Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

— Рэч у тым, што бальшыня беларусаў па сёння свята верыць, быццам Дзяржаве ўсё можна, а людзям можна толькі тое, што дазволіць Дзяржава. І калі Дзяржава не дазваляе камусьці мець сваю царкву — дык што тут паробіш?.. Гэтая заганная вера яшчэ ладны час будзе ці не галоўнай праблемай нашага грамадства. І нават калі вернікі-пратэстанты ў гэтай канкрэтнай сітуацыі перамогуць, яны не доўга будуць цешыцца з перамогі. Такі тып Дзяржавы, які цяпер мы маем, па азначэнні не прадугледжвае перамогі нейкай грамады, а тым болей асобнага чалавека над сабой. І так будзе да той пары, пакуль мы ў сваёй бальшыні не пачнём разумець, што Дзяржаве можна адно тое, што можна і чалавеку.

Аляксандр Коктыш: Кінарэжысёр Віктар Дашук у сваім публіцыстычным эсэ

«Баль сатаны» шмат месца адвёў аналізу «гена халуйства» ў беларусаў. На Вашу думку, ці перадасца гэты ген нашым нашчадкам?

— Недзе яшчэ на самым пачатку 90-х першым актыўна пачаў распрацоўваць тэму дамінуючага ў характары беларусаў халопства (халуйства) і, адпаведна, хамства беларускай улады выдатны пісьменнік Сакрат Яновіч. І я разумею, чаму менавіта ён. Сакрат Яновіч нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Польшчы, з якой нават дзесяцігоддзі татальнай саветызацыі не маглі вынішчыць былую шляхетнасць. Таму натуральна, што на фоне шляхетнай годнасці палякаў (ці хаця б таго, што ад яе яшчэ заставалася), ён не мог не заўважыць радыкальную (і прыкрую) іншасць беларусаў. Затым гэтую тэму падхапілі гарадзенцы (што таксама натуральна, бо «заходнікі», і побач Польшча) Алесь Чобат ды Віктар Шалкевіч (нагадаю хаця б назвы вядомых песень апошняга: «Жлобская нацыя» і «Хамская ўласть»). А далей, як кажуць, пайшло-паехала. Хто толькі і як не абзываў Беларусь і беларусаў: быдляндыя, дзярэўня, саветыкусы, калхознікі, крэолы… (далей кожны можа працягваць на ўласны густ і памяць).

Я з вялікай павагай стаўлюся да пералічаных вышэй творцаў (улучна з Віктарам Дашуком), але мне ніколі не падабалася тэндэнцыя татальнага ганьбавання Беларусі і беларусаў, хаця амаль кожны раз гэта казалася не ад няма чаго рабіць, а з глыбокай крыўды за краіну і яе народ.

Беларусы сапраўды ў аснове сваёй плебейская нацыя. Яны, ужо як беларусы, сфармаваліся ва ўлонні вёскі без удзелу высокай культуры, бо ўсе мясцовыя эліты на той час залічвалі сябе або да палякаў, або да расійцаў. Што праўда, ідэю беларускай нацыі сфармавала беларуская шляхта, але колькі той шляхты заставалася тады з Беларуссю — адзінкі… А потым здарылася сацыялістычная рэвалюцыя, якая перарабіла сялян у рабочых, гэта значыць, у тых самых плебеяў, толькі індустрыялізаваных (а інтэлігенцыю вынішчала).

І хаця сёння ўжо нельга казаць, што мы не маем сваіх элітаў (інтэлектуальных, культурных, палітычных…), аднак у аснове сваёй па-ранейшаму застаемся пераважна простанароднай, плебейскай супольнасцю. І з гэтага нашыя каштоўнасці, натуральна, усё яшчэ палягаюць не ў сферы высокіх ідэалаў свабоды і годнасці, а ў адной простай (але надзвычай падставовай) рэчы — жыць. І жыць любым коштам, не зважаючы на гвалт, прымус, знявагу годнасці. (Зрэшты, а скуль той годнасці раптам узяцца, калі цябе стагоддзямі то цівун ганяў бізуном па панскім полі, то прараб партыйным лозунгам на будоўлях камунізму?)

Таму абвінавачваць беларусаў у халопстве, хамстве, халуйстве і да таго падобным не больш разумна, чым грэбліва ставіцца да зямлі за тое, што яна чорная і скутая нерухомасцю, а не сіняя і вольная, як неба.

Дарэчы, калі беларусы спрэс халопы і хамы, дык з чаго тады павальнае ўзрушэнне ад быкаўскай канстатацыі: беларускі народ памёр. А каму ён такі, халопскі, патрэбны жывым?

На вялікі жаль, народ яшчэ не памёр. І якраз у гэтым сапраўдная праблема. Бо пакуль народ з усім сваім спадчынным плебействам не памрэ ў той чорнай і скутай нерухомасцю зямлі, якая яго і нарадзіла, да таго часу з яго (як з зерня) не вырасце нацыя. Гэта значыць не проста людзі, паяднаныя між сабой адно прагай жыць, а грамадства, злучанае ва універсальнае цэлае высокімі ідэаламі гонару, годнасці і свабоды.

Аляксандр Коктыш: У нямецкім фільме «Эксперымент» добраахвотнікаў запрашаюць у… турму. Частка іх некалькі дзён выконвае функцыі вязняў, частка — вартаўнікоў. Літаральна праз дзень вартаўнікі, неабмежаваныя ў сваёй уладзе, пераўтвараюцца ў натуральных «адмарозкаў». Ці не тое самае адбываецца і з тымі, хто прыстаўлены «вартаваць» (у самым шырокім сэнсе) беларусаў тут, у іх уласным доме?

— А я з вашых словаў згадаў іншага немца (на

жаль, прозвішча сёння ўжо не памятаю). За шмат год да фільма «Эксперымент» ён пісаў пра рэальны нямецкі канцлагер прыкладна наступнае: калі б абставіны склаліся іначай, дык тыя, што цяпер стаяць на вышках з кулямётамі, былі б вязнямі, а вязні стаялі б на вышках.

Сацыяльна-палітычным абставінам могуць супрацьстаяць толькі адзінкі. Астатнія прымаюць тыя ўмовы, якія ім гэтыя абставіны «прапануюць»: у барак — дык у барак, на вышку — дык на вышку. І няма іншага спосабу зрабіцца хоць трохі свабодным чалавекам, як памяняць нялюдскія абставіны на людскія. Прынамсі, тады ў кожнага хаця б з’яўляецца магчымасць самому выбіраць дзе з кім і ў якасці каго яму пражываць уласнае жыццё.

3. Пастамент для курдупеля

Некалі напісалася: «Божа, цяпер я ведаю, якой была Твая апошняя кара нябесная. Сыходзячы ў нябыт, Ты аддаў нас у рукі палітыкаў». Мінаюць гады, і я ўсё болей запэўніваюся ў сваёй відушчасці, бо цяжар той Боскай кары робіцца ўжо амаль невыносным. Таму аднойчы і параўналіся палітыкі з гофманаўскім курдупелем Цахес, злосным недамеркам, які цёмнай варажбой пераконваў людзей у сваёй прыгажосці, велічы і магутнасці. Няйначай як падобным чынам і ў «паліткурдупеляў» атрымалася татальна апалоніць быццё, засланіўшы сабой усё тое сапраўды істoтнae, з чаго быццё і складваецца: прыроду, сям’ю, вытворчую і эстэтычную дзейнасць, культуру, мысленне, веру і г. д.

Сумна, да нуды сумна. Курдупелі авалодалі светам. І ўсё сталася палітыкай, а што не палітыка, таго быццам і няма. А мы з вамі ўсе разам (працавітыя, таленавітыя, разумныя) адно толькі пастамент не для таго дык іншага курдупеля.

Аляксандр Коктыш: Некаторыя, асабліва кплівыя «до6разычліўцы» пасля выхаду ў свет вашага эсэ «Без нас» пачалі казаць: заімшэлы нацыяналіст Акудовіч вырашыў заняцца а6салютна кан’юнктурнымі рэчамі — крытыкай дзеянняў 6еларускай апазіцыі, перадусім яе нацыянал-дэмакратычнай плыні, каб «зачысціць» месца для ўласнай палітычнай прасторы.

— Ніколі не імкнуўся быць палітыкам ці хаця б нават палітолагам. Не адчуваю ў гэтым патрэбы і цяпер. Шэраг мaіx публічных выступаў, дзе я спрабаваў разгарнуць крытычную аналітыку нацыянал-дэмакратычнага руху, звязаны не з пераменай уласнай ролі, а з пачуццём трывoгі за лёс, як мы прызвычаіліся казаць, нацыі. Хаця асабіста для мяне насамрэч істотнымі застаюцца мае ранейшыя пакліканні: літаратура, культуралогія ды філасофія. Больш за тое, з гaдaмі я пачынаю ўсё больш выразна ўсведамляць, што роля палітыкі ў жыцці сучаснага грамадства паталагічна гіпертрафаваная. Дрэнна, вельмі дрэнна, але, здаецца, гэтаму пакуль няма як даць рады.

Уладзiмiр Дзюба: Тая ацэнка сучаснай палiтычнай сiтуацыi на Беларусi, якую цяпер вы раз-пораз агучваеце ў розных СМІ, выглядае часам досыць слушнай. Але чаму падобны крытычны аналiз дзейнасцi вядучых палiтычных сiлаў вы не рабiлі на самым пачатку барацьбы за перамены?

— Калi я правiльна зразумеў падтэкст пытання, дык у iм прыхаваны папрок: маўляў, а дзе ты раней, разумнiк, быў, у кустах, пэўна, хаваўся? (Наперад выбачаюся, калi з гэтай iнтэрпрэтацыi пытання ў мяне мiжволi сфармулявалася ягоная iнсiнуацыя). Ды не, як быццам не хаваўся. Палiтычнае раз-пораз урывалася ў мае эсэ «i на пачатку барацьбы», але не раней, чым яно перарастала ў культуралагiчнае, гэта значыць, станавiлася падзеяй, вартай быць уключанай у больш шырокi кантэкст аналiтыкi быцця як такога. А вось займацца непасрэдна палiтычнай рэальнасцю тады я не меў нiякай ахвоты. Шчыра кажучы, ацэньваць палiтычную дзейнасць уладаў, апазiцыi i хоць каго там яшчэ я не маю анiякага жадання i сёння… Проста апошнiм часам самыя розныя СМІ выявiлi трохі цiкавасцi да майго бачання пэўных праяваў палітычнага жыцця. А паколькi я чалавек паддатлівы, дык пра што мяне запытаюцца — пра тое i адказваю. На вялiкi жаль, пытаюцца пераважна не пра лiтаратуру, фiласофiю цi культуралогiю (якiя сёння мала каго цiкавяць), а пра палiтыку (якая мала цiкавiць мяне)… Сумная гiсторыя.

Поделиться с друзьями: