Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
А вось ужо й першыя трубы, пабудка, і з двара даносіцца магутны тупат і крыкі: там, у сьвятле паходняў, зьбіраецца лейбгвардыя, конная і пешая, усе апранутыя ў герцагскі трыкалор — чырвона-бела-сіняе. Але паходні неўзабаве блякнуць, неба прасьвятляецца, і Айцэн з упалым сэрцам прызнаецца сабе, што вось і яшчэ адна ноч кату пад хвост. Ідзе апаласнуць твар з кубка, залазіць у сваю пастарскую хабіту, совае ў кішэню малітву й йдзе на пошукі цёплага ранішняга кулешыку.
І дастае яго, пасьля доўгага блуканьня па пакоях, у каралеўскай зале замка, дзе пад крыжовым скляпеньнем геры герцагскія радцы й іншае высокае герства й афіцэры запраўляліся півам і скаблілі шаблямі з касьцей вэнджаніну на падмацунак у блізкім парадзе з далейшым паходам. Ледзь пасьпеў вычарпаць міску й абмяняцца некалькімі словамі зь сябрам Лёйхтэнтрагерам, калі ўжо ўваходзіць герцаг, у ботах і пры шпорах, цераз грудзі зашпіленыя
Гэта, нават калі ён ідзе з п'янай душы, знак спрыяньня, якога Айцэн яшчэ ніколі такога ня меў, і гэта як цёплы дождж на яго раздушанае графіняй сэрца; і пакуль сябар Лёйхтэнтрагер вядзе яго на парадны луг, міма чырвонага балдахіна, пастаўленага для герцагіні й іншых герцагскіх дам і малых прынцаў і прынцэс, туды, да драўлянага памоста зь вялікім, адусюль відным крыжам, ён думае, як павінна будзе захапляцца ім графіня, калі ён на вачах у Яго герцагскай мосьці й цэлай арміі будзе заклікаць Бога. Але колькі ні азіраецца, усьпёршыся на памост, графіні нідзе ня відаць, і ён ведае, што не павінен далей адкладваць сваіх слоў, бо войска, пастаўленае паводле штандараў і ротаў, поўным складам стаіць на малітву, перад фронтам у поўным бляску сам герцаг.
І вось ён узвышае голас і пачынае: што герцаг, наш літасьцівы князь і валадар, надзеў свае баявыя дасьпехі, каб з дапамогай Божай вывесьці Нідэрланды зь іх цяперашняга бунту зноў да міру, згоды й добрага кіраваньня, а зусім ня дзеля таго, каб перасьледаваць сьвятую хрысьціянскую царкву там, дзе яна вызнае чыстае вучэньне адзінашчасьцедайнага Эвангельля, а больш за тое дзеля ўмацаваньня і абароны чыстага, сапраўднага вучэньня; таму ўсе мы як Яго герцагскай мосьці верныя падданцы павінны заклікаць усёмагутнага, любаснага, мілажальнага Бога ў імя яго народжанага Сына Ісуса Хрыста й прасіць, каб ён быў прыхільны да нашага ласкавага князя і валадара разам зь яго высакамудрай ваеннай радай, камандуючымі, слугамі і ўсім жаўнерствам і каб літасьціва ахаваў іх сваімі сьвятымі анёламі ад усялякіх нягодаў і бедаў, асланіў ад ворага й даў ім шчасьце, перамогу й здабычу.
Айцэн набірае дыханьня. Герцаг, бачыць ён, стаіць тупа й глуха і, відаць, не зразумеў, як новы суперінтэндэнт уладзіў яго ў нідэрландскія веравызнаўчыя implicite, альбо ня хоча ведаць, бо вайна ёсьць вайна, і тут у цябе ніхто ня пытаецца, не сьперазаўшы папярэдне па чэрапе, прымаеш ты сьвятое прычасьце паводле папскага віду альбо добрага пратэстанцкага. І працягвае:
— Мы павінны таксама рупліва прасіць, каб усемагутны, літасьцівы й мілажальны Бог у імя свайго любаснага Сына Ісуса Хрыста асланіў гэтыя княствы й землі ад ўсялякага зла, шкоды й няшчасьця і каб ласкава даў удачу нашаму літасьціваму князю і валадару, а яго сардэчна любую жонку, нашу літасьцівую княгіню і жанчыну, і маладое патомства, і ўсіх нас, яго верных падданых, парадаваў шчасьлівым вяртаньнем, чаго мы роўным чынам просім і для яго высокамудрай ваеннай рады, камандуючых, слуг і жаўнераў, каб усе яны таксама шчасьліва і ў здаровым целе вярнуліся дамоў.
І калі Айцэну пасьля такой доўгай пераканаўчай прамовы зноў не хапіла паветра, ён яшчэ раз спыняецца й бачыць, падымаючы вочы ад паперы, як шмат хто з жаўнераў сморкаецца, каб не пабеглі яму па барадзе сьліні й соплі; і, сам крануты сваімі ўзьнёслымі словамі, падводзіць слова да канца й кажа:
— Каб дасягнуць усяго гэтага, мы павінны з глыбіні нашага сэрца і ў поўнай надзеі ўчыніць нашу малітву й скажам усе: «Войча наш, які ёсьць на небе…»
І ўсё войска як адзін апускаецца на калені, герцаг, які мае свой клопат утрымаць раўнавагу, на чале, і на лузе паўстае звон і ляскат; пасьля Айцэн чуе хор тысячаў жаўнераў, якія ў адзін голас паўтараюць: «Хай сьвяціцца імя Тваё. Хай прыйдзе царства Тваё. Хай будзе воля Твая…» І ён адчувае моц Божага слова, якое цяпер вось ужо ёсьць і ягонае слова й ягоная моц; і адначасова бачыць абок сябе гера тайнага радцу, свайго прыяцеля Лёйхтэнтрагера, які крыва выскаляецца яму, і тут ужо ён ведае, чуючы «Тваё ёсьць царства й сіла й слава навекі. Аман», што ён якраз і ёсьць той, хто кіруе ягонымі крокамі, а не, як яно павінна быць, наш Гасподзь Ісус, і што ён, доктар боскай вучонасьці й будучы дойлід царства божага ў Шлезьвігу, прылада ў руках, якія ніколі яго ня выпусьцяць.
Тым часам, з лаянкай і крыкамі афіцэры
войска й ротныя камандзіры падрыхтавалі сваіх да маршу, кавалерыя ў сёдлах, і герцаг сеў на шыраказадага сівака, баявога каня, упрыгожанага залатой гунькай і такой самай збруяй; а Айцэн узводзіць угору рукі на пастарскае дабраславеньне, якое ён учыніць герцагу й яго харалужнаму войску, штандарам і сьцягам; так, падобны на чорнага гругана, які марна спрабуе ўзьляцець, прапускае ён перад сабою дэфіле войска, герцаг і вайсковая рада наперадзе, за імі лейбгвардыя, пасьля пешыя дацкія алебардысты, пасьля, струнка ў сядле, герцагская лёгкая і цяжкая кавалерыя, і нарэшце цьвёрда чаканячы крок полк Пуфэндорфа, пад вясёлую песеньку-марш: Таму сьмялей наперад, Саратнікі, камрады, Сячыце, рыцары, Варожыя грамады. Хай кожны памазгуе, Як заслужыцца славы, Парыцарску памерці, Прыняўшы бой крывавы. Калі ж ня сьмерць, а рана, Дык ня дрыжы ад страху, Прыймі яе дастойна У грудзі, а ня ў сраку.І пасьля кожнага куплета задзірыстае «Валеры, валеры, валера!» толькі яшчэ больш напаўняе Айцэна, які пакорна дабраслаўляе ўсіх, духам радаснай мужнасьці, так што, здаецца, вось-вось ён сам пойдзе на бітву. Але з заключным куплетам —
Хто толькі сьмерці прагне, Хто сьмела ў бой ідзе, Той перамогу знойдзе І той не прападзе —дэфілюе апошні штандар палка, і адразу за юным сьцяганосцам-фэндрыкам, на зьнешнім крыле першага раду, маршыруе нехта адзін, каго, здаецца, Айцэн ведае, а той яго відавочна ж ведае, бо пад апошняе «валера!» паварочваецца да яго й нешта выкрыквае, нешта такое з гучаньня як бы жыдоўскае, падобнае й на ліхое слова sched, і на «satan» і на «жыд» ці нават на «Чорцядзяры», і гэты крыкун ня хто іншы як Агасфэр, у Пуфэндорфаўскім мундзіры і ў шараварах і шліцаваных рукавах на наплечніках, пры поўнай амуніцыі.
Айцэна як маланкай сьперазала, хоць ён і падазраваў з таго часу, як сярод дам герцага выкрыў графіню Эрэнтрой, што Агасфэр мусіць быць недзе непадалёк; ён апасаецца таксама, што гэта можа быць кепскі знак для паходу на Нідэрланды, калі Вечны Жыд таксама ў гульні. Але службовая справа трымае яго каля крыжа, так што ён ня можа пасьпяшацца туды, да Агасфэра й разгаварыць яго; а тут ужо й прайшлі ўсе штандары, і ўжо міма яго валіць абоз, усялякага роду падводы й шматкалёрная ворвань усякая, ягляць, сьвішчуць, не паказваючы аніякага рышпекту перад высокім панствам, якое пасьпешліва адступаецца назад, нават сьмяюцца з гера супэрінтэндэнта там наверсе на памосьце. Але тым ня меней Айцэн у хрысьціянскай любасьці хоча дабраславіць і іх; ды тут ён бачыць, высока на маркітанцкім возе, паміж гаршкоў і патэльняў і ўсякім іншым дабром, дзёрзка заголеныя ногі — Маргрыт.
Тут ужо ніякая духоўная хабіта, ніякі сьвятарскі абавязак ня стрымліваюць яго. Хоць і азірнуўшыся хуценька па баках, ці не адстаў каторы з тых, што пад балдахінам; але тыя, з двара што, яны маглі б палічыць яго паводзіны дзіўнымі, усе ўжо паўцякалі, і Айцэн падкідае свой талар угору, саскоквае на прымятую траву й бяжыць за возам, пакуль не даганяе яго, і крычыць, спрабуючы схапіць каня за вуздэчку, ня крычыць — благае:
— Ах, Маргрыт! Маргрыт! Стой, калі ласка, дарагая Маргрыт, застанься! Я хачу быць тваім навекі, Маргрыт!
Але яна сьмяецца зь яго, і як што зьбіраецца ладны натоўп, яна кажа:
— Ня ведаю гэтага бэйбуса, але вы чуеце, чаго ён ад мяне хоча. Яно такі, мабыць, і праўда ліхі час настаў, калі нават геры папы сярод белага дня ятрацца, бы казлы якія, і кідаюцца на нявінных жанчын.
І дастаў бы такі Айцэн добрай лупцоўкі, калі б абоз не праехаў разам з усім маркітанцтвам, і ён, засмучаны, адстаў.
Разьдзел дваццаць другі. У якім прафэсар Байфус робіць пэўныя саступкі, тым часам як прафэсар Лёйхтэнтрагер прадпрымае марксісцкі аналіз Агасфэра і сваімі заўвагамі адносна ўплыву юбіляра доктара Лютэра на разьвіцьцё новага антысэмітызму робіцца непажаданай асобай