Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

«Дзеяслоў»: У выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (ці варта казаць, амаль не заўважанай у друку). Хацелася б пачуць вашае меркаванне і пра кнігу, і ўвогуле пра творчасць гэтага аўтара.

— Пачну, як гэта ні дзіўна, з п’есы «Мізантроп». Гэта не самая знакамітая з п’есаў Мальера, аднак мне яна найлепей запомнілася. І вось чаму. У маладыя гады я прагнуў любіць людзей — усіх! Калі заўгодна — тады гэты было першасным заданнем маёй жыццядзейнасці, якое я пэўны час нават паспяхова выконваў. Але потым са мной нешта здарылася і людзі мне раптам абрыдзелі — усе, разам. Я нікога не хацеў ні бачыць, ні чуць і ўвесь час думаў,

куды б яно збегчы, каб нідзе нікога…

З гэтага свайго стану я добра такі пералякаўся, бо ў тадышнім маім даўменні не любіць людзей агулам маглі толькі злачынцы. І я, нечакана для самога сябе, апынуўся адным з іх. Натуральна, мне было вельмі блага…

На маё шчасце, якраз тады я чытаў п’есы Мальера і сярод іх — «Мізантроп». Галоўны герой быў адмоўным персанажам і таму не выклікаў асаблівых сімпатый. Але яго бязлітасная і бліскуча аргументаваная аналітыка чалавека, як a priori заганнай істоты, якая па азначэнні (з гледзішча мізантропа) не падлягае любові, мяне неверагодна ўразіла і разам з тым суцешыла. Бо я ў адначассе зразумеў некалькі надзвычай істотных для сябе рэчаў:

а) мой стан не ёсць нейкай паталагічнай хібай, паколькі паходзіць з досыць пашыранай з’явы, якая мае нават легітымнае найменне — мізантропія;

б) чалавек немагчымы як чалавек без свайго цёмнага боку, дзе прытоеныя зламыснасць, хцівасць, ненавісць, здрада, сквапнасць і яшчэ безліч усякага такога, што па сваёй прыродзе не можа ахоплівацца любоўю. З гэтага атрымліваецца, што любіць усяго чалавека па азначэнні нельга, а можна любіць толькі яго светлую перспектыву;

в) да таго ж любіць чалавека зусім і не абавязкова, бо не на любові чалавека да чалавека трымаецца свет (любоў яго толькі ўпрыгожвае), а на адказнасці кожнага з нас і перад другім чалавекам і перад быццём як такім.

Карацей кажучы, сваім «Мізантропам» Мальер досыць аператыўна вылечыў мяне ад мізантропіі і надалей падобных мітрэнгаў я ужо ніколі не меў…

Перакінулася шмат год, перш чым я зноў узгадаў «Мізантропа» ды сваё выбаўленне ад заганы чалавекалюбства — і гэтая згадка была з’ініцыяваная прозай Альгерда Бахарэвіча. Дзеля ўласнага карыстання я яе адразу пазначыў як мізантрапічную, бо апісанне чалавека ў Альгарда Бахарэвіча было такім жа бязлітасным, як і ў героя Мальера. Але паколькі панятак «мізантропіі» ў грамадскай свядомасці ўсё яшчэ поўніцца адмоўнымі канатацыямі, дык да гэтай пары я не выкарыстоўваў яго публічна. На тое ў мяне мелася як мінімум дзве грунтоўныя прычыны. Па-першае, Альгерд Бахарэвіч глыбока сімпатычны мне як чалавек, і я не хацеў каб які зласлівец з маіх развагаў прычапіў яму мянушку «мізантроп». А па-другое, ужо з дэбюта Альгерда Бахарэвіча відавочнілася, што гэта не проста яшчэ адна кніжка, напісаная прозай, а сакральны акт нараджэння Празаіка. І таму было б зусім неабачліва яшчэ кволы парастак сакральнага публічна выпрабоўваць прафанным.

Разам з тым, для сябе я зацеміў, што лічы кожны вялікі празаік, як мінімум, латэнтны мізантроп. Найлепшым сведчаннем таму агульнавядомы факт, што ва ўсёй сусветнай літаратуры адмоўныя героі эстэтычна куды больш выразныя, чым станоўчыя. Бадай пасля аўтара «Апакаліпсіса» самым вялікім мізантропам сярод пісьменнікаў быў Дантэ, з чаго мы і атрымалі геніяльнае «Пекла», куды ён паскідаў усіх ненавісных яму людзей («Чысцец» і «Рай» у той жа «Боскай камедыі» мала чаго вартыя раўнуючы з «Пеклам»). І нават такія, па чалавечы сімпатычныя героі, як Дон Кіхот і Швейк ёсць нічым іншым, як прыхаваным здзекам Сервантэса і Гашэка з лялечна абфарбаванага чалавека, якога грамадства нас прымушае любіць. Што ўжо тут казаць пра сучасную літаратуру. Згадаем хаця б Мішэля Уэльбэка, феномен папулярнасці якога цалкам абумоўлены татальна мізантрапічнай візіяй як кожнай людзіны паасобку, так і ўсяго сусвету агулам.

Між іншым, неяк, чытаючы Ніцшэ, я зразумеў адну простую рэч: творчасць — гэта найперш

адвага. І калі я для сябе як адну з верагодных перспектываў беларускай прозы звязваю з постаццю Альгерда Бахарэвіча, дык гэта перадусім таму, што ў Альгерда мужнае пісьмо, якое не палохаецца адваротнага (цёмнага) боку чалавека. Я аддаю належнае яго гнуткаму і пругкаму стылю, умельству «натуральнай афарбоўкі» псіхалагічных сітуацыяў, інтэлектуальнай насычанасці і да таго падобнаму. Але ўсё гэта толькі талент…

Дарэчы, шмат хто лічыць, што для літаратара акрамя таленту болей нічога і не трэба. Так, для шараговага творцы дастаткова ўсяго толькі таленту, аднак маштабныя фігуры паўстаюць на зусім іншым подзе. Ці ёсць ў нашага героя маштабная перспектыва? Наперад такое ніхто напэўна не скажа. Але тое, што мізантрапічна мужнае пісьмо Альгерда Бахарэвіча не ведае літасці ні да наратара, ні да чытача, ні да, натуральна, «Валянціны Г.» дае падставы спадзявацца на нешта большае, чым мы атрымліваем звычайна…

Пакуль што самае слабое месца Альгерда Бахарэвіча — гэта, як раней любілі казаць, архітэктоніка ягоных твораў. За рэдкім выключэннем, у іх разбэрсаная структура і рыхлая кампазіцыя, лакальныя фрагменты і сітуацыйныя перыпетыі дамінуюць над цэлым, а дэталь нярэдка падпарадкоўвае сваёй прыхамаці вобраз. З усяго гэтага драматургія часта заблытваецца сама ў сабе і каб злучыць у нешта супольнае канцы і пачаткі, аўтар змушаны рабіць штучныя захады (не абумоўленыя ўнутранай логікай аповеда).

Зрэшты, на ўвесь гэты структурна-фармалістычны вэрхал чытач, здаецца, не звяртае ўвагі. І, магчыма, мае рацыю.

Алесь Аркуш: Ваш погляд на гісторыю і ролю літаратурнага часопіса ў культурным жыцці сучаснага грамадства.

— За апошнія 15—20 гадоў мы перажылі некалькі рэвалюцыйных трансфармацый, якія радыкальна перайначылі ўвесь літаратурны топас краіны. Сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і тэхналагічныя перамены стварылі цалкам іншую сітуацыю, раўнуючы з той, што мелася яшчэ ў 80-х гадах, і ў гэтай новай сітуацыі роля «папяровых» літаратурных выданняў апынулася таксама зусім іншай. Калі казаць коратка, дык яны цалкам згубілі тую загалоўную ролю, якую раней адыгрывалі не толькі ў культурным, але, калі заўгодна, і ў сацыяльным жыцці чалавека.

На Беларусі першыя паўнавартасныя літаратурныя часопісы з’явіліся досыць позна адносна пачаткаў станаўлення нацыянальнай культуры. Часткова на сябе гэтую ролю ўзяла газета «Наша Ніва», дзе літаратура займала даволі значнае месца, часткова папулярныя тады календары, але дамінуючай формай літпрацэсу была кніга. Аднак пазней, у 20-я гады і ва Усходняй (савецкай), і ў Заходняй (польскай) Беларусі ў літаратурным жыцці запанаваў часопіс. Найлепей гэтую падзею ў Заходняй Беларусі дэманстраваў часопіс «Калосьсе», ва Усходняй — «Полымя» ды «Узвышша».

Ужо ў значна пазнейшыя 70—80 гг. цэнтральныя літаратурныя часопісы набылі проста такі неверагодна значную ролю ў жыцці грамадства. Яны, калі заўгодна, нават сфармавалі ўнутры савецкай ўласную цывілізацыю са сваім тыпам чалавека, які так і называўся:»чытач тоўстых літаратурных часопісаў». Ён радыкальна адрозніваўся ад шараговага савецкага чалавека і ў значнай ступені дзякуючы менавіта яму развалілася камуністычная імперыя.

Беларускія літаратурныя часопісы («Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Беларусь») у сацыяльна-культурным жыцці рэспублікі не адыгрывалі такога істотнага значэння, за выключэннем, хіба, перабудовачнага часопіса «Крыніца» (наклад якога сягаў за 400 тысяч асобнікаў), але цэнтрапалеглая роля ў літаратурным працэсе за імі, безумоўна, заставалася. Надрукавацца, скажам, у «Полымі» аўтаматычна азначала быць залічаным у сацыяльную эліту грамадства. І не кніга, а менавіта гэты часопіс быў вышэйшай прыступкай у сацыяльнай іерархіі, бо далёка не кожны аўтар нават некалькіх кнігаў мог патрапіць у «Полымя».

Поделиться с друзьями: