Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Бадай менавіта традыцыйны погляд на часопіс, як на канцэптуальнае месца літаратурнага жыцця, стаўся прычынай таго, што з пачаткам незалежнасці ўсе амбітныя і незадаволеныя дзяржаўнай палітыкай у гэтай сферы кінуліся іх ствараць (хаця атрымалася далёка не ва ўсіх). Пералічым асноўныя з тых стварэнняў: «Калосьсе», «Фрагменты», «Новы гістарычны агляд», «nihil», «Партызан», «Архэ», «Скарына», «Паміж», «Студэнцкая думка», «Зямля N», «Край», «Тэксты», «Дзеяслоў» (не шмат у гэтым сэнсе ад часопісаў розніліся тыднёвік «Наша Ніва» і літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО» пры газеце «Культура»). З усяго гэтага, далёка не поўнага пераліку, сёння ўжо амаль нічога не засталося. З чаго так сталася, як падобнае магло здарыцца?
Зразумела, у выпадку кожнага асобнага выдання мы маем нейкія апрычоныя і цалкам канкрэтныя падставы яго заняпаду. Але ўсе яны разам у
Натуральна, я ўлічваю, што ў сітуацыі жорсткага палітычнага прэсінгу на ўсе незалежныя беларускія выданні, задача іх функцыявання (і выжывання) значна ўскладняецца. Але ці не гэтыя рэпрэсіі якраз і хаваюць ад нас сапраўдную сутву праблемы. Бо, на мой погляд, прычына крызісу перадусім палягае на тым, што літаратурны часопіс пачынае брутальна прайграваць у канкурэнцыі з кнігай.
Перыядычны літаратурны часопіс ва ўсіх сэнсах вельмі энергаёмістая і фінансава затратная справа. Штомесячнае выданне патрабуе і вялізных грошай, і вялікіх арганізацыйных, тэхнічных ды іншых высілкаў. Сёння выдаць 12 мастацкіх кніжак цягам году на парадак прасцей, чым арганізаваць і выдаць 12 нумароў часопіса.
Наступная канцэптуальная прычына татальнага заняпаду літаратурных часопісаў — смерць чатача. Тут я маю на ўвазе таго знакамітага чытача тоўстых літаратурных часопісаў другой паловы ХХ стагоддзя. Ён ужо знік як від (аналіз гэтай сумнай падзеі патрабуе асобай гаворкі).
Таму перыядычны літаратурны часопіс сёння можа выдаваць альбо дзяржава альбо вельмі багаты спонсар, якога цікавіць літаратура сама па сабе, а не наяўнасць масавага чытача, а тым болей пакупніка.
Можна было б і далей, ужо ў іншых праекцыях, аналізаваць гэтую сітуацыю. Але пакуль мне ўяўляецца дастатковым проста актуалізаваць праблему, якую я называю канцэптуальны крызіс ідэі літаратурнага часопіса>.
«Культура»: У 1994 годзе наш тыднёвік займеў дадатак: літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО», які на васьмі палосах рэгулярна выходзіў што месяц амаль чатыры гады. І ўсе гэтыя гады ты адказваў за ягоны выпуск. Сёння, напярэдадні апошняга выпуска «ЗНО», хацелася б пачуць: што здарылася, чаму яго болей не будзе? І ўвогуле, на развітанне пэўна не лішне было б распавесці пра гісторыю паўставання сшытка, ягоныя здабыткі і неспраўджаныя спадзяванні…
— Чаму так атрымалася — цяпер ужо неістотна. А калі казаць пра гісторыю паўставання, дык найперш згадваецца Полацк (Полацк заўсёды згадваецца паперадзе ўсяго), нейкая акадэмічная канферэнцыя, восеньскія прысады і мы, толькі пазнаёміўшыся з Ігарам Бабковым, адразу канстатуем: беларуская культура без нацыянальнай філасофіі тое самае, што шлюбная ноч без маладой.
Праз нейкі час мы сустрэліся з Ігарам ужо ў Мінску ў кавярні «Хвілінка» і падчас кававай цырымоніі вырашылі, што каб на Беларусі з’явілася нацыянальная філасофія, трэба стварыць філасофскі часопіс. Дзеля большай пэўнасці ў такой паважнай справе запрасілі ў хаўрус Алеся Разанава.
Далей падзеі разгортваліся імкліва. Ліст у падтрымку ідэі філасофскага часопіса (які я хуценька накрэмзаў, парушаючы ўсе законы «жанру») падпісалі столькі акадэмікаў, дактароў навук ды розных лаўрэатаў, што спадару Дземчуку, на тую пару вялікаму начальніку, нічога больш не заставалася, як аддаць загад Міністэрству культуры скласці каштарыс філасофскага часопіса.
Здавалася, метафізічная авантура вось-вось уцялесніцца ў фізічнай рэальнасці, але тут нешта ў самім часе зварухнулася не на нашу карысць, падзеі замарудзілі сваю хаду, і ў гэтай марудзе Міністэрства культуры падумала: а на халеру культуры філасофія і перакінула праект у Міністэрства адукацыі; і хаця апошняе ад нас быццам не адмаўлялася, але, здаецца, мы самі ўжо прытаміліся ў каторы раз даводзіць пра шлюбную ноч без маладой.
Магчыма, Міністэрства культуры пачувала сябе трошкі вінаватым, што «пракінула» ідэю нацыянальнага філасофскага часопіса і таму наўзамен пагадзілася фінансаваць восем дадатковых старонак да газеты «Культура», якую тады ўзначальвалі Вольга Іпатава і, трохі пазней, Людміла Крушынская. На гэтых дадатковых васьмі палосах і атабарыўся літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО».
«Культура»: Сшытак адпачатку выявіўся такім, якім і задумваўся ці ён фармаваўся «на маршы»?
— Магчыма, на погляд збоку няма асаблівай розніцы паміж першымі і апошнімі выпускамі «ЗНО». Але насамрэч гэта зусім не так (і зусім не таму, што неўпрыкмет адышлі ад непасрэднай працы над сшыткам да сваіх новых праектаў Разанаў і Бабкоў). Хаця «ЗНО» і пазначаны як літаратурна-філасофскае выданне, аднак не дзеля літаратуры ён ствараўся. Больш за тое, я спадзяваўся, што ў «ЗНО» будзе не «літаратурны», а іншы (ад «ЛіМа», «Полымя» і нават «Нашай Нівы») як чытач, так і аўтар. Мае спадзяванні не спраўдзіліся, «ЗНО» не змагло прарвацца праз татальную аблогу тых некалькі тысяч чытачоў і некалькіх соцень аўтараў, што шчыльна атачаюць усе беларускія выданні, незалежна ад таго, пішуць яны пра гісторыю, літаратуру, філасофію ці штучнае асемяненне. Калі гэтая сумная выснова ўвачавіднелася, дык мне нічога не заставалася, як паныла паўшчуваць сябе за незабяспечаны рэальнасцю аптымізм і шукаць месца для «ЗНО» ў агульным літаратурна-інтэлектуальным дыскурсе. Зрэшты, асаблівай патрэбы шукаць і не было. Авангардныя, андэграўндныя і першыя постмадэрновыя практыкі самі шукалі прастору, дзе маглі б стацца заўважанымі для «шырокай публікі». Таму зусім не выпадкова, што Сяржук Мінскевіч і Алесь Туровіч менавіта на старонках «ЗНО» абгрунтавалі сваю канцэпцыю «транслагізму», Юрась Барысевіч — «шызарэалізму», а Зміцер Вішнёў — «афрыканізму», як не выпадкова, што на гэтых жа старонках заманіфеставаў сябе Бум-Бам-Літ і працягвала рэалізоўваць свой творчы патэнцыял Таварыства Вольных Літаратараў.
І ўсё ж такі адважуся сцвярджаць, што не літаратура (як у нетрадыцыйных, так і ў традыцыйных формах) выяўляла загалоўнае значэнне «ЗНО», а культуралогія і філасофія — у арыгінальных тэкстах ды перакладах. І хаця літаратурныя праекты апыналіся больш заўважнымі, аднак літаратуры ў нас даволі было і без «ЗНО», а філасофскіх ды культуралагічных тэкстаў не тое што «даволі» — лічы ўвогуле не было. Сёння гэтаму цяжка даць веры, але да з’яўлення тыднёвіка «Культура» практычна ніводнае айчыннае выданне (і ніводнае выдавецтва) не друкавала на беларускай мове тэкстаў (тым болей кніг) з сусветнай філасофскай класікі ці ўласнага метафізічнага досведу. Вось чаму мне падаецца надзвычай важным, што «ЗНО» злучыла ў адну інтэлектуальную падзею такіх айчынных філосафаў і культуролагаў як Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Юрась Барысевіч, Алег Бембель, Уладзімір Конан, Мікалай Крукоўскі, Сяржук Санько, Нэлі Бекус, Зміцер Кароль і шмат каго яшчэ. Бадай не меншую ролю ў гэтай падзеі адыгрывалі і пераклады на беларускую мову тэкстаў Платона, Шапенгаўэра, Кіркегара, Ніцшэ, Фрэйда, Гусерля, Вебера, Шпенгнлера, Ясперса, Леві-Строса, Артэгі-і-Гасета, Фуко, Дэрыда, Дэлёза, Арто, Льётара, Дэбрэя, Калакоўскага…
Усё гэта разам дазваляе мне думаць, што «ЗНО» канцэптуальна прычынілася да паўставання дыскурса сучаснага беларускага мыслення. А гэта ўжо сур’ёзна.
Грыша Голем: «Слупы» руху Бум-Бам-Літ публічна называюць цябе «хросным бацькам». Скуль і пры якіх абставінах узнікла гэтая мянушка і ці даспадобы яна табе?
— Ад пачатку 90-х я працаваў у тыднёвіку «Культура», а з 1994 году пачаў рабіць там дадатак да газеты — «Літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО», які выходзіў раз на месяц на васьмі палосах. Час быў неверагодна спрыяльны і для стваральнай працы, і для розных творчых авантураў. У дзяржаўным выданні ніхто не забараняў мне адшукваць і друкаваць авангардных, андэграўндных і ўсялякіх іншых аўтараў з «нетрадыцыйнай» эстэтычнай арыентацыяй. Таму каля «ЗНО» ды «Культуры» пакрысе і схаўрусаваліся (у якасці аўтараў ці нават супрацоўнікаў газеты) тыя, хто ў траўні 1995 года запачаткаваў літаратурны рух «Бум-Бам-Літ».
Каб давесці гэтую падзею да шырокай публікі, было вырашана, што кожны са «слупоў» руху напіша свой маніфест Бум-Бам-Літа, і мы іх адным пакетам надрукуем у «ЗНО». Позна ўвечары «сшытак» з маніфестамі быў звярстаны і я паехаў начаваць (а хлопцы яшчэ засталіся ў рэдакцыі). Не паспеў увайсці ў хату, як яны тэлефануюць і з рогатам паведамляюць, што ўгаварылі вярстальшчыка ўціснуць да суплёта маніфестаў абвестку (цытую па арыгіналу): «БУМ-НАВІНА. Калі гэты выпуск «ЗНО» быў ужо падрыхтаваны, мембры (слупы, зрухары, бубнары і г. д) усеагульным грукатаннем вырашылі надаць Акудовічу Валянціну, слупу ад нараджэння, тытул БЕССМЯРОТНАГА ХРОСНАГА БАЦЬКІ БУМ-БАМ-ЛІТа, а таксама ганаровае права першачарговага бумкання ў Тазік новай літаратуры. Штаб ББЛ».