Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аліса ў Цудакуце

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– А ў вас ніхто і не пытаўся,- сказала Аліса.

– А хто цяпер робіць заўвагі!- трыўмфуючы заўважыў Капялюшнік.

Аліса нават не знайшла, што адказаць, таму самастойна наліла сабе гарбаты і зрабіла бутэрброд, а потым зноў накіравала Соне сваё пытанне:

– Чаму яны жылі на дне калодзежа?

Соня зноў думала хвіліну ці дзве, а потым адказала:

– Таму што гэта быў патачны калодзеж.

– Няма такіх,- пачала Аліса абурана, але Капялюшнік і Заяц пачалі на яе шыкаць, а пакрыўджаная Соня заўважыла:

– Калі ты такая разумная, можа скончыш гісторыю сама?

– Ёечкі, не!

Калі ласка, працягвайце,- пакорліва прамовіла Аліса,- Я болей не буду вас перарываць. Можа дзесці адзін ёсць.

– Зразумела ж, толькі адзін,- злосна сказала Соня, але згадзілася працягваць.- Дык вось, гэтыя тры сястрычкі вывучалі...

– Вывучалі што?- спытала Аліса, забыўшы пра свае абяцанні.

– Патаку,- нават не падумаўшы адказала Соня.

– Мне патрэбна чыстая чашка,- перарваў размову Капялюшнік,- рухаемся на адно месца.

Ён сеў на новае месца, Соня села на яго папярэдняе, Заяц на месца Соні, а Аліса на тое, дзе толькі што сядзеў Заяц. Капялюшнік адзіны,хто атрымаў ад гэтага выгоду, а Алісе было горш за ўсіх, бо Заяц, толькі што кінуў у талерку малочнік.

Аліса не жадаючы больш пакрыўдзіць Соню, асцярожна спыталася:

– Прабачце, я не надта зразумела. Дзе яны бралі патаку?

– Ты ж можаш браць воду з “вадзянога калодзежа”,- заўважыў Капялюшнік,- дык чаму нельга выцягнуць патаку з “патачнага”. Дурнічка.

– Але ж яны жылі на дне?- запыталася Аліса ў Соні, быццам не пачула заўвагу Капялюшніка.

– Зразумела,- адказала Соня,- на самым глыбокім дне.

Падобны адказ надта засмуціў бедную Алісу, дзякуючы гэтаму Соня магла колькі часу гаварыць без перапынення:

– Яны вывучалі патаку,- працягвала Соня, пазяхаючы і паціраючы вочы, бо зноў засынала,- і разнастайныя рэчы, якія пачынаюцца на “М”.

– Чаму на “М”?- спытала Аліса.

– Чаму не?- заўважыў Сакавіцкі Заяц.

Аліса замаўчала.

А Соня ўжо паспела заплюшчыць вочы і заснуць, але пасля штуршка Капялюшніка, яна прачнулася з невялічкім енкам і працягнула:

– ... якія пачынаюцца на “М”: мышалоўку, месяц, мудрасць і мноства: ты напэўна чула выраз “вялікае мноства” - а хутчэй за ўсё ня ведаеш, як яго вывучаць.

– Вы ў мяне пытаецеся?- збянтэжылася Аліса.- Я не думаю...

– Тады і не кажы,- сказаў Капялюшнік.

Гэта ўжо было занадта. Аліса ў раз’юшанасці паднялася і пайшла прэч, Соня адразу ж заснула, а астатнія нават не адрэагавалі на Алісін сыход, хаця яна двойчы паварочвалася на іх, спадзеючыся, што яе паклічуць назад. Апошнім разам Капялюшнік з Зайцам запіхвалі Соню ў велізарны імбрык.

– Каб я яшчэ ТУДЫ вярнулася!- сказала Аліса, хаваючыся за дрэвамі.- Гэта самае бязглуздае чаяванне з тых, што я бачыла!

Толькі яна гэта прамовіла,як заўважыла дрэва з дзвярамі ў сярэдзіне.

– Так, так, цуды працягваюцца.- падумала яна.- Але ж сённе ўвесь дзень дзівосны. Лічу, што трэба туды пайсці.

Праз дзверы ў дрэве яна зноў патрапіла ў доўгую залу са шкляным столікам.

– На гэты раз я зраблю ўсё правільна,- сказала яна сабе, узяла са століка залаты ключык і адчыніла дзверы ў садочак. Потым пачала адкусваць кавалачкі ад грыба (што ляжаў у яе кішэні), пакуль не стала ростам у трыццаць сантыметраў, каб прайсці праз дзверы і ЎРЭШЦЕ патрапіла ў доўгачаканы прыгожы садочак, сярод

яркіх кветак і прахалодных фантанаў.

Глава VIII

Каралеўскі кракет

Вялізны ружовы куст стаяў ля ўвахода, і ружы, якія раслі на ім, былі з большага белымі, але тры садоўнікі самааддана фарбавалі іх у чырвоный колер. Гэта моцна здзівіла Алісу і яна падкралася бліжэй, каб паслухаць, аб чым гамоняць садоўнікі, і вось, што пачула:

– Асцярожней, Пяцёрка! Ты ледзь не абліў мяне фарбай!

– А што я,- казаў Пяцёрка маркотным тонам,- гэта Сямёрка штурхнуў мяне!

На што Сямёрка маментальна адрэагаваў:

– Малайчына, Пяцёрка! Валі ўсё на іншых!

– ДОСЫЦЬ ТАБЕ балбытаць,- адказаў Пяцёрка,- я чуў, што Каралева збіраецца цябе пакараць!

– За што ўжо?- спытаў першы садоўнік.

– Гэта не ТВАЕ справы, Двойка,- акрысіўся Сямёрка.

– Не! Гэта АГУЛЬНЫЯ справы.- казаў Пяцёрка,- Ён ўчора прыцягнуў кухару замест звычайнай цыбулі, цыбуліны цюльпану!

Сямёрка кінуў свой пэндзаль аб зямлю:

– Ах! Як жа ж гэта не...- пачаў ён, але раптам убачыў Алісу, якая назірала за імі, следам за Сямёркай на дзяўчынку звярнулі ўвагу астатнія і кінуліся ёй у ногі.

– Скажыце калі ласка,- далікатна спытала Аліса,- навошта вы фарбуеце ружы?

Пяцёрка з Сямёркаю маўчалі, але выразна глядзелі на Двойку. Урэшце той прамовіў ціхім голасам:

– Ці ж вы бачыце, міс, гэта павінны былі быць чырвоныя ружы, а мы памылкова вырасцілі белыя, і калі Каралева даведаецца пра гэта, нам адсякуць галовы. Таму мы і спяшаемся паспець да яе з’яўлення...

У гэты момант Пяцёрка, сачыўшы за межамі сада, з тугою закрычаў:

– Каралева! Каралева!

Усе тры адразу ж кінуліся тварамі ў зямлю. Адчуўся гук мноства крокаў і Аліса азірнулася, каб убачыць Каралеву.

Першымі ішлі салдаты з дзідамі, такія ж квадратныя і плоскія, як садоўнікі, з рукамі і нагамі ў кутках. За імі па двая ішлі дзесяць лёкаеў з упрыгожваннямі ў выглядзе бубноў. Па-за імі парачкамі, узяўшы адно аднаго за рукі вясёла скакалі каралевічы і каралевішны, паўсюль упрыгожаныя сардэчкамі, паказваючымі іх прыналежнасць да чырвовай масці. Пасля ішлі госці - у асноўным суседнія Каралі з Каралевамі. Сярод іх Аліса пазнала старога знаёмага - Белага Труса, які з кімсьці ўзбуджана гаманіў, усміхаючыся адказам, і здавалася не заўважаў Алісу. Наступным ішоў Чырвовы Валет, які на аксамітавай падушачцы нёс каралеўскую карону. Напрыканцы гэтай грандыёзнай працэсіі выкрочвалі Чырвовыя Кароль і Каралева.

Першы час Аліса вырашала, а ці не кінуцца ёй на зямлю тварам, як гэта зрабілі садоўнікі, але не магла прыпомніць правілаў, якія абавязваюць гэта рабіць. “Да таго ж, каму патрэбна працэсія,- вырашыла яна,- калі ўвесь народ ляжыць тварам у зямлю, яны ж нічога не ўбачаць!” Так што яна засталася стаяць.

Праходзячы ля Алісы працэсія спынілася, і ўсе пачалі на яе паглядаць, а Каралева прамовіла:

– Хто гэта?- яна спыталася аб гэтым у Валета, які пакланіўся і ўсміхнуўся ў адказ.

– Ёлуп!- сказала Каралева і хістнула ў нецярплівасці галавою, потым павярнулася да Алісы і спытала ў яе.- Як твае імя, дзіця?

Поделиться с друзьями: