Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Бачыце, даць Нобелеўскую прэмію Васілю Быкаву — азначала легалізаваць Беларусь у якасці эстэтычнага, інтэлектуальнага і (то ж Быкаў) этычнага суб’екта сусветнай супольнасці. Гэта па-першае. А па-другое — істотна ўтрываліць Беларусь у яе геапалітычнай рэальнасці. Скасаваць краіну, якая мае свайго Нобелеўскага лаўрэата, значна складаней, чым скасаваць краіну, якая яго не мае.

Так знадворку, але не меней і ўнутры. Найперш, ідэя нацыянальнай, незалежнай і еўрапейскай Беларусі атрымлівала б на сваю карысць магутны аргумент. Затым, беларуская мова была б улучаная ў залаты суплёт вялікіх літаратурных моваў свету і з гэтым давялося б лічыцца і людзям паспалітым, і валадарам краіны.

Далей, этычны імператыў, як формула адбывання быцця, перастаў бы быць ідэальнай фігурай і шмат для каго паклаўся б у под яго рэальнага шляху…

Я не ведаю, хто непасрэдна «скраў Нобеля» ў Васіля Быкава (Беларусі), але гэтую страту я цалкам усур’ёз гатовы параўнаць са стратай Вітаўтам (ВКЛ) каралеўскай кароны. «Быў прызначаны нават дзень каранацыі, але палякі спрытна перахапілі карону па дарозе» (Янка Запруднік).

Якім быў бы наш гістарычны лёс, каб Вітаўт стаўся каралём, а ВКЛ — каралеўствам, не скажа ніхто, хаця зразумела — ён быў бы іншым. Прыкладна тое ж і з не-каранаваннем Васіля Быкава. Усё будзе трохі інакш (а можа, зусім і не трохі) ад таго, як магло б быць.

Таму цяпер, калі нядобрае здарылася, няма сэнсу гадаць, хто на гэты раз «перахапіў карону па дарозе». Больш за тое, асабіста мне не хацелася б, каб нам яе неўзабаве «вярнулі». Без Васіля Быкава «нобелеўская карона» на Беларусі будзе няпраўдай. Прынамсі, яшчэ ладны кавалак часу… Той, хто плячо ў плячо з тысячамі суайчыннікаў праводзіў Яго ў апошні шлях, верагодна, пагодзіцца са мной.

«Культура»: У Алеся Разанава юбілей. Яму — пяцьдзесят! З гэтай нагоды больш пасуе казаць прамовы і тосты, але мы давайце пагаворым пра творчасць нашага слыннага паэта.

— Неяк жартам падумалася, што Алесь Разанаў ужо не паэт, а нацыянальная каштоўнасць. Я ведаю, сам Алесь Разанаў не спяшаецца станавіцца экспанатам музея сучаснага беларускага мастацтва, ён па-ранейшаму хоча быць паэтам, гэта значыць, запатрабаванай падзеяй жывога літаратурнага працэсу. Але тут, падобна, нічога не паробіш, па-за ўласнай воляй Алесь Разанаў ужо даўно на вітрыне, пад шклом. Усялякі раз, калі замежным гасцям паказваюць чаго вартая сучасная беларуская паэзія, іх найперш вядуць да вітрыны з шыльдай «Алесь Разанаў». Тое самае адбываецца, калі беларуская літаратура гасцюе ў блізкім ці далёкім замежжы — вітрыну цягнуць з сабой… Калі б паэзія рабілася тэхналагічна, як трактары «Беларусь», то пра вершы і паэмы Алеся Разанава можна было б сказаць, што гэта экспартны варыянт беларускай паэзіі. Але вершы не робяцца на экспарт ці дзеля мясцовых патрэбаў, яны ствараюцца самі для сябе. А дзеля чаго потым прыдадуцца — гэтага наперад ніхто не ведае.

Як мне здаецца, феномен значнасці вершаванняў Алеся Разанава звязаны найперш з тым, што ён выявіў чацвёртае (метафізічнае) вымярэнне да гэтага трохмернай (фальклорна-сацыяльна-псіхалагічнай) беларускай паэзіі.

Гэтае павелічэнне аб’ёму беларускай паэзіі на цэлае вымярэнне і ёсць Алесь Разанаў.

Аднак зважаючы на вершаванне Алеся Разанава як на метафізічнае, трэба ясна ўсведамляць, што ўся ягоная метафізіка, скінутая ў анталогію, дакладней — у анталагічнае быццё беларускага слова. Гэта не метафізіка зорнага неба, астральных целаў, трансцэндэнцыі ўвогуле, а метафізіка гліны, каменя, зерня і самога слова.

І яшчэ… На Беларусі заўсёды было багата паэтаў, якія пісалі выдатныя вершы. Але мы маем толькі некалькі выключэнняў, калі паэт ствараў уласную паэтыку. Адно з такіх рэдкіх выключэнняў — Алесь Разанаў…

Размова пра паэтыку Алеся Разанава тут будзе і не да часу, і не да месца. Заўважу толькі, што ў яе аснове вельмі жорсткая структура, як у крышталя. Верагодна,

якраз з гэтага атрымліваецца, што ўвесьчасна імкнучыся быць надзённай падзеяй літаратурнага жыцця, Алесь Разанаў як бы сам, уласнымі рукамі муміфікуе сябе для вечнасці. Пэўна, апошняе і падштурхнула мяне да думкі, што ён ужо не паэт, а нацыянальная каштоўнасць, гэта значыць тое, што не падлягае часу.

Я не ўпэўнены, што Алесь Разанаў некалі зможа знішчыць мумію вечнасці ўнутры сябе (сваёй паэтыкі), але вось у чым я ўпэўнены, дык гэта ў тым, што ён, пакуль будзе, будзе і будзе біць тыя шыбы вітрынаў вонкі, за якія мы засоўваем яго, каб мець для сябе каштоўны экспанат.

Біце нашы вітрыны, Паэт! Я гатовы падносіць вам камяні.

Анатоль Івашчанка: Кніга Алеся Асташонка «Жоўты колер белага снегу» — нагода пагутарыць не толькі пра саму кнігу, але і звярнуць увагу на асобу яе аўтара: літаратара шчодра адоранага ва ўсіх яго творчых іпастасях. Без ведання гэтага імя, на нашую думку, не мажліва атрымаць поўнага ўяўлення пра айчынны літаратурны працэс. Ваша меркаванне, сп. Валянцін.

— У той час, калі Алесь Асташонак яшчэ быў жывы (і мы з ім сябравалі), мне раз-пораз здавалася, што праз яго прагнуў вымкнуць да чытача геніяльны празаік… Не атрымалася. Але калі ён наймацней грукаў у Алесевы рэбры, з’яўляліся тэксты, якія і стваралі падставу думаць пра гэта.

Зрэшты, падобна на тое, што ў Алеся да рэшты ўвогуле нічога не атрымалася. Што ні вазьмі: творчасць, сям’ю, кон, Радзіму — усюды і ва ўсім незавершанасць. Бадай і найлепшай характарыстыкай яму будзе: геній незавершанасці.

У гэтым сэнсе ён абсалютна супрацілеглы Анатолю Сысу. Пры «тыпалагічным» падабенстве бязладных жыццяў і неўпарадкаваных смерцяў, Анатоль Сыс вычарпаў свой творчы патэнцыял да астачы — і сышоў у невараць пусты, як цень.

Цалкам інакш у Алеся Асташонка. Ён — суплёт бліскучых пачаткаў (у прозе, драматургіі, эсэістыцы, перакладзе…), якія нідзе не спраўдзіліся напоўніцу. І рэч не ў тым, што яму не хапіла таленту, часу ці спагады жыццёвых абставінаў. Усё гэта ён меў, не раўнуючы з многімі. Калі чаго яму і не ставала насамрэч, дык гэта хоць трохі «таўсцейшай скуры».

У сваім жыцці не сустракаў, па-руску кажучы, больш «ранимого» чалавека. Пры гэтым ён аднолькава трагічна перажываў і пустую плётку пра сябе, і гвалт паноўнай улады над краінай. Неяк Алесь знік на некалькі дзён з рэдакцыі (тады мы разам працавалі ў часопісе «Крыніца»), а калі вярнуўся да справаў, дык патлумачыў, што ў адной незалежнай газеце пабачыў слова «клюб» і каб хоць неяк ператрываць гэткі здзек над мовай у яго не заставалася іншага выйсця, акрамя як тэрмінова бегчы ў краму. (Дзеля карэктнасці заўважу, што да мяккага варыянта «тарашкевіцы» ён ставіўся досыць лаяльна. Але гэтае сапраўды ідыёцкае змякчэнне «л» у замежных словах будзіла ў ім змрочнага шаленца).

У ідэале празаік мусімець грубую, як у насарога, скуру. Каб не тое што скразнякі, а нават і віхуры знадворку не збівалі з роўнага дыхання, якім трымаецца дыскурс яго ўласнага свету. Марсель Пруст такой скуры не меў, таму наглуха «атынкаваў» сцены працоўнага кабінета коркавым дрэвам, каб нішто не замінала ўслухоўвацца ў самога сябе. Алесь Асташонак нічога падобнага не зрабіў (хаця было, што імкнуўся) і з гэтага ягоныя лёгкія былі бітма набітыя смуродам эпохі. І адно калі задуха трохі адпускала, ён пачынаў ліхаманкава збіраць у словы сваю пашкамутаную і ўскрай разбэрсаную моўчу. Гэта значыць адчайна кідаўся да пісаніны, хрыплай, з надрывам і стогнам (што праўда, у самыя светлыя дні не пазбаўленай адметнага гумару) і не адыходзіў ад пісьмовага стала да наступнага прыступу задухі…

Поделиться с друзьями: