Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Таццяна Палякова: Вы ацанілі рух Адраджэнне як шлях у ідэальнае нікуды, упрочкі ад рэальнага, тутэйшага народа, адзначылі, што «Адраджэнне адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасці, за патрабаваннямі вяртання гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досведу хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую не ўпісваліся здабыткі і каштоўнасці беларускага грамадства, бо яны мелі альбо камуністычнае, альбо каланіяльнае паходжанне». У выніку «згодна з выпрацаванай ў падпольных галовах канцэпцыяй, права «чалавекам звацца» мелі адно героі барацьбы з каланізацыяй і ахвяры камуністычнага тэрору». Пішучы пра «глыбока рэпрэсіўную сутнасць ідэі Адраджэння», вы здзіўляецеся, што яе «не заўважылі ні ейныя адэпты, ні апаненты — уся ўвага канцэнтравалася на той яе частцы, якая рэпрэсавала спадчыну расійскай культурнай і палітычнай

экспансіі». А ў выніку галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсіяў стаўся «беларускі народ», як аб’ект гэтай самай расійскай культурнай і палітычнай экспансіі.

Па сутнасці, калі не хаваць галаву ў пясок, мы мусім прызнаць, што канцэпцыя Адраджэння як спосаб супраціву чужынцам і змагання за ідэальную Беларусь прывяла ў віртуальную прастору, паралельную рэальнасці, з якой трэба неяк шукаць выйсце ў сапраўдны свет.

— Гэтая праблема мне бачыцца сярод найбольш значных у фармаванні Беларускай Дзяржавы і нацыі, бо без яе пазітыўнага вырашэння мы назаўжды застанемся ў стане перманентнага канфлікту паміж проста грамадзянамі РБ і «сапраўднымі» беларусамі.

Між іншым, гісторыя гэтага канфлікту распачалася яшчэ ў XIX стагоддзі, калі ў еўрапейскім кантэксце паўставання нацыянальных дзяржаваў узнікла беларуская ідэя, якая прайшла звычайны шлях ад культурнай аўтаноміі да незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Аднак у выпадку з Беларуссю эвалюцыя ідэі не была падмацаваная адпаведнай эвалюцыяй культурнай і сацыяльна-палітычнай рэальнасці. Уласна беларускае, уласна беларушчына не зрабілася дамінуючым фактарам нават у сітуацыі набыцця дзяржаўнага сувернітэту. Адэпты нацыянальнай дзяржавы вінавацяць у гэтым шматлікіх унутраных і знадворкавых ворагаў беларушчыны і звязваюць свае спадзевы з перамогай (хоць калі) над усёй варажнечай. Гэта значыць, яны не бачаць (ці не хочуць бачыць) іншага варыянта, акрамя безальтэрнатыўнага: альбо ўся Беларусь будзе беларускай, альбо яе не будзе як Беларусі.

Было б недарэчна адмаўляць тэзу аб шматлікіх непрыяцелях ідэі беларускай Беларусі, але ніводная нацыя не паўставала без пераадолення жорсткага ўнутранага і вонкавага супраціву. Таму, калі цягам стагоддзя з гакам у самых розных і часам спрыяльных гістарычных варунках мы не здолелі ўцялесніць нацыянальную мрою, дык некалі мусіла з’явіцца здумленне, што мы мроім нешта не тое. Дык вось, ужо шмат часу праз свае тэксты і публічныя выступы я хачу давесці найперш нацыянальна заангажаванай публіцы, што ідэя татальна беларускай Беларусі — не жыццядайная ідэя. Больш за тое, калі мы жадаем зберагчы беларушчыну хоць у якіх абсягах, дык мусім як мага хутчэй адмовіцца ад гэтай утопіі.

Таццяна Палякова: Баюся, гэта вельмі цяжка, бо змагары і ахвяры мінуўшчыны, здаецца, пытаюць нас: ці не адракліся вы, ці не здрадзілі, не забыліся?..

— Разумею, працэс адмаўлення ад ідэі, на ўцялесненне якой цягам стагоддзя з гакам ахвяравалі свае жыцці сціжмы і сціжмы лепшых людзей краю — трагічны працэс для кожнага, хто ідзе тым самым шляхам, і для мяне персанальна. Але што тут паробіш, досвед усяго нашага прамінулага пераканаўча сведчыць, што прастора, сёння пазначаная дзяржаўнымі межамі РБ, можа быць больш-менш трывала паяднаная толькі ідэяй сацыяльнасці, але ні ў якім разе ідэяй нацыянальнасці. Не змог тут запанаваць ні беларускі, ні польскі, ні рускі нацыяналізм. Пра апошні было добра сказана ў эсэ Юры Дракахруста «Сапега і Машэраў»: «Разумнаму чалавеку, які верыць у тое, што Беларусь павінна быць Расіяй, што яна і ёсць Расія, самы час упасць у роспач — калі нават у ідэальнай сітуацыі гэтая формула не стала рэчаіснасцю, дык не стане ёю ніколі». Мне зусім не шкада «русафілаў» (як, здагадваюся, яны мяне таксама не лішне шкадуюць), але далей я паспрабую суцешыць сябе, іх і самых розных іншых. Як мне бачыцца, дык усім нам разам неўзабаве давядзецца забыць на свае рознавектарныя мроі і пагадзіцца, што іншай, акрамя як сфармаванай на сацыяльных каштоўнасцях, беларуская дзяржава не може быць. А пагадзіўшыся з гэтым, шукаць у прасторы сацыяльнага сваё месца кожнай нацыянальна-культурнай мадэлі: беларускай, крыўскай, рускай, польскай, тутэйшай…

І калі мы ўсе адмовімся ад звабнай перспектывы татальнага дамінавання нейкай адной нацыянальнай, рэлігійнай, культурнай, ідэалагічнай ды іншых мадэляў і зразумеем сваё адзінства ў суплёце разнастайнасці, дык, магчыма, спакваля зліквідуем напругу супрацьстаяння ўсіх з кожным і скіруем сваю энергетыку не на бясплённы супраціў, а на разгортванне і замацаванне таго, што кожнаму з нас уяўляецца

каштоўным.

Мяркую, што і беларускасць, лакалізаваная ў межах патэнцыялу сваіх рэальных магчымасцяў, толькі выйграе ў параўнанні з цяперашняй сітуацыяй, калі, не маючы на тое моцы, яна намагаецца ахапіць саваёй слабой патэнцыйнасцю ўвесь дыскурс Беларусі і з гэтага распускаецца ў нішто.

Аляксандр Коктыш: На ваш погляд, сілы, якія вызначалі ў Беларусі грамадскую думку на пачатку дзевяностых, імкнуліся займацца палітыкай прафесійна альбо ўся іx дзейнасць была пабудаваная, выбачаюся, па прынцыпе: не даганю дык сагрэюся?

— Калі паводка прарывае запруду і цябе падхоплівае шалёная плыня, дык тут не да выбару курсу — галоўнае, утрымацца на павepxні. Гэтак было і з нацыянал-дэмакратычным рухам на пачатку дзевяностых. 3рэшты, так тады атрымлівалася, што плыня таго бурапеннага часу самахоць рабіла патрэбную нам справу, яна сама разбурыла Бярлінскую сцяну, камуністычны блок, Савецкі Саюз… Дарэчы, менавітa ў эпохі тэктанічных ператрусаў найлепей бачная ўся пустата ды нікчэмнасць палітыкі і палітыкаў. Нічога яны (сёння зноў усемагутныя) не маглі тады зрабіць: ні стрымаць вялікага распаду, ні скіраваць яго ў патрэбнае ім рэчышча. І ўсё таму, што насамрэч умельства палітыка палягае не на стварэнні ці разбурэнні чагосьці, а на ўмельстве ў патрэбны момант зафіксаваць за сабой, прыўлашчыць як сваё тое, што без яго выспела адбыцца ці здарыцца.

Аляксандр Коктыш: Некалі вы са скрухай напісалі, што краіна Беларусь цудоўна абыходзіцца і без нацыянальна заангажаваных беларусаў… Гэтая тэза застаецца актуальнай і цяпер. Але, па вялікім рахунку, ніхто з нацыянал-дэмакратаў не зрабіў з яе належных высноваў?

— За гэтыя гады разумнага, добрага і нават вечнага і без мяне сто вазоў напісалі. Магчыма, з усіх тых крэмзаў нехта і зрабіў нейкія высновы, але што з таго? Ноч мяняецца на дзень зусім не таму, што нейкі певень пракукарэкае світанак.

У палітыцы вырашаюць не словы, хай сабе і самыя слушныя, а воля. І найперш палітычная воля да ўлады. Вось яе нацыянал-дэмакратам якраз і не хапіла. Зрэшты, так яно можа і да лепшага, бо Беларусь нават тады, калі яны яшчэ мелі шмат моцы, не была гатовая прыняць нацыянал-дэмакратычную мадэль пабудовы як Нацыі, гэтак і Дзяржавы.

А ўвогуле нацыянал-дэмакраты абралі сабе незайдросную долю, бо ад пачатку ўзвалілі на свае плечы не толькі адказнасць за дэмакратыю, але і за лёс нацыі. Здаецца, апошняя ношка іх і знясіліла. Аднак жа болей за яе ніхто і не ўзяўся! Ні лібералы, ні камуністы, ні ўласна дэмакраты… Адныя лічылі за галоўнае эканамічную свабоду, другія сацыяльную справядлівасць, трэція правы чалавека, чацвёртыя яшчэ нешта. І ніхто нават думаць не хацеў пра нацыю, як падставовую каштоўнасць для ўсяго астатняга.

Але ж гэта канцэптуальная аблуда, быццам можна пабудаваць сучасную дэмакратычную дзяржаву без нацыі ў яе аснове. Так нідзе і ніколі не было. І ўжо зусім іншая рэч, на якіх падвалінах паўставаць нацыі: сацыяльных, этналінгвістычных, рэлігійных, ідэалагічных, прасторавых… ці на нейкім сінтэзе шмат чаго разам.

Карацей кажучы, пакуль мы хоць збольшага не аформімся ў нацыю, у нас узапраўду не будзе ні дэмакратыі, ні лібералізму, ні сацыяльнай справядлівасці. А будуць адно нейкія вычварэнствы пад гэтымі назовамі.

Аляксандр Коктыш: Дэмакратычныя лідэры толькі і гаворыць пра «паходы ў народ» як асноўны напрамак сваёй дзейнасці. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Хадзiць можна колькi заўгодна, пакуль абцасы не зносяцца, а сэнсу… 3 гэткiм самым поспехам можна хадзiць у лес i пераконваць дрэвы расцi вышэй цi штурхаць у рэчцы ваду, каб яна хутчэй плыла. «Народ» жыве тоесна параметраў а priori зададзеных адпаведнымi ўмoвaмi сацыяльна-культурнага ладу жыцця. I ў cвaiм цэлым жыве максiмальна рацыянальна i гранiчна разумна. Не ведаю, хто i калi прыдумаў, што iнтэлiгент мудрэйшы за шараговага паспалiтага i можа апошняга навучыць харошаму i правiльнаму ладу iснавання. Ад таго, што лiберал прачытаў Хайека, а сацыял-дэмакрат — Грамшы, зусiм не вынікае, быццам яны лепей валодаюць справамi ўладкавання чалавека, якi жыве з мазаля. Суперiнтэлектуал нiчым не разумнейшы за селянiна (як i наадварот). Проста ў ix розныя тыпы ведання. Некалi за кaмунicтaмi рабочыя i сяляне публiчна навучалi пiсьменнiкаў, як i якiя пiсаць кнiгi. Натуральна, гэта было дурнотай i брыдоццем. Але не нашмат разумнейшымі падаюцца i вымoгi iнтэлектуальных адмыслоўцаў вучыць «простых» людзей жыццю, у тым лiку i палiтычнаму…

Поделиться с друзьями: