садка, у якім ёсьць брамка ў рай, і ён спакойна можа прыняць сваё назначэньне на пасаду, перш чым возьмецца за пісаньне малітвы.

Гэта здаецца Айцэну вельмі разумным, ён бярэ скрутак паперы ў руку, зрывае пячатку, разьвязвае стужку, разгортвае паперу й акідвае вокам зьмест: Мы, Адальф, абвяшчаем гэтым усім еt cetera et cetera што Мы высокашаноўнага й высокавучонага, Нашага дарагога, багавейнага й вернага et cetera et cetera Сьвятога Пісаньня доктар sub сёньняшняй dato назначылі на пасаду et cetera et cetera Нам і Нашым найперш у справах рэлігіі адказны et cetera et cetera парадай і чынам et cetera et cetera павінен трымаць да канца, што Мы яму даверылі et cetera et cetera за якія паслугі ён штогод 360 гульдэнаў з нашай палаты et cetera et cetera для абвяшчэньня гэтага Нашу Княскую пячатку et cetera et cetera Намі ўласнай рукою падпісана et cetera et cetera Адальф. І паколькі яму здаецца, што ў прыгожых пісьмёнах герцага ён пазнае руку тайнага радцы, ён кідаецца яму на шыю і ўсхліпвае:

— Трыста шэсьцьдзесят гульдэнаў! Дзеткі, найперш малютка Маргарэт, падзякуюць табе, Ганс! — але тут і запінаецца, бо столькі грошай абуджаюць у ім недавер; і ён хоча ведаць ад свайго сябра, ці не запатрабуе ён ад яго чаго-небудзь дадаткова, што было б звыш яго шчырадайнасьці й дапамогі ў будаўніцтве царства божага? Але Лёйхтэнтрагер адмахваецца: што гэта была б за дружба, кажа ён, дзе адзін плаціць за тое, што дае другі; яны абодва ў крэдыце адзін перад адным, і там відаць яно будзе, хто ў канцы каму колькі вінен. А цяпер за працу!

Але каму такое не вядома? Чарніла й белая папера пад рукою, пёры завостраныя, а ў галаве пісара — пустэльня. Вайна! думае ён. Вайна!.. І ў цьмяным сьвятле бачыць перад сабою поле бітвы, бачыць забітых у крыві, параненых, якія благаюць дапамогі альбо шэпчуць перад сьмерцю малітву, тым часам як палявы каплан на вачах у ворага адпявае й суцяшае іх пэрспэктывай раю, і Айцэн ціха дзякуе добраму Богу, што ня ён гэты

палявы каплан, а ён будзе сядзець дома са сваімі сьвятымі кнігамі, чакаючы гадзіны, калі, павячэраўшы нанач у коле сям'і, будзе рыхтавацца да візыту графіні Эрэнтрой.

І ўздрыгвае, пачуўшы пакехекваньне сябра, і паказвае на ліст паперы, усё яшчэ белы, незапісаны, які ўсё яшчэ ляжыць перад ім, і ўздыхае:

— Я вучыўся ў Вітэнбэргу, цяпер я магістр і доктар, я ведаю пра божых анёлаў і Сьвятое Пісаньне й пра Вялікі й Малы катэхізісы, але як я павінен пасылаць чалавека на вайну, каб ён пайшоў суцешаны, гэтага я ня ведаю.

Лёйхтэнтрагер паціскае сваім горбікам.

— Зробіш, — кажа ён, — бо ты прымаеш гэта сур'ёзна. Але ты павінен думаць, што ў тых, на каго наш герцаг ідзе паходам, цяпер таксама сядзіць нехта такі, як ты, пакусвае пяро, складаючы малітву, і што так было спрадвеку, што чалавек прыставаў да Бога, просячы абароны й перамогі, выбіраючыся ў паход біць свайго брата. Але Бог ня чуе, яму ўсё адно, ён як сам час, які мінаецца для ўсіх, і як далёкія сузор'і, якія сьвецяць над абодвума, пераможцам і пераможаным. Таму й герцаг зьвяртаецца па тваю малітву, а ў яго заўтра галава яшчэ будзе гудзець ад таго, што за гэтую ноч выпіў, так што ён і ведаць ня будзе, дзе перад, дзе зад; валяй, я павяду тваю руку: усё правільна, што ты напішаш, пакуль яно кладзецца на пацеры.

І ба! як толькі ён кранаецца горбікам Айцэнавай рукі зь пяром, пяро адразу выскоквае на паперу й пакрывае яе пабожнымі словамі, паставіўшы апошні росчырк і апошняе «аман», бачыць, што ўжо й сябра няма, а ў дзьвярах стаіць графіня Эрэнтрой і пахне ўсімі пахошчамі ўсходу й салодкім галаском пытаецца:

— Вы ня хочаце запрасіць мяне ў ваш пакой, гер доктар?

У Айцэна сэрца ў грудзях падскокнула, што вось жанчына ў плоці будзе цалкам ягоная, уся, з гэтымі чорнымі, вабнымі вачыма й пухлымі губамі і ўсімі астатнімі прынадамі; толькі валасы, якія ў Маргрыт былі рыжавацейшыя, блішчаць як чорны францускі аксаміт і падколатыя па шляхетнай модзе; і ён так парывіста ўскоквае й ляціць да яе, што крэсла, на якім ён сядзеў, з грукатам коціцца дагары.

— Ах, фраў графіня, — кажа ён, — я самы шчасьлівы чалавек, бо я так прагнуў вас, з таго часу як мы анёлкамі так прыгожа музыцыравалі.

Графіня выгодна ладзіцца на ложку, з падушкай пад плячыма, ножкі ў прыгожых боціках на коўдры; пасьля гарэзьліва й шальмавата глядзіць яму ў вочы й кажа, што з усіх мужчын ён, чалавек сьвяты, ёй наймілейшы, і менавіта таму, што напрактыкаваны ў перадачы сьвятой богабаязнасьці. Гер супэрінтэндэнт, якому ўжо сьпірае дыханьне, укленчвае перад ёю, быццам яна не яна, а багіня Вэнэра, і таропкімі пальцамі шастае па яе вопратцы, пакуль нарэшце ўдаецца расшпіліць і гарсэт, і сарочку, і яна ляжыць перад ім у поўнай раскошы; ён выцалоўвае й вымацвае ўсю яе зьверху данізу й зноў зьнізу даверху. Ёй гэта падабаецца і, яна пахвальвае яго спрытныя пальцы й пытаецца, ці таму яны такія, што ён натрэніраваў іх на гартаньні сьвятых кніг? Ён думае, што вось яно, пара, пара пераходзіць ад шураў да мураў, хоча нават дагадзіць яе жаданьням, як гэта было ў доме Агасфэра, калі ён думаў, што ляжыць на лэдзі, і ў страшным сьпеху ссоўвае з ног чаравікі й новыя моднага крою штаны й ўжо мерыцца ўскочыць у сядло графіні, якая поўная чаканьня ляжыць перад ім, калі раптам бачыць, што ў яго не таго, што ён нічога ня можа ад раптоўнага страху, што ўсё абернецца так, як было тады, калі ён быў ашуканы сукубам і пасьля прачнуўся са сваёй Барбарай ў нейкай трушчобіне, голы й абабраны, на пацеху падпітаму люду: і што было б, калі б яно сталася гэтак і цяпер, што было б з царствам божым і яго новай пасадай?

— Гер супэрінтэндэнт, — кажа графіня праз хвіліну, — мабыць, мне лепей было б падкласьціся да духа сьвятога; ідзіце й пакіньце мяне адну.

Айцэн, а што яму яшчэ застаецца, адразу пакідае яе й выходзіць з пакоя, чакае там; вежавы гадзіньнік б'е гадзіну, а графіні ані знаку; ён ужо адчувае, што яго павяло на сон; але тут з усіх бакоў так цягне продзімень, што яму захалонулі задніца й голыя лыткі, а як заказытала ў носе на чыханьне, ён ужо баіцца, што раніцай ня здужае прачытаць малітву, калі ахрыпне. І ён нарэшце зьбіраецца з духам, ветліва стукаецца ў свае ж дзьверы, і як што адтуль ніякага адказу, адчыняе: графіні ні духу, ні званьня. Толькі яе пах яшчэ лунае ў памяшканьні, крыху як бы зьмяшаны з пахам серкі, і куды яна падзелася, а чорт яе ведае, бо другіх дзяврэй у пакоі няма, а праз акно на двор, канстатуе, футаў сорак-пяцьдзесят. Значыцца ўсё было толькі міраж і аблуда, думае ён з жудасьцю, графіня і Маргрыт і каханьне; альбо ён праспаў, як яна выходзіла, калі стаяў за дзьвярыма; ёсьць жа людзі, што як мякі з мукою: сьпяць нават стоячы, — суцешлівая думка.

Поделиться с друзьями: