Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

«Але ён жа майстра. Ці сапраўды ён майстра?» І расстраляць маглі, і расстрэльвалі, але сам па сабе статус пісьменніка, пісьменніцкага саюза быў надзвычай высокі. А сёння пісьменнікаў не страляюць, дзякаваць Богу, але і стаўленне — паміж грэблівасцю і абыякавасцю. У чым тут справа? Ва ўладзе ці ў часе?

— У ХІХ стагоддзі і нават яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя з кнігай было звязанае амаль усё духоўнае жыццё чалавека. Але сітуацыя радыкальна перамянілася ў постіндустрыяльным грамадзтве, калі запанавалі радыё, тэлебачаньне, Інтэрнет.

Кніга ў адначассе страціла ролю свецкага сабору, а пісьменнік — грамадскага святара, своеасаблівага дэміурга, які сваімі словамі перакладаў таямніцы быцця на зразумелую людзям

мову. Кніг выдаецца ўсё болей, а месца для літаратуры ў жыцці сучаснага чалавека застаецца ўсё меней.

Адпаведна драбнее і роля пісьменніка. З гэтага яму нічога не застаецца, акрамя як вучыцца забаўляць чытача, бо калі не будзе забаўляць, дык і не будзе хоць якога чытача мець.

Нам нікуды не падзецца ад скрушнай канстатацыі, што эпоха дамінавання высокай літаратуры ў духоўным жыцці чалавека незваротна прамінула, як незваротна прамінулі эпохі рыцараў ці караблёў з ветразямі. Яны і сёння прысутнічаюць у наяўнасці, аднак не як рэальная і неабходная справа, але толькі як забава.

Юры Дракахруст: Чаму цяпер не даюць звання народнага пісьменніка, ці варта яго даваць, і ці ёсць сёння яны, народныя пісьменнікі?

— Статус народнага пісьменніка як вядома прыдумалі камуністы. Тады, дарэчы, ён быў з розных прычынаў да месца. Па-першае, камуністычная ідэалогія выдавала сябе за ідэалогію ўсяго працоўнага народа і пісьменнік вызнаваўся яе галоўным ідэолагам. Па-другое, на тую пару кніга яшчэ сапраўды досыць шырока чыталася, скажам, раманы Шамякіна выдаваліся мільённымі накладамі, прынамсі на рускай мове.

А што мы маем цяпер? Сапраўды эстэтычна вартыя кнігі выдаюцца мізэрнымі накладамі, а імёны іх аўтараў ведае толькі вузкае кола прыхільнікаў сапраўднай літаратуры. Да таго ж заўважым, што беларуская літаратура сама па сабе сёння не толькі не народная, а проста маргінальная з’ява. І нават мастацкія кнігі найбольш папулярных яе аўтараў, скажам, Уладзіміра Арлова ці Адама Глобуса, чытае ў лепшым выпадку можа ўсяго некалькі тысяч чалавек.

Дарэчы, вельмі паказальным было апытанне ў «Нашай Ніве» аб беларускім народным пісьменніку сёння. Тады сярод кандыдатаў на гэтае званне ў лідэрах апынуўся Алесь Разанаў. Я з гэтага добра пасмяяўся. Алесь Разанаў ці не самы выбітны паэт-мэтафізік у сучаснай літаратурнай Еўропе. Але нават сярод элітнага чытача колькасць яго прыхільнікаў складваецца літаральна з паасобных адзінак. Дык з чаго тут народны? Карацей, архаічная пазнака «народны» сёння вартая адно скептычнага посмеху…

Юры Дракахруст: Дыктатура рынку можа больш жорсткая, чым палітычная дыктатура. Вы ўжо распавядалі, як за апошняе стагоддзе змянілася роля літаратуры. Але магчыма і ўнутры самой літаратуры, за кошт «рынкавізацыі» гэтай сферы, мяняюцца крытэрыі. Можа быць і насамрэч сапраўдныя народныя пісменнікі — гэта Данцова і Чэйз?

— Ва ўсе ранейшыя эпохі існавала літаратура сакральная і літаратура прафанная. Але ва ўсе тыя эпохі за сапраўдную літаратуру лічылася толькі высокая літаратура. Тады кожны пісьменьнік імкнуўся да вышыні, аж прыпадымаўся на дыбкі, каб быць вышэй нават за самога сябе. А потым здарылася неверагоднае. Сёння пісьменнік з высокім творчым патэнцыялам утойвае яго, ён імкнецца быць ніжэйшым за самога сябе і дзеля гэтага становіцца на калені перад чытачом.

На жаль, сучасны свет ва ўсіх сваіх праявах імкліва баналізуецца і пісьменнік таксама спяшаецца стаць банальным, бо інакш застанецца без чытача. А рынак у гэтым працэсе толькі індыкатар сітуацыі.

Юры Дракахруст: Які Ваш погляд на адвечную праблему — мастак і ўлада? Калі прыводзіць аналогіі, дык можна казаць пра досвед, скажам, Вацлава Гавэла, чыя пазіцыя адносна камуністычнай улады была абсалютна бескампраміснай. Але можна прыгадаць прыклады Янкі Купалы, Васіля Быкава, расійца Міхаіла Булгакава, якія ішлі на пэўныя здзелкі з д’яблам — з уладай.

— Перадусім прыгадаю адну літаратурную

байку. У каралеўскім парку на лаўцы сядзяць і размаўляюць Гётэ з Бетховенам. Раптам Гётэ падхопліваецца, здымае капялюш і становіцца крукам. Бетховен азіраецца і бачыць на даляглядзе караля са світай. Калі працэсія праходзіць паўз іх, Бетховен крыху прыўздымаецца з лаўкі, а пасля кажа Гётэ: «Я думаў, што Вы — кароль паэтаў, а Вы — толькі паэт каралёў».

Для мяне мараль гэтай байкі — не ў апошніх словах Бэтховена, а ў тым, што для сусветнай культуры саноўны ліслівец Гётэ значыць ніяк не менш, чым бунтоўны жабрак Бэтховен.

Значнасць таленту, а тым больш генія, ніяк не залежыць ад таго, супрацоўнічае ён з уладай ці змагаецца з ёй. Прыкладаў гэтай тэзы — лічыць не пералічыць.

Але апазіцыя «пісьменнік — улада» хавае яшчэ адну праблему (і самую істотную, раўнуючы з астатнімі) на якую, пасля эпохі рамантызму, перасталі звяртаць увагу. Рэч у тым, што ў пісьменніка і палітычнага ўладара, па-сутнасці, адна і тая ж мэта — уладарыць над чалавекам. Толькі палітык захоплівае і знявольвае чалавека законам і беззаконнем, а пісьменнік — словам. І перадусім з гэтага і іх адвечная варажнеча, бо яны не стамляючыся змагаюцца між сабой за першынство ў справе апалоньвання чалавекаў.

Юры Дракахруст: Святлана Алексіевіч неяк сказала: «На барыкадзе немагчыма разгадаць загадку жыцця. Барыкада — гэта не месца для мастака». Вы згодны з гэтай тэзай?

— Часткова яна мае рацыю — барыкада не месца для мастака. Але мастак — гэта не нейкі фантом, а чалавек у рэальным жыцці. І ў гэтага чалавека ёсць свая грамадзянская пазіцыя, калі яна, зразумела, у яго ёсць, нейкія ідэалы і каштоўнасці, якія ён гатовы адстойваць, а часам нават і бараніць на барыкадах. Інакш кажучы, на барыкады ідзе не мастак, а грамадзянін.

Вольга Шпарага: Кастрычніцкая плошча пасля выбараў кіраўніка краіны ў 2006 годзе падарыла нам такі адметны феномен, як намётавы лагер, у якім некалькі дзён і начэй маладыя людзі выказвалі сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Дык чым насамрэч была тая Плошча? І як яна паўплывала на творчасць самых розных аўтараў Беларусі? Інакш кажучы, для вашых рэфлексіяў прапануецца наступная тэма: «Аўтар і Плошча».

— Акрамя вас, Вольга, я не ведаю нікога з літаратараў, філосафаў, мастакоў, у творчасці якіх Плошча нешта б перамяніла канцэптуальна, нават калі яны сітуацыйна адгукнуліся на гэтую падзею нейкімі тэкстамі ці замалёўкамі… Праўда, Плошча надзвычай актуалізавала адзін спецыфічна інтэрнетаўскі жанр: у LiveJournal з’явілася цэлая плойма дзённікаў тых, хто быў на плошчы, а пасля патрапіў у вязніцу. Гэтая літаратура (калі можна назваць яе літаратурай) тады відавочна пераўзыходзіла па запатрабаванасці ўсё ўласна мастацкае. І тыя, нават выдатныя, тэксты, што ствараліся з нагоды ўсіх гэтых падзей — скажам, вершы Сяргея Прылуцкага і Андрэя Хадановіча — у плане катарсіса напэўна саступалі турэмным дзённікам. Наіўная і непасрэдная фіксацыя «рэальнасці Плошчы» эмацыйна (і сэнсава) уздзейнічала куды мацней за хоць які прафесійны артэфакт. Аднак досыць хутка наўпроставая рэляцыя жывой плыні падзеяў вычарпала сябе. Што і натуральна. У адрозненне ад уласна мастацкага твора, публіцыстычны рэзануе адно з сітуацыйнымі эмоцыямі і значыць губляе сваю актуальнасць разам з пераменай сітуацыі.

Але разважаючы далей над зададзенай тэмай «Аўтар і Плошча», я нечакана для сябе зразумеў, што падзея Аўтара ўвогуле магчымая адно таму, што існуе «феномен Плошчы» (натуральна, тут мы ўжо гранічна універсалізуем метафару), як месца сустрэчы Аўтара з чытачом/гледачом. Гэтак з аднаго боку, а з другога — што б Аўтар ні ствараў, ён перадусім і заўсёды сам стварае Плошчу. Раман — гэта Плошча, карціна — Плошча, музыка, спектакль — таксама. Адным словам, Аўтара няма без Плошчы (як адзіна магчымага месца сустрэчы з чытачом/гледачом), але і Плошча без Аўтара застаецца ўсяго толькі голым топасам, дзе гуляюць адно скразнякі штодзённасці.

Поделиться с друзьями: